Перайсьці да зьместу

Скарыназнаўства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Скарыназна́ўства — галіна гістарычных дасьледаваньняў, якая вывучае жыцьцё, дзейнасьць і творчую спадчыну беларускага першадрукара, філёзафа, гуманіста, мэдыка Францішка Скарыны. Скарыназнаўства вылучаецца міждысцыплінарным падыходам, што выкарыстоўвае мэтады розчных навук — гісторыі, гісторыяграфіі, інтэлектуальнай гісторыі, мастацтвазнаўства, лінгвістыкі, філязофіі.

Скарыназнаўства бярэ свой пачатак у XVII стагодзьдзі ў сувязі з асобнымі згадкамі гісторыкаў і эрудытаў пра кнігі Ф. Скарыны. У другой палове XVIII стагодзьдзя цікавасьць да спадчыны Скарыны істотна расьце, у 1776 року Іван Бакмайстар прысьвяціў асобныя старонкі выданьням Скарыны «Апостал» і «Пяцікніжжа»[1], у 1786 выданьні Скарыны вывучаюць такія дасьледчыкі, як Пётар Аляксееў і Іван Штрытар. Пачынаючы з 1791 року вядомы чэскі філёляг і грамадзкі дзяяч Ёзэф Добраўскі высоўвае шэраг гіпотэзаў пра месца друкарні Скарыны, пра мову твораў і ягоны жыцьцяпіс у сваіх творах і асабліва ў выдадзеным пасьмяротна ліставаньні[2].

Цягам XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў шматлікія гісторыкі ў Расейскай імпэрыі, у тым ліку і ў Польшчы, выказваліся пра выданьні і мову Скарыны (Аўгуст Людвіг фон Шлёцэр, Васіль Сопікаў, Пётар Кёпэн, Канстанцін Калайдовіч, Самуэль Багуміл Ліндэ, Ежы Самуэль Бандтке, Яўген Балхавіцінаў, Мікалай Карамзін, Павал Строеў, Міхаіл Пагодзін і інш.). У другой палове XIX стагодзьдзя памнажаюцца працы, што апісваюць выданьні і мову Скарыны (Аляксей Віктараў, Ёзэф Пэрвольф, Яўхім Карскі). У 1878 року Іван Каратаеў у «Апісаньні славяна-рускіх кніг, надрукаваных кірылаўскімі літарамі. 1491—1730», надае творчасьці Скарыны ўжо дзясяткі старонак.

Сапраўдны прарыў у скарыназнаўстве адбываецца ў 1888 року, калі Пётар Уладзімераў выдае ўласную манаграфію «Доктар Францішак Скарына: Ягоныя пераклады, друкаваныя выданьні і мова» (СПб., 1888), упершыню падсумаваўшы ўсе наяўныя згадкі і дасьледчыцкія вэрсіі пра Скарыну і прааналізаваўшы ўсе вядомыя на той час ягоныя кнігі. Да пачатку XX стагодзьдзя зьвесткі пра Скарыну друкуюць ва ўсіх найбуйнейшых энцыкляпэдычных выданьнях, у тым ліку і за мяжой.

У сувязі з пачаткам падрыхтоўкі сьвяткаваньня 400-годзьдзя пачатку кнігадрукаваньня ў 1917 року скарыназнаўства пераходзіць на якасна новы ўзровень, зьвязаны ня толькі з пошукам, параўнальнай характарыстыкай і інтэрпрэтацыяй помнікаў кнігадрукаваньня Скарыны асобнымі спэцыялістамі, але і з прыданьнем імя Скарыны значэньня нацыянальнага сымбалю. У беларускіх сродках масавай інфармацыі («Гоман», «Вольная Беларусь», «Чырвоны шлях») зьяўляюцца шматлікія публікацыі пра Скарыну такіх выбітных дзеячоў навукі і літаратуры, як Яўхім Карскі, Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Максім Гарэцкі й іншыя.

