Юлі Таўбін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Юлі Таўбін
Juli Taŭbin1928.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 15 верасьня [ст. ст. 2 верасьня] 1911
Астрагожск, Варонеская губэрня, Расея
Памёр 30 кастрычніка 1937
Менск, турма НКВД
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладчык
Мовы беларуская, расейская
Дэбют 1926, «Маладняк Калініншчыны»
Творы на сайце Knihi.com
http://knihi.com/Juli_Taubin/

Юлі Таўбін (сапр. — Юдаль Абрамавіч Таўбін; 15 верасьня 1911, Астрагожск, Варонеская губэрня — 30 кастрычніка 1937, Менск, турма НКВД) — беларускі паэт, перакладчык.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Астрагожску ў сям’і аптэкара. У 1921 пераехаў з бацькамі ў Амсьціслаў, дзе да 1928 вучыўся ў мясцовай сямігодцы. У 1928—1931 вучыўся ў Амсьці­слаўскім пэдагагічным тэхнікуме. Адначасова стаў сябрам аршанскай філіі «Маладняка», друкаваўся ў часопісе філіі. Вучыўся разам з Аркадзем Куляшовым і Зьмітром Астапенкам (пазьней вядомыя як «тройца амсьціслаўцаў»). У 1931—1933 вучыўся ў Менскім пэдагагічным інстытуце. Стаў сябрам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. Уваходзіў у нефармальнае літаратурнае аб’яднаньне ТАВІЗ[1].

Арыштаваны 25 лютага 1933. 10 жніўня 1933 асуджаны да двух гадоў высылкі на Ўрал (паводле зьвестак В. Куляшовай, «повадам для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амэрыку»[2]). Жыў у Цюмені. 4 лістапада 1936 паўторна арыштаваны і этапаваны ў Менск, дзе 29 кастрычніка 1937 выязная сэсія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла Юлія Таўбіна да вышэйшай меры пакараньня. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 у ліку 26 беларускіх літаратараў быў расстраляны ў двары турмы НКВД. Рэабілітаваны па першай справе 24 жніўня 1956, па другой — 29 ліпеня 1957.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьлева направа: Аркадзь Мардвілка, Зьмітрок Астапенка, Віктар Казлоўскі, Юлі Таўбін, Валеры Маракоў, Станіслаў Шушкевіч, 1928
Фота з высылкі. Зьлева направа: Аляксандар Кучынскі, Зьмітрок Паваротны, Юлі Таўбін

Юлі Таўбін — прадстаўнік урбаністычнай плыні ў беларускай паэзіі 1920—1930 гг[3]. Паэтычная праграма Ю. Таўбіна па засвойваньні клясычнай паэзіі Эўропы зьяўлялася актыўным насьледаваньнем традыцый Максіма Багдановіча і раньняга, ліцэйска-«арзамаскага»[4] Аляксандра Пушкіна[5][6]. На думку Р. Бярозкіна, гэта выяўлялася ў повязі паэта «з традыцыяй культуры, як тэмы, як аб’екта творчасьці» [7].

Друкавацца пачаў у 1926 (часопіс «Маладняк Калініншчыны», газэта «Чырвоная змена»). З таго часу ўваходзіў у Амсьціслаўскую літаратурную студыю, актыўна публікаваўся ў розных пэрыядычных выданьнях («Беларускі піянэр», «Чырвоны сейбіт», «Сьвітаньне»[6]). У асабліва плённы пэрыяд 1930—1932 гг. у паэта выходзяць пяць кніг. У першую зь іх — «Агні» (1930) — увайшлі вершы 1926—1929 гг. Крытыка ўспрыняла гэты зборнік неадназначна (адна з рэцэнзіяў мела назву «Агні, якія ня грэюць»). Астатнія зборнікі: «Каб жыць, спяваць і не старэць...» (1931), «Тры паэмы» (1931), «Мая другая кніга» (1932) выйшлі неўзабаве. Паэма «Таўрыда» (1932) друкавалася асобным выданьнем. Па сьмерці паэта выйшлі дзьве ягоныя анталёгіі: «Выбраныя вершы» (1957) і «Вершы» (1969). Няскончанай засталася вершаваная аповесьць «Доктар Батурын». Падрыхтаваная кніга «Лірыка. Эпас» не пасьпела выйсьці ў сьвет, яе рукапісы захоўваюцца ў архіве крытыка Л. Бэндэ.

Апынуўшыся ў цюменскай высылцы, пісаў на расейскай мове. У 1934—1935 стварыў дзьве паэмы: «Михайло» (рукапіс паэмы захаваў украінскі пісьменьнік Нічыпар Белаконь і ў 1960-я перадаў Станіславу Шушкевічу) і «Осада» (машынапіс захаваўся ў архіве Максіма Лужаніна). Таксама ў друк трапілі два яго расейскамоўныя вершы — «Друзьям» (Знамя, 1936, № 5) і «Тедди» (Огонёк, 1936, № 22)[3].

Мастацкім перакладам займаўся з 1928. Спачатку аддаваў перавагу творам на расейскай (У. Маякоўскі, А. Безыменскі, С. Анісімаў, А. Чэхаў), украінскай (Л. Скрыпнік, Г. Міхайлец, М. Чумандрын), польскай (А. Лемеш), ідыш (І. Харык)[3]. Зьвяртаўся да твораў Ёгана Вольфганга Гётэ. Падрыхтаваў зборнік беларускіх перакладаў з Генрыха Гайнэ, які ня здолеў апублікаваць праз арышт. Ю. Таўбіну належаць пераклады вершаў у тэксьце рамана ірляндзкага пісьменьніка Ш. О’Фаалейна «Гняздо простых людзей».

Пераклады Ю. Таўбіна з Г. Гайнэ друкаваліся ў анталёгіі «Галасы з-за небакраю» (Мн. 2008. С. 134—136) і зборніку «Шляхам гадоў» (Мн. 1990. С. 228—245).

Незадоўга да арышту паслаў у Ленінградзкае ад­дзяленьне выдавецтва «Художественная литература» падборку перакладаў на расейскую мову вершаў Альфрэда Гаўсмана, якія потым увайшлі ў зборнік «Антология новой английской поэзии» (выйшаў праз 20 дзён пасьля расстрэлу паэта)[2].

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юлі Таўбін

Н. Кабакоў у артыкуле «Агні, якія ня грэюць» (Маладняк, 1931, № 6-7) крытыкаваў першы зборнік Ю. Таўбіна за адсутнасьць згадак пра партыю і рабочую клясу, адсутнасьць вершаў, якія «адбівалі-б вялікую эпоху пабудовы соцыялізму» і асабліва за «есеніншчыну, багемшчыну, дробнабуржуазны індывідуалізм і замкнёнасьць»[8]. Таксама крытык ушчуваў паэта за выкарыстаньне ў якасьці эпіграфу кніжкі вытрымкі з «заядлага беларускага контрарэвалюцыянэра паэта Ул. Дубоўкі»[8]. У сваю чаргу, С. Ліхадзіеўскі ў артыкуле «Паэзія Юлія Таўбіна» (Полымя, 1931, № 9) адзначаў няправільнасьць устаноўкі папярэдняга крытыка датычна аналізу першага зборніка паэта: «Тав. Кабакоў перад Таўбіным высоўвае такія патрабаваньні, якія можна паставіць толькі ўжо яскрава выяўленаму пралетарскаму паэту. Рэцэнзэнт ня ўлічвае таго, што Таўбін пралетарскім паэтам ня быў і не зьяўляецца ім яшчэ і на сёньняшні дзень»[9]. С. Ліхадзіеўскі ў цэлым станоўча ацаніў паэтычныя зборнікі Ю. Таўбіна, адзначыўшы, у сваю чаргу, «парушэньне цьвёрдага камсамольскага статуту» ў вянку вершаў «Лірычнае хваляваньне» (1929), у якім «паэт адчыніў доступ хаотычнай стыхіі пачуцьцяў, ня змог імі саўладаць пры дапамозе клясава-абумоўленай рацыі»[10]. Больш жорстка да творчасьці Ю. Таўбіна паставіўся Ўл. Сядура ў артыкуле «Ня «стратай»… а росквітам» (Маладняк, 1932, № 4).

Паводле пралетарскага крытыка Алеся Кучара, творчасьць Ю. Таўбіна — гэта «актыўнае ігнараваньне нашай рэчаіснасьці, захапленьне буржуазнай гнілой і прадажніцкай культурай, замыканьне ў кола сваіх псыхалягічна-хворых успрыйманьняў, рамантычнае эстэцтва», што вынікае зь «нянавісьці... да дыктатуры пралетарыяту»[11].

Паводле літаратуразнаўцы М. І. Мішчанчука, лірыка Ю. Таўбіна характарызуецца «скандэнсаванасьцю, выверанасьцю, дысцыплінаванасьцю думкі і пачуцьця, высокай культурай вэрсыфікатарства»[12]. Дасьледнік адзначае, што ў Ю. Таўбіна сустракаецца вершы двух плянаў. У адных зь іх прысутнічае паэт з сваімі асабістымі перажываньнямі, пакутамі і радасьцямі, прысутнічае і ацэньвае кожны крок і ўчынак. У другіх апавяданьне разгортваецца больш шырока, на першы плян у іх выходзіць эпоха, выяўляе сваю сутнасьць народ[13].

Паводле В. Жыбуля, адметная рыса паэзіі Ю. Таўбіна — яе заглыбленасьць у кніжную стыхію, літаратурныя і фальклёрныя алюзіі ды згадкі пра паэтаў розных эпох і народаў: загалоўкі твораў («Якубу Коласу», «Жывому Маякоўскаму», «Сырано дэ Бэржэрак», «Пушкін», «За Шылерам», «Дужы вецер і маладзік з Гётэвае аповесьці»[3]).

