Псалтыр (Скарына)
Псалтыр | |
Скарына. «Псалтыр», 6 жніўня 1517 г. (Аркуш 5). Гравюра, зь якой пачынаецца тэкст «Псалтыра». | |
Аўтар: | Францішак Скарына |
---|---|
Мова арыгіналу: | беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1] |
Публікацыя: | 1517 |
Колькасьць старонак: | 142 аркушы |
Папярэдні твор: | няма |
Наступны твор: | Кніга Ёва (Скарына) |
Псалтыр («Песни царя Давида еже словуть Псалтыръ») — першае праскае выданьне Скарыны, выдадзенае 6 жніўня 1517 году.
Падставы выданьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Той факт, што Скарына выдаў першай менавіта гэтую кнігу, можа тлумачыцца тым, што з даўніх часоў усходнеславянскія народы выкарыстоўвалі гэты тэкст для навучаньня грамаце, а праваслаўная царква — для богаслужэньня. Першыя ўсходне-славянскія пераклады Псалтыра адносяцца да XI стагодзьдзя.
Зьмест кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тытульным аркушы зьмешчана гравюра Цар Давід і пашыраная назва кнігі, а на адвароце — гравюра Генэалягічнае дрэва Ісуса. З другога па чацьверты аркуш знаходзіцца прадмова, у якой выдаўца знаёміць чытачоў з прызначэньнем і прыёмамі выданьня. Адна з крыніц прадмовы — «Беседы Василия Великого на первую часть первого псалма». Скарына падкрэсьлівае важнасьць кнігі Псалтыр, які «детем малым початок всякое доброк наукы, дорослым помножение в науце, мужем моцное утверьжение». Асьветнік падкрэсьлівае навучальны характар гэтай кнігі: «Хощеши ли умети граматику или, по-рускы говорячи, грамоту, еже добре чести и мовити учить, знайдеши в зуполной Бивлии, Псалтыру, чти ее». У прадмове Скарына раскрывае прыёмы выданьня, апісваючы сыстэму спасылак і глосы на палях, якія павінны былі растлумачыць чытачам незнаёмыя словы: «… положил есми на боцех некоторыи слова для людей простых… руским языком, что которое слово знаменуеть». На аркушах з 5 да 129-ы зьмешчаны тэкст 150 разьдзелаў кнігі, на аркушах з 130 да 142-м — выбраныя песьні Майсеевы.
Друкарскія асаблівасьці выданьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня — у чвэрць аркуша, аб’ём — 142 аркушаў, якія сабраны ў 17 сшыткаў. Набор выкананы праскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм Сыгнатура адсутнічае. Фаліяцыя зьмешчана на верхнім баку аркуша ўнізе справа. На 38-м аркушы — памылка фаліяцыі: замест 38 стаіць 30.
Выданьне ўпрыгожана трымя ілюстрацыямі (гравюра «Цар Давід» — на тытульным лісьце, паўторана на спускавой паласе). Застаўка адзначана друкарскім знакам Скарыны, другая застаўка папярэднічае «Песьням Майсеевым». Ініцыялы, агульнай колькасьцю 165 адбіткаў, зьмешчаны ў пачатку псальмаў і прадмоў.
Гісторыя вывучэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню Псальмы сталі вядомыя ў 1776 годзе, калі пецярбурскі кнігагандляр І. Волак набыў канвалют, у якім было 6 праскіх выданьняў Скарыны і ўрывак з кнігі Псальмаў. У тым жа годзе ў навуковы ўжытак увёў кнігу Бакмейсьцер, аднак паведамленьне апошняга засталося амаль незаўважаным, а канвалют у выніку быў згублены. У 1860-ых гадах Хлудаў набыў на Ніжагародзкім кірмашы добразахаваны асобнік (у ім не было толькі першага і 130 аркуша), а А. Я. Віктараў у 1867 годзе ўвёў яго ў навуковы ўжытак. Гэты асобнік знаходзіўся ў бібліятэцы маскоўскага Мікольскага адзінаверчаскага манастыра, цяпер у Дзяржаўным гістарычным музэі. Другі вядомы асобнік у 1904 годзе быў набыты пецярбурскай Публічнай бібліятэкай, цяпер знаходзіцца ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы. Таксама апісаны шэраг рукапісных копій Псалтыра, зробленых у 16-17 ст.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. / Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с. — ISBN 5-85700-003-3