У 1925—1926 роках адбываецца новы ўсьплёск дасьледаваньняў, зьвязаны з 400-годзьдзем кнігадрукаваньня, за пункт адліку якога ўзяты 1525 — год меркаванага заснаваньня друкарні ў Вільні (цяпер у скарыназнаўстве вызначаная ранейшая дата — 1522, год выхаду «Малой падарожнай кніжкі»). Сярод сьвяточных мерапрыемстваў асабліва заўважнай падзеяй было правядзеньне канфэрэнцыі й выданьне зборніку ейных матэрыялаў «400-лецьце беларускага друку». Тут пабачылі сьвет ключавыя для скарыназнаўства артыкулы — першая пасьля дасьледаваньня Пятра Ўладзімерава гісторыяграфічна поўная «Скарыніяна» Ўладзімера Пічэты, «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны» Міколы Шчакаціхіна й інш. Зь перарваньнем палітыкі беларусізацыі і пачаткам спусташальных рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі скарыназнаўства на тэрыторыі БССР перарываецца да сканчэньня Другой сусьветнай вайны.

З другой паловыы 1930-х у Чэхіі пачынае свае публікацыі пра Скарыну гісторык-эмігрант Антоні Флароўскі, які давёў несумнеўны ўплыў чэскай Бібліі[3] (выдадзенай у Вэнэцыі ў выдавецтве П. Ліхтэнштайна ў 1506 року) на мову скарынавых выданьняў, а таксама абгрунтаваў магчымасьць працы Скарыны каралеўскім садоўнікам у Празе напрыканцы жыцьця (паводле дакумэнта 1552 року, выдадзенага каралём Фэрдынандам I сыну Ф. Скарыны Сімяону). Менавіта Флароўскі зноўку прыцягнуў увагу навуковай супольнасьці да факту магчымага падарожжа Скарыны ў Маскву пасьля першых публікацыяў Ёзэфа Фідлера і Ёзэфа Пэрвольфа[4]. У цэлым варта адзначыць выбітны ўнёсак беларускіх дзеячоў скарыназнаўства, якія працавалі за мяжой. Адкрыцьці Вітаўта Тумаша, Янкі Садоўскага, Аляксандра Надсана, дзякуючы якім стала вядома пра мешканьне Скарыны на пасадзе сакратара караля Даніі або пра год выданьня ў віленскай друкарні «Малой падарожнай кніжкі» — 1522, цяжка пераацаніць. У той самы час у самой Беларусі дасьледаваньні ў галіне скарыназнаўства ў пасьляваенны пэрыяд спатыкалі вялікія перашкоды. Як пісаў выбітны прадстаўнік скарыназнаўства Яўген Неміроўскі, «Жупел абвінавачаньня ў нацыяналізьме маячыў перад кожным, хто хацеў крануцца гэтай напаўзабароненай тэмы» (Няміроўскі 1990, с. 61). Тым ня меней, дзякуючы працам Уладзімера Анічэнкі, Валянціны Чапко, Мікалая Алексютовіча, Уладзімера Конана, Сямёна Падокшына, а таксама пазьнейшым Віктара Дарашкевіча, Алега Лойкі, Вячаслава Чамярыцкага, Віктара Шматава, Адама Мальдзіса, Яўгена Неміроўскага, Георгія Галенчанкі ў Беларусі пачынаюць складацца дасьледчыя школы скарыназнаўства, арыентаваныя на розныя падыходы — лінгвістычныя, гісторыка-культурныя, філязофскія і літаратуразнаўчыя.

Хрушчоўская «адліга» і пэўная лібэралізацыя гісторыяграфіі стварылі неабходныя ўмовы дзеля адраджэньня грамадзкай цікавасьці да скарыназнаўства. Пра гэта сьведчаць і шырокае сьвяткаваньне 450-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня ў 1967 року, і шматлікія публікацыі, сярод якіх працы Сьцяпана Александровіча, Аляксандра Булыкі, Анатоля Грыцкевіча, Сьцяпана Майхровіча, Якава Парэцкага, Георгія Галенчанкі. Наступнай вяхою ў скарыназнаўстве былі мерапрыемствы, прысьвечаныя сьвяткаваньню ў 1986—1990 роках 500-гадовага юбілэю Скарыны. Вынікам сталі шматлікія выданьні, сярод якіх вылучаюцца фундамэнтальныя дасьледаваньні і зборы, якія сталі рэфэрэнцыяльнымі — зборнікі дакумэнтаў і матэрыялаў пра Скарыну, зборнікі сачыненьняў Скарыны, бібліяграфія.

