Перайсьці да зьместу

Іпаці Пацей

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іпаці Пацей
лац. Ipaci Paciej
Іпаці Пацей
Іпаці Пацей

Герб Вага
Кашталян берасьцейскі
1588 — 1592
ПапярэднікКрыштап Зяновіч
НаступнікРыгор Война
Біскуп уладзімерскі і берасьцейскі
1593 — 1613
ПапярэднікМялеці Храптовіч
НаступнікЯўхім Марахоўскі
II мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі
1600 — 1613
ПапярэднікМіхал Рагоза
НаступнікЯзэп Руцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 12 жніўня 1541 або 12 красавіка 1541[1]
Памёр 8 ліпеня 1613(1613-07-08)
Пахаваны
Род Пацеі
Бацькі Леў Пацей
Ганна Лаза
Жонка Ганна з Галаўнёў-Астрожацкіх
Дзеці Ян, Пётар, Крыштап, Аляксандра, Кацярына
Дзейнасьць пісьменьнік, каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп, праваслаўны сьвятар, праваслаўны манах, тэоляг
Подпіс Выява аўтографу

Іпаці Пацей (сьвецкае імя Адам; 12 красавіка 1541, вёска Ражанка Берасьцейскага павету, цяпер Польшча — 18 ліпеня 1613, Уладзімер, цяпер Украіна) — дзяржаўны і царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[2], багаслоў, пісьменьнік-палеміст. Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі (з 1600).

Паходжаньне і сям’я

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў з праваслаўнага роду Пацеяў гербу Вага, быў сынам падскарбія Льва Пацея й Ганны Лазы, якая пасьля сьмерці мужа каля 1550 году выйшла замуж за кашталяна смаленскага Дамініка Паца. Такім чынам, стаў зводным братам ваяводы менскага Яна Паца. Быў ахрышчаны як праваслаўны пад імем Адам.

Месцам нараджэньня лічыцца прыбуская вёска Ражанка Берасьцейскага павету, якая сёньня ў Люблінскім ваяводзтве Польшчы. Аднак у той час гэтая вёска каля Ўладавы, за 60 км ад Берасьця была ўладаньнем Галаўнёў-Астрожацкіх, Адам Пацей, імаверна, у пасаг ад сваёй жонкі Ганны з Галаўнёў-Астрожацкіх. Менавіта ад таго часу Ражанка й сталася родавым гняздом Пацеяў[3].

У 1561 годзе ажаніўся з Ганнай (памерла ў 1592 годзе), дачкой Хведара й Ганны з Адзінцэвічаў Галаўнёў-Астрожацкіх. Меў зь ёй 6 дзяцей, трох сыноў: Яна, Пятра й Крыштапа — і столькі ж дачок Аляксандру (Падгарадэнскую), Кацярыну (жонку Рафала Ляшчынскага) й яшчэ адну невядомую па імю.

Жыцьцё да пострыгу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў узяты пад апеку князем Мікалаем Радзівілам Чорным, да якога пазьней перайшоў на службу сакратаром. Пад ягоным уплывам, верагодна, перайшоў у кальвінізм. Жыў пры двары князя ў Нясьвіжы, скончыў там кальвінскую школу, пасьля навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце.

У 1566 годзе прызначаны берасьцейскім земскім пісарам. У 1569 годзе падпісаў акт Люблінскае вуніі, а ў 1573 годзе — Варшаўскае канфэдэрацыі. Ад 1576 году берасьцейскі земскі судзьдзя, у 1578—1580 годох падатковы інспэктар Берасьцейскага ваяводзтва. У 1578—1579 удзельнічаў у Інфлянцкай вайне. У 1588 годзе прызначаны берасьцейскім кашталянам, што давала яму права быць сэнатарам.

Каля 1574 году вярнуўся ў праваслаўе. Актыўна ўключыўся ў рэлігійнае жыцьцё. Быў братчыкам Львоўскага брацтва, у 1592 годзе стаў стваральнікам і фундатарам Берасьцейскага праваслаўнага брацтва, апекаваўся берасьцейскай брацкай школай. Уваходзіў у кола князя Канстантына Васіля Астроскага.

Царкоўная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1592 годзе па сьмерці жонкі Адам Пацей пастрыгся ў манахі і прыняў імя Іпаці, адмовіўшыся ад пасады кашталяна і сэнатара і палітычнай кар’еры. У 10 траўня 1593 адбылася яго хіратонія на япіскапа Ўладзімерскага і Берасьцейскага.

