Перайсьці да зьместу

Францішка Ўршуля Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Францішка Ўршуля Радзівіл
лац. Franciška Ŭršula Radzivił
Францішка Ўршуля Радзівіл. Невядомы мастак, XIX ст.
Францішка Ўршуля Радзівіл. Невядомы мастак, XIX ст.
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 13 лютага 1705(1705-02-13)[1][2][3]
Чартарыйск, Каралеўства Польскае
Памерла 23 траўня 1753(1753-05-23)[1][4] (48 гадоў)
Пунцэвічы, Вялікае Княства Літоўскае
Пахаваная
Бацькі Януш Антоні Вішнявецкі[3]
Тэафіля Ляшчынская[d][3]
Сужэнец Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька»[5][6]
Дзеці Януш Тадэвуш Радзівіл[d][7], Кацярына Караліна Радзівіл[d][8][7], Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку»[7], Тэафіля Канстанцыя з Радзівілаў[d][7], Міхал Крыштап Радзівіл[d][9], Ганна Радзівіл[d][7] і Людвіка Радзівіл[d][7]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці асьветніца, драматург
Кірунак драматургія
Мова польская мова і француская мова[10]
Дэбют «Дасьціпнае каханьне»
Узнагароды
Ордэн Зорнага крыжа

Франці́шка Ўршу́ля Радзіві́л (13 лютага 1705, места Чартарыйск Валынскага ваяводзтва — 23 траўня 1753, маёнтак Пунцэвічы Наваградзкага ваяводзтва) — пісьменьніца, асьветніца і драматург Рэчы Паспалітай.

Францішка Ўршуля Радзівіл — першая ў Вялікім Княстве Літоўскім жанчына-драматург[11], стваральніца самабытнага тэатру ў нясьвіскай рэзыдэнцыі Радзівілаў.

З княскага роду Карыбут-Вішнявецкіх, дачка Януша Антонія, кашталяна кракаўскага, і Тэафіліі зь Ляшчынскіх. Атрымала бліскучую хатнюю адукацыю, ведала тры мовы, арыентавалася ў літаратурных навінках, рана пачала пісаць вершы.

У шлюбе зь нясьвіскім ардынатам, вялікім гетманам літоўскім князем Міхалам Казімерам Радзівілам (Рыбанькам) была шчасьлівая, вельмі кахала свайго мужа, пісала яму палкія паэтычныя пасланьні. Разам з тым, зь вялікай колькасьці дзяцей, якіх яна нарадзіла Міхалу Казімеру Радзівілу «Рыбаньку», выжылі толькі чацьвёра[12], а зь яе сыноў да старасьці дажыў толькі адзін — «Пане Каханку», князь Караль). Была і асабістая драма, якая пачалася задоўга да сьмерці дзяцей: маці князя «Рыбанькі» — Ганна з Сангушак — пратэставала супраць будучага шлюбу і дала згоду на яго толькі пад моцным ціскам сваякоў.

Варта зазначыць, што Францішка Ўршуля Карыбут-Вішнявецкая не была беднай. Ужо паводле шлюбнага кантракту яна прынесла ў дом Радзівілаў 40 тысячаў залатых дукатаў, а па сьмерці дзядзькі — канцлера вялікага літоўскага, пісьменьніка і паэта Міхала Сэрвацыя — вялікія зямельныя надзелы: гарады і маёнткі на Валыні, у Кракаўскім, Кіеўскім і Браслаўскім ваяводзтвах, тысячы прыгонных.

Вясельле Францішкі Ўршулі з князем Рыбанькай згулялі 22 красавіка 1725 году. Потым — на працягу году — традыцыйнае наведваньне родавых вотчын, a Новы год яны адзначылі ў Варшаве, на карнавале. Толькі потым — у 1726 годзе — маладых сустракалі ў Нясьвіжы: Францішка Ўршуля стала паўнапраўнай гаспадыняй у зноў адбудаваным замку, які моцна пацярпеў ад швэдаў у 1706 годзе.

