Анатоль Сыс
Анатоль Сыс лац. Anatol Sys | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Анатоль Сыс |
Нарадзіўся | 26 кастрычніка 1959 в. Гарошкаў, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласьць |
Памёр | 4 траўня 2005 (45 гадоў) Менск |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт |
Гады творчасьці | 1980-я — сярэдзіна 2000-х |
Жанр | верш |
Мова | беларуская мова[1] |
Творы на сайце sys.knihi.com |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Сыс.
Анато́ль Ці́ханавіч Сыс (26 кастрычніка 1959, в. Гарошкаў, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласьць — 4 траўня 2005, Менск) — беларускі паэт.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 году ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Быў найменшым з чатырох дзяцей у сям’і Марыі й Ціхана Сысоў.
Падчас навучаньня ў школе Анатоль Сыс захапляўся літаратурай і гісторыяй, асабліва цікавіўся раскопкамі старажытнага гарадзішча ў Гарошкаве. У 1977 годзе ён паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны, які скончыў у 1982 годзе. Пасьля двухгадовай службы ў войску сувязістам у Польшчы працаваў у Веткаўскай раённай газэце «Перамога Кастрычніка». У 1985 годзе Сыс пераехаў у Менск, дзе працаваў старэйшым спэцыялістам на Беларускім тэлебачаньні. Пасьля выхаду другой кнігі ў 1989 годзе — «Пан лес» — Сыс з-за хваробы на страўнік звольніўся з працы й жыў на пэнсію.
Памёр 4 траўня 2005 году ў сваёй менскай кватэры ад сардэчнага прыступу. Пахаваны ў Гарошкаве. Сям’і ў паэта не было[2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Свой першы верш па-беларуску Анатоль Сыс напісаў падчас навучаньня ў Броненскай сярэдняй школе з расейскай мовай навучаньня. Туды ён паступіў у 1970 годзе, пасьля таго, як Гарошкаўская пачатковая школа зь беларускай мовай навучаньня, куды Анатоль пайшоў у 1 клясу ў 1967 годзе, была зачыненая. У 1974 годзе дэбютныя творы Сыса былі надрукаваныя ў рэчыцкай раённай газэце «Дняпровец».[3]
У 1986 падборка вершаў Анатоля Сыса была надрукаваная ў часопісе «Маладосьць» і часопіс «Полымя» № 11 за 1987 год зьмясьціў вершы: «Колькі», «Маналог Алеся Гаруна», «Мара пра сыны». У 1987 годзе Сыс быў сярод заснавальнікаў суполкі маладых пісьменьнікаў «Тутэйшыя». Пры жыцьці паэта выйшлі тры зборнікі ягоных вершаў:
- Агмень (1988)
- Пан лес (1989)
- Сыс[4] (2002)
Пэрыяд найбольш плённай творчасьці прыпаў на канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў. Амаль увесь наклад першага зборніка «Агмень» быў раскуплены за некалькі тыдняў,[5] а зборнік «Пан Лес» стаў самым вядомым зборнікам паэта. Ад сярэдзіны 1990-х гадоў і да сваёй сьмерці новыя творы Анатоль Сыс амаль не пісаў.[4] Улюбёнымі вобразамі Анатоля Сыса былі сэрца, і агонь, агмень.
