Яўгенія Янішчыц
Яўгенія Янішчыц лац. Jaŭhienija Janiščyc | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Яўгенія Ёсіфаўна Янішчыц |
Псэўданімы | Ластаўка Палесься |
Нарадзілася | 20 лістапада 1948 |
Памерла | 25 лістапада 1988 (40 гадоў) |
Пахаваная | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка |
Гады творчасьці | 1963—1988 |
Жанр | верш |
Мова | беларуская мова |
Узнагароды |
Яўге́нія Ёсіфаўна Яні́шчыц (20 лістапада 1948, в. Рудка, Пінскі раён — 25 лістапада 1988, Менск) — беларуская паэтка.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася Яўгенія Янішчыц у сялянскай сям’і, бацька — бондар, цясьляр, маці — працаўніца калгасу. Сям’я жыла спачатку ў вёсцы Рудка, потым пабудавалі новы дом у вёсцы Велясьніца. Першы муж маці Марыі Андрэеўны, Ёзас Янішчыц, загінуў на вайне ў 1944 годзе, ад яго Яўгеніі засталося прозьвішча (аб гэтым яна пісала ў вершы «Памяці Ёзаса Янішчыца»). Другі муж маці, Ёсіф Сьцяпанавіч Патапчук — бацька Яўгеніі Янішчыц — памёр у 1975 годзе. Маці стала двойчы ўдавой і пакінула гэты сьвет у 2006 годзе.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства будучай паэтэсы прайшло на вёсцы.[1] Вучылася Яўгенія Янішчыц спачатку ў Мерчыцкай васьмігодцы, 9—10 клясы скончыла ў Парэцкай сярэдняй школе (Пінскі раён). У юнацкія гады пачала пісаць вершы. Самы першы твор прачытала на школьнай вечарыне, прысьвечанай Якубу Коласу. Вершы 17-гадовай дзяўчыны друкаваліся ў пінскай раённай газэце, у рэспубліканскіх газэтах і часопісах.
У 1966, пасьля заканчэньня сярэдняй школы, Яўгенія Янішчыц паступіла на аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры філялягічнага факультэту БДУ. Стала дыплямантам беларускага фэстывалю творчасьці моладзі (1970).
Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту (1971) пайшла працаваць загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ. У гэтым жа годзе выйшла замуж за беларускага паэта Сяргея Панізьніка. Праз пэўны час зьехала ў Чэхаславаччыну, дзе муж служыў ваенным журналістам. Аднак хутка вярнулася на радзіму, да маці, і ў 1972 годзе нарадзіла сына Андрэя. Без дапамогі мужа гадавала сына, шлюб у студзені 1976 быў афіцыйна скасаваны.
Бытавая і жыцьцёвая неўладкаванасьць працягвалася каля пяці гадоў. Паэтэса пісала ў адным зь лістоў да Міхася Забэйды-Суміцкага:
Хаця б хутчэй далі кватэру ў Менску, ды пераехаць. Бо па натуры я вельмі мяккая, а ад таго, мабыць, лёгка ранімая. Кажуць, што для поўнага шчасьця паэт павінен быць неўладкаваным. Але калі гэтай неўладкаванасьці празь меру, то горш ня трэба… |
||
У 1976 Яўгенія Янішчыц уладкавалася працаваць літкансультантам у «Сельскую газэту». Атрыманая ў 1977 у Менску на вуліцы Ўльянаўскай кватэра дазволіла канчаткова замацавацца ў сталіцы. У 1981 Я. Янішчыц удзельнічала ў працы XXXVI сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. У 1983 яна становіцца загадчыкам аддзелу паэзіі часопісу «Маладосьць». У 1988 атрымоўвае новую трохпакаёвую кватэру на вуліцы Старажоўскай, на Нямізе.
Марудна Яўгенія Янішчыц папраўлялася пасьля аварыі ў Магілёве ў 1976, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкаваная да бальнічнага ложка. Яна так і ня здолела перамагчы фізычны боль і пакуты, што, у сваю чаргу, паўплывала на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцьця. Па афіцыйнай вэрсіі, паэтэса трагічна загінула.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 1962 году першыя вершы былі надрукаваныя ў пінскай раённай газэце «Палеская праўда»[2]. У 1964 годзе — у часопісе «Бярозка»[3]. Аўтар зборнікаў лірыкі «Сьнежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). Выйшаў зборнік выбраных твораў «У шуме жытняга сьвятла» (1988), у які вершы адбірала сама паэтэса. Ейнай паэзіі ўласьцівы роздум пра жыцьцё, бацькоўскі край, гераічнае мінулае і сучаснасьць, тэмы сяброўства, каханьня, мацярынства.