Паводле складу характару Францішка Ўршуля Радзівіл была сэнтымэнтальнай, цікаўнай і актыўнай. Яна занялася ўпарадкаваньнем інтэр’ераў замка, пераканала мужа аднавіць дзейнасьць друкарні, прывесьці ў добры стан бібліятэку і знакаміты архіў, зацікавілася вырабамі ўрэцкай гуты. Францішку Ўршулю не задавальняў побыт нясьвіскай шляхты, напоўнены бясконцымі паляваньнямі, баляваньнямі і абжорствам. Яна марыла пра тэатральныя прадстаўленьні, падобныя на тыя, якія яна бачыла ў Вішняўцы, у прыдворным тэатры свайго дзядзькі. Спэктакль «Прыклад справядлівасьці», які паказалі ў 1740 годзе іншаземцы, што жылі пры нясьвіскім двары, яе не задаволіў. Княгіня надумвае адкрыць свой — «замкавы» — тэатар, для якога будзе пісаць п’есы. Іх будзе 16 — трагедыяў, камэдыяў і опэрных лібрэта. Яна ўпершыню перавыдае на польскай мове Мальера, выдае свае «Камэдыі і трагедыі», якія дасьледнікі XX стагодзьдзя аднясуць да ўнікальных «тэатральных прымітываў» эпохі сармацкага барока.

Створаныя Францішкай Уршуляй Радзівіл «Камэдыі і трагедыі» былі спачатку выйшлі ў Нясьвіжы, а потым — увосень 1754 году — у друкарні Гершона Галеві з Жоўквы і ўжо ў той час былі вельмі рэдкімі. Кнігу ўпрыгожвалі гравюры на медзі львоўскага мастака М. Жукоўскага.

У 1753 годзе Францішка Ўршуля Радзівіл пайшла з жыцьця: 23 траўня яна памерла ў маёнтку Пунцэвічы каля Наваградку. Па яе сьмерці тэатральнае жыцьцё заціхае ненадоўга. Князь Рыбанька захапіўся маладой удавой, пляменьніцай Францішкі Ўршулі — Ганнай Мыцельскай і для яе забавы загадваў зноў адкрыць тэатральныя памяшканьні ў Жоўкве і Алыцы (ва Ўкраіне), пашырыць склад капэлы, запрасіць прафэсійных актораў, арганізаваць балет і стварыць спэцыяльную школу.

Партрэт Ф. У. Радзівіл з альбома «Выявы роду Радзівілаў». Нясьвіж, 1758 г.

Творы Францішкі Ўршулі Радзівіл, напісаныя цяжкой рыфмаванай прозай, адлюстроўвалі перш за ўсё не патрэбы нясьвіскага гледача, які далучаўся да тэатру як да віду мастацтва, а асабісты настрой і густ самой аўтаркі. Праблематыка камэдыяў і трагедыяў Ф. У. Радзівіл, жанравыя межы якіх былі даволі неакрэсьленымі, не выходзілі за кола пытаньняў маралі, сямейнай і васальнай вернасьці, пастаральнага каханьня, якое пераадолела ўсе перашкоды, трываласьці рэлігійных поглядаў, пакараньня за зло і вераломнасьць. Але ў той жа час нельга не заўважыць, што на іх пачынаюць уплываць ідэі Асьветніцтва, якія зь сярэдзіны XVIII ст. актыўна ўплываюць на настрой думак адукаванай часткі шляхты і месьцічаў. Аднак у канкрэтнай драматургіі княгіні Францішкі Ўршулі Радзівіл новае сьветабачаньне атрымала дастаткова спрошчанае адлюстраваньне. І на структуры, і на форме яе твораў яскрава відаць адбітак дастаткова прымітыўных уяўленьняў аўтаркі пра законы драматургіі (напрыклад, дзеяньне магло адбывацца па-за часам і месцам).

Сюжэты для сваіх «пастаральна-рамансавых» п’ес і «сьвецкіх містэрыяў» Францішка Ўршуля Радзівіл брала зь сярэдневечных драм і народных казак, антычнай міталёгіі, арабскіх і пэрсідзкіх гумарэсак, спалучаючы неспалучальнае ў самых незвычайных варыяцыях. У яе камэдыях і трагедыях маглі існаваць самыя розныя пэрсанажы: гарлекіны, якія прыйшлі ў Нясьвіж зь італьянскай камэдыі дэль артэ і балетаў Францыі XVIII ст., а таксама героі з школьных драм, рэнэсансных навэль Бакачыё і Героніма Морштына, фарсаў і народных легенд. Такі быў «творчы мэтад Францішкі Ўршулі Радзівіл», які яскрава адлюстраваў спэцыфіку мясцовай культуры барока ў яе своеасаблівай пераходнай форме ад сярэднявечных відовішчаў да тэатру новага часу.

Нясьвіскі аматарскі тэатар Францішкі Ўршулі Радзівіл, як зьява, ня мае аналягаў у тэатральнай культуры славянскіх народаў. Ён зьявіўся на мяжы шляхецка-сармацкай культуры XVII — першай паловы XVIII стагодзьдзяў і заходнеэўрапейскай культуры ў той пэрыяд, калі ў межах Вялікага Княства Літоўскага не існавала прафэсійнага тэатру, але яшчэ вельмі пашыранай была школьная сцэна.

Асноўным выканаўцам роляў у аматарскім «замкавым» тэатры княгіні Францішкі Ўршулі Радзівіл спачатку былі сваякі князя, госьці, прыдворныя, а таксама настаўнікі танцаў і сьпеваў. У масавых сцэнах бралі ўдзел прыгонныя музыкі і пеўчыя капэлі, слугі замка, а пазьней і жыхары Нясьвіжу.

Францішка Ўршуля Радзівіл. Невядомы мастак, XVIII ст.

«Дасьціпнае каханьне»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая камэдыя Францішкі Ўршулі Радзівіл — «Дасьціпнае каханьне» — пабачыла сьвет 13 чэрвеня 1746 году. 3 прычыны браку памяшканьня, прыстасаванага для пастановак, спэктакль пастанавілі паказаць у Альбе — рэзыдэнцыі за Нясьвіжам. Пад адкрытым небам збудавалі аркавую дэкарацыю, дзеля знатных гледачоў і духавенства паставілі канапы (дробная шляхта і афіцэры нясьвіскага гарнізону глядзелі прадстаўленьне стоячы). Паводле жанру «Дасьціпнае каханьне» — камэдыя-пастараль, падобная да італьянскай камэдыі дэль артэ зь сьпевамі і танцамі.

Францішка Ўршуля Радзівіл, напісаўшы сваё «Дасьціпнае каханьне», унесла ў каноны італьянскай камэдыі масак свае карэктывы: яна дае новае імя Панталёне — Люцыдор, пасяляе яго ў Эгіпце (?), пераўтварае з купца ў багатага пастуха і ўзнагароджвае тузінам дачок. А далей усё паводле традыцыі: Люцыдор стары і набожны, недаверлівы і сварлівы, любіць знаходзіць у сябе хваробы і траціць прытомнасьць, носіць акуляры і ня ведае, як усачыць за нявіннасьцю сваіх дачок.

Што ж тычыцца апошніх, то ўначы яны арганізоўваюць «у палацы» патаемныя сустрэчы з пастухамі. Двойчы засьпетыя сваім падсьлепаватым бацькам, якога будзяць песьні і танцы, яны пасьпяваюць паставіць сваіх каханкаў на пустыя пастамэнты ў арках і выдаць іх за купленыя імі мармуровыя скульптуры. У цэнтры інтрыгі — Гарлекін: менавіта яму належыць ідэя «жывых статуяў», ён просіць іх «не круціць нічым і не марочыць галаву». Але ўсё марна. Разбуджаны ў трэці раз, Люцыдор застае ўсіх на месцы злачынства — у час імправізаванага канцэрту. Ён выганяе пастухоў з хаты, а дачок адпраўляе пасьвіць авечак і «часаць воўну». Калі гнеў праходзіць, Люцыдор засмучаецца: ён успамінае свой стары век і свае «хваробы», лічыць, што прыйшла яго сьмерць. Загадвае паклікаць лекара і траціць прытомнасьць. Зьяўляецца лекар — пэрсанаж, які нясе ў сабе рысы героя італьянскай камэдыі масак і ў той жа час чымсьці нагадвае герояў школьных і батлеечных інтэрмэдыяў. Ён гаворыць адначасова па-лацінску, нямецку і француску, блытаючы ўсё з благой польскай, мітусіцца, ахкае, шукае пульс і «дух» у Люцыдора і пакутліва ўспамінае, колькі і чаго яму даў, асабліва «сьпірытусу», і гучна выказвае сваё задавальненьне, калі Люцыдор ажывае. Затым яны ўдваіх ідуць за парадай да багіні Ізіды, якая прапаноўвае Люцыдору аб’яднаць каханкаў і скончыць справу мірам. Усё скончылася вясельлем пастухоў і пастушак і «канцэртам італьянскім» — як і належыць у камэдыі дэль артэ.

