Перайсьці да зьместу

Язэп Драздовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Язэп Драздовіч

лац. Jazep Drazdovič
Дата нараджэньня 1 (13) кастрычніка 1888
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 15 верасьня 1954(1954-09-15) (65 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Адукацыя Віленская рысавальная школа Трутнева
Месца вучобы
Занятак жывапіс, графіка, маляванка, разьба па дрэве
Навуковая сфэра малярства[1], гістарычны жывапіс[1], кніжная графіка[d][1], скульптура[1], этнаграфія[1], фальклярыстыка[1], археалёгія[1], творчае і прафэсійнае пісьмо[d][1] і мастацкая адукацыя[d][1]
Месца працы
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Драздовіч.

Язэ́п Нарцы́завіч Драздо́віч (13 кастрычніка 1888, засьценак Пунькі, цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці — 15 верасьня 1954, мястэчка Падсьвільле) — беларускі мастак, археоляг, пісьменьнік, этнограф і фальклярыст першай паловы XX стагодзьдзя. Псэўданімы: Язэп Нарцызаў, Язэп Народнік, Язэп Забыты.

Дзяцінства й маладосьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Язэп Драздовіч з маці і старэйшымі братамі. Дзісна, 1907 год

Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 году ў засьценку Пунькі Дзісенскага павету Віленскай губэрні ў сям’і зьбяднелага шляхціца-арандатара. Сям’я Язэпа, у якой акрамя яго было пяцёра дзяцей, рана згубіла бацьку і была вымушана зьмяніць нямала месцаў жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучобу Язэп пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу вядомага расейскага жывапісца Івана Трутнева. Цягам чатырох гадоў Язэп засвойваў азы мастацтва і праходзіў курс акадэмічнага маляваньня і малярства. З-за нястачы малады Драздовіч падрабляў у мастацкіх майстэрнях, плянаваў выехаць па заробкі за мяжу.

Творчае станаўленьне Язэпа Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду беларускага нацыянальнага адраджэньня. У гэты час Драздовіч робіць першыя крокі ў мастацтве: стварае сэрыю графічных работ з краявідамі роднай Дзісеншчыны, аздабляе вокладку «Першага беларускага календара на 1910 год», выдадзенага «Нашай Нівай», кнігу Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» у 1914 годзе..

У 1910 годзе Язэп Драздовіч быў прызваны ў расейскае войска. Пасьля двух гадоў службы ў Саратаве ён скончыў курсы фэльчараў і пачаў працаваць у амбулаторыі. Першую сусьветную вайну Драздовіч сустракае ў дзеючай арміі, пры запасным батальёне. Цяжкія варункі працы прывялі да таго, што мастак захварэў на брушны тыфус і на два месяцы трапіў ў шпіталь. Пасьля сямімесячнага адпачынку з адведваньнем радзімы Драздовіч вяртаецца ў войска.

Язэп Драздовіч на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні, 1921 год

У 1917 годзе, пасьля сямі гадоў службы, Язэп Драздовіч вяртаецца дамоў. Ён з аптымізмам вітаў Першы Ўсебеларускі кангрэс. У лісьце да Антона Грыневіча Драздовіч выказаў задуму аб арганізацыі акадэміі мастацтваў. На сваёй малой радзіме мастак стварыў народную бібліятэку, аматарскі тэатар.

У 1919 годзе, пасьля стварэньня БССР, Драздовіч прыехаў у Менск. У гэты час ён стаў настаўнікам маляваньня ў Беларускай вышэйшай жаночай школе, працаваў ілюстратарам у літаратурных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам у Таварыстве беларускага мастацтва і Беларускім дзяржаўным тэатры[2], арганізаваў культурна-асьветнае таварыства «Заранка». У Менску Драздовіч стварыў сэрыю ўнікальных малюнкаў гістарычных раёнаў гораду — Замчышча, Верхняга Гораду, Татарскага прадмесьця. Дасьледаваў рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Сьвіры.

Віленская беларуская гімназія. Мастацкая майстроўня. Зь левага боку сядзіць Язэп Драздовіч. 1927 год

Пасьля падпісаньня ў 1921 годзе Рыскай дамовы, паводле каторай Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы, Язэп Драздовіч пакінуў Савецкую Беларусь і вярнуўся на родную Дзісеншчыну. Нягледзячы на перашкоды польскіх уладаў, ён разгортвае тут культурна-асьветніцкую дзейнасьць. У 1921 годзе Драздовіч арганізаваў у вёсцы Сталіца беларускую школу, якая, аднак, праіснаваўшы толькі тры месяцы, была зачыненая польскай адміністрацыяй.

