Уладзімер Хадыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Уладзімер Марцінавіч Хадыка
Uładzimier Chadyka.jpg
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Лухалі
Нарадзіўся 3 студзеня 1905(1905-01-03)
в. Цітва, Ігуменскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя (цяпер Пухавіцкі раён, Менская вобласьць Беларусь)
Памёр 12 траўня 1940(1940-05-12) (35 гадоў)
станцыя Ер, Паўночлаг, Новасыбірская вобласьць, СССР
Бацькі Марцін Хадыка
Жонка Фаіна Пушкарэвіч
Дзеці Уладзімер
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладчык
Мова беларуская мова
Дэбют «Суніцы», 1926
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Хадыка (неадназначнасьць).

Уладзімер Марцінавіч Хадыка (3 студзеня 1905, в. Цітва, Ігуменскі павет, Менская губэрня — 12 траўня 1940, станцыя Ер каля Ўлан-Удэ) — беларускі паэт і перакладчык.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сяброўскі шарж на У. Хадыку

Нарадзіўся ў мнагадзетнай сям’і ўрадніка Марціна Хадыкі. У 1918—1920 гадох парабкаваў. Скончыў на выдатна Дудзіцкую пачатковую школу. У 1922—1923 гадох наведваў агульнаадукацыйныя курсы ў Менску. У 1925 годзе ўдзельнічаў у 1-ым зьезьдзе літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк». У 1926—1927 гадох служыў у Чырвонай Арміі ў Навазыбкаве (Браншчына). Быў сакратаром Дудзіцкага сельсавету. Працаваў настаўнікам у вёсцы Асака Дудзіцкага сельсавету. У 1928 пераехаў у Менск (жыў у прыватным пакоі дома № 12 па Кладбішчанскай вуліцы)[1]. Спачатку настаўнічаў, спрабаваў паступіць у БДУ, але ня быў дапушчаны да экзамэнаў праз адсутнасьць поўнай сярэдняй адукацыі. З 1929 году працаваў сакратаром часопіса «Полымя».

У 1930-я г. жыў зь літаратурнай працы. Уваходзіў у літабяднаньне «Ўзвышша» (так сказаў у канцы 1936 на адным з допытаў) і ТАВІЗ[1], якое пакінуў пасьля жаніцьбы. Друкаваўся ў «Маладняку», «Звяздзе», «Савецкай Беларусі», іншых выданьнях. У 1932 у часопісе «Маладняк» выйшла паведамленьне: «За адрыў ад работы БелАПП, за сыстэматычныя п’янкі выключаны з БелАПП Хадыка і Шалай»[2]. З 1934 — сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР.

Паводле ўспамінаў Станіслава Шушкевіча, арыштаваны ў ноч з 19 на 20 лістапада 1936 у доме № 25, кв. № 4 па Даўгабродзкай вуліцы[3] (паводле Л. Маракова, 26 лістапада 1936 году[4]). У пратаколе допыта У. Хадыкі за 30 сьнежня 1936 тэзамі паведамляюцца ягоныя словы: «В. Ходыка:… 2. Рост белорусской культуры в СССР невозможен. 3. Слабую белорусскую культуру давит сильная русская. 4. Поручение А. Александровичу редактировать новый белорусский словарь является страшнейшей ошибкой»[1].

3 кастрычніка 1937 году асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі і на 5 гадоў грамадзянскіх правоў[1]. Пакараньне адбываў у Іванаўскім і Марыінскім лягерах. Працягваў пісаць у зьняволеньні, запісваючы вершы на паперы для курэньня і потым зашываючы рукапісы ў каўнер кажуха[4]. Быў пераведзены на каменаломні ў Новасыбірскую вобласьць. Паводле ўспамінаў сьведкаў, расьціснуты каменнай глыбай у вапняковым кар’еры 12 траўня 1940 году на будоўлі чыгункі каля Ўлан-Удэ. Рэабілітаваны Прэзыдыюмам Вярхоўнага суда БССР 29 сьнежня 1954 году.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вокладка зборніка «Суніцы»
Сярод рабфакаўцаў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў саўгасе імя 10-дзьдзя БССР. У верхнім шэрагу сядзяць: чацьвёрты зьлева — Уладзімер Хадыка, шосты зьлева — Янка Купала
Здымак Уладзімера Хадыкі, падараваны яго сястрой Л. Перуноўскай Станіславу Шушкевічу 4 верасьня 1964

Друкавацца пачаў з 1926 году. Выдаў тры кнігі паэзіі — «Суніцы» (1926), «Выбраныя вершы» (1932), «Радасны будзень» (1935) і паэтычныя нізкі — «На ўзьвеях дзён» (1931), «За строем дат і рубрык», «Вершы краіне»., «Песьні з поўдня».

У канцы 1920-х гг. стаў абвінавачвацца крытыкай у страце сацыяльнай пільнасьці і ў буржуазным нацыяналізьме[4]. Незважаючы на крытыку, у сваёй паэзіі пачаў мацней паглыбляцца ў грамадзкія працэсы[5]. Падрыхтаваны ў 1932 годзе да выданьня ў Маскве зборнік вершаў на расейскай мове ня выйшаў з-за адмоўнага водгука Г. Шэнгелі.