Што ж датычыцца Гарлекіна, то ён узьнікае на нясьвіскіх падмурках яшчэ тройчы. Згодна з гравюрай М. Жукоўскага ў 1749 годзе Арлекін браў удзел у інтэрмэдыі да камэдыі Ф. У. Радзівіл «Убачанае не праходзіць» (перапрацоўка «Бліскучых палюбоўнікаў» Мальера), год таму яшчэ ў адной камэдыі княгіні — «Судзьдзя без розуму», дзе ён дапамагае цудоўнай Зумруд ажаніць дурнога судзьдзю з брыдкай Джыдотай. А трэці раз Гарлекін зьяўляецца ў якасьці аднаго з галоўных пэрсанажаў камэдыі Ф. У. Радзівіл «Загана ў цянётах» (была пастаўлена ў нясьвіскім тэатры ў 1751 годзе і вытрымала шэсьць прадстаўленьняў).

«Загана ў цянётах»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Загана ў цянётах» не была дакладнай копіяй італьянскай камэдыі масак. Яна паводле сваіх жанравых прыкметах можа быць аднесенай да «ўсходніх фарсаў», тыповых для XVIII ст. і для «сармацкага» барока. Асновай камэдыі быў распаўсюджаны ў літаратуры і фальклёры многіх народаў сюжэт пра юрлівых багатых нягодніках, якіх заманіла ў пастку спрытная і разумная жанчына.

Вобразы Гарлекіна і Ляуры (Фантанэскі), якія прышлі з камэдыі дэль артэ, атрымалі мясцовую інтэрпрэтацыю. Яго маска відазьмянілася, хоць адметныя рысы італьянскага Гарлекіна XVII ст. гэты пэрсанаж захаваў. Сярод спэцыфічных якасьцяў Гарлекіна выдзяляюцца «весялосьць» і «цудоўная наіўнасьць», «уменьне выкручвацца зь непрыемнага становішча, а таксама лоўкасьць у дасягненьні мэтаў». Польскі варыянт камэдыі дэль артэ на сьвет не зьявіўся; не спалучыўся Гарлекін з спрадвечнымі фальклёрнымі вобразамі, як гэта адбылося, напрыклад, у Нямеччыне і Аўстрыі ў XVIII ст. Але сваю, спэцыфічна «сармацкую» характарыстыку ён усё ж атрымаў на нясьвіскай сцэне. Ён характарызаваўся ва ўсіх творах Ф. У. Радзівіл як «верны васал», давераны слуга сваіх гаспадароў, які стаяў на варце іх інтарэсаў. Ні ў адной камэдыі княгіня не падкрэсьлівала, што Гарлекін плебэй: калі гэта было неабходна на працягу дзеяньня, ён прызначаўся на шляхецкія пасады. Такім чынам зьявіўся нясьвіскі Гарлекін — дробны шляхціц, які гаварыў па-польску. Але, як і належыць шляхціцу «шарачковаму», яго мова была вельмі далёкай ад патрыцыянскай куртуазнасьці. Напрыклад, раззлаваўшыся на Ляуру, Гарлекін мог назваць яе «паганкай», а ў добрым настроі адпусьціць камплімэнт яе прыгажосьці: сказаць, што яна «гладкая і белая, як сьпіна ў сьвіньні». У камэдыі «Загана ў цянётах» ён бліжэй за ўсё да народнай першаасновы.

«Справа божага лёсу»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Францішка Ўршуля Радзівіл. Невядомы мастак, XIX ст.

У 1746 годзе княгіня Францішка Ўршуля Радзівіл стварыла камэдыю «Справа божага лёсу» («Вынік божага лёсу»), для якой выкарыстоўвае матыў папулярнай у Заходняй Эўропе цудоўнай казкі «Прынцэса ў крыштальнай труне». Гэтую казку ў свой час апрацаваў Шарль Пэро, у 1697 годзе яна ўвайшла ў зборнік «Гісторыі ці Казкі былых часоў з маралямі» пад назвай «Прыгажуня ў сонным лесе». У 1747 годзе ў княгіні зьявіўся новы твор, камэдыя «Каханьне — зацікаўлены судзьдзя», у аснову якога быў пакладзены антычны міт пра траянскага царэвіча Парыса і цудоўную Алену.

Варта адзначыць, што, зьвяртаючыся да антычных крыніц або іх тагачасных пераказаў, Ф. У. Радзівіл дастаткова вольна перапрацоўвала міты: уводзіла новых пэрсанажаў, зьмяняла імёны, ставіла акцэнты на тым, што лічыла важным, і пакідала без увагі тыя падзеі, якія не зьмяшчаліся ў сьветаўспрыманьні або йшлі ўразрэз з этыкай традыцыйнага шляхецкага сарматызму.

«Каханьне — зацікаўлены судзьдзя»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камэдыя «Каханьне — зацікаўлены судзьдзя» была напісана, як і былыя творы, цяжкой рыфмаванай прозай. У п’есе была празьмернасьць дыдактычных сэнтэнцыяў і сэнтымэнтальных выказваньняў і вельмі мала дзеяньняў.

Францішка Ўршуля Радзівіл паказвае ня ўсю гісторыю Парыса (трагічныя падзеі Траянскай вайны і яго сьмерць не ўвайшлі ў п’есу). Яна абірае зь «біяграфіі» героя найбольш рамантычныя і гераічныя падзеі, якія дазваляюць разгарнуць малюнак яго палюбоўных прыгод (з 1000 строф камэдыі амаль трэць аддадзена любоўнай рыторыцы німфы Эноны і патэтычным развагам пра каханьне Алены і Парыса), паказаць гераізм і моц апошняга (сцэны перамогі над бандытамі на гары Ідзе, над знакамітымі супернікамі на спаборніцтвах у Троі), а самае галоўнае — правесьці думку пра тое, што судзьдзёй багінь, каханым німфы Эноны і мужам самай цудоўнай жанчыны Грэцыі — Алены, сьмелым пераможцам мог стаць толькі той, у каго ў жылах «блакітная кроў», г.зн. спадчынны патрыцый. Аўтар невыпадкова вуснамі пастуха Фаўстына, які выхоўваў Парыса, гаворыць даволі характэрную сэнтэнцыю: «пастух застанецца пастухом, а кароль каралём заўсёды будзе».

Пераказваючы пасьлядоўна падзеі міту да аб’яўленьня грэкамі вайны Троі, Францішка Ўршуля Радзівіл захавала тыя часткі паданьня, якія былі своеасаблівымі (напрыклад, сон Гекубы: ёй прысьнілася, што яна нарадзіла факел, ад якога ў полымі загінула Троя). У гэтым даволі яскрава адлюстравалася «барочнае» успрыняцьцё міталёгіі аўтарам. У той жа час яна зьмякчыла ўсе сытуацыі, у якіх назіралася жорсткасьць царскіх асобаў. Касандра была прадстаўлена толькі як прадвесьніца (у супярэчнасьць міту яна ніколі не рабіла замаху на жыцьцё свайго царствуючага брата). Іншымі словамі, трагічны патас міта аўтар перавяла ў дастаткова бяскрыўдны бытавы плян «ідэальных адносін», якія павінны былі панаваць, на яе думку, у сям’і патрыцыяў.

Калі разглядаць гэту «камэдыю» ў асяродзьдзі іншых тэатральных зьяваў XVIII ст., то няцяжка заўважыць у ёй дастаткова яскравы прыклад тэатральнага прымітыву. У творчым мэтадзе драматурга можна заўважыць і своеасаблівае «рэнэсанснае» адлюстраваньне гісторыі: захоўваючы канву антычнай легенды, Ф. У. Радзівіл фактычна ўсіх герояў апранае згодна з сваім часам, праектуючы на грэцкі міт сваю эпоху зь яе ідэаламі, этычнымі праблемамі, норавамі і звычаямі. Перанос увагі на асабістыя адносіны па-свойму адлюстроўвалі павевы XVIII ст., і антычныя сюжэты былі жаданай крыніцай для сэнтымэнталізму, які нараджаўся. Княгіня надавала вялікую ўвагу жаночым пэрсанажам, а ў канкрэтным выпадку — вобразу німфы Эноны. Ён становіцца сымбалем самаахвярнага, бязьмежнага каханьня да Парыса (нездарма ў міце німфа кідаецца ў яго пахавальнае вогнішча), але каханьня трагічнага і зьняважанага.

