Псалтыр (Скарына, 1522)
Пса́лтыр («Псалътырь или песни с[вя]т[о]го пророка Божия Давида царя Ерусалимъскао о Христе») — віленскае выданьне Скарыны, якое выйшла ў сьвет каля 1522 року і ўваходзіць у склад «Малой падарожнай кніжкі».
Зьмест кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тытульным аркушы чырвоным колерам зьмешчаная назва кнігі. На 1-3-ім аркушах знаходзіцца «Предъъсловие во псалтырь», якое зьяўляецца скарочанай вэрсіяй прадмовы Псалтыра 1517 року, у прадмове адсутнічае тэкст з прыёмамі выданьня, сыстэм спасылак і глёсы на палях, якія тлумачаць чытачам незнаёмыя словы. На аркушах 4-128 даецца тэкст уласна кнігі Псалтыр, які амаль не адрозьніваецца ад праскага выданьня. На апошнім аркушы — пасьляслоўе: «Доконана ес[ть] псалтырь сия з Божией помощию повелениемъ працею и великою пилностью в лекарстве доктора Франциска Скорины из славнаго града Полоцька». Час і месца выданьня ў кнізе не пазначаныя.
Захаваліся 10 асобнікаў кнігі Псалтыр выданьня 1522 року.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. / Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с. — ISBN 5-85700-003-3