Міхал Рукевіч
Міхаіл Іванавіч Рукевіч | |
![]() | |
Род дзейнасьці | вайсковец, рэвалюцыянэр |
---|---|
Дата нараджэньня | 12 лістапада 1794 |
Месца нараджэньня | Гожна(?), Падляскае ваяводзтва, Малапольская правінцыя, Карона Каралеўства Польскага, Рэч Паспалітая |
Дата сьмерці | 30 жніўня (11 верасьня) 1841 |
Месца сьмерці | Коркіна, Іркуцкая губэрнія, Усходне-Сыбірскае гэнерал-губэрнатарства, Расейская імпэрыя |
Месца вучобы | Віленскі ўнівэрсітэт |
Занятак | рэвалюцыянэр, вайсковец |
Міхаіл Іванавіч Рукевіч (12 лістапада 1794, в. Гожна (?), Падляскае ваяводства — 30 жніўня (11 верасьня) 1841, в. Коркіна, Забайкальле, Расейская імпэрыя) — удзельнік дваранскага рэвалюцыйнага руху пачатку XIX стагодзьдзя, ініцыятар стварэньня «Таварыства вайсковых сяброў».
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паходзіў з беларускае шляхты. Сумесна зь сёстрамі валодаў домам у Беластоку. У 1812—1814 гадох ваяваў на баку Напалеона ў Літоўскіх войсках (1812). Служыў у 1-ым палку гвардыі Красінскага фур’ерам. У 1814 годзе трапіў у палон на тэрыторыі Францыі, 23 лютага 1815 году выйшаў у адстаўку па хваробе.
З 1815 году — на радзіме. Скончыў Віленскі ўнівэрсітэт у ступені кандыдата юрыспрудэнцыі (1820). Зь 1819 году — член, зь сакавіка 1820 году — выканаўца абавязкаў прэзыдэнта тайнага Саюза сяброў.
Зь 1819 году — член-карэспандэнт, зь 1820 году — правадзейны член Таварыства філяматаў. Адзін зь ініцыятараў стварэньня Таварыства прамяністых (1820), для якога напісаў «Малітву прамяністых», выконваў абавязкі «маршалка надворнага».
Удзельнічаў у стварэньні Таварыства філярэтаў. Пасьля заканчэньня ўнівэрсітэта займаўся сельскай гаспадаркай у вёсцы Мількаўшчына Ваўкавыскага павета, а зь 1823 году — у арандаваным фальварку Завыкі Беластоцкага павета.
У 1820 годзе разам зь З. Навіцкім стварыў у Беластоцкай гімназіі таварыства «Згодных братоў» (зь 1823 году — «Заране»). У 1823—1824 гадох быў арыштаваны па справе філяматаў і філярэтаў, вызвальены за недастатковасьцю доказаў. У 1825 годзе ініцыяваў стварэньне арганізацыі «Вайсковыя сябры», быў галоўным натхняльнікам выступленьня Літоўскага піянернага батальёна (1825).
У 1826 годзе арыштаваны й прыгавораны да сьмяротнага пакараньня, але па царскай канфірмацыі 1827 году пазбаўлены шляхецтва й высланы на 10 гадоў катаржных работ зь наступным пасяленьнем у Сыбіры. Катаргу адбываў разам зь дэкабрыстамі ў Чыце (зь 1828) і Пятроўскім заводзе ў Забайкальлі (зь 1830). У 1833 годзе пераведзены на пасяленьне ў вёску Коркіна Іркуцкай губэрні, дзе вёў буйны гандаль вавёркай, хлебам, паркалем, займаўся продажам віна. Там жа й памёр.
Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Грамадзянская жонка — ураджэнка Забайкальля Лізавета Іванаўна Ісакава, у шлюбе зь ёй меў дзвух дзяцей.
Сёстры — Антаніна (у шлюбе — Крамкоўская), Ксаверыя й Карнэлія.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
- Швед В. В. Рукевіч Міхаіл Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
- Швед В. В Рукевіч Міхаіл Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
- ЦГВИА, ф. 801, оп. 70, 1827 г., д. 45, ч. 1-3; ГАРФ, ф. 109, 1 эксп., 1827 г., д. 136, ч. 7
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Уладзімер Арлоў. Міхал Рукевіч (12.11.1794, в. Гожна (?), Беласточчына — 11.9.1841, в. Коркіна, Забайкальле, Расея. // Імёны Свабоды
- Міхаіл Іванавіч Рукевіч