Тэатар барока быў у першай палове XVIII ст. эмблематычным. Як школьная, так і аматарская сцэна гэтага часу ахвотна зьвярталася да розных знакаў і сымбалічных атрыбутаў, якія «тлумачылі» публіцы значэньне пэрсанажа. Не мінула гэта і творы Ф. У. Радзівіл, пра што сьведчыць гравюра М. Жукоўскага з сцэнай «Суд Парыса» з камэдыі «Каханьне — зацікаўлены судзьдзя». На гравюры перад Парысам стаяць антычныя багіні, як знатныя дамы часоў Людовіка XIV, а адзіным указаньнем, што гэта жыхаркі Алімпа, былі сымбалі. На гравюры былі і наіўныя лубяныя дэталі — завітыя баранчыкі і «яблык раздору», якое ў п’есе ўпамінаецца як залатое, яно на гравуры мела нават надпіс — «Самай найпрыгажэйшай».

У 1748 годзе Францішка Ўршуля Радзівіл стварыла сваю першую трагедыю пад назвай «Судзьдзя, пазбаўлены розуму». Дзеяньне адбываецца ў часы імпэратара Дыяклетыяна. У аснове сюжэту — гісторыя хрысьціянскіх пакут сясьцёр Агапіі, Хіёніі і Ірыны, якія загінулі за веру ад рук рымскіх жаўнераў. Неабходна адзначыць, што зьмест трагедыі княгіні супадае зь сюжэтам п’есы для тэатра містэрыі — «Дульцыліюс», якую ў X стагодзьдзі стварыла лаціна-нямецкая паэтка, манахіня-бэнэдыктынка Хратсьвіта Гандэрсгаймская. У «тлумачэньні» да яе п’есы гаворыцца: «Пакутніцтва сьв. дзяўчат: Агапы, Хіоніі і Ірыны, да якіх ціхай ноччу прабраўся патаемна судзьдзя Дульцыліюс, які хацеў насыціцца іх хараством; аднак як толькі зайшоў да іх, страціў розум і замест дзяўчат ціскаў і цалаваў катлы і каструлі да такой ступені, што вельмі запэцкаў у чорны колер твар і аддзенне. Потым загадаў свайму нашчадку Сысыніюсу пакараць дзяўчат. Той жа быў незвычайным чынам ашуканы, але ў выніку загадаў Агапу і Хіону спаліць, а Ірыну застрэліць». Усе апісваемыя падзеі цалкам увайшлі ў сцэнічны варыянт княгіні Ф. У. Радзівіл, а асноўная ўвага надавалася велічы і стойкасьці духу, які не змаглі пахіснуць ні ўгаворы зьмяніць рэлігію, ні катаваньні і зьневажаньні, на знаках боскага заступніцтва.

«Золата ў полымі»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Партрэт Ф. У. Радзівіл зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, XVIII ст.

У 1750 годзе княгіня Францішка Ўршуля Радзівіл паказала нясьвіскаму гледачу адразу чатыры творы: «Золата ў полымі», «У вачах нараджаецца каханьне», «Суцяшэньне пасьля клопату» («Кансаляцыя ў клопатах») і «Гульні Фартуны».

Трагедыя «Золата ў полымі» была пастаўлена 13 студзеня 1750 году ў зноў адкрытым «камэдыягаўзе», які хоць і быў узьведзены за два гады да гэтай падзеі, дакладней, перабудаваны з княскага манэжа ў Нясьвіжы, але затым (часова) быў закрыты, каб пабудаваць складаныя тэатральныя машыны і кулісныя станкі. У аснову свайго новага твора Ф. У. Радзівіл паклала драматычную навэлю «Гісторыя пра Пшэмыслава, князя Асьвенцімскага, і пра Цэцылію, незвычайна цярплівую жонку яго», якая ўваходзіла ў добра вядомыя ў той час «Сваркі сямейныя» Героніма Морштына і, у сваю чаргу, была ні чым іншым, як пераносам на польскую глебу навэлі Бакачыё пра цярплівую сялянку Грызэльду. Яе муж — маркіз Салюццо — падвяргаў яе жорсткім выпрабаваньням, зь якіх яна выходзіла з гонарам. У перапрацоўцы Ф. У. Радзівіл навэля набыла новыя акцэнты, з-за таго што яна пераклала дзеяньне на мову вершаванага драматычнага твора, і твор набыў новую, дастаткова незвычайную форму. Аўтарка адмовілася ад «клясычнай» пабудовы трагедыі і драматычныя сцэны «перамяшала» ў поўным сэньсе гэтага слова з жартаўлівымі пастухоўскімі сцэнамі — «пастарэламі» і балетнымі ўстаўкамі.

