Бажыдар Вукавіч
Бажыдар Вукавіч | |
Божидар Вуковић | |
Род дзейнасьці | друкар |
---|---|
Дата нараджэньня | пасьля 1460 |
Месца нараджэньня | Джурычы, Падгорыца |
Дата сьмерці | к. 1539 |
Месца сьмерці | Вэнэцыянская рэспубліка |
Занятак | пісьменьнік |
Жонка | Дэльля Вэк’я |
Дзеці | Вічэнца Вукавіч |
Бажыдар Вукавіч (па-сэрбску (кірыліцай): Божидар Вуковић, па-італьянску: Dionisio della Vecchia, па-лацінску: Dionisius a Vetula; к. 1460 — к. 1539) — сэрбскі першадрукар у Чарнагорыі. Заснавальнік друкарні Вукавічаў у Вэнэцыі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дата нараджэньня дакладна невядомая, зь ягоных кнігах вядома, што нарадзіўся ён пасьля 1460 року ў Джурычах ля Падгорыцы (сэрб. Божидар Вуковић од Ђурића, Подгоричанин). Ягоная сям’я мела дом у Падгорыцы і некалькі надзелаў зямлі ў ейных ваколіцах, што занатавана ў тым ліку пасьля ягонага ад’езду ў Заходнюю Эўропу — у сямейных уладаньнях засталася жыць Бажыдарава сястра.
У той час гэтая тэрыторыя належала Вэнэцыянскай рэспубліцы, якая валодала тэрыторыямі ўздоўж Адрыятычнага ўзьбярэжжа да паўночнай часткі Альбаніі. Тым ня менш, пашырэньне Асманскай імпэрыі магло змусіць Вукавіча пакінуць Падгорыцу ў пошуках больш бясьпечнага месца пражываньня
Асманы захапілі Падгорыцу ў 1474 року ў часе вайны з Вэнэцыяй. У 1496 року здалася сталіца Зэты(en) Цэціне. Такім чынам, у канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзя Бажыдар са сваім братам Міколам пераехаў у Вэнэцыю, дзе заняўся гандлем. Тут ён далучыўся да праваслаўнай царквы.
Вэнэцыя ў гэты час была адным з цэнтрам кнігадрукаваньня, таму Бажыдар Вукавіч на ўласныя сродкі у 1519 ці 1520 року заснаваў тут друкарню з сэрбскімі літарамі дзеля выданьня літургічных кніг на роднай мове.
Вукавіч ажаніўся са шляхцянкай з роду Дэльля Вэк’я, і пад гэтым прозьвішчам стаў вядомы ў Італіі. Часам ён карыстаўся тытулам ваяводы, нададзеным яму ў 1533 року імпэратарам Карлам V.
Паводле перадсьмяротнага жаданьня ягонае цела было перавезенае на радзіму і пахаванае ў манастыры вострава Старчава на Скадарскім возеры. Ягоную справу пераняў сын Вічэнца Вукавіч, а друкарня ў Вэнэцыі працягвала дзейнічаць яшчэ стагодзьдзе.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выдавецкая дзейнасьць Бажыдара Вукавіча падзяляецца на два адлеглыя пэрыяды. У 1519—1520 роках ён выдаў «Служэбнік» (1519) і «Псальтыр з пасьляслоўем і часасловам» (1520). Пасьля доўгага перапынку, у 1536—1540, выйшлі яшчэ 5 кніг сэрбскай кірыліцай: «Зборнік» (1536), «Малітоўнік» (1536), «Актоіх пяцігласьнік» (1537), «Месячнік» (1538), «Малітоўны трэбнік» (1539 або 1540). Усе яны заснаваныя на рукапісных сэрбскіх літургічных кнігах ў сэрбскай рэдакцыі царкоўнаславянскае мовы, ужыванай у Сэрбскай Праваслаўнай царкве.
Акрамя выпраўленьня недастачы сэрбскамоўных літургічных кнігаў, Вукавіч намерваўся зрабіць іх меншымі ў памерах і зручнейшымі ў выкарыстаньні. Ягоныя кнігі добра прапрацаваныя, зьмяшчаюць мініятуры і аказалі ўплыў на кнігадрукаваньне ў Баўгарыі, Румыніі і Расеі.
Паводле запавету Бажыдара друкарня перайшла да ягонага сына Вічэнца і дзейнічала да 1597 року. У першай палове XVI стагодзьдзя друкарні зьявіліся і на тэрыторыі Сэрбіі, аднак пад асманскім валадарствам кнігадрукаваньне на гэтых землях перапынілася да XVIII стагодзьдзя.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Dragoljub Aćimović, Milivoje Đorđević. [books Štamparstvo u Užičkom kraju, 1537—1987: povodom 450 godina Rujanske štamparije]. — Dimitrije Tucović, 1987.
- Brajović, Katarina Штампар и Вероника, чудесна повест Божидара Вуковића Подгоричанина / Uljarević, Radomir. — Štampar Makarije Oktoih, 2012.
- Pantić, Miroslav XVI vek: Doba humanizma i renesanse // Književnost na tlu Crne Gori i Boke Kotorske od XVI do XVIII veka. — Rastko, 1990.
- Vujović, Dimitrije-Dimo Prilozi izučavanju crnogorskog nacionalnog pitanja. — Nikšić: Univerzitetska riječ, 1982.