Францішак Дыянізі Князьнін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Францішак Дыянізі Князьнін
Ф. Д. Князьнін. Мастак Ё. Абэль, 1795
Ф. Д. Князьнін. Мастак Ё. Абэль, 1795
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 кастрычніка 1749
Віцебск
Памёр 25 жніўня 1807
Коньскаволя
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, драматург, перакладнік
Мова польская мова[1], беларуская мова і лацінская мова

Францішак Дыянізі Князьнін (па-польску: Franciszek Dionizy Kniaźnin; 4 кастрычніка 1749 або 1750, Віцебск — 25 жніўня 1807, Коньскаволя каля Пулаў) — паэт, драматург, перакладнік; прадстаўнік сэнтымэнталізму. Пісаў на польскай і лацінскай мовах[2].

Францішак Князьнін — адзін зь першых зьбіральнікаў беларускага фальклёру[3][4].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Віцебскі езуіцкі калегіюм. З 1764 году і да скасаваньня ордэна ў Рэчы Паспалітай (1773) быў езуітам, аднак не пасьпеў атрымаць сьвятарскага пасьвячэньня. У 1764—1770 гадох навучаўся ў Полацку, Нясьвіжы і Слуцку.

У 1770 выехаў у Варшаву. Часта наведаваў Воўчын, быў сакратаром князя Адама Казімера Чартарыскага (з 1775), прыдворным паэтам Чартарыскіх у Пулавах (з 1783).

З 1792 году хварэў, жыў ў Коньскаволі, дзе прыкладна з 1800 году ім апекаваўся тамтэйшы пробашч і паэт Францішак Заблоцкі. Ф. Князьніна пры касьцёле ў Коньскаволі.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вершы, оды, элегіі й байкі, напісаныя Ф. Князьнінам, зрабіліся клясыкай літаратуры ракако ў Рэчы Паспалітай.

Аўтар зборнікаў: «Песьні» («Carmina», 1781), у якім зьмясьціў пераклады Гарацыюса, «Трэнаў» Я. Каханоўскага, оды і элегіі на лацінскай мове; «Байкі» (1776) на ўзор Ж. Лафантэна; «Эротыкі» (т. 1—2, 1779) у духу анакрэантычнай паэзіі; «Вершы» (1783) з элемэнтамі стылю ракако; «Паэзія» (т. 1—3, 1787—1789) зь любоўна-ідылічнай, палітычнай (у тым ліку вершы «Да Тадэвуша Касьцюшкі»), рэлігійнай лірыкай. У некаторых вершах услаўляў край свайго маленства — Віцебшчыну.

Напісаў гераічна-патрыятычныя п’есы «Маці-грамадзянка», «Гектар», «Фемістокл» і лібрэта опэраў. Опэра «Цыганы» на ягонае лібрэта (муэыка М. К. Агінскага) ставілася ў Слонімскім тэатры (1786).

Цікавіўся беларускім фальклёрам і выкарыстоўваў яго ў сваіх творах. Зьбіраў беларускія прыказкі, зрабіў фальклёрныя запісы з «польска-рускага пагранічча». Некаторыя героі ягоных твораў (казак Захарэнка ў камэдыі «Тры вясельлі») гавораць на ламанай беларускай мове. Паводле М. Федароўскага, верш Ф. Князьніна «Кросенкі» ў канцы XIX ст. выконваўся на Беларусі як народная песьня[5].

На беларускую мову асобныя ягоныя творы пераклалі А. Жлутка, Л. Баршчэўскі, Н. Мерашчак, Л. Семянюк, А. Ф. Брыль.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ CONOR.SI
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 115.
  3. ^ Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 3 і 4 кастрычніка, Радыё Свабода, 4 кастрычніка 2004.
  4. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 296.
  5. ^ Князьнін Францішак Дыянізы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 116.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]