І зноў княгіня як бы праектуе сваю эпоху на норавы і звычаі часоў Бакачыё, а ад Г. Морштына захоўвае толькі імёны і канву апавяданьня. Усё астатняе ў трагедыі робіць сваім, звычайным — сармацкім. Італьянская сялянка Грызэльда атрымлівае ў нясьвіскім варыянце ня толькі новае імя — Цэцылія, але і новае сацыяльнае становішча — шляхецтва. Аднак і гэтага аказвалася вельмі мала: Уршуля Радзівіл прыдумвае сваёй гераіні новую «біяграфію»: Цэцылія ня проста шляхцянка, але і прадстаўніца знакамітага роду. Гераіня гаворыць, што яе бацька, калі служыў у князя, быў «адважным рыцарам у баі» і хадзіў у «сэнатарскім званьні», але ўсё згубіў «праз фальшывыя паклёпы і майстэрскую хлусьню» ворагаў-прыдворных. «Шляхецкі гонар» не дазваляў яму апусьціцца нізка, ён быў вышэй за апраўданьні і зьневажэньні, цяпер, з словаў Цэцыліі, маці вымушана «воўну часаць і ткаць палатно на адзеньне», а бацька «хлеб на ральлі збірае ледзь жывы ад голаду».

Цікава заўважыць, што пачынаючы менавіта з гэтага твора Францішка Ўршуля Радзівіл імкнецца да псыхалягічнай матывацыі паводзінаў герояў. Яшчэ далёка да шматграннага паказу характараў, але яскрава бачна жаданьне падкрэсьліць у кожным пэрсанажы тое, што ёсьць галоўным і натуральным, што акрэсьлівае ўчынкі.

Іншыя творы Францішкі Ўршулі Радзівіл, згодна з клясыфікацыяй Ю. Кшыжаноўскага, неабходна аднесьці да таго кола твораў, які можна акрэсьліць як «антычна-ўсходне-пастаральны». На Кіпр пераносіць падзеі Францішка Ўршуля Радзівіл, калі ў камэдыі «У вачох нараджаецца каханьне» гаворыць пра пэрыпэтыі двух закадычных сябраў — караля Паліксэна і князя Філяксыпа. На Кіпры адбываюцца падзеі і іншай камэдыі Ф. У. Радзівіл — «Суцяшэньне пасьля клопату», а 15 жніўня ў нясьвіскім «камэдыягаўзе» гледачам была паказана апошняя камэдыя княгіні — «Каханьне — цудоўная майстрыца». Сюжэт свайго твора Ф. У. Радзівіл таксама запазычыла ў Г. Морштына зь яго «Сварак сямейных». У гэтым празаічным зборніку была навела «Пра Галезюша, сына Дэмакрыта, і Філіду, дачку Арыстыдзеса, шляхціца Кіпрскага каралеўства». У яе аснову пакладзена фабуля навэлі «Дэкамерона», якую Г. Морштын напоўніў польскімі матывамі.

Францішка Ўршуля Радзівіл пайшла далей. У яе вершаванай інтэрпрэтацыі ад рэнэсанснай авантурнай навэлі мала што засталося. Княгіня захавала толькі галоўнае — ідэю пра тое, што сапраўднае каханьне можа зьмяніць чалавека: дурнога прымусіць узяцца за розум, баязьліўца пераўтварыць у адважнага воя, а прастафілю і невука — у адукаванага чалавека.

Ф. У. Радзівіл. З прыватнай калекцыі М. Радзівіла, XVIII ст.

Што ж датычыцца твораў, створаных княгіняй Францішкай Уршуляй Радзівіл у 1752 годзе, то яны маюць беспасярэдняе дачыненьне да опэры. Менавіта ў гэтым годзе яна піша «камэдыі» цалкам зь «сьпевамі», якія ставяць у Нясьвіжы. Першая зь іх — аднаактная опэра. Яна называлася «Шчасьлівае няшчасьце», расказвала пра гісторыю выкраданьня Эўропы Зэўсам, па жанры была вельмі блізкай да папулярнай у XVIII ст. опэры-лібрэта. Другі твор — гісторыка-легендарная опэра ў 5 актах «Сьляпое каханьне ня думае пра вынікі». У аснову яе сюжэта пакладзены грэцкі міт пра цара Мэгары Ніса і яго дачку Сцыллу і крыцкага цара Міноса. Што гэта былі за опэры, цяжка сказаць. Магчыма, што ў іх, як у зынгшпіле або францускай камічнай опэры, музычныя нумары перапляталіся з размоўнымі дыялёгамі. Музыку да іх пісаў скрыпач Ян Цэнтыловіч, прыгонны Радзівілаў, якога яны паслалі навучацца ў Рым і які, калі вярнуўся ў Нясьвіж у 1751 годзе, узначаліў прыдворную капэлу.