  1. ^ Bacmeister J. V. Essai sur la Bibliothèque et le Cabinet de curiosité et d’histoire naturelle de l’Académie des sciences de Saint Petersburg. St Petersburg, 1776. 254 p.
  2. ^ Korrespondence Josefa Dobrovskeho. Dii. 1. Vzajemne dopisy Josefa Dobrovskeho a Fortunata Duricha z let 1778—1800. К vyd. upravil A. Patera. Praha, 1895. 471 s.
  3. ^ Biblí česká v Benátkách tištěná. Venetiis: in Edibus Petri Liechtenstein Coloniensis Germani, 1506.
  4. ^ Fiedler Joseph. Ein Versuch der Vereinigung der russischen mit der roemischen Kirche im sechzehnten Jahrhunderte. «Sitzungsberichte der Philosophisch-Historischen Classe der Kaiserlichen Akademie der Wissenschaften». Vierzigster Band, Heft I. Wien, 1862, б.108-113; Первольф И. И. Славяне, их взаимные отношения и связи, т. II. Варшава, 1888, с.596-597.
  • Владимиров П. В. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. Спб.: Типография Академии Наук, 1888. — 433 с.
  • Галенчанка, Г. Я. Францыск Скарына: Спадчына і пераемнікі. Анатаваны бібліяграфічны паказальнік. Мінск: Красіка-Прынт, 2002. 175 с.
  • Галечанка Г. Я. Францыск Скарына: у паціне версій, стэрэатыпаў і міфаў. // Российские и славянские исследования. Ред. П. Сальков, О. Яновский. Мінск: БГУ, 2008. Выпуск 3. С. 123—138.
  • Немировский Е. Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность белорусского просветителя. Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. 597 с.
  • Немировский Е. Славянские издания кирилловского (церковнославянского) шрифта: 1491—2000. Инвентарь сохранившихся экземпляров и указатель литературы. Т.1: 1491—1550. Москва: Знак, 2009. 588 с.
  • Пічэта У. Scoriniana. 1776—1926//400-лецце беларускага друку. Мінск: Інстытут беларускай культуры, 1926. С. 284—327.
  • Скарына і яго эпоха. Рэд. В. А. Чамярыцкі. Мінск: Навука і тэхніка, 1990. 482 с.
  • Скарына Ф. Библия: Факс. ўзнаўленне Библии, выд. Ф. Скарынаю ў 1517—1519: У 3 т. — Мн.: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 1, 1990. 830 с; Т. 2. 1991. 807 с; Т. 3., 1991. 782 с.
  • Флароўскі А. В. Skoriniana // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мінск: Навука і тэхніка, 1968. С. 389—433.
  • Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. / Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с. — ISBN 5-85700-003-3
  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 207 с. — 4250 ас. — ISBN 5-343-00151-3
  • Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказальнік літаратуы. Склад. Я. Л. Неміроўскі, Л. А. Осіпчык; Рэд. А. І. Мальдзіс. Мінск: Навука і тэхніка, 1990. 269 с.
  • Францыск Скарына: З6орнік дакументаў і матэрыялаў. Прадм., уклад., паказ. В. І. Дарашкевіча. Мінск: АН БССР. Ін-т літаратуры, 1988. 347 с.
  • Чатырохсотлецце беларускага друку. 1525—1925. Мінск: Інстытут беларускай культуры, 1926. VIII, 360 с.
  • Шчакаціхін М. Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны // 400-лецце беларускага друку. Мінск: Інстытут беларускай культуры, 1926. С. 180—227.
  • Шчакаціхін М. Увагі да ілюстрацыяў // 400-лецце беларускага друку. Мінск: Інстытут беларускай культуры, 1926. С. 329—340.
  • Braha, Symon,. Геаграфічная лякалізацыя жыцьцяпісу доктара Скарыны // Запісы Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва. Munchen, 1964, 3, pp. 9—33.
  • Florovskij Anton, 1946, 1988. Ceskaja Biblia v istorii russkoj kul’tury i pismennosti, Praha, Munchen: Verlag Otto Sagner. From Collection ‘Sbornik filologicky’. III. Trida Ceske Akademie ved a Umeni. Svazek XII.
  • Tumas, Vitaut (Braha, Symon). Пяць стагоддзяў Скарыніяны XVI—XX. Five Centuries of Scoriniana XVI—XX, Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 1989. 282 с.
  • Tumas, Vitaut (Braha, Symon). Скарына у Падуі // Запісы Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва. Munchen, 1970, 5, pp. 35—79.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]