Паэзію У. Хадыкі высока ставіў Янка Купала, які ў 1934 годзе прысьвяціў яму эпіграму «Валодзю Хадыку»[6] У адказ Янку Купалу У. Хадыка напісаў верш «Ад сэрца»: [7]

Пераклаў на беларускую мову творы Максіма Горкага — «Песьня пра Буравесьніка», п’есы «Мяшчане», «На дне», «Чалавек», «Дачнікі», «Дзеці сонца», «Варвары» і інш. Акрамя таго, пераклаў раман Кузьмы Гарбунова «Ледалом», кнігу выбраных твораў Уладзімера Бахмецьева «Людзі і рэчы», раман Міхаіла Шолахава «Ціхі Дон»[8].

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З выхадам першага зборніка У. Хадыкі «Суніцы» (1926) афіцыйная крытыка ўшчувала паэта за «нацыналістычныя настроі». Так, дасьледнік літаратуры Леў Салавеў сьцьвярджаў, што «на раньнім этапе літаратурнай творчасьці Хадыка часам аддаваў даніну паэтычнаму самалюбаваньню, магчыма, празьмернаму ўслаўленьню душэўнай замкнёнасьці і самааналізу»[9]. «Клясава-палітычную сутнасьць» паэзіі У. Хадыкі падкрэсьліваў Алесь Звонак: «уже в начале творческого пути Хадыка стремился преодолеть риторичность „молодняковской“ поэзии, но непонимание поэтом классово-политической сути тех процессов перестройки деревни… часто приводили поэта к архаичности, к зауми, к формалистическим вывертам, к затемненности мысли и сути поэтического образа»[10]. Ніл Гілевіч з хадыкаўскіх вершаў раньняга часу вылучаў «Штандар чырвоны» і «Снапок аўса» і адносіў іх да найлепшых узораў інтымнае лірыкі[11].

Максім Гарэцкі вылучаў у першым зборніку паэта тры асноўныя матывы: радасьць новага жыцьця, любоў да Беларусі, яе прыроды і тужлівыя асабістыя перажываньні, далей удакладняўшы: «лепшыя месцы ў зборніку — у вершах, напісаных пад уплывам імажынізму, але з большаю самастойнасьцю… Пазьнейшыя вершы У. Хадыкі вызначаюцца своеасаблівай імпрэсіяй, пэўнай настраёвасьцю і адшліфаванай формаю…»[12].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Выбр. вершы. Мн., 1956;
  • [Вершы]. Мн., 1969.

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У панстве нагайкі і шыбеніцы : Сібір. контррэвалюцыя 1918—1919 г.г. / Пер. з рус. мовы У. Хадыка. — Мн. : Белдзяржвыд, 1930. — 114, [1] c.
  • Белыя ваўкі : Аповесць / Пер. з рас. мовы У. Хадыка. — Мн. : Белдзяржвыд, 1931. — 120 с.
  • Лёдалом : Аповесць / Пер. з рас. мовы У. Хадыкі. — Мн. : ДВБ. ЛіМ, 1932. — 210 с.
  • Ціхі Дон : Раман / Пер. з рус. У. Хадыкі. — Мн. : ДВБ. Сектар маст. літ., 1936.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Маракоў, Л. Уладзімір Хадыка. Штрыхі да партрэта пісьменніка // Роднае слова. — Мн.: 2002. — № 10. — С. 102—107.
  2. ^ Маладняк. 1931. № 1.
  3. ^ Шушкевіч С. Уладзімір Хадыка // Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968. С. 82—83
  4. ^ а б в Хадыка Уладзімір Марцінавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  5. ^ Верабей, А. «Я рад зразумелым быць свету…» Літаратурны партрэт Уладзіміра Хадыкі // Роднае слова. — 1995. — № 1. — С. 6—12.
  6. ^ Хадыка хадыкае, // Дыбае, // Сто вершаў задумністых // Выбаіў. // Мой мілы, мой добры Валодзя! // Па-мойму, во гэтак здаецца: // «Задумністых» можа ўжо годзе, // А болей — ад сэрца, ад сэрца. Крыніца: Купала Я. Збор твораў у сямі тамах. — Мн.: 1974 Т. 4. — С. 247.
  7. ^ Я рад зразумелым быць свету, // Дзе даль ледзяная адтала… // А што не ўдалося дагэтуль,— // Прабачце мне, Янка Купала.
  8. ^ Уладзімір Хадыка // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк. / Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 396. — 511 с ISBN 985-03-0216-X
  9. ^ Салавей, Л. Самабытны талент // Беларусь. — 1957. — № 1. — С. 30.
  10. ^ Звонак, А. Песни остаются молодыми // Неман. — 1964. — № 6. — С. 64.
  11. ^ Гілевіч, Н. Акрыленыя рэвалюцыяй. — Мн.: 1962. — С. 169—170.
  12. ^ Гарэцкі, М. «Маладняк» за пяць гадоў. 1923—1928 // Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. — Мн., 1984. — С. 293—294

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Уладзімер Хадыкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў