Аляксей Пысін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Аляксей Пысін
Alaksej Pysin.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 22 сакавіка 1920
вёска Высокі Барок, Чэрыкаўскі павет, Гомельская губэрня, Расейская СФСР
Памёр 27 жніўня 1981
Магілёў, Беларуская ССР, СССР
Пахаваны Польскія могілкі ў Магілёве[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Журналіст
Гады творчасьці 1938—1979
Жанр Паэзія
Мова Беларуская
Дэбют 1938 г. (газэта «Чырвоная зьмена»)
Прэміі Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (1968)
Узнагароды Мэдаль «За адвагу»
Творы на сайце Knihi.com

Аляксе́й Васі́левіч Пы́сін (1920, в. Высокі Барок, цяпер Краснапольскі раён, Магілёўская вобласьць, Беларусь — 1981, Магілёў, цяпер Беларусь) — беларускі паэт.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксей Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 году ў вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёну Магілёўскае вобласьці ў сялянскай сям’і. У 1880—1886 прадзед будучага паэта і яго сыны пераехалі з Браншчыны ў Магілёўскую губэрню, на «купчыя землі». За грошы, узятыя ў пазыку ў зямельным банку, купілі ў пана зямлю. Дзед, Пётр Пысін, пасяліўся ў заснаванай перасяленцамі вёсцы Высокі Барок. Бацька, Васіль Пысін, і маці, Хрысьціна (у дзявоцтве Вяржбіцкая, з суседняй вёскі Мануйлы), займаліся сельскай гаспадаркай. У роднай вёсцы прайшлі дзіцячыя і школьныя гады А. Пысіна.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вучыўся ў школе ў Высокім Барку, старэйшыя клясы скочыў у Палускай сярэдняй школе (1938). Перад вайной распачаў вучобу ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Менску, куды ён быў накіраваны як актыўны селькор раённай газэты «Чырвоны сьцяг», зь якой пачаў супрацоўнічаць падчас вучобы ў сямігодцы.

Інстытут паэту закончыць не ўдалося. У 1939 г. пасьля ўзьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі ён, студэнт другога курса, кідае вучобу і едзе працаваць у раённую газэту на Беласточчыну ў мястэчка Бельск. Гэта быў патрыятычны крок, бо ў Заходняй Беларусі ствараліся беларускія газэты, а прафэсійных журналістаў не хапала.

Вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачаткам вайны эвакуюецца ў Гомель, потым на Ўрал, у запасны полк. Далей была палкавая школа і дарога на фронт. Вайну прайшоў сувязістам, удзельнічаў у баях, двойчы быў паранены. Дэмабілізаваўся А. Пысін на пачатку 1946. Узнагароджаны мэдалём «За адвагу».

Паваенны час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працаваў адказным сакратаром краснапольскай раённай газэты «Чырвоны сцяг» (1946—1948), уласным карэспандэнтам магілёўскай абласной газэты «За Радзіму» (1949—1950).

Сябра СП БССР з 1950 году. З 1954 — рэдактар чэрыкаўскай раённай газэты.

У 1956—1957 гг. вучыцца на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Пасьля заканчэньня курсаў з 1958 працаваў у рэдакцыі абласной газэты «Магілёўская праўда». З 1974 да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзяленьня Саюза Пісьменьнікаў Беларусі.

Памёр 27 жніўня 1981 г. у Магілёве. Пахаваны на Цэнтральных могілках па вул. Лазарэнкі.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы верш апублікаваў у 1938 г. (газэта «Чырвоная зьмена»).

Аўтар кніг паэзіі:

  • «Наш дзень» (1951),
  • «Сіні ранак» (1959),
  • «Сонечная паводка» (1962),
  • «Мае мэрыдыяны» (1965),
  • «Твае далоні» (1967),
  • «Пойма» (выбранае, 1968),
  • «Да людзей ідучы» (1972),
  • «Вярбовы мост» (1974),
  • «Вершы» (1976),
  • «Ёсьць на сьвеце мой алень» (1978),
  • «Палёт» (1982),
  • «Яшчэ ня скончана дарога» (1983).

Для дзяцей выдаў зборнікі вершаў:

  • «Матылёчкі-матылі» (1962),
  • «Вясёлка над плёсам» (1964),
  • «Кавылёк» (1966),
  • паэму «Дзяўчынка Марыям» (1970), к
  • нігі вершаў і паэм «Колькі сонцаў!» (1979),
  • «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» (1984).

У 1980 і ў 1989 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Напісаў кнігу пра народныя песьні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот» (1972). Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля (з С. Гаўрусёвым, 1975), зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977).

Узнагароды і памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні».

Імя А. Пысіна прысвоена Палускай сярэдняй школе Краснапольскага раёну, дзе створаны і прысьвечаны яму музэй. У Магілёве на праспэкце Міру, на доме 35а, дзе жыў паэт, усталявана мэмарыяльная дошка.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]