Драматургія княгіні Францішкі Ўршулі Радзівіл, архаічная формай і мовай, якая разьвівалася абасоблена і імкнулася да містэрыяў і казак, да арыенталізму, вобразам-маскам камэдыі дэль артэ, выканала сваю гістарычную місію і стала тэатральнай рэліквіяй. Яе п’есы выклікалі цікавасьць сваёй праблематыкай толькі ў вузкім коле радзівілаўскага атачэньня, а пасьля стварэньня прыдворнага тэатру былі забытыя нават у нясьвіскім асяродзьдзі: яны назаўсёды перайшлі ў бібліятэку замка і выклікалі цікавасьць дасьледнікаў толькі ў XX стагодзьдзі.

Пастаноўкі твораў Францішкі Ўршулі Радзівіл былі апошнімі ў гісторыі сцэны Нясьвіжу і па сьмерці князя Рыбанькі ў 1762 годзе больш не ставіліся.

Драматычныя творы Францішкі Ўршулі Радзівіл былі падрыхтаваны да друку Якубам Побугам Фрычынскім і надрукаваны ў Жоўкве ў 1754. Аб'ёмісты фаліянт пад назваю «Камэдыі і трагедыі, складзеныя... яснавяльможнай княгіняй з князёў Вішнявецкіх Карыбутаў Радзівіл» уключае ў сябе дзевяць камэдый, пяць трагедый і дзьве опэры (паводле жанравых дэфініцый, занатаваных у выданьні). Гэтае выданьне аздоблена гравюрамі зь медзі работы львоўскага мастака М. Жукоўскага. Існуе некалькі экзэмпляраў кнігі, надрукаваных бяз даты, на добрай паперы, з адрозненьнем як у тытульных лістах, так і ў тэксьце. Экзэмпляр, што знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, хутчэй ёсьць паўторным выданнем.

Творчая спадчына княгіні Францішкі Ўршулі Радзівіл лічыцца каштоўным гістарычна-літаратурным дакумэнтам. Яна складаецца з шаснаццаці трагедый і камэдый. Пісьменьніца нават спрабавала свае магчымасьці ў напісаньні опэрных лібрэта. Пастаноўкі п'ес Францішкі Ўршулі Радзівіл адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Аднак пасьля сьмерці Міхала Казіміра ў 1762 п'есы яго жонкі сталі тэатральнай рэліквіяй і выклікалі цікавасьць толькі ў вузкім коле радзівілаўскага асяродзьдзя. А пасля стварэньня прыдворнага тэатра пра іх забылі. Чарговы ўздым нясьвіжскага тэатра пачаўся з 1777, калі з эміграцыі вярнуўся яе сын Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».

Доўгі час імя Францішкі Уршулі было невядома шырокаму чытачу. Толькі ў 2003 годзе ў сьвет выйшла кніга выбраных твораў у беларускім перакладзе. Пераклад шэрагу твораў Францішкі Ўршулі Радзівіл на беларускую мову зьдзейсьнілі Натальля Русецкая, Натальля Гардзіенка, Андрэй Хадановіч, Жанна Некрашэвіч-Кароткая ды іншыя.

  1. ^ а б Franciszka Urszula Radziwiłłowa // CERL Thesaurus (анг.)Consortium of European Research Libraries.
  2. ^ Franciszka Urszula Radziwiłłowa (z domu Wiśniowiecka) // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  3. ^ а б в Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu (пол.)Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 387, 391. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
  4. ^ а б Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu (пол.)Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 404. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
  5. ^ Radziwiłłowie herbu Trąby (пол.)Warszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  6. ^ Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu (пол.)Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 394. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
  7. ^ а б в г д е Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu (пол.)Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 396. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
  8. ^ Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
  9. ^ Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu (пол.)Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 395. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
  10. ^ Czamańska I. Wiśniowieccy: monografia rodu (пол.)Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2007. — С. 391. — 552 с. — ISBN 978-83-7177-229-0
  11. ^ 13 лютага — 300 год з дня нараджэння Францішкі Уршулі Радзівіл (1705—1753), пісьменніцы, драматурга. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 12 студзеня 2011 г.
  12. ^ Белявец А. Золата на чорным // Мастацтва, ліпень 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]