Кніга Быцьця (Скарына)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Тытульны аркуш. «Библия руска выложена докторомъ Францискомъ Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людемъ посполитымъ к доброму научению».

Кні́га Быцьця́ (Первыя книги Моисеовы рекомыя Бытия) — праскае выданьне Скарыны, якое пабачыла сьвет у 1519 року. Выданьне адкрываецца тытульным аркушам да ўсёй Бібліі.

Зьмест кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гравюра «Тройца». Абварот тытульнага аркуша
Гравюра «Стварэньне сьвету»
Гравюрная застаўка «Бог у раі»

У гравіраванай рамцы зьмешчаны тэкст, надрукаваны цынобрай: «Библия руска выложена докторомъ Францискомъ Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людемъ посполитымъ к доброму научению». На адвароце тытула надрукавана гравюра. У кнізе дадзена «Предъсловие доктора Франъциска Скорины с Полоцька во всю Библию рускага языка». У прамове асьветнік тлумачыць слова Біблія, указваючы, што ў яе ўваходзяць «вси книги Ветхаго и Новаго закону», прыводзіць цытаты з Адкрыцьця, ліста да Рымлянаў, Эвангельля паводле Мацьвея. Прамоўца дае разгорнутую характарыстыку Бібліі, зьвязваючы яе з унівэрсытэцкім курсам сямі вольных мастацтваў. Пералічваючы кнігі Бібліі, Скарына коратка анатаваў іхні зьмест, сканчаючы словамі: «О сих книгах всея Библии, подле малости розуму моего, розделы вократцы положих. А о чем бых ся олылих (памыліўся), разумнейшие поправте, прошу вас для Бога и для посполитого доброго».

Далей зьмешчана разгорнутая анатацыя зьместу кнігі «Сказание во первые книги Моисеовы рекомые Бытия доктора Франъциска Скорины», у канцы якой Скарына падкрэсьлівае цяжкасьць успрыманьня кнігі Быцьця. Пасьля надрукаваны тэкст усіх 50 разьдзелаў кнігі, на апошнім аркушы выданьня — пасьляслоўе.

Друкарскія асаблівасьці выданьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга выдадзена царкоўна-славянскай мовай у беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня кнігі — у чвэрць аркуша, аб’ём — 94 аркушы, якія сабраны ў 12 сшыткаў. Набор выкананы ў 10 радкоў вышынёй 75 мм Сыгнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе справа. У мастацкай аздобе выданьня выкарыстаны 3 ілюстрацыі, застаўка, 54 ініцыялы і арнамэнтная рымка тытульнага аркуша. На абвароце тытульнага аркуша знаходзіцца гравюра «Тройца», над якой калантытул: «Книги І Моисеовы». На 8 аркушы — гравюра «Стварэньне сьвету», а на наступным — гравюра «Бог у раі». Перад пасьляслоўем разьмешчаная вузкая застаўка. Рамка тытульнага аркуша складаецца з чатырох частак. Вэртыкальныя часткі запоўненыя арнамэнтным малюнкам. Верхняя частка зьмяшчае гербавы шчыт, акружаны расьлінным павоем. Ніжняя частка рамкі мае два гербавых шчыты, на адным зь іх выява зацменьня сонца, на другім — манаграма.

Усяго вядома 15 экзэмпляраў кнігі Быцьця, зь іх толькі 2 поўныя.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Кніга Быцьця (Скарына)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў