Іван Насовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Іван Насовіч
Nosovich.jpg
Нарадзіўся 26 верасьня (7 кастрычніка) 1788
вёска Гразівец, Чавускі павет, Магілёўскае намесьніцтва, Расейская імпэрыя
Памёр 25 ліпеня (6 жніўня) 1877 (88 гадоў)
Навуковая сфэра Мовазнаўства
Месца працы Пецярбурская акадэмія навук
Альма-матэр Магілёўская сэмінарыя
Вядомы як Складальнік першага гістарычнага слоўніка беларускай мовы
Узнагароды і прэміі Увараўская прэмія (1865), Залаты мэдаль Расейскага геаграфічнага таварыства

Іва́н Насо́віч (стар. ст.: 7 кастрычніка 1788, вёска Гразівец, цяпер Чавускі раён — 6 жніўня 1877) — беларускі мовазнавец, лексыкограф, фальклярыст, этнограф.[1]

У 1812 скончыў гімназію і духоўную сэмінарыю ў Магілёве. На працягу 9 рокаў працаваў настаўнікам, інспэктарам Аршанскага, рэктарам Амсьціслаўскага і Магілёўскага духоўных вучэльняў, а потым — загаднікам, нагляднікам, выкладнікам Дынабурскай гімназіі, Маладэчанскай, Сьвянцянскай дваранскіх вучэльняў. У 1843 выйшаў у адстаўку, жыў у Амсьціславе і займаўся навуковай працай. 3 мэтай зьбіраньня фальклёна-этнаграфічных і моўных матэрыялаў аб’ехаў Менскую, Гарадзенскую і Магілёўскую губэрні.

У 1850 даслаў у Аддзяленьне расейскай мовы і славеснасьці Пецярбурскай АН рукапісныя працы «Кароткія філялягічныя назіраньні над беларускай гаворкай», «Невялікі беларускі слоўнік» і «Зборнік беларускіх прыказак», у якія ўлучаныя каля 1000 запісаў. У 1852 апублікаваў зборнік «Беларускія прыказкі і прымаўкі» з тлумачэньнямі да іх.

Паводле прапановы Аддзяленьня расейскай мовы і славеснасьці Пецярбурскай АН склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы «Альфабэтны паказальнік старажытных беларускіх словаў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расеі», за што атрымаў Увараўскую прэмію 1865 року. У слоўніку растлумачаныя каля 13 тысячаў словаў.

У 1864 пераехаў у Пецярбург, дзе да 1870 працаваў у архіве публічнай бібліятэкі, супрацоўнічаў з Расейскім геаграфічным таварыствам. У 1867 выйшаў «Зборнік беларускіх прыказак» які быў адзначаны залатым мэдалём Расейскага геаграфічнага таварыства. У зборніку зьмешчаныя каля 3500 прыказак, прымавак, праклёнаў, скорагаворак, пажаданьняў, прывітаньняў. У 1868 убачыў сьвет ягоны зборнік «Беларускія прыказкі і загадкі». Зборнікі пачынаюцца прадмовамі, у якіх аўтар выказваў свае погляды на беларускую народную вусна-паэтычную творчасьць.

Найбольш каштоўныя этнаграфічныя матэрыялы зьмешчаныя ў капітальнай працы «Слоўнік беларускай гаворкі», які выйшаў у 1870. У ім зьмешчаныя больш за 30 тыс. словаў з тлумачэннямі, што даюць багатыя зьвесткі пра матэрыяльную і духоўную культуру, сямейны і грамадзкі побыт беларусаў. У 1881 быў выдадзены яго «Дадатак да беларускага слоўніка», у якім зьмешчаныя каля 1000 новых словаў. Слоўнік да гэтага часу застаецца ўнікальным зборам беларускай лексыкаграфіі.[2]

Аўтар гістарычнага нарыса «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» (рукапіс захоўваецца ў Бібліятэцы РАН у Санкт-Пецярбургу), гістарычна-мэмуарнай працы «Ўспаміны майго жыцьця» (рукапіс захоўваецца ў Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі).

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 502
  2. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 165

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Менск: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]