Прамудрасьць Божая (Скарына)
Прамудрасьць Божая | |
Гравюра «Прамудрасьці Божай» на тытульным аркушы | |
Аўтар: | Францішак Скарына |
---|---|
Мова арыгіналу: | беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1] |
Публікацыя: | 19 студзеня 1518 |
Колькасьць старонак: | 32 аркушы |
Прамудрасьць Божая («Премудрости Божией книга») — праскае выданьне Скарыны, якое выйшла ў сьвет 19 студзеня 1518 году.
Зьмест кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тытульным аркушы зьмешчана гравюра і пашыраная назва кнігі («Зуполне выложена на руский языкъ докторомъ Франъцискомъ Скорининымъ сыномъ из славнаго града Полоцька»). На першым аркушы даецца «Предословие доктора Франциска Скорины в книгу Пермудрости Божией». На 3-30 аркушах выдадзены тэкст 19 разьдзелаў кнігі. На 31 аркушы зьмешчана «Молитва Манасии царя Иудина его же молящеся къ Господу Богу поименый в неволи Вавилонъской». Гэтая малітва была ўключана ў склад «Азбукі» І. Фёдарава, надрукаванай у Львове ў 1574 годзе. На апошнім аркушы даецца пасьляслоўе.
Друкарскія асаблівасьці выданьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніга выдадзена на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня — у чвэрць аркушу, аб’ём — 32 аркушы, якія сабраны ў 4 сшыткі. Набор выкананы праскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя зьмешчана на адваротным баку аркушу ўверсе справа, гэта адзінае выданьне з такім тыпам фаліцыяціі ў Скарыны. Выданьне ўпрыгожана ілюстрацыяй «Добраславеньне» (тытульны аркуш), 2 застаўкамі і 22 ініцыяламі. Перад асноўным тэкстам зьмешчана застаўка, на якой выяўлены шчыт з зацьменьнем сонца, які трымаюць аголеныя дзеці. На апошнім аркушы даецца застаўка з выявай дзікіх людзей, якія апіраюцца на незапоўненыя гербавыя шчыты, а паміж імі шчыт з «зацьменьнем сонца». Такая самая застаўка сустракаецца яшчэ ў 5 праскіх выданьнях Скарыны.
Захавалася 10 асобнікаў выданьня, зь іх 6 — поўныя.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыкляпэдыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3
- ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210