Перайсьці да зьместу

Эклезіяст (Скарына)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прамудрасьць Божая
Гравюра «Царыца Саўская гутарыць з Саламонам» з «Эклезіясту». Выданьне Францішка Скарыны. 1518
Аўтар: Францішак Скарына
Мова арыгіналу: беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1]
Публікацыя: 2 студзеня 1518
Колькасьць старонак: 18 аркушаў
Старонка з кнігі Эклезіяст, выдадзенай Скарынай ў 1518 годзе

ЭклезіястЕклесиастесъ, или Соборникъ премудрого царя Саломона») — праскае выданьне Скарыны, якое выйшла ў сьвет 2 студзеня 1518 году.

Выданьне адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і назвай кнігі («Зуполъне выложеный на рускый языкъ докторомъ Францискомъ Скорининымъ сыномъ с Полоцка…»). На першым і другім аркушы даецца «Предисловие доктора Франъциска Скорины въ книгу Премудраго Саломона рекомую Еклесиастесъ». У прадмове Скарына гаворыць пра 3 кнігі, якія напісаў Саламон: Эклезіяст, Выслоўі Саламона і Песьня Песьняў, прыводзіць іх жыдоўскія, грэцкія, лацінскія і рускія назвы. Расказваючы пра зьмест кнігі Выслоўяў, Скарына спасылаецца на ўласную прадмову і коратка выкладае сэнс кнігі: «О науце людей младых, якобыотецъ сына научаючи единаго каждого особно». Далей расказваецца пра сэнс кнігі Эклезіяста, аўтар даводзіць, што Саламон «пишет о науце всех людей посполите сущих в летех мужества, приводячи им на паметь суету, беду и працу сего света». Асноўная думка кнігі паводле Скарыны — «Суета над суетами все суетно и утиснение духово». Асьветнік паказвае марнасьць знайсьці сэнс жыцьця «в царствах и в пановании», у «богатстве и в скарбах», «у роскошном ядении и питии и в любодеянии». Скарына тлумачыць назву кнігі, перакладаючы яе як Саборнік: «Нарицается же сия книга Соборник, понеже не ко всему собору людей, а не единаго человека мысль и кохание являеть, но всего собора». Пасьля на аркушах 3—18-м даецца тэкст усіх 12 разьдзелаў кнігі, а на апошнім аркушы — пасьляслоўе.

Друкарскія асаблівасьці выданьня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня — у чвэрць аркуша, аб’ём — 18 аркушаў, якія сабраны ў адзін сшытак. Набор выкананы праскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм, на паласе — 22 радкі. Сыгнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе зьлева. Выданьне ўпрыгожана 1 гравюрай, 2 застаўкамі і 14 ініцыяламі. На тытульным лісьце зьмешчана ілюстрацыя «Саламон і царына Саўская». Перад асноўным тэкстам надрукавана вялікая застаўка з выявай дзікіх людзей і гербавым шчытом з зацьменьня сонца, малая застаўка зьмешчана перад тэкстам пасьляслоўя. Ініцыялы вылучаюць пачаткі разьдзелаў. У некаторых экзэмплярах зроблены, напэўна яшчэ ў друкарні, запіс: «А то ся стало накладом Богдана Онкина сына радци места Виленьского».

Захавалася 15 асобнікаў кнігі, зь іх 7 поўныя.

  1. ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210
  • Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3