Перайсьці да зьместу

Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі
лац. Uładzisłaŭ Sivy-Sivicki
Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Стары Ўлас
Нарадзіўся 10 (22) сакавіка 1865
Памёр 30 верасьня 1939(1939-09-30) (74 гады)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Мова беларуская мова і польская мова
Значныя творы Год беларуса
Творы ў Вікікрыніцах
Творы на сайце Knihi.com

Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (пс. Стары Ўлас; 22 сакавіка 1865, Валожын — 30 верасьня 1939, Шашэльгішкі) — беларускі паэт, публіцыст, зьбіральнік беларускага фальклёру.

Асірацеўшы ў десяць гадоў, пайшоў працаваць памочнікам кухара да пана. Быў кухарам, аб’езьнікам, лясьнічым у маёнтку Сужаны на Віленшчыне. Жыў у вёсцы Варняны Астравецкага раёну, у Вільні. У 1910 заснаваў школу пісьменнасьці, у якой разам са сваімі дочкамі вучыў дзяцей грамаце. Своеасаблівым летапісам працы і побыту сялянства зьяўляецца паэма «Год беларуса» (1911)[1].

У 1920 пераехаў у вёску Сужаны, а пазьней у Шашэльгішкі Віленскага павету, дзе займаўся земляробствам.

З 1907 друкаваўся ў «Нашай Ніве», потым у заходнебеларускіх выданьнях. У беларускіх календарах зьмяшчаў вершы і вершаваныя апавяданьні. Выступаў і як публіцыст. Шэраг вершаў надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961) і ў зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969). У 1990 выдадзена кніга збораў яго публіцыстыкі «Год беларуса».

Пра Старога Ўласа трапна сказаў Максім Гарэцкі: «Такія паэты маюць у нашай паэзіі літаральна маральнае значэнне як песняры з мазольнаю рукой, што ня толькі „з народу“, але і „сам народ“. Яго творы часам ня вельмі складныя, але чуецца ў іх сіла самае зямлі, непасрэдны павеў самога жыцьця беларускай вёскі. Яны — натуральны адростак народнай паэзіі, казак і гутарак, легендаў і жартаў»[2].

Пахаваны ў мястэчку Сужоніс.

У Валожыне на доме па вуліцы Савецкай, 49, зьмешчана мэмарыяльная дошка ў гонар самабытнага паэта-земляка Старога Ўласа.