Зьмітрок Астапенка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зьмітрок Астапенка
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 23 або 27 лістапада 1910
Памёр не раней за 1944
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладнік
Гады творчасьці з 1926
Мова беларуская мова, украінская мова і расейская мова
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Астапенка.

Зьмітрок (Дзьмітры Емяльянавіч) Астапенка (27 лістапада[1] (паводле іншых зьвестак — 23 лістапада[2]) 1910, в. Сяргееўка Рослаўльскага павету Смаленскай губэрні, цяпер у Шумяцкім раёне Смаленскай вобласьці[1] (паводле іншых зьвестак — у вёсцы Калесьнікі Мсьціслаўскага павету Магілеўскай губэрні (цяпер у Хіславіцкім раёне Смаленскай вобласьці[3])) — не раней за 1944; псэўданімы: З. Лірнік; К. Качкін (зь Юліем Таўбіным); Клім Качкін (зь Ю. Таўбіным); МсьціслаўцыАркадзем Куляшовым і Ю. Таўбіным)) — беларускі паэт, перакладнік.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. Вучыўся ў Мсьціслаўскім пэдагагічным тэхнікуме, у 1930 годзе перавёўся ў МБПТ, затым у Менскі пэдагагічны інстытут. Атрымаў вышэйшую або незакончаную вышэйшую адукацыю. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газэтаў і часопісаў. Уваходзіў у «Маладняк», пасьля — у БелАПП.

Арыштаваны 16 сакавіка 1933 году ў Менску па адрасе Праезны зав., д. 8, кв. 5 па справе «Беларускай народнай грамады». Асу­джаны 10 жніўня 1933 году як «чалец контррэвалюцыйнай арганізацыі» да 3 гадоў ППК. Пакараньне адбываў у Марыін­ску Кемераўскай вобласьці, але знаходзіўся ня ў ­лягеры, а на пасяленьні (некаторы час разам з Максімам Лужаніным). Пасьля вызваленьня ў чэрвені 1935 году жыў у Маскве па адрасе: Смаленскі бульвар, д. 15, п. 48, працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры ў школе № 252 Дзяржын­скага раёну.

Паўторна арыштаваны 5 сьнежня 1936 году. Асуджаны 5 кастрычніка 1937 году пазасудовым органам НКВД за «антысавецкую дзейнасьць» да 8 гадоў ППК. Вызвалены магчыма ў 1942 годзе. У канцы верасьня 1944 году ў складзе падразьдзяленьня выведнікаў быў перакінуты на тэрыторыю Славаччыны, дзе 7 кастрычніка 1944 году зьнік бязь вестак (паводле афіцыйных зьвестак, загінуў).

Як сьведчаць некаторыя дакумэнты (асабовая справа А. № 9935-с), у 1949 быў асу­джаны да высылкі (верагодна, у Краснаярскі край). У тым, што паэт не загінуў, быў упэўнены (па словах крытыка А. Марціно­віча) і яго былы аднакурсьнік яшчэ па Мсьціслаўскім пэдагагічным тэхнікуме, калега і сябра Зьмітра Астапенкі паэт Аркадзь Куляшоў, які сьведчыў, што ўжо пасьля вайны «знаёмы твар неяк прамільгнуў у вірлівым маскоўскім натоўпе». Далейшы лёс невядомы.

Па першай справе рэабі­літаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суду БССР 24 жніўня 1956 году, па другой — прэзыдыюмам Вярхоўнага суду БССР 29 сьнежня 1954 году. Асабовыя справы А. № 14618 і №9935-с з фатаздымкамі захоў­ваюцца ў архіве КДБ Беларусі.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэбютаваў вершамі ў 1926 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «На ўсход сонца» (1931), «Краіне» (1931), «Абураныя» (1932), «Выбранае» (1957, уключана паэма «Эдэм»), «Вершы і паэмы» (1968), кніжкі-малюнку для дзяцей «Трактар» (1933), зборнік «Як шум дажджу» з друку ня выйшаў, захаваліся толькі гранкі. Пісаў апавяданьні.

Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры, аўтар навукова-фантастычнага раману «Вызваленьне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932).

Пераклаў раманы М. Горкага «Маці» (1932), Л. Первамайскага «Ваколіцы» (1931, разам зь Міхасём Багуном), аповесьці П. Голубева «Завіруха» (1930), М. Дончанкі «Ударны атрад» (1932), творы іншых расейскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Выбранае. Мн., 1957;
  • Вершы і паэмы. Мн., 1968.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Уладзімер Арлоў (22 лістапада 2006) Імёны Свабоды: Зьмітрок Астапенка 27.11.1910, в. Сяргееўка (цяпер Шумяцкі раён) Смаленшчына — кастрычнік 1944 (?), Славаччына (?) Імёны Свабоды. Радыё «Свабода»Праверана 28 лістапада 2010 г.
  2. ^ Маракоў, Леанід Астапенка Змітрок Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том I Праверана 28 лістапада 2010 г.
  3. ^ Астапенка Змітрок Беларускія пісьменнікі (1917—1990). Даведнік. Электронная энцыкляпэдыя «Слоўнік.орг». Праверана 28 лістапада 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Пруднікаў П. І. Далёкае, але не забытае: Успаміны. — Мн., Маст. літ., 1988. — 175 с.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
  • Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1978;
  • Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;
  • Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990;
  • Маракоў Л. Шасцёра на фатаздымку // Роднае слова. 1999, № 6.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]