Ян Вісьліцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ян Вісьліцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1485[1]
Беларусь
Памёр 1520
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Мова лацінская мова

Ян Ві́сьліцкі (1485—1490 — 1520) — сярэднявечны літаратар, пачынальнік сьвецкае плыні ў эпічнай паэзіі Польшчы, Летувы й Беларусі. Прадстаўнік новалацінскае школы паэзіі ў ВКЛ. Адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры эпохі Адраджэньня. Нарадзіўся, верагодна, на тэрыторыі летапіснае Літвы паміж Клецкам і Пінскам, дзе цячэ рака Вісьліца. Іншыя дасьледчыкі лічаць месцам яго нараджэньня Польшчу[2].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вучыўся ў Кракаўскім унівэрсытэце, уваходзіў у літаратурны гурток прафэсара Паўла Русіна, атрымаў там вучоныя ступені бакаляўра й магістра вольных мастацтваў.

У 1510—1512 гг. Ян Вісьліцкі чытаў студэнтам курсы па філязофіі Арыстотэля, матэматыцы Эўкліда, рыторыцы Цыцэрона. Пісаў спачатку хвалебныя эпіграмы сваім сябрам і апекунам, оду ў гонар Канстанціна Астроскага, які камандаваў войскам у славутай Аршанскай бітве (1514). Праз год Ян Вісьліцкі закончыў паэму «Пруская вайна»[3] (1516) — свой найбуйнейшы твор. Таксама піша вершаваныя «Ода да караля Сігізмунда»,[4] «Элегія да Багародзіцы Дзевы Марыі»,[5] «Эпіграма на зайдзросніка».

«Пруская вайна»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«…Потым жа верасень быў,
што табе пераможныя лаўры
Шчодрай рукою прынёс:
ты адолеў шматлікае войска
Скіфскага[6] князя вялікага,
многа ваеннай здабычы,
Многа варожых харугваў
з палоннымі хутка даставіў
Ты да высокіх муроў
тваёй велічнай Вільні Літоўскай[7]…»

Урвак з «Прускай вайны».[8]

Паэма складаецца з трох частак, альбо паводле тагачаснае тэрміналёгіі, з трох кніг:

  • Першая частка — паэтычная прэлюдыя, экспазыцыя да гераічнага эпасу, зварот да алімпійскіх багоў і музы эпічнае паэзіі Каліопы з просьбай удыхнуць у грудзі паэта натхненьне для праслаўленьня караля і вялікага князя Жыгімонта I, яго слаўны дзеда Ягайлы, дынастыі Ягелонаў. Паэт называе іх мэтафарычна «сармацкімі каралямі», умоўна-паэтычна далучаючыся да антычных мітаў пра сармацкае паходжаньне славянскіх народаў.
  • Другая частка паэмы анатавана аўтарам так: «Кніга другая пакажа Літвы лясістай прасторы, слаўны народ той, адкуль мужны Ягайла пайшоў». Яна прысьвечана гісторыі заваяваньня крыжакамі прусаў, апісаньню агрэсіўнай палітыкі нямецкага Ордэна да сваіх суседзяў, падрыхтоўцы й хадзе самой Грунвальдзкай бітвы.

У якасьці гістарычных крыніцаў паэт выкарыстоўваў «Гісторыю Польшчы» Яна Длугаша, лісты караля Ягайлы, народныя легенды й гістарычныя паданьні. Ян Вісьліцкі, верагодна, упершыню ў мастацкай літаратуры поруч зь ліцьвінамі згадвае і «беларусаў, славутых мужнасьцю ў войнах».

У апісаньні войнаў Ян Вісьліцкі выкарыстаў вопыт антычнай паэзіі, імітацыю язычніцкай міталёгіі, ствараючы вобразы-кенінгі: дары Цэрэры — збожжа, «Марс жорсткі паўстаў» — пачалася вайна

  • Трэцяя частка паэмы прысьвечана шлюбу Ягайлы зь беларускай князёўнай Соф’яй Гальшанскай. Яна, кажа паэт, «чароўная німфа ў краіне русінаў, Боская німфа — найпрыгажэйшая ў сьвеце дзяўчына». Па кантрасту з гераічнымі вобразамі слаўных рыцараў папярэдняй часткі паэмы тут увага чытача перанесена на лірычную тэму — песьню пра любіміцу народа, добрую шляхцянку слаўнага роду Гальшанскіх, што красою сваёю пераўзышла грэцкіх багіняў і німфаў.

Усяго паэма налічвае тысячу трыста радкоў гекзамэтра.

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першавыданьне «Прускай вайны» захавалася ў адзіным экзэмпляры ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве. Толькі ў 1887 годзе быў выдадзены перадрук арыгінала на лацінскай мове з дасьледаваньнем і камэнтарамі Браніслава Кручкевіча таксама на латыні. Яшчэ ў 1874 годзе Ул. Сыракомля пераклаў на польскую мову ўрывак з паэмы Яна Вісьліцкага. У 1880 годзе К. Мехежынскі напісаў невялікую працу пра Яна Вісьліцкага й прывёў некалькі вершаваных і празаічных урыўкаў з «Прускай вайны». Поўны вершаваны пераклад паэмы зьявіўся толькі ў 1932 годзе ў Львове на польскай мове.

Пераклад гераічнае паэмы на беларускую быў зроблены ў 2006 годзе Жаннай Нэкрашэвіч-Кароткай. Тэксты ў кнізе друкуюцца паралельна: на лацінскай мове й у перакладзе на беларускую.[9]

Крыніцы й заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Бэрлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #102756198 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016.
  2. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск: «Беларуская навука», 2007.
  3. ^ Парэцкі Я. І., Прэнская Ю. І. Паэма Яна Вісліцкага «Пруская вайна» (1516) // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Вып. 1. Мн., 1973. С. 161—175.
  4. ^ Жанна Некрашэвіч-Кароткая. Ода Яна Вісліцкага ад найяснейшага ўладара Жыгімонта, караля Польшчы і г. д. // Наша Вера, 29 сакавіка 2004
  5. ^ Жанна Некрашэвіч-Кароткая. У вянок цноты й чысьціні // Наша Вера, 15 студзеня 2001
  6. ^ тут, маскоўскага
  7. ^ Размова ідзе пра ваенны трыумф Жыгімонта й яго войска, якое 22 верасьня 1514 года ўвайшло ў Вільню, здабыўшы перамогу пад Воршай.
  8. ^ Жанна Некрашэвіч-Кароткая. Дзень Перамогі, асвечаны Маці Божай // Наша Вера, 29 сакавіка 2004
  9. ^ Новыя кнігі // Наша Ніва, 13 студзеня 2006