Анатоль Грачанікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Анатоль Грачанікаў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 8 верасьня 1938(1938-09-08) або 1938[1]
Памёр 7 сакавіка 1991(1991-03-07) або 1991[1]
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, паэт, дзіцячы пісьменьнік
Мова беларуская мова, расейская мова[1] і украінская мова[1]
Узнагароды

Анато́ль Сямёнавіч Грача́нікаў (8 верасьня 1938, в. Шарпілаўка Гомельскага раёну — 7 сакавіка 1991) — беларускі паэт і перакладчык.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і службоўца. У 1955 годзе скончыў Шарпілаўскую сярэднюю школу, у 1960 — Гомельскі інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту. Працаваў на Гомельскім рамонтна-мэханічным заводзе (1960—1962), намесьнікам загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі Гомельскага абкаму камсамолу (1962—1965). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1969). У 1969—1971 гадах — загадчык аддзелу літаратуры газэты «Літаратура і мастацтва». З 1976 году — галоўны рэдактар часопісу «Вясёлка», з 1978 году — часопісу «Бярозка», з 1982 году — часопісу «Маладосць[2].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэбютаваў у друку ў 1957 годзе.

Аўтар зборнікаў вершаў «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Калі далёка ты…» (выбраная лірыка, 1979), «Палессе» (вершы і паэмы, 1983), «Верасень» (1984), «Я вас люблю» (1986), «Жнівень-45» (1990).

Выдадзены на расейскай мове зборнік паэзіі «Звёзды и курганы» (Масква, 1976) адзначаны прэміяй на Ўсесаюзным літаратурным конкурсе імя М. Астроўскага (1978).

Напісаў кніжку сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).

Выдаў кніжкі для дзяцей «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Валерка і лятаючая талерка» (1983), «Жывая вада» (казкі, 1985), «Зорны палёт» (вершы, казкі, легенды, 1988).

У 1988 годзе выйшла «Выбранае».

Пераклаў на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з Эдзі Агняцвет, 1985), кнігі вершаў для дзяцей сучасных аўганскіх паэтаў «Ватан — значыць Радзіма» (1987), М. Пацхішвілі «Рагатун і рагатуха» (1989), а таксама асобныя творы расейскіх, украінскіх, малдаўскіх, летувіскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краінаў.

Творы Анатоля Грачанікава перакладаліся на дваццаць адну мову сьвету, у тым ліку на ангельскую, францускую, польскую, баўгарскую, вугорскую, віетнамскую, а таксама на мовы былога Саюзу[3].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1974) за зборнік вершаў «Грыбная пара», Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара».

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Hračanìkaŭ, Anatol‘ // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Шніп, Віктар (27 лістапада 2009) 11.03.1991.. Блог Віктара Шніпа на LiveJournalПраверана 11 верасьня 2010 г.
  3. ^ Анатоль Грачанікаў (1938-1991). belsoch.org. Праверана 11 верасьня 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Грачанікаў Анатоль // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.