З самага першага зборніка тэма роднага краю становіцца візыткай паэзіі Яўгеніі Янішчыц. Палесьсе, Велясьніца — вобразы «малой радзімы» праходзяць праз усю яе творчасьць. Ціхая беларуская вёска, навакольная прырода ўплывалі на абуджэньне таленту і фармаваньне сьветапогляду паэтэсы. Вёска зь яе ўстойлівымі традыцыямі і ладам жыцьця выклікала ўяўленьне аб трываласьці і надзейнасьці абжытага сьвету. Прырода паўстала казачнай краінай. У вершы «Прыедзь у край мой ціхі…» паэтэса запрашала пабачыць хараство і самабытнасьць палескіх краявідаў:
Прыедзь у край мой ціхі, |
||
3 душэўнай пранікнёнасьцю і пачуцьцём павагі Я. Янішчыц намалявала паэтычныя партрэты землякоў, аднавяскоўцаў («Дзед Сымон», «Насьця», «Усьціньня», «Сава і Марыя», «Павел і Нікан», «Зінька», «У бабулі Паланеі», «Салдаткі» і інш.). Яна ўспрымала працавітых, сумленных палешукоў як амаль сьвятых, называла іх «апосталамі», «інтэлігентамі ад зямлі».
Характэрнай рысай вершаў, прысьвечаных палескай прыродзе, было імкненьне перадаць хараство і таямнічасьць навакольнага сьвету. Я. Янішцыц глядзіць на сьвет вачыма рамантыка. У вершы «Чаму ніколі не баюся я…» паэтэса гаворыць пра сваю духоўную еднасьць з радзімай:
Ёсьць у мяне зялёная зямля, |
||
Паэтэса ўспрымае сьвет у абуджэньні, росквіце, прыліве прыродных сіл. Яе «зялёная зямля» — гэта ня толькі «малая радзіма», гэта таксама эстэтычная рэальнасьць, пазбаўленая недахопаў і недасканаласьці, крыніца творчага натхненьня, гаючы эліксір душы. Любоў да радзімы ня толькі сузіральная, але і дзейсная, «з мазалямі на руках».
У вершы «Не воблака, а проста аблачынка…» паэтэса думкай пераносіцца ў мінулае. У яе памяці ўсплывае вобраз вясёлай дзяўчынкі:
…яшчэ бяжыць дзяўчынка |
||
3 вышыні жыцьцёвага вопыту яна глядзіць на юнацкую бесклапотнасьць. Паблажліва, бяскрыўдна ўзіраецца ў сваё мінулае, дзе «лета» і «зіма» незаўважна перайшлі адно ў другое. Кладка, якая злучала два сьветы: сьветлага дзяцінства, багатага на выдумкі юнацтва і шматабяцальнай сталасьці, — стала памяцьцю. Верш насычаны сымбалічнымі вобразамі: воблака (увасабленьне сталасьці), аблачынкі (увасабленьне юнацтва), матылька (лёгкасьці і нязмушанасьці пазнаньня жыцьця), кладкі (злучэньне, сумяшчэньне ў лёсе двух сьветаў).
Супрацьпастаўленьне (антыномія) вёскі і гораду ў вершы «Помню, помню праз гады…» не выказваецца адкрыта, а выяўляецца ў падтэксьце тужлівых роздумаў. Горад уражвае, хвалюе, зьдзіўляе, але не выклікае таго захапленьня і паэзіі, якую нараджае вёска. Разлад узьнікае з-за немагчымасьці пераходу з «вясковага» ўзроўню існаваньня душы на іншы. Лірычнай гераіні цяжка знаходзіцца ў гэтым памежным становішчы, на раздарожжы паміж горадам і вёскай. І як толькі ўзьнікаюць жыцьцёвыя праблемы, яна шукае апірышча ў знаёмым, родным, ратуецца думкай пра свой вясковы сьвет. У вершы гучаць фальклёрныя матывы: тэкст мае песенную мэлядычную структуру, па рытмічнай арганізацыі нагадвае сумныя народныя песьні. Паэтэса ўжывае звароты і прыдаткі з ацэнкава-мэтафарычным значэньнем (золатца, сябра-сокала, сьцежкі-птушкі), характэрныя для фальклёру.
