Валахія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Карта Румыніі, жоўтым выдзелена Валахія

Вала́хія (па-румынску: Ţara Românească, перш Цѣра Рȣмѫнѣскъ, Ţeara Rumînească і таксама Wallahia) — гістарычная вобласьць на поўдні Румыніі, паміж Карпатамі і Дунаем; падзяляецца ракой Олт на Мунтэнію (Вялікую Валахію) і Алтэнію (Малую Валахію)[1].

З XIV стагодзьдзя Валахія — фэўдальнае княства, з XVI стагодзьдзя — пад турэцкім панаваньнем. Па Адрыянапальскаму мірнаму дагавору 1829 году фактычна аўтаномная (пад пратэктаратам Расеі да 1856 г.). У 1859—1861 гг. аб’ядналася з Малдаўскім княствам у адзіную дзяржаву (з студзеня 1862 г. — Румынскае княства).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажытныя часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Валахіі ўзыходзіць да найстаражытнейшых пэрыядаў. Згадваюць гэту тэрыторыю старажытныя аўтары, напрыклад Ёрдан, Флявіюс, Прыск Панійскі, Пракоп Кесарыйскі і інш. Калі румынскія гісторыкі гавораць пра «Дакійскае царства», то старажытныя аўтары на тэрыторыі Дакіі, і ў Дабруджы, паказваюць на стольныя гарады, сярод іх сталіца скіфаў г. Томіс, Дабруджа, пры імпэратары Канстанцыю пераназваная ў Канстанцыю, і згаданыя старажытнагрэцкімі мітамі «Алімп»; старажытная горная рэзыдэнцыя Сармізэгетуса. У гэтай тэрыторыі, якая суседнічала з гетамі-мэзіямі (ня блытаць з пэрсамі-«мэзамі») на поўдні Дунаю, з гетамі-языгамі з Паноніі і з гетамі-бастарнамі на поўначы, хрысьціянства распаўсюджвалася дзякуючы сьвятому апосталу Андрэю, які, паводле легендарнай традыцыі, заснаваў у 62 годзе біскупствы ў бізантыі, Адэсасе (Варна) і Томісе (суч. Канстанца), так і хрысьціянам-бежанцам, якія ратаваліся ў Дакіі ад прасьледаваньняў Рымскай імпэрыі.

У 105 годзе на чале IV Шчасьлівага Флявіевага легіёну і дапаможных частак з Мэзіі, поўдзень Дунаю, імпэратар Траян уварваўся ў Дакію. Асноўныя баявыя дзеяньні вяліся на тэрыторыі Мунтэніі. Тады ж пала і была разбурана Сармізэгетуса. З 106 году тэрыторыя паўднёва-заходняй Дакіі, населеная гецкімі родамі, уключаючы Валахію, была ўлучана ў склад Рымскай імпэрыі («Дакійская правінцыя»), акупацыя падоўжылася да 271—275 гг. У гэты пэрыяд на тэрыторыі Дакіі старажытнымі аўтарамі згадваюцца дзьве буйныя вобласьці; «Гепідыя» (наступная Трансыльванія) і на тэрыторыі Мунтэніі — «Раксалянія». У 275 годзе готам атрымалася заняць акупаваныя рымлянамі поўдзень і захад Дакіі, пасьля кароткага перапынку, пасьля таго як у шэрагі гунаў увайшлі і дакійскія геты; раксаляны і гепіды, і пры падтрымцы сваіх хаўрусьнікаў, менавіта з тэрыторыі Мунтэніі гуны і пачалі свой генэральны наступ на Рым. Пасьля падзеньня Рыму ў Валахіі дынастыі зьмяняліся адна за адной; пасьля сьмерці Атылы на сталец узышоў гепід Ардарых, пасьля яго іншыя.

Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Княства Валахія
Сабор у Курця-дэ-Арджэш — галоўны храм сярэднявечнай Валахіі

Паданьне заве заснавальнікам Валаскага княства «чорнага князя», які жыў нібы на зыходзе XIII стагодзьдзя. Больш верагодна, што яно было створана Басарабам I у 1310 годзе, прычым першыя некалькі дзесяцігодзьдзяў залежала ад Вугорскага каралеўства.

Толькі з падзеньнем вугорскай дынастыі Арпадаў улада Вугоршчыны ў Валахіі саслабла і княства стала незалежным. У такім стане яно праіснавала больш за 100 гадоў. З пачаткам наступу Асманскай імпэрыі на Балканы небясьпека захопу Валахіі асманамі ўзрастала. У выніку, у 1415, валаскі гаспадар (кіраўнік) вымушаны быў прызнаць сюзэрэнітэт асманскага султана.

Валахія была заціснута паміж турэцкімі землямі з поўдня і Вугоршчынай з поўначы. Трансыльванія належала Вугоршчыне і была свайго роду прамежнай тэрыторыяй паміж вугорскімі і валаскімі землямі. Акрамя таго, Валахія мела рэлігійную спэцыфікацыю: Турэччына была мусульманскай, Захад — каталіцкі, а Валахія — праваслаўнай. Гэта становішча Валахіі і абумовіла зьменлівасьць ваеннай палітыкі, асабліва пасьля 1453 году, калі Бізантыя, якая пала пад націскам турак. Валаскія кіраўнікі то ішлі разам з вугорцамі на турак, то прапускалі турэцкія арміі ў вугорскую Трансыльванію.

Адрозьнівалася своеасаблівасьцю і ўнутраная сыстэма ўлады: васпаны абіраліся на прастол з аднаго і таго ж роду, але выбар ня быў абумоўлены якімі-небудзь зацьверджанымі прынцыпамі пераходу стальцу ў спадчыну. Усё вырашала выключна расстаноўка сілаў у колах валаскага баярства. Паколькі любы з прадстаўнікоў дынастыі мог мець мноства як законных, так і пабочных дзяцей, кожны зь якіх станавіўся прэтэндэнтам на сталец, то наступствам гэтага зьявілася вялікая чахарда ў зьмене кіраўнікоў. Звыклым быў тэрор у дачыненьні супернікаў на сталец, але найбольшай сілы ён дасягнуў пры Ўладзе III Цэпэшы.

Пад асманскім валадарствам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Балканы ў 1699 г.

У 1476 годзе валаскія князі канчаткова сталі васаламі Асманскай імпэрыі. У 1718—1737 гадах Алтэнія (Малая Валахія) належала Аўстрыйскай імпэрыі.

У 1829—1856 гг. княства было пратэктаратам Расеі.

Аб'яднаньне зь іншымі княствамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Аб'яднанне Дунайскіх княстваў

У 1858 г. Валахія і Малдаўскае княства аб'ядналіся ў адну дзяржаву.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]