Постаць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сябры студыі БелАПП. Другі зьлева стаіць Юлі Таўбін.

Юлі Таўбін застаўся ва ўспамінах сяброў і знаёмых як сардэчны чалавек з прыветлівым лагодным тварам і «чалавек надзвычай таленавіты» з «выдатнай здольнасьцю да хуткага асваеньня моваў», «цудоўны майстар беларускага верша»[14]. Сьцяпан Ліхадзіеўскі ўспамінаў: «Юлі Таўбін… Гэта быў юнак, ад прыроды ўзнагароджаны вялікім паэтычным талентам. Сьціплы, добры, таварыскі, чалавечны, ён выклікаў да сябе ўсе­агульную любоў і павагу». Сяргей Грахоўскі ў сваёй кнізе «Так і было» адзначыў, што «сярод пісьменьнікаў Таўбін быў адметны ад усіх: зрэнкі аксамітна-чорных вачэй, здавалася, бачаць навылёт, выразныя тоўстыя губы нечым нагадвалі Пушкіна, у свае дзевятнаццаць гадоў ён хадзіў трошкі сагнуты, нібы толькі ўстаў з-за стала. Можа, так і было…»[2]

Аляксей Зарыцкі ўспамінае, як «пухлагубы Юлі Таўбін, з выгляду заўсёды хмурнаваты, быццам трохі заспаны, быў увесь ва ўладзе паэтычнае стыхіі. Ён то пісаў свае вершы, то ў вольную хвіліну паціху напяваў на розных мовах чужыя, і так у старасьвецкім доме на менскай ускраіне гучалі строфы то Купалы і Багдановіча, то Пушкіна і Міцкевіча, то Бэранжэ і Вэрлена, то Байрана і Шэлі, то Шылера і Гайнэ...»[15]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Юрэвич, Л. Тавізаўцы. Пра лёсы ўдзельнікаў аднаго літаратурнага аб'яднаньня // Роднае слова. — 1997. — № 11. — С. 162.
  2. ^ а б в ТАЎБІН Юлій // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  3. ^ а б в г Жыбуль, В. Юлі Таўбін — паэт вечаровага задумення // Роднае слова. — Мн: 2011. — № 9. — С. 12—15.
  4. ^ Бярозкін, Р. Пра Юлія Таўбіна // Кніга пра паэзію. Літаратурна-крытычныя артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1974. — С. 297-319. — 448 с.
  5. ^ Зарыцкі, А. Жылі-былі паэты // За словам-падарункам: Успамін, крытыч. артыкулы, нарысы. — Мн.: Маст. літ., 1985. — С. 10. — 247 с.
  6. ^ а б Александровіч, С. Юлі Таўбін // Таўбін, Ю. Выбраныя вершы. — Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва СССР, 1967. — С. 98—99.
  7. ^ Бярозкін, Р. Голас маладосці // Таўбін, Ю.. — Мн.: Беларусь, 1969. — С. 7. — 152 с.
  8. ^ а б Кабакоў, Н. Агні, якія ня грэюць // Маладняк. — Мн.: 1931. — № 6—7. — С. 131—133.
  9. ^ Ліхадзіеўскі, С. Поэзія Юлія Таўбіна // Полымя. — Мн.: 1931. — № 9. — С. 145.
  10. ^ Ліхадзіеўскі, С. Поэзія Юлія Таўбіна // Полымя. — Мн.: 1931. — № 9. — С. 148.
  11. ^ Кучар, А. Вялікая перабудова: Кніга літаратурнае крытыкі. — Менск: Дзярж. выд-ва Беларусі, 1933. — С. 115. — 130 с.
  12. ^ Мішчанчук, М. І. Беларуская савецкая паэзія 20-х гадоў. — Мн.: Вышэйшая школа, 1988. — С. 112—113. — 191 с.
  13. ^ Мішчанчук, М. І. Беларуская савецкая паэзія 20-х гадоў. — Мн.: Вышэйшая школа, 1988. — С. 121. — 191 с.
  14. ^ Шушкевіч С. Слядамі паэта / С. Шушкевіч // Святло Кастрычніка (Мсціслаў). — 1967. — 28 кастр.
  15. ^ Зарыцкі, А. Жылі-былі паэты // За словам-падарункам: Успамін, крытыч. артыкулы, нарысы. — Мн.: Маст. літ., 1985. — С. 9. — 247 с.

Грахоўскі С. "Жывуць у памяці маёй"//www.grahouski.org/ (Успаміны. Публіцыстыка)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Таўбін Юлі // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • ТАЎБІН Юлій // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Таўбін Юлій // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай — Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Малдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С.78—80. — 684 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Юлі Таўбінсховішча мультымэдыйных матэрыялаў