У гэты ж час Язэп Драздовіч спрабуе займацца літаратурнай дзейнасьцю. Бярэцца за напісаньне гістарычнага раману пра часы Полацкага княства «Гарадольская Пушча», які аздабляе ўласнымі ілюстрацыямі. У 1923 годзе была выдадзена і прыхільна сустрэта беларускай грамадзкасьцю аповесьць Драздовіча «Вялікая шышка».

Аўтабіяграфія. На досьледах старажытных гарадзішчаў. 1930-47

Язэп Драздовіч супрацоўнічаў зь Віленскім беларускім музэем імя Івана Луцкевіча. Дзеля папаўненьня экспазыцыі музэю ён займаўся раскопамі гарадзішчаў, зьбіраў фальклёр, ствараў шматлікія замалёўкі прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялянаў. З гэтай мэтай у 1926 годзе Драздовіч выправіўся ў навукова-творчую экспэдыцыю на Піншчыну, а ў наступныя гады наведаў Трокі, Вільню, Меднікі, Крэва, Гальшаны, Ліду, Наваградак, Любчу, Мір. У выніку гэтых вандровак, якія ахапілі амаль усю Заходнюю Беларусь, зьявіліся ёмістыя альбомы графікі, якія зьяўляюцца непаўторнай зьявай у беларускім мастацтве.

У другой палове 1920-х Язэп Драздовіч выкладаў маляваньне ў Глыбоцкай школе, Наваградзкай і Радашкавіцкай беларускіх гімназіях. З 1926 году Драздовіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, пры якой стварыў мастацкую студыю-майстроўню. Пры студыі Язэп Драздовіч гуртаваў маладых беларускіх мастакоў, сярод якіх былі Васіль Сідаровіч, Мікола Васілеўскі, Раман Семашкевіч.[3]

Драздовіч усталяваў шчыльныя сувязі з Інстытутам беларускай культуры ў Менску (з 1929 году — Акадэмія Навук), дасылаў замалёўкі і абмеры драўлянай архітэктуры і прадметаў сялянскага побыту. За мастацкія і навуковыя працы неаднаразова ўзнагароджваўся прэміямі Акадэміі навук. Супрацоўнічаў з сатырычным часопісам «Маланка», Таварыствам беларускай школы (ТБШ).

На пачатку 1930-х Драздовіч непрацяглы час працуе на Беласточчыне на запросіны ТБШ: афармляе спэктаклі на аматарскай сцэне таварыства, удзельнічае ў працы каапэратыўнага выдавецтва «Сяўба».

Адметнай рысай Язэпа Драздовіча было ягонае апантанае захапленьне космасам. У 1931 годзе Драздовіч выдаў у Вільні першую на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорыяў, у прыватнасьці, аб паходжаньні плянэт Сонечнай сыстэмы і вярчэньні Зямлі. Выданьне ўпрыгожылі ўласныя малюнкі аўтара. У 1931—1933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма сэрыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыцьцё на Марсе», «Жыцьцё на Сатурне» і «Жыцьцё на Месяцы».

Аўтапартрэт, 1943 год

У 1933 годзе Драздовіч вяртаецца на Дзісеншчыну да брата Канстантына. Тут, на малой радзіме, мастак стварыў вялікую колькасьць графічных і жывапісных твораў. Язэп Драздовіч працягнуў супрацоўніцтва зь Беларускім музэем імя Івана Луцкевіча, дасылаючы туды замалёўкі замчышчаў, гарадзішчаў, сялянскай архітэктуры і побыту. Разам зь Міхасём Машарам і Янкам Пачопкам Драздовіч стварыў культурны асяродак у Летніках і Германавічах. Штогод улетку мастак выпраўляўся ў вандроўкі па краі, падчас якіх вырабляў для вяскоўцаў шматлікія маляваныя дываны і партрэты.

Пасьля далучэньня ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да БССР Язэп Драздовіч вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і працаваў настаўнікам у Глыбокім і Лужках. З-за нястачы настаўнікаў ён быў вымушаны выкладаць усе прадметы, у тым ліку астраномію, маляваньне і гісторыю. Пэдагагічная дзейнасьць Драздовіча перапынілася ў 1941 годзе з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Тым ня менш, падчас акупацыі Драздовіч працягнуў творчую дзейнасьць і стварыў шэраг мастацкіх палотнаў.

Пасьля заканчэньня вайны з-за праблем са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай заробку мастака былі маляваныя дываны для сялянаў. Зрэдку пісаў краявіды, партрэты. Савецкія чыноўнікі ад ідэалёгіі і культуры ставіліся да творчасьці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Прыкладам таму служыць унікальны росьпіс сталоўкі ў Лужках, які быў зафарбаваны на загад полацкага чыноўніка. Драздовіч ніколі ня быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.