Лірычная гераіня Я. Янішчыц так сказала пра сябе: «Я — поле, я сьціхлая ў горадзе вёска…» («Наконт гарадзкога мысьленьня»). Паэтэса чуйна рэагавала на зьмены, што адбываюцца на вёсцы, у традыцыйным укладзе жыцьця, хвалявалася за будучыню роднай зямлі. У сваім сэрцы яна імкнулася зьяднаць, прымірыць два сьветы — вясковы і гарадзкі («Я вас люблю»).
Паэтычны сьвет Я. Янішчыц напоўнены пачуцьцём любові: да маці, радзімы, жыцьця, кветак, саду, сонца, аблокаў… У вершы «Ты пакліч мяне. Пазаві…» паэтэса гаворыць:
Пачынаецца ўсё зь любві, |
||
Матыў болю праходзіць праз увесь верш «Ля ложка хворай маці». Сэрца дачкі перапоўнена хваляваньнем. З чуласьцю і пяшчотай яна зьвяртаецца да самага дарагога ў жыцьці чалавека: «Так ніколі твая не балела мне доля».
Радасьць і смутак суіснуюць побач у вершы «Любоў мая…». «Песьня і маркота» адухаўляюцца любоўю, а з пачуцьця любові пачынаецца песьня, як аснова жыцьця і сьвету. Паэзію Я. Янішчыц адрозьніваюць мэлядычная танальнасьць выказанага слова, у патасны ўзьлёт эмоцыі, драматызм пачуцьця. Лірыка каханьня кранае глыбінёй перажываньняў. У інтымнай лірыцы паэтэса гаворыць мовай шчырай, даверлівай споведзі (верш «Разлука ўпала на траву…»). У жаночым сэрцы боль і туга па страчаным каханьні, «Мой боль — на вышыні сьвятла…» — гучыць прызнаньне ў вершы «А як хацелася цяпла…». Лірычная гераіня кахае і пакутуе, а, пакутуючы, усе роўна жыве дзеля каханьня і любові.
Лірычны струмень вызначальны ў зборніках паэзіі, дзе адлюстраваўся сьвет пачуцьцяў чулай і ранімай душы. Чалавек, людзі, прырода, паводле паэтычнай філязофіі Я. Янішчыц, — галоўная і найвышэйшая каштоўнасьць на зямлі. «Жывіце і любіце, // Свой беражыце дом», — такі духоўны запавет пакінула паэтэса.
Я. Янішчыц стварыла некалькі паэмаў. Справы вясковых працаўнікоў у паэме «Ягадны Хутар» (1980), якая вызначаецца спалучэньнем верша і вершаванай прозы. У «Зорнай паэме» спалучаюцца лірычныя і публіцыстычныя інтанацыі.
Аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій і інш. Перакладала на беларускую мову з расейскай і ўкраінскай. Асобныя вершы Я. Янішчыц пакладзеныя на музыку.
У 2000 пабачыла сьвет кніга «Выбранае» (укладаньне Алы Канапелькі і Валянціны Коўтун), дзе былі ўпершыню апублікаваныя паэма «Галалёд» і апавяданьні Яўгеніі Янішчыц.
Прэміі і ўзнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу БССР (1978) за кнігу лірыкі «Дзень вечаровы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу лірыкі «Пара любові і жалю».
Літаратурная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вершы Яўгеніі Янішчыц пераклалі на 7 моваў Эўропы: ангельскую, баўгарскую, гішпанскую, нямецкую, польскую, расейскую і ўкраінскую. Кампазытары Р. Давыдаў, Юры Семяняка і М. Юрко напісалі музыку на словы яе вершаў[4].
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паэтычная спадчына Яўгеніі Янішчыц — адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагодзьдзя[5].
У рэцэнзіі на яе першую кнігу Рыгор Бярозкін пісаў:
Першая кніга — кніжка ясная, сьвежая, росная, быццам тая раніца, зь якое яна, Жэня Янішчыц, і выбегла (іменна выбегла) у літаратуру. |
||
Паводле выказваньня Васіля Жуковіча, у літаратуру прыйшла «асоба зь імем Беларусі», якая прысьвяціла сваёй зямлі натхнёныя вершы-оды.
Па словах Васіля Быкава,
Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая. Гэта вялікае няшчасьце, што яна так рана пайшла з жыцьця. Але ў тым і нейкае наканаваньне — даўно і ня намі сказана, што Бог бярэ да сябе найлепшых. Але шкада — месца Жэні ў нашай паэзіі засталося пустое, мабыць, яго доўга ня будзе каму заняць. Бо гэта — дужа годнае месца. |
||
Выбраная бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Яўгенія Янішчыц. Ялта—1917. (У вянок Максіму Багдановічу) // Полымя : часопіс. — 1981. — № 12 (632). — С. 7.
- Яўгенія Янішчыц. Вершы. // Полымя : часопіс. — 1982. — № 1 (633). — С. 114—118.
- Яўгенія Янішчыц. Вершы. // Полымя : часопіс. — 1983. — № 3 (647). — С. 83—85.
- Ferdinand Neureiter Weißrussische Anthologie. Ein Lesebuch zur weißrussischen Literatur. — München: Verlag Otto Sagner, 1983. — С. 228, 229. — 230 с. — (Slavistiche Beiträge). — ISBN 3-87690-252-5 (ням.)
- Яўгенія Янішчыц. Новыя Вершы. // Полымя : часопіс. — 1984. — № 3 (659). — С. 121—126.
- Яўгенія Янішчыц. Вершы. // Полымя : часопіс. — 1984. — № 4 (660). — С. 190.
- Яўгенія Янішчыц. Жывому паклонімся паэту. (Да 170-годдзя з дня нараджэньня Тараса Шаўчэнкі) // Полымя : часопіс. — 1984. — № 4 (660). — С. 190—191.
- Яўгенія Янішчыц. З кнігі лірыкі «Каліна зімы». // Полымя : часопіс. — 1985. — № 3 (671). — С. 3—8.
- У шуме жытняга сьвятла. Мн., 1988.
- Яўгенія Янішчыц. «Стол мой пісьмовы ўзрос да пагорка». Уступнае слова Валянціны Коўтун. // Полымя : часопіс. — 1993. — № 5 (769). — С. 139—149.
- Выбранае. Мн., 2000.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Да 70-годдзя з Дня нараджэньня паэткі Яўгеніі Янішчыц.
- ^ Біяграфія Яўгеніі Янішчыц
- ^ Незгасальнае сьвятло таленту
- ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 20 лістапада 2013. — № 218 (27583). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ С. Калядка (2009)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бугаеў, Дзьмітры. Арганічнасьць таленту. (Яўгенія Янішчыц. «Пара любові і жалю»). // Полымя : часопіс. — 1985. — № 2. — С. 209—215.
- Бугаёў, Дзьмітры. Усхваляванае слова паэтэсы // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979.
- Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982.
- Янішчыц Яўгенія // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Гарэлік Л. Янішчыц Яўгенія // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. І. — Мн.: БелЭн, 2004. ISBN 985-11-0295-4
- Калядка С. Яўгенія Янішчыц // Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5
- Маргарыта Яфімава. Будзе вечна блізкім рэхам звінець твой голас малады! (Яўгенія Янішчыц). // Бібліятэка прапануе : часопіс. — 2003. — № 6. — С. 14—17.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Яўгенія Янішчыц чытае свой верш «Добры вечар, землякі!»
- Пра Яўгенію Янішчыц. Ніна Мацяш (1993).
- Сайт, прысьвечаны Яўгеніі Янішчыц (біяграфія, вершы, аналіз)
- СВЯТЛО ДАЛЁКАЙ ЗОРКІ. Паэтэса Яўгенія Янішчыц. Аўтарская праграма Аляксандра Дамарацкага. Беларусь 3.
- На БТ зьнялі фільм пра Янішчыц(недаступная спасылка), Наша Ніва. 31 кастрычніка 2008 году.
- Яўгенія Янішчыц. Дзень вечаровы (зборнік вершаў). Выканаўца — Васіль Белацаркоўскі (аудыё)
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 20 лістапада
- Нарадзіліся ў 1948 годзе
- Нарадзіліся ў Пінскім раёне
- Памерлі 25 лістапада
- Памерлі ў 1988 годзе
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя на Ўсходніх могілках Менску
- Ляўрэаты прэміі Ленінскага камсамолу БССР
- Ляўрэаты Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы
- Літаратары-самагубцы
- Беларускія паэткі
- Беларускамоўныя паэты і паэткі
- Супрацоўнікі і аўтары „Сельскай газэты“
- Савецкія паэты
- Беларускія перакладчыцы
- Савецкія перакладчыкі
- Перакладчыкі з расейскай мовы
- Перакладчыкі з украінскай мовы
- Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
- Сябры Саюзу пісьменьнікаў СССР
- Беларускія паэты-песеньнікі
- Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту