Сымон Будны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сымон Будны
Будны смажыцца ў пекле за ерась — карыкатура езуіта С. Рэшка
Род дзейнасьці пісьменьнік, публіцыст, кнігавыдавец, пратэстанцкі рэлігійны дзяяч, філёзаф
Дата нараджэньня студзень 1530
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 13 студзеня 1593(1593-01-13)[1]
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак перакладнік, друкар, пісьменьнік, філёзаф, гісторык, перакладнік Бібліі, сьвятар

Сымо́н Бу́дны (каля 1530[2] — 13 студзеня 1593) — пратэстанцкі царкоўны дзяяч, вучоны-філёзаф, пісьменьнік, публіцыст і кнігавыдавец Вялікага Княства Літоўскага. Надрукаваў Новы Запавет з камэнтарамі і заўвагамі, што стала першаю ў сусьветнай літаратуры спробаю радыкальна рацыяналістычнае крытыкі Эвангельля.

Адзін зь першых ідэёлягаў разьвіцьця беларускае культуры на роднай мове, праз што залічваецца да беларускіх пэрсаналіяў[3].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік Сымону Буднаму ў Нясьвіжы, 1982

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладнае месца і час нараджэньня Сымона Буднага дагэтуль ня высьветленыя. На пачатку XX стагодзьдзя польскі дасьледнік Гэнрык Мэрчынг выказаў здагадку, што Будны нарадзіўся недзе на тэрыторыі Мазовіі[4]. Пазьней гэтую тэорыю разьвівалі Станіслаў Кот[5], Мсьціслаў Аляхновіч[6] і іншыя польскія аўтары. Гіпотэзу пра мазурскае паходжаньне Буднага пераняў і беларускі дасьледнік Сямён Падокшын, які ў 1966 годзе ў біяграфічным нарысе пра Буднага напісаў: «Нарадзіўся ён у вёсцы Буды (Мазовія)»[7].

Зрэшты, ніякіх дакумэнтальных зьвестак пра мазурскае паходжаньне Буднага не існуе[8] і лінгвістычны аналіз ягоных польскамоўных твораў не выяўляе мазурскага лексычнага закрасу, а, як адзначае Вітаўт Тумаш, наадварот, мае ў сабе некаторыя слоўныя элемэнты беларускае мовы, як «swar», «szczyry», «pomirzyli», «uczyciel», «miesca», «szyroko», «inszy», «Christianski», «po kraioch» і многія іншыя[8] (гл. далей: Моўныя адметы С. Буднага). У 1934 годзе гісторык польскай мовы і культуры Аляксандар Брукнэр у адной з сваіх рэцэнзіяў таксама ставіў пад сумнёў наяўнасьць мазурскга пласта ў дзейнасьці Сымона Буднага:

« Будны мае быць мазуром – ды скуль здабыў ён гэтулькі дазнаньня, а навет гэтак пераняўся рушчынай, што па-руску і свае творы друкаваў, і ў сваёй польскай мове падточваў рушчынай?.. Не знайсьці ў яго аніводнага мазурскага слоўца[9] »

Адзінаю крыніцаю, якою кіраваліся раньнія дасьледнікі паходжаньня Сымона Буднага зьяўляецца кароткі запіс ў мэтрыцы Кракаўскага ўнівэрсытэту за 19 кастрычніка 1544 г., дзе напісана: «Simon Alberti de Budny dioc Plocensis 1 gr. s.». Адгэтуль Станіслаў Кот зрабіў вывад, што прозьвішча «de Budny» зьяўляецца паказьнікам паходжаньня ягонага носьбіта з «Буды»[5], аднак, як адзначае Вітаўт Тумаш, толькі ў межах пасьляваеннай БССР налічвалася каля 140 селішчаў з назовамі Буда, Буды[10], а, улічваючы этнічную тэрыторыю расьсяленьня беларусаў па-за межамі рэспублікі, колькасьць населеных пунктаў з назваю «Буды» павялічваецца да некалькіх сотняў[8].

Уважаючы дакумэнтальную адсутнасьць па даным пытаньні, скарыназнаўца Вітаўт Тумаш адзначае, што з факту абазнанасьці Буднага ў некаторых нутраных справах і падзеях 1530-х гадоў блізкага ад Беластоку Супрасьлеўскага манастыра (гл. Дабравешчанская царква (Супрасьль)), падзеях з часоў ягонага маленства і зьвязаныя з учынкамі архімандрыта Сяргея Кімбара, можна дапусьціць, што Будны паходзіў зь недалёкае ад манастыра мясцовасьці, недзе зь земляў беларускага Падляшша[8].

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каля 1544 Будны паступіў на факультэт свабодных мастацтваў Кракаўскага ўнівэрсытэту, дзе атрымаў грунтоўную гуманітарную і багаслоўскую адукацыю. Магчыма, пасьля Кракава ён працягваў вучобу ў Базэльскім пратэстанцкім унівэрсытэце.

У 1558 Будны прыехаў у Вільню, дзе заняў пасаду катэхізіста (настаўніка пратэстанцкай суполкі) з абавязкам выкладаць асновы кальвінісцкага вучэньня дзецям і дарослым. У выніку гэтае дзейнасьці, якая працягвалася два гады, у 1562 годзе выходзіць яго «Катэхізіс».

Катэхізіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тытульная старонка Катэхізісу Буднага. Нясьвіж, 1562.
Тытульная старонка Бібліі Сымона Буднага, 1572.
Асноўны артыкул: Катэхізіс Сымона Буднага

Ідэяй адукацыі «простых людзей» Сымон Будны захапіўся ў 1560 годзе ў часе працы на пасадзе прапаведніка ў Клецку[11]. Сумесна зь нясьвіскім прапаведнікам Мацеем Кавячынскім, яго братамі, кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнціем Крышкоўскім Будны заснаваў у Нясьвіжы друкарню. Грашовую дапамогу на яе ўтрыманьне аказалі Мікалай Радзівіл «Чорны» і будучы канцлер вялікі літоўскі Астафей Валовіч. На загад апошняга зь Вільні былі перавезеныя шрыфты Францішка Скарыны, што паскорыла зьяўленьне «Катэхізіса» ўжо ў чэрвені 1562 году.

Аўтарамі гэтай кнігі фармальны былі С. Будны, М. Кавячынскі і Л. Крышкоўскі, аднак галоўная роля ў яе напісаньні належала Буднаму. Катэхізіс уяўляе сабой кароткія пытаньні на рэлігійную тэму і разгорнутыя адказы. Спэцыфіка мовы заключалася ў тым, што побач з рускаю моваю прыводзяцца вялікія цытаты на царкоўна-славянскай мове, якія нічым не абазначаюцца. Такім парадкам Будны пайшоў далей за Францішка Скарыну на шляху збліжэньня пісьмовае мовы рэлігійных твораў і жывое беларускае мовы.

У кастрычніку 1562 году ў Нясьвіскай друкарні выйшаў другі беларускі твор таго ж аўтарскага калектыву «Пра апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам». Ён, аднак, да нашага часу не захаваўся.

Эвалюцыя поглядаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сымон Будны зьяўляўся прыхільнікам дыялектыкі:

« Няхай паважаныя калегі ведаюць і памятаюць пра тое, што навука прыгожага маўленьня, па-грэцку дыялектыка, — ня вымысел паганскіх філёзафаў, як думаюць малаадукаваныя людзі, а дар Божы, рэч, дадзеная чалавеку прыродай[12] »

Будны належаў да памяркоўнай рэлігійна-рэфармацыйнай плыні, блізкай да кальвінізму, якая на Беларусі і ў Літве называлася эвангелічнай. Але ў пач. 1560-х гадоў у яго ўзьніклі сумненьні наконт трактоўкі асноўных палажэньняў хрысьціянскай дагматыкі — дагмата Тройцы і прыроды Хрыста. Спробай пераацэнкі хрысьціянскага веравучэньня тлумачыцца зварот Будны да вывучэньня патрыстычнай літаратуры, г.зн. рэлігійнай філязофіі таго пэрыяду, калі хрысьціянства яшчэ не было дагматызавана. У 1564 сумесна з Крышкоўскім Будны пераклаў на польскую мову і выдаў у Нясьвіжы «Гутаркі сьвятога Юсьціна, філёзафа і пакутніка з Трыфанам-іудзеем».