Мастак трагічна памёр. Беспрытомнага «дзядзьку Язэпа» знайшлі на дарозе сяляне. Яго адвезьлі ў Падсьвільскі шпіталь, дзе празь некаторы час ён памёр. Пахаваны Язэп Драздовіч у вёсцы Ліпляні Глыбоцкага раёну. На магіле стаіць стэла з барэльефам мастака скульптара Алеся Шатэрніка.

«Вечны вандроўнік», помнік Язэпу Драздовічу

Аўтар жывапісных і графічных работаў на гістарычныя тэмы: «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брамка будучыні» і іншых. У 1910—1920 гадах стварыў графічныя сэрыі «Старажытная будоўля на Беларусі», асобныя лісты «Менск. Высокае Места», «Месца ўпадзеньня Нямігі ў Сьвіслач», партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, асобныя лісты: «Пажар гарадзішча», «Пажар у замку» і іншыя, жывапісныя эцюды. Напісаў жывапісныя палотны з жыцьця старажытнай Полаччыны, а таксама карціны, прысьвечаныя Францішку Скарыну. Працаваў як скульптар: бюст Францішка Скарыны; барэльефы: партрэт маці паэта Міхася Машары, фальклярыста Антона Грыневіча, журналіста, айца А. Пачопкі. Запісваў фальклёр, апрацоўваў для слоўнікаў народную лексыку. Дасьледаваў у Менску рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Сьвіры. Супрацоўнічаў з Іванам і Антонам Луцкевічамі, заснавальнікамі Беларускага музэю ў Вільні, у які дасылаў матэрыялы, знойдзеныя ў час раскопак у Наваградку.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Язэп Драздовіч. Марка Белпошты (1994)

У гады савецкай улады творчая спадчына Язэпа Драздовіча ігнаравалася афіцыйнымі ўладамі, бо не стасоўвалася з камуністычнымі ўяўленьнямі аб мастацтве. Імя мастака зноў атрымала шырокую вядомасьць дзякуючы пісьменьніку Арсеню Лісу, які ў 1984 годзе выдаў кнігу «Вечны вандроўнік», прысьвечаную жыцьцю і творчасьці Драздовіча.

У наш час у гонар Язэпа Драздовіча названа вуліца ў менскім мікрараёне Лошыца, вуліцы ў Воршы, Маладэчне, Наваградку, Глыбокім, Шаркоўшчыне, Радашкавічах, Ліплянах.[4] На магіле ў вёсцы Ліпляні Глыбоцкага раёну пастаўленая стэла з барэльефам мастака скульптара Алеся Шатэрніка, помнік Язэпу Драздовічу скульптара Ігара Голубева ўпрыгожвае Траецкае прадмесьце Менску.

Язэп Драздовіч працаваў у Глыбокім у гімназіі настаўнікам маляваньня. Бюст Язэпу Драздовічу пастаўлены на алеі славутых землякоў на гістарычным Рынку. Памятную шыльду, якую вырабіў Аляксандар Тухто, усталявалі на доме № 111 па вуліцы Генрыка Сянкевіча (сучасная вуліца Максіма Горкага).[5]

Творы Драздовіча захоўваюцца ў Нацыянальным музэі Летувы, Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музэі, у Музэі старажытнай беларускай культуры, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа, Музэі Якуба Коласа, у некаторых рэгіянальных мухэях Беларусі і ў прыватных калекцыях. У Германавічах, на малой радзіме мастака, дзякуючы намаганьням мясцовых жыхароў існуе грамадзкі «Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча», у якім экспануецца вялікая колькасьць твораў мастака.

Навукова-практычная канфэрэнцыя «Язэп Драздовіч. Асоба. Творчасьць» адбылася ў Віцебску 20 — 22 траўня 1993 году.[6] Навукова-краязнаўчая канфэрэнцыя «Шляхамі Язэпа Драздовіча» была праведзеная ў красавіку 2013 году ў Маладэчне.[7][8][9]

29 лістапада 2019 году ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі ў Менску адкрыўся новы разьдзел пастаяннай экспазыцыі — «Сусьвет Язэпа Драздовіча» і віртуальны архіў-музэй Язэпа Драздовіча[10][11].