Паводле словаў Сыса, назва «Агмень» была мэтафарай Радзімы, часьцінкай радзімы, якую паэт насіў пры сабе падчас службы ў войску. Гэтае слова Сыс знайшоў толькі ў «Расейска-Крыўскім (Беларускім) слоўніку» Вацлава Ластоўскага, і, мяркуючы, што адзін з абавязкаў пісьменьніка — вяртаньне сябе празь вяртаньне страчанага народам, вырашыў назваць першы зборнік менавіта такім чынам. Амаль увесь ён быў напісаны ў войску ў 1982—1984 гадох. Назва другога зборніка — «Пан Лес» — таксама была мэтафарай Радзімы, але больш глыбокай і духоўнай, чым «Агмень».[5]
Напачатку 1990-х гадоў Кася Камоцкая запісала некалькі песень на вершы Анатоля Сыса, сярод якіх «Мая белая лебедзь», «Ластаўка», «Залатыя краты». Апошняя песьня стала гітом і цяпер уваходзіць у клясыку беларускай рок-музыкі.[4]
Постаць Сыса лічыцца супярэчлівай: яго пры жыцьці называлі геніем, але прага паэта да спантанных публічных пэрформансаў і любоў да шумных вечарын, дзе алькаголь ліецца ракою, многіх абурала.[4]
У 2007 годзе, ужо пасьля сьмерці паэта, выйшаў найбольш поўны збор твораў Анатоля Сыса «Лён», куды апроч вершаў з зборнікаў «Агмень», «Пан Лес» і «Сыс» увайшлі невядомыя творы, а таксама артыкулы і інтэрвію, якія істотна дапаўняюць уяўленьне пра паэта.[6][7]
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля сьмерці Анатоля Сыса штогод у кастрычніку на ягонай радзіме ў Гарошкаве ладзіцца традыцыйнае сьвята паэзіі ў гонар паэта,[8][9] у якім бяруць удзел родныя і землякі Анатоля, ягоныя сябры, а таксама вядомыя беларускія паэты, барды і мастакі.
У 2007 годзе быў аб’яўлены конкурс на найлепшы праект помніка Анатолю Сысу. Найлепшай была прызнаная ідэя скульптара Гэніка Лойкі, але на яе рэалізацыю не хапіла сродкаў.[10] Саюз беларускіх пісьменьнікаў абвясьціў акцыю пра збор сродкаў на помнік паэту, 3 лістапада 2007 году ў Чырвоным касьцёле прайшоў дабрачынны канцэрт памяці Сыса, сродкі зь якога пайшлі на помнік.[11]
Помнік Анатолю Сысу быў урачыста адкрыты ў Гарошкаве падчас правядзеньня сьвята ў ягоны гонар 26 кастрычніка 2008 году.[12] Помнік быў выраблены з чырвона-чорнага граніту і выкананы ў форме крыжа з барэльефам паэта ў цэнтры, які зь верхняга правага боку аздоблены птушкай у цярновым гнязьдзе, што прызначаная сымбалізаваць «салаўінае сэрца» Беларусі, як часта называюць Сыса. Помнік у выглядзе крыжа з партрэтам быў у першую чаргу задумай сясьцёр паэта. Для таго, каб зьмясьціць партрэт на крыж, трэба было зрабіць яго вельмі шырокім, і ў выніку ён атрымаўся не праваслаўным, не каталіцкім, а паганскім. Паводле Геніка Лойкі, такі помнік мусіць быць блізкім паэту, бо ўвесь ягоны зборнік «Пан Лес» быў прысьвечаны паганству.[13]
Як адзначае Адам Глёбус: «сьвята Сыса — гэта калі нехта ў кнігарні купляе яго кнігі, альбо нехта на канцэрце сьпявае песьні на яго словы. Так, гэта сумны дзень для ўсёй беларускай культуры, вельмі сумны. Таму што Сыс адзін з найлепшых паэтаў, якіх я наогул ведаў».[14]
Паводле кандыдата філялёгіі, старшы навуковы супрацоўніка Інстытуту літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Язэпа Янушкевіча, «такіх, якім быў Анатоль Сыс, — адзінкі. Пройдзе час, і Сыс будзе культавай асобай для Гомельшчыны, як Караткевіч для Віцебшчыны, Купала для Меншчыны»[15].
Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Песьні на вершы Анатоля Сыса можна пачуць у выкананьні такіх творцаў, як Аляксандар Памідораў, Андрэй Мельнікаў, Кася Камоцкая, Вальжына Цярэшчанка, Зьміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Эдуард Акулін, Антось Звычайны, Міхаіл Рубін; дуэта Сяржука Доўгушава і Алеся Ясінскага; гуртоў Новае Неба, Палац, Ilo&friends, Чырвоным па Белым, BosaeSonca, Znich і іншых.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Калі маці Анатоля Сыса была ім цяжарная, яна, дапамагаючы суседцы надвячоркам падліць газы ў запаленую лямпу, з-за неасьцярожнасьці ўчыніла пажар і абгарэла. У тую ж самую ноч нарадзіўся Анатоль[16].
- Анатоль Сыс лічыў, што беларуская мова павінна стаць дзяржаўнай у рэспубліцы, а ўсе праграмы аб разьвіцьці двухмоўя ў Беларусі называў «працягам той дывэрсіі, якую задумаў яшчэ Сталін са сваімі марыянэткамі». Як вынік, Сыс забараніў перакладаць свае вершы на расейскую мову да часу, пакуль беларуская мова ня стане раўнапраўнай сярод усіх моваў СССР[5].
- Помнік на магіле Анатоля Сыса, зроблены Гэнікам Лойкам, важыць амаль 700 кіляграмаў, а праца над ім вялася амаль год[13].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Sys, Anatol‘ Cìchanavìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ У Гомелі сарвалі прэзэнтацыю кнігі Анатоля Сыса «Лён» // Радыё Свабода, 15 траўня 2007 г.
- ^ Анатоль Сыс // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. С. 523.
- ^ а б в г Год таму памёр паэт Анатоль Сыс // Радыё Свабода, 05 траўня 2006 г.
- ^ а б в Анатоль Сыс // «Дзеяслоў» №30
- ^ Анатоль Сыс: «Ні грошай, ні славы — я волі хачу» // Радыё Свабода, 23 студзеня 2007 г.
- ^ Выйшаў збор твораў Анатоля Сыса «Лён»(недаступная спасылка) // Эўрапейскае радыё для Беларусі, 21 красавіка 2007 г.
- ^ «Дух — гэта, людзі, Я!» // Наша Ніва, 16 кастрычніка 2008 г.
- ^ На родине поэта Анатоля Сыса звучали белорусские стихи // naviny.by, 27 кастрычніка 2008 г. (рас.)
- ^ 26 июля в Гарошкове установят памятник на могиле Анатоля Сыса(недаступная спасылка) // Саюз беларускіх пісьменьнікаў (рас.)
- ^ Грошы на помнік Сысу сабраныя дзякуючы беларускім музыкам // Тузін Гітоў, 3 лістапада 2007 г.
- ^ Свята ў гонар Анатоля Сыса // budzma.org, 27 кастрычніка 2008 г.
- ^ а б «Памірай, а жыта сей…» // Радыё Свабода, 26 ліпеня 2008 г.
- ^ Сябры збяруцца на магіле паэта(недаступная спасылка) // Радыё Рацыя, 4 траўня 2009 г.
- ^ На родине поэта Анатоля Сыса звучали белорусские стихи // «Белорусские новости», 27 кастрычніка 2008 г. (рас.)
- ^ Народжаны ў пажар
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Анатоль Сыс
- Цытаты Анатоля Сыса
- Фрагмэнт маналёгу «тутэйшага» ў выкананьні Анатоля Сыса. Дзяды ў сквэры Янкі Купалы. Менск, 1 лістапада 1987 г.
- Андрэй Скурко, Аркадзь Шанскі Быў Сыс // Наша Ніва №18, 2005 г.
- Фатаздымкі з канцэрта памяці Анатоля Сыса ў Чырвоным касьцёле // Андрэй Лянкевіч, Наша Ніва, 4 лістапада 2007 г.
- Анатоль Сыс ва ўспамінах ягоных сяброў(недаступная спасылка) // «Комсомольская правда», 27 лютага 2008 г. (рас.)
- Анатоль Сыс // Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны
- Час Сыса. Топ-12 песень на вершы Паэта (аўдыё/відэа) (Будзьма)
- Першы беларускі бардаўскі відэакліп (1995) на верш Анатоля Сыса «Маналёг Алеся Гаруна»