Перайсьці да зьместу

Уладзіслаў Галубок

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзіслаў Галубок
лац. Uładzisłaŭ Hałubok
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Уладзіслаў Язэпавіч Голуб
Псэўданімы Уладзіслаў Галубок
Нарадзіўся 3 (15) траўня 1882
ст. Лясная, Наваградзкі павет, Менская губэрня
Памёр 28 верасьня 1937(1937-09-28)[1][2] (55 гадоў)
Менск
Дзеці Людміла Галубок[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, актор, рэжысэр
Гады творчасьці 1917—1935
Кірунак драматургія
Жанр драма
Мова беларуская мова[3]
Дэбют «Апошняе спатканьне»
Значныя творы «Плытагоны», «Пінская Мадонна», «Блуд»
Узнагароды
народны артыст Беларускай ССР
Творы на сайце Knihi.com

Уладзісла́ў Галубо́к (сапр. Уладзіслаў Язэпавіч Голуб; 15 траўня 1882 — 28 верасьня 1937) — беларускі драматург, рэжысэр, актор, тэатральны дзяяч. Псэўданімы крыптанімы: 1) Г—к, В.; 2) Г—у—к; 3) Галубок; 4) Галубок, В.; 5) Галубок, В. I.; 6) Галубок, У.; 7) Галубок, Ул.; 8) Галубок, Уладыслаў; 9) Сымонка; 10) Hałubok; И) Hałubok, W.; 12) Symonka[4].

Нарадзіўся 15 траўня 1882 году на станцыі Лясная (сёньня в. Лясная ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці) у сям’і чыгуначніка. Адукацыю атрымаў у царкоўнапрыходзкай школе, здаў экстэрнам экзамэны за курс Менскай гарадзкой навучальні (1906), скончыў у Менску мастацкія курсы. Працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у краме, сьлесарам у Менскім дэпо. Зь дзіцячых гадоў імкнуўся да ведаў, культуры.

«У 1896 г. за грошы, заробленыя на выгрузцы дроў, я набыў білет на галёрку менскага тэатру. Там і ўзьнікла ў мяне думка стаць артыстам…» — расказваў сам Галубок.

У 1917—1920 гадах — актор і рэжысэр Першага таварыства беларускае драмы і камэдыі. З 1920 да 1922 году — загадчык мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асьветы БССР. Адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. У 1920 годзе стварыў беларускі вандроўны тэатар, які называўся «Трупа Галубка». Вандроўны тэатар пабываў са сваімі спэктаклямі ў самых розных кутках Беларусі. Галубок адначасова выконваў абавязкі мастака-дэкаратара, музыканта-выканаўцы і рэжысэра. Аснову рэпэртуару складалі яго п’есы «Пан Сурынта», «Ганка», «Плытагоны», «Пінская Мадонна», «Васіль Хмель», у якіх раскрываецца барацьба беларускага народа за права «людзьмі звацца». Тэатар Галубка карыстаўся выключнай папулярнасьцю ў гледачоў. У 1906 годзе У.Галубок пачаў выступаць у пэрыядычным друку як паэт і празаік. Выдаў зборнік «Апавяданьні» (Пецярбург, 1913). З 1917 году выступаў як драматург. У 1968 г. выйшаў зборнік «П’есы», у 1982 г. — «Творы». Аўтар публіцыстычных і тэатразнаўчых артыкулаў. Вядомы як мастак-дэкаратар і пэйзажыст. Першы Народны артыст БССР (1928)[5][6].

3 газэты «Савецкая Беларусь» ад 14 красавіка 1923 году: «…Самая мнагалюдная ўскраіна Менску — Серабранка — да гэтых часоў амаль што зусім не прасунулася наперад у культурна-палітычным напрамку. Ужо больш за год існуе Серабранскі раённы клюб, але толькі існуе, бо той працы, якую ён павінен весьці, ён не вядзе. Вядзецца праца выключна тэатральная, дый то не мясцовымі сіламі, а дзякуючы другой беларускай трупе. Ні дыспутаў ні лекцыяў клюб не мог наладзіць. І гібее ў цемры раён, шчыльна заселены выключна пралетарскім элемэнтам».

16 чэрвеня 1923 году ў Серабранскім клюбе адбыўся бэнэфіс кіраўніка трупы Ўладзіслава Галубка — была пастаўленая ягоная п’еса, драма ў пяці актах «Блуд». Сюжэт пераносіў гледача ў пачатак XIX стагодзьдзя: пан-прыгнятальнік гвалтуе сваіх прыгонных сялянак. Процістаіць пану селянін-паўстанец, рэвалюцыянэр-самародак, які ў выніку карае нелюдзя-эксплюататара за ўсе злачынствы. 3 рэцэнзиі бачна, што «…народу было ў тры разы больш, чым зьмяшчае будынак клюбу, і шмат жадаючых пабачыць п’есу змушаныя былі вяртацца назад. Галубка віталі артысты трупы і студэнты Сельскагаспадарчага інстытута. Ад серабранскага жыхарства былі паднесеныя кветкі». 3 1926 году калектыву У. Галубка была афіцыйна нададзеная назва «Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатар». Адна са шматлікіх заслуг яго ў тым, што на пачатку 1920-х менавіта гэтыя акторы ўпершыню пачалі размаўляць зь серабранскімі і ляхаўскімі рабочымі па-беларуску.

Лёс Галубка быў тыповым для нацыянальных дзеячаў Беларусі. Звольнены з усіх пасадаў, у 1937 г. ён быў рэпрэсаваны, і, паводле афіцыйнай вэрсіі, памёр у няволі ад гіпэртанічнай хваробы. Трупа Трэцяга Беларускага дзяржаўнага тэатру Ўладзіслава Галубка была арыштаваная ў поўным складзе і расстраляная. Рэабілітаваны пасьмяротна 26 жніўня 1957 году Вярхоўным судом БССР.

  • «Апошняе спатканьне» (Вільня, 1917, пастаўленая ў 1919),
  • «Пісаравы імяніны» (1917, пастаўленая ў 1927),
  • «Бязьвінная кроў» (пастаўленая ў 1918),
  • «Залёты дзяка»(пастаўленая ў 1918),
  • «Бязродны» (пастаўленая ў 1919),
  • «Суд» (Вільня, 1920, пастаўленая ў 1924),
  • «Душагубы» (пастаўленая ў 1921),
  • «Ганка» (1920, пастаўленая ў 1929),
  • «Пан Сурынта» (1923, пастаўленая ў 1930),
  • «Плытагоны» (пастаўленая ў 1923),
  • «Фанатык» (пастаўленая ў 1922),
  • «Пінская мадонна» (пастаўленая ў 1927)[7],
  • «Белы вянок» (1921, пастаўленая ў 1929),
  • «Ветрагоны» (1919, пастаўленая ў 1930),
  • «Ліпавічок» (1922)
  • «Бабы-ліхадзейкі» (1922)
  • «Краб» (1927, пастаўленая ў 1930),
  • «Белая зброя» (1933, пастаўлена пад назвай «Рыкашэт» у 1935)
  • Галубок, Уладзіслаў. Творы: драматургія, паэзія, проза, публіцыстыка. Да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. (Драматургія: Апошняе спатканьне; Пісаравы імяніны; Бязвінная кроў; Ганка; Бязродны; Суд; Белы вянок; Пан Сурынта; Плытагоны; Ветрагоны; Краб; Ліпавічок; Белая зброя) / укладаньне, падрыхтоўка тэкстаў, уступны артыкул, камэнтары С. С. Лаўшука; рэдкалегія: Б. Ул. Галубок і інш.. — Менск: Мастацкая літаратура, 1983. — 607+8 с. — 7000 ас.
  • Галубок, Уладзіслаў (Голуб, Уладзіслаў Іосіфавіч). Апошняе спатканне: вершы, апавяданні, п'есы. Змест: (вершы; апавяданні: Журавінка; Марымонавы сабакі; Навальніца; Адвага; Бор; Вясковыя астраномы; Абразок; У бальніцы; Гонар; Посная гусяціна і інш.; п'есы: Апошняе спатканне; Пісаравы імяніны; Ганка; Суд) / прадмова Сьцяпана Лаўшука. — Менск: Мастацкая літаратура, 2007. — 269 с. — (Бібліятэка школьніка). — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-0955-9
  • Святлана Берасцень. Незабыты Галубок. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 2012, 18 траўня. — № 20 (4666). — С. 1.
  • Уладзіслаў Галубок. Выбраныя творы / укладаньне і камэнтар Кастуся Цвіркі; прадмова Алеся Марціновіча; навуковы рэдактар Іван Саверчанка. — Менск: Беларуская навука, 2021. — 699+4 с. — (Беларускі кнігазбор: Серыя 1, Мастацкая літаратура). — 400 ас. — ISBN 978-985-08-2704-3

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Імем Уладзіслава Галубка названыя вуліцы ў Менску і ў Маладэчне[8].
  • У Менску адкрыта «Гасьцёўня Уладзіслава Галубка» — філіял Дзяржаўнага музэю гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.[9].
  • У 1982 годзе рэжысэр Аляксандар Салавей зьняў фільм «Владислав Голубок»[10].
  1. ^ Голубок Владислав Иосифович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  2. ^ Uladzìslaŭ Galubok // MAK (пол.)
  3. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  4. ^ Янка Саламевіч. Слоўнік беларускіх псеўданімаў i крыптанімаў (XVI—XX стст.).. — Менск: Мастацкая літаратура, 1983. — С. 174. — 207 с. — 4000 ас.
  5. ^ Хроніка беларускай культуры. Пастановай Савету Народных Камісараў БССР… // Полымя : часопіс. — 1929. — № 1. — С. 223, 224.
  6. ^ Хроніка беларускай культуры. У панядзелак 25 сакавіка гг. ў памяшканьні Беларускага дзяржаўнага тэатру адбыўся вечар, прысьвячоны творчай працы Ўл. Галубка і наданьне яму годнасьці народнага артыста. // Полымя : часопіс. — 1929. — № 4. — С. 215, 216.
  7. ^ І. Дуброўскі На клюбнай сцэне. «Пінская Мадонна». (Пастаноўка ў клюбе КІМ). // Чырвоная зьмена : газэта. — 1927, 17 красавіка. — № 44 (426). — С. 6.
  8. ^ Вуліцы, што будуць добраўпарадкаваныя да «Дажынак» // «Рэгіянальная газета»
  9. ^ Гостиная Владислава Голубка — филиал Государственного музея истории театральной и музыкальной культуры Беларуси  (рас.)
  10. ^ Соловей Александр Артемович  (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]