Яшчэ будучы сьвецкай асобай прыкладаў намаганьні да зьяднаньня праваслаўных і каталікоў у адной Царкве, але ў адрозьненьне ад князя Астроскага, які жадаў уніі ўсеагульнай, Адам Пацей больш верыў у яе лякальны (у межах Рэчы Паспалітай) варыянт. У 1588 годзе прасіў рыма-каталіцкага біскупа Бэрнарда Мацяёўскага падчас знаходжаньня Канстантынопальскага патрыярха Ерамея ІІ узьняць пытаньне пра унію. У 1594 годзе ў Торчыне ў рэзыдэнцыі біскупа Мацяёўскага Іпаці Пацей разам з Луцкім япіскапам Кірылам Тарлецкім склаў «Акт аб вуніі». У 1595 годзе ў Вільні выдаў свой першы праўнійны твор: «Унія, альбо выклад преднейшых артыкулов, ку з’едночэнью Греков с костелом Рымскім належащіх». Атрымаўшы падтрымку царкоўных герархаў Кіеўскай мітраполіі і дазвол караля, 15 лістапада 1595 году разам з Кірылам Тарлецкім прыбыў у Рым з прапановамі да папы Клімэнта VIII. Дакумэнты пра унію былі зацьверджаныя 21 студзеня 1596. Быў галоўным арганізатарам памеснага царкоўнага Сабору ў Берасьці, на якім 8 (18) кастрычніка 1596 году ў катэдральнай царкве сьв. Мікалая была абвешчаная царкоўная унія.

Праявіў сябе актыўным дзеячам уніі. Здолеў прыцягнуць на свой бок шмат сьвятароў і шляхецкіх сем’яў, але таксама прыбягаў у сваёй дзейнасьці да царкоўнага прымусу, як адміністрацыйнага, так і гвалтоўнага. За гэта быў двойчы выкліканы ў суд (у 1598 і 1600 гадох).

Надаваў шмат увагі асьвеце і адукацыі. Спрабаваў ператварыць берасьцейскую праваслаўную школу ў духоўную сэмінарыю, прызначыўшы туды настаўнікам доктара багаслоўя Пятра Аркудзія. Запачаткаваў у 1599 годзе падтрыхтоўку сьвятароў пры Сьвята-Траецкім манастыры ў Вільні, у 1601 годзе заснаваў там сэмінарыю.

У 1600 годзе, стаўшы Кіеўскім мітрапалітам, узначаліў Уніяцкую Царкву ў Рэчы Паспалітай. Захаваў за сабой пасаду Ўладзімерска-Берасьцейскага япіскапа. У 1599 годзе займеў таксама годнасьць архімандрыта Кіева-Пячорскае Лаўры, аднак у 1603 годзе кароль Жыгімонт Ваза адмяніў сваё ранейшае рашэньне. 3 сакавіка 1605 году прызнаны адзіным законным першагерархам Усходняе царквы ў Рэчы Паспалітай. За месяц да таго атрымаў уладаньні Кіева-Пячорскае Лаўры, што знаходзіліся ў межах Вялікага княства Літоўскага.

У 1609 годзе перамог антыўніяцкую апазыцыю, атрымаўшы ад караля ўнівэрсал на прызначэньне парахамі ў парафіях толькі тых, хто атрымаў на гэта згоду ад мітрапаліта. У тым самым годзе 21 жніўня на яго быў зьдзейсьнены замах збоку віленскага праваслаўнага братчыка Івана Тупекі. У 1611 годзе далучыў да уніі Перамышальскую япархію. Удзельнічаў у заснаваньні Ордэну базылянаў.

Памёр 18 ліпеня 1613 году ва Ўладзімеры, спачыў ў мясцовай катэдры.

Аўтар шэрагу палемічных твораў, скіраваных у падтрымку Уніі й супраць яе апанэнтаў. Праявіў сябе таленавітым пісьменьнікам-палемістам. Пісаў па-беларуску й па-польску.

Апроч таго, быў аўтарам шматлікіх лістоў да Канстантына Астроскага, Льва Сапегі й іншых. Ягонаму пяру належаць некалькі сотняў казаньняў, гутарак і павучэньняў. Першае выданьне 74 ягоных казаньняў было зробленае ў 1674 годзе па-беларуску. Яны пад назовам «Казаньні й гаміліі» былі выдадзеныя Львом Кішкам ў Супрасьлі ў 1714 годзе. У 1772 годзе зборнік быў перавыдадзены ў Пачаеве.

У 1605 годзе апублікаваў знойдзены ім ліст кіеўскага мітрапаліта Місаіла (1475—1480), у якім выказвалася імкненьне праваслаўнага клеру да уніі з Рымам.

Папярэднік
Крыштап Зяновіч
Кашталян берасьцейскі
1588—1592
Наступнік
Рыгор Война
Папярэднік
Мялеці Храптовіч
Біскуп Уладзімерскі і Берасьцейскі
1593—1613
Наступнік
Яўхім Марахоўскі
Папярэднік
Міхал Рагоза
Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі
1600—1613
Наступнік
Язэп Руцкі
  1. ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: 2020. — С. 128. — ISBN 978-83-65880-89-5
  2. ^ Лаўрык Ю. Пацей Іпацій // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 421.
  3. ^ Izabela M. Jabłońska. Włodawa: kalendarium dziejów. Część pierwsza 1243—1794 // Zeszyty Muzealne Muzeum Pojezierza Łęczyńsko-Włodawskiego we Włodawie. T. 12, 2004. S. 65.