У сярэдзіне 1560-х гадоў Будны — адзін з ідэолягаў антытрынітарызму, радыкальнай плыні беларуска-літоўскай Рэфармацыі. Ён удзельнічаў у рабоце сынодаў — зьездаў беларускіх, літоўскіх і польскіх арыян (антытрынітарыяў), або літоўскіх і польскіх братоў, дзе ў вострых дыскусіях абараняў сваё рэлігійна-філязофскае і сацыяльна-палітычнае вучэньне. У 1565, пасьля сьмерці Мікалая Радзівіла Чорнага, Будны пакінуў Клецак і пераехаў у Холхла, куды яго запрасіла Ганна Кішка — удава віцебскага ваяводы.

У 1572 пісьменьнік з Холхла пераехаў у Заслаўе (пад Менскам). У гэтым жа годзе ў поўным аб’ёме пабачыла сьвет Біблія Сымона Буднага (ці Нясьвіская Біблія). У гэты пэрыяд у лёсе асьветніка адбыўся пералом. Ён знайшоў новага мэцэната ў асобе беларускага магната-арыяніна Яна Кішкі. Восеньню 1573 апошні прапанаваў яму пасаду міністра (прапаведніка) у Лоску, заснаваў там друкарню і аддаў яе ў поўнае ягонае распараджэньне. У 1574 у Лоскай друкарні выйшаў Новы запавет з прадмовай і камэнтарамі Буднага, што былі апушчаны ў нясьвіска-ўзьдзенска-заслаўскай Бібліі.

Вялікае значэньне Будны надаваў прапагандзе сваіх рэлігійна-філязофскіх ідэй і на Захадзе. На працягу 1574 ён выдаў у Лоскай друкарні на лацінскай мове некалькі твораў: «Аб дзьвюх прыродах Хрыста», «3 нагоды аргумэнтаў Сімлера», «Кароткі доказ, што Хрыстос не зьяўляецца такім жа богам, як бацька» і інш.

Канцэпцыя С. Буднага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік Сымону Буднаму ў Нясьвіжы, паштовая марка Беларусі, 1993 год

У 1576 у Лоску выйшаў у сьвет галоўны рэлігійна-філязофскі твор Буднага «Пра найважнейшыя палажэньні хрысьціянскай веры», у якім ён абагульніў свае радыкальныя ідэі. Трактат Буднага «Пра найбольш важнейшыя палажэньні хрысьціянскай веры» пераважна палемічны. У ім аўтар дыскутуе ня толькі з трынітарыямі, але і з прыхільнікамі дытэізму (двухбожжа) — Пятром з Гонядзі і Станіславам Фарноўскім. У гэтым творы ён распрацоўвае ўнітарную канцэпцыю Бога і натуралістычную вэрсію паходжаньня Хрыста. Паводле Буднага, богам зьяўляецца толькі Бог Айцец, Сьвяты Дух — сіла боская. Хрыстос жа наогул ня мае ніякіх адносінаў да боскай супольнасьці паколькі па сваім паходжаньні ён натуральны чалавек, узьведзены ў боскі сан дзякуючы сваім высокім маральным якасьцям і заслугам у прапагандзе хрысьціянства. Гэта была не тэалягічная, а тыповая філязофска-рацыяналістычная інтэрпрэтацыя, якая разбурала традыцыйны асноватворны хрысьціянскі дагмат.

Апошнія гады Будны жыў пры дварах выпадковых мэцэнатаў. Да 1956 дакладная дата сьмерці Буднага не была вядома. Яе ўстанавіў Станіслаў Кот. У каралеўскай бібліятэцы Капэнгагену ён знайшоў выдадзены ў 1603 у Вільні Міхалам Алясьніцкім твор, накіраваны супраць антытрынітарыяў. Аўтар піша: «Сьмерць Сымона Буднага, правадыра і кіраўніка перахрышчэнцаў Літвы, якая наступіла 13 студзеня 1593 у Вішневе, была жудаснай і агіднай. Ужо за два гады да сьмерці ён зусім звар’яцеў, не хацеў нічога чуць і ведаць пра Бога і Хрыста. Нават за тры дні да сьмерці раздаваўся яго страшэнны крык, які напаўняў двор пана Льва Маклока і яго суседзяў. А калі цівун пан Віткоўскі пераконваў яго, каб у апошнія свае дні ён зьвярнуўся да Бога, ён злавіў яго руку і сказаў: „Клянуся, я ня ведаю ніякага Бога і ніякага Хрыста“». Прыблізна тое ж самае пра сьмерць Буднага паведамляе Марцін Лашч (Жаброўскі). Паведамленьні гэтыя, аднак, выключна тэндэнцыйныя, паколькі належаць яго ідэйным праціўнікам.

