Алесь Пруднікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Пруднікаў
Алесь Пруднікаў
Алесь Пруднікаў
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Аляксандар Трафімавіч Пруднікаў
Псэўданімы Алесь Усходні
Нарадзіўся 14 красавіка 1910 вёска Стары Дзедзін
Клімавіцкі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 5 жніўня 1941
вёска Утукі Кандапоскага раёну Карэла-Фінскай ССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Гады творчасьці 1930—1941
Мова беларуская мова
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пруднікаў.

Але́сь Пру́днікаў (14 красавіка 1910, вёска Стары Дзедзін Клімавіцкага павету Магілёўскай губэрні, цяпер Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласьці — 5 жніўня 1941, вёска Утукі Кандапоскага раёну Карэла-Фінскай ССР) — беларускі паэт. Стрыечны брат пісьменьніка Паўла Пруднікава.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька Трафім быў прызваны на фронт падчас Першай сусьветнай вайны, цяжка паранены і памёр.[1] Празь нестабільную сытуацыю доўга ня мог знайсьці сталае месца вучобы. У 1924—1930 вучыўся ў сямірочнай школе ў суседняй вёсцы Мілаславіцы. У 1930 працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіпавічы — Магілёў — Рослаў, потым на новабудоўлях Менску, з 1931 — на рэспубліканскай кніжнай базе, у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, у БелТА. Вучыўся на творчым аддзяленьні Менскага пэдагагічнага інстытуту (1932—1933). У сакавіку 1933 быў арыштаваны, але праз восем месяцаў вызвалены зь вязьніцы і адразу ж прызваны ў шэрагі Чырвонай Арміі, дзе праслужыў да 1935. У 1935—1936 быў супрацоўнікам Клімавіцкай раённай газэты «Камуна». Скончыў Ленінградзкі настаўніцкі інстытут (1938). Працаваў настаўнікам, інспэктарам Пятроўскага (цяпер Кандапоскага) раёну Карэльскай АССР (у 1940—1956 — Карэла-Фінская ССР), адначасова вучыўся завочна на філялягічным факультэце Карэльскага ўнівэрсытэту. Зь першых дзён Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце выведнікам. Загінуў 5 жніўня 1941 каля вёскі Ўтукі Кандапоскага раёну. Рэабілітаваны ў 1956.[2]

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творчую дзейнасьць пачаў як школьны паэт у 1926 разам з Паўлам Пруднікавым[3]. У час навучаньня ў школе ў БССР разгарнуўся працэс беларусізацыі, і гэта паспрыяла таму, што творы ён пісаў на беларускай мове. Паралельна быў пазаштатным карэспандэнтам некаторых газэт. Так, у прыватнасьці, калі быў знойдзены скарб старажытных манэтаў ля вёскі Стары Дзедзін, ён з Паўлам напісаў пра гэта рэпартаж[4]. Першыя вершы зьявіліся ў друку ў 1930. У 1932 асобным выданьнем выйшла паэма «Зямныя зоры», дзе распавядалася пра ўдарныя будоўлі першай пяцігодкі[5]. Падборка вершаў зьмешчана ў зборніку «Крывёю сэрца» (1967).

Выданьні твораў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Пруднікаў, А. Зямныя зоры / Алесь Пруднікаў. — Мн., Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1932.
  • Крывёю сэрца / укладальнік А. Вялюгін. — Мн., Беларусь, 1967. С. 116—122.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пруднікаў, П. Далёкае і блізкае // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мн.: Маст. літ., 1973. — С. 227
  2. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін/ Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — 576 с.: іл. — С. 48
  3. ^ Пруднікаў, П. Далёкае і блізкае // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мн.: Маст. літ., 1973. — С. 236—238
  4. ^ Зямля старажытных скарбаў // Клімавіцкі райвыканкам. Афіцыйны сайт.
  5. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Клімавіцк. р-на. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 645 с.: іл. — С. 624

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2001 Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 48.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X. — С. 441—442.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9. — С. 159—160.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Клімавіцкага р-на. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 646 с. ISBN 985-09-0068-7. — С. 624.
  • Пруднікаў П. Далёкае, але не забытае: Успаміны. — Мн., Маст. літ., 1988. — 175 с — С. 149—154.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]