Міхал Карыцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Мі́хал Кары́цкі (4 верасьня 1714, в. Дзітрыкі, Лідзкі павет (цяпер Лідзкі раён) — 10 сакавіка 1781, Менск) — рымска-каталіцкі дзеяч, паэт-лацініст, пэдагог, філёзаф. Брат Караля Флярыяна Карыцкага.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатковую адукацыю атрымаў у Бабруйску, затым навучаўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі на факультэце філязофіі і тэалёгіі. З 1730 сябар ордэна езуітаў. Пасьля заканчэньня быў пакінуты ў акадэміі, дзе выкладаў граматыку, паэтыку і рыторыку. Атрымаў ступень доктара філязофіі; быў рэктарам Нясьвіскага калегіюму езуітаў, чытаў лекцыі ў калегіюмах і школах Менску, Слуцку, Пінску, Бабруйску. Падзяляў ідэі Асьветніцтва; імкнуўся палепшыць сыстэму адукацыі, надаць ёй больш сьвецкі характар. Ягоным вучнем быў паэт Адам Нарушэвіч. У 1770—1773 працаваў у Бабруйску дырэктарам бібліятэкі ў езуіцкім калегіюме. Пасьля скасаваньня ў 1773 Папам рымскім ордэна езуітаў Карыцкі быў прызначаны Адукацыйнай камісіяй рэктарам Менскае ваяводзкае школы. Забарона Ордэна вельмі ўразіла М. Карыцкага, як і тое, што расейская імпэратрыца Кацярына ІІ дала выгнаным з амаль усяго сьвету прытулак у Полацку, ягоная прыхільнасьць да Расеі вылілася ў шматлікіх вершах, што склалі аснову пасьмяротнага зборніку «Песьні» (1817).

Міхал Карыцкі — пачынальнік клясыцызму як творчае мэтоды, ягоная паэзія паўплывала на лацінамоўную паэзію Польшчы і ВКЛ эпохі Асьветніцтва. Пісаў вершы, казкі, элегіі, пасланьні, пародыі лацінскай мовай. Большасьць твораў прысьвечаная тагачасным грамадзкім і культурным дзеячам, мясцовым падзеям. Найбольш вядомая сярод іх — эпічная паэма «Птушыны сойм». Пры жыцьці выдаў 25 вершаў, у тым ліку «Аўстрыйскі Марс» (1756), «Дыфірамб» (1757), «Песьня» (1781). Аўтар элегіяў «Да Касакоўскага» і «Да брата Караля», прыродаапісальнай оды «Да Зімы». Некаторыя вершы былі апублікаваныя ў зборніку Даніэля Яноцкага «Musarum Sarmaticarum specimina nova» (1771). Праз 36 гадоў пасьля сьмерці, у Полацкай езуіцкай акадэміі, быў выдадзены зборнік твораў М. Карыцкага пад назвай «Песьні» («Carmina М. Korycki», на лац., Полацк, 1817).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Анталогія беларускай паэзіі. Т.1. Мн., 1993. С. 125—126.
  • Суднік С. Лідскія юбіляры 2004 года // Лідскі летапісец. № 27-28, 2004.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]