Перавыданьне 2005 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перавыданьне Катэхізісу, 2005, Менск

Катэхізіс Сымона Буднага перавыдаваўся 2 разы. Першы раз у Стакгольме ў 1628 годзе, а другі — у Менску ў 2005. Да 2005 году бібліятэкі Беларусі ня мелі ніводнага асобніку гэтай кнігі, а з кнігай маглі пазнаёміцца толькі дасьледчыкі, у аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі і толькі з ксэракопіяй. У Беларусі дагэтуль няма арыгіналу гэтай кнігі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Bibliothèque nationale de France Szymon Budny // data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  2. ^ Саверчанка І. В. Сымон Будны — гуманіст і рэфарматар. — Мн.: Універсітэцкае, 1993. С. 7
  3. ^ Сямён Падокшын. Будны Сымон // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 352
  4. ^ Merczyng, Henryk. Szymon Budny jako krytyk tekstów biblijnich. — Kraków: 1913.
  5. ^ а б Zabytki literatury z doby Reformacji, Nr. 1 / Pod redakcją Stanisława Kota. — Warszawa: 1932.
  6. ^ Olechnowicz, Mścisław Polskie zainteresowanie jęnzykiem białoruskim. — Łódź: 1964. — (Zeszyty naukowe Uniwersytetu Łódzkiego. Nauki humanistyczno-społeczne. Seria I, Zeszyt 36.).
  7. ^ Падокшын, С. Сымон Будны // Полымя. — Мінск: 1966. — № 7. — С. 188.
  8. ^ а б в г Тумаш, В. Справа паходжаньня Сымона Буднага // Спадчына. — Полымя, 1997. — № 3. — С. 98—103.
  9. ^ Bruckner, Aleksander. Zabytki literatury z doby reformacji pod redakcją S. Kota, nr 1 (recenzja) // Reformacja w Polsce, rocznik VI. — Warszawa: 1934. — № 21—24. — С. 262.
  10. ^ Соболевский, А. И. Материалы и исследования в области славянской филологии и археологии. — Санкт-Петербург: 1910 Т. 88, № 3. — С. 193—194. — (Сборник Отделения русского языка и словесности Императорской Академии Наук).
  11. ^ Мікалай Прыгодзіч «Для простыхъ людей языка руского...» Сымон Будны і яго «Катэхізіс» // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 23.
  12. ^ Budny S. «O Urzędzie miecza używającem. Wyznanie Zboru Pana Chrystusowego, ktory w Liťwie, z Pisma Świętego krótko spisane. Przy tem tegoż urzędu Obrona przeciw wszem jego sprzeciwnikom przez Simona Budnego napisana… Roku od narodzenia Pana Chrystusowego», 1583 — Zabytki Literatury z doby Reformacji, Warszawa, 1932 N 1 C. 123

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ — першая палова XVIII стагоддзя. — Мн., 2003
  • Катэхізіс: помнік беларускай Рэфармацыі XVI стагодзьдзя. — Мн., 2005.
  • Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: БелЭн, 2001. — 386 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.
  • Асветнікі зямлі беларускай, X — пачатак XX ст. : Энц. даведнік / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелЭн, 2001. — 496 с.: іл. ISBN 985-11-0205-9.
  • Спадчына. 450 год Рэфармацыі на Беларусі, 1/2003
  • Саверчанка І. В. Сымон Будны — гуманіст і рэфарматар. — Мн.: Універсітэцкае, 1993
  • Будны Сымон // Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
  • Будны Сымон // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Менск: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
  • Budny, Symon // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сымон Буднысховішча мультымэдыйных матэрыялаў