Альгерд Абуховіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Абуховіч.
Альгерд Абуховіч
Партрэт Альгерда Абуховіча мастака Міхаіла Веціка
Партрэт Альгерда Абуховіча мастака Міхаіла Веціка
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Граф Бандынэльлі; Olgerd gr. Bandinelli
Нарадзіўся 25 ліпеня (6 жніўня) 1840
Калацічы, Бабруйскі павет, цяпер — Глускі раён, Магілёўская вобласьць
Памёр 10 (22) жніўня 1898
Слуцак
Пахаваны
Бацькі Рышард Абуховіч[d]
Караліна Эстка[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці байкапісец, паэт, перакладчык
Жанр байка, верш
Творы ў Вікікрыніцах

Альгерд Рышардавіч Абуховіч-Бандынэльлі (25 ліпеня (6 жніўня) 1840, Калацічы, Бабруйскі павет, цяпер — Глускі раён, Магілёўская вобласьць — 22 жніўня 1898, Слуцак) — беларускі паэт, перакладчык.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 6 жніўня 1840 году ў в. Калацічы Бабруйскага павету Менскай губэрні (цяпер — Глускі раён Магілёўскай вобласьці). Паходзіў з шляхецкай сям’і Рышарда і Караліны Абуховічаў, зьвязанай па жаночай лініі з італьянскім графскім родам Бандынэльлі.

У 1852—1854 гадах вучыўся ў Слуцкай кальвінскай гімназіі.[1] Прыкладна ў 1855 годзе выехаў за мяжу. Спачатку жыў у Жэнэве, дзе ўзмацнілася яго цікавасьць да кальвінізму. Потым перабраўся ў Францыю. У гэты час ён пабываў амаль ва ўсіх эўрапейскіх краінах і ўдасканаліў свае веды ў ангельскай, францускай, нямецкай і італьянскай мовах. Пазьней гэта паспрыяла ягонай працы як перакладчыка.

У канцы 1862 году, або ў пачатку 1863 году Абуховіч вярнуўся на Беларусь. Удзельнічаў у паўстаньні 1863—1864 гг., быў сасланы ў Сыбір. Па вяртаньні хацеў раздаць сваю зямлю сялянам, аднак праз супраціў сям’і пакінуў маёнтак, парваў адносіны з сваімі роднымі і пасяліўся ў Слуцку, дзе займаўся рэпэтытарствам і літаратурай.[1]

У Слуцку вакол яго сабралася творчая моладзь, будучыя ўдзельнікі незалежніцкага руху, у тым ліку Язэп Дыла і Пётар Карповіч.

Памёр 22 жніўня 1898 году ў Слуцку. Пахаваны на могілках у Слуцку.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магіла Альгерда Абуховіча на могілках у Слуцку

Адзін з пачынальнікаў (разам з Ф. Багушэвічам) жанру байкі ў беларускай літаратуры («Ваўкалак», «Старшына», «Сход», «Суд», «Воўк і ліса», першыя дзьве надрукаваныя ў «Беларускім календары» 1915 году[1]). Пісаў у рэчышчы крытычнага рэалізму. Пры жыцьці ня меў магчымасьці друкавацца, таму захавалася толькі невялікая частка яго твораў. Напісаў мэмуары (надрукаваныя ў газэце «Гоман», 1916). Вёў дыскусію з Ф. Багушэвічам аб пурызьме і дыялектнай аснове беларускай мовы.

У якасьці перакладчыка Альгерд Абуховіч узбагаціў беларускую літаратуру творамі Ё. В. Гётэ («Фаўст»), Ф. ШылераРазбойнікі»), Дж. Байрана, Дантэ, В. Юго, А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Міцкевіча і інш. Рукапісы не захаваліся.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX стагоддзя: Зб. тэкстаў. Менск, 1956
  • Творы. Менск, 1991.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Грицкевич А. П. Древний город на Случи. — Мн.: Полымя, 1985. — С. 136—138  (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Родчанка, Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984
  • Гарэцкі, М. Альгерд Абуховіч // Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. Вільня, 1920
  • Дыла, Я. Пісьменнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч // Дыла Я. Творы. Мн., 1981
  • Матусевіч, Т. А. Жыў і тварыў па законах сумлення//Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Глускага раёна. Мінск, 1999.
  • Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Альгерд Абуховічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў