Найвышэйшая песьня Саламонава (Скарына)
Найвышэйшая песьня Саламонава | |
Гравюра з «Найвышэйшай песьні Саламонавай» | |
Аўтар: | Францішак Скарына |
---|---|
Мова арыгіналу: | беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1] |
Публікацыя: | 9 студзеня 1518 |
Колькасьць старонак: | 12 аркушаў |
Песьня песьням, Песьня песень («Книга премудраго царя Саломона рекомая Песнь песнямъ») — праскае выданьне Скарыны, якое выйшла ў сьвет 9 студзеня 1518 году.
Зьмест кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выданьне адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і назвай кнігі («Зуполне выложена на руский языкъ докъторомъ Франъцискомъ Скориною з Полоцька…»). На першым і другім аркушы даецца «Предословие доктора Франъциска Скорины с Полоцька в книгу Песнь песням царя Саломона», у прадмове Скарына тлумачыць назву кнігі і яе зьмест, у якім ён бачыць апалёгію Божай любові. Пасьля на аркушах 3—11 даецца тэкст усіх 8 разьдзелаў кнігі Песьні Песень, а на адвароце 11 аркуша — пасьляслоўе. У пасьляслоўі зьмешчана кароткая анатацыя кнігі, а таксама месца і час выданьня.
Друкарскія асаблівасьці выданьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня — у чвэрць аркуша, аб’ём — 12 аркушаў, якія сабраны ў адзін сшытак. Набор выкананы праскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм, на паласе — 22 радкі. Сыгнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе зьлева. Кніга Песьня песень — адзінае выданьне, якое мае двухфарбавы друк. Чырвоным колерам надрукаваны загалоўкі тытульнага ліста, прадмовы, пачатак асноўнага тэксту, разьдзелаў, указаньні пра парадак чытаньня і першая літара пасьляслоўя. Выданьне ўпрыгожана гравюрай «Хрыстос і нявеста» (тытульны ліст), 2 застаўкамі і 10 ініцыяламі. Перад асноўным тэкстам надрукавана вялікая застаўка з выявай дзікіх людзей і гербавым шчытом з зацьменьнем сонца, малая застаўка зьмешчана перад тэкстам пасьляслоўя. Ініцыялы вылучаюць пачаткі разьдзелаў.
Захавалася 9 асобнікаў кнігі, зь іх толькі адзін поўны.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3