25 чэрвеня ў залі Беларускае Гімназіі ў Вільні адчынена беларуская вучнёўская выстаўка малюнкаў. Скончыцца выстаўка 5-га ліпеня. На выстаўцы ёсьць абразы вучнеў Віленскай і Радашкоўскай Беларускай Гімназіі ды апрача таго мастака Язэпа Драздовіча, каторы быў ініцыятарам і арганізатарам выстаўкі. Гэткія вучні далі свае малюнкі: А. Быхавец, М. Васілеўскі, С. Жураўлёў, Я. Казлоўскі, Л. Маргайлік, М. Сеўба, С. Сьлізьняк, В. Сідарэвіч, Я. Хвораст і М. Якімец. З паміж абразоў Драздовічавых асаблівую ўвагу на сябе зварочуюць рысункі пяром[13].
  • 1928 — Менск, красавік—травень. Першая Ўсебеларуская выстаўка краязнаўчых фатаграфій і замалёвак. 100 замалёвак «Начыньне і прылады».[14]
  • 1932 — Вільня. травень. Выстава Таварыства Незалежных Артыстаў. «Вароты ідэалаў», алей.[15]
  • 1979 — Менск. Палац Мастацтваў.

  • 1993 ― Віцебск, травень ― ліпень. «Летуценьні Язэпа Драздовіча».[6]
  • 1993 — Менск. Язэп Драздовіч 1888―1954. «Шлях да сваёй зоркі…»[16]
  • 1998 — Менск. Да 110-годзьдзя з дня нараджэньня Язэпа Драздовіча. Палац Мастацтваў і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа.[17]
  • 1999 — Заслаўе. «Зямля й космас Язэпа Драздовіча».[18]
  • 2008 — Менск. Да 120-годзьдзя з дня нараджэньня Язэпа Драздовіча.[19]
  • 2009 ― Віцебск, лістапад. «Язэп Драздовіч: Прыйдзе час…»[20]
  • 2010 ― Лепель, 20 лютага ― 20 сакавіка 2010 году. Выстава «Язэп Драздовіч ― легенда зямлі беларускай» у Лепельскім краязнаўчым музэі.
  • 2018 — Менск. 1 чэрвеня ― 30 лістапада. Выстава «Сусьвет Язэпа Драздовіча» у Нацыянальным мастацкім музэі з калекцый шасьці беларускіх музэяў і прысьвечана 130-годзьдзю з дня нараджэньня мастака. Жывапіс, скульптура, маляванкі, графіка. Гэтая выстава таксама была прысьвечана аднаму зь першых дасьледчыкаў творчасьці Язэпа Драздовіча — Арсенію Лісу (1934—2018), які ў 1984 годзе напісаў кнігу пра мастака «Вечны вандроўнік».[21][22]

  • Язэп Драздовіч. «Марсіянскія хронікі Язэпа Драздовіча» = Жыцьцё на Марсе. (Урыўкі з рукапіснай кнігі) // Новы час: «Літаратурная Беларусь» № 9 (121) : газэта. — Менск: «Час навінаў», 23 верасьня 2016. — № 36 (501). — С. 12, 13.
  • Фальклорныя скарбы Язэпа Драздовіча. / Падрыхтаваў да друку Вячаслаў Мартысюк. Прадмова Арсеня Ліса // Беларускі фальклор: матэрыялы і даследаваньні. : Зборнік навуковых прац. — Мінск: «Выдавецкі дом «Беларуская навука», 2016. — В. 3. — С. 285—353.
  • Язэп Драздовіч. Касмічная адысея Язэпа Драздовіча: малавядомыя тэксты. (Да 130-годдзя Язэпа Драздовіча). Падрыхтоўка публікацыі і прадмова Ліі Кісялёвай // Дзеяслоў : часопіс. — 2018, 26 лістапада. — № 95. — С. 179—193.
  • Язэп Драздовіч. Моўная і этнаграфічная спадчына: архіўныя матэрыялы. Зьмест: 1. Беларуска-руская тэрміналогія па анатоміі і фізіялогіі цела чалавека; 2. Тэмытычныя словазборы: падрыхтоўчы матэрыял для беларускага слоўніка; 3. Батанічны слоўнік вёскі Рымкі Я. Драздовіча / У. Павалковіча (?); 4. Беларускі слоўнік; 5. Краёвы слоўнік Піншчыны; 6. Пінскія словазборы; 7. Пінскія падрыхтовачныя матэрыялы; 8. Краёвы слоўнік Дзісеншчыны; 9. Этнаграфічныя малюнкі; 10. Гукаперайманні і выклічнікі; 11. Устойлівыя адзінкі Дзісеншчыны; 12. Беларускія народныя песні; 13. Лісты, запісы / Ірына Галуза. — Менск: Беларуская навука, 2022. — 677 с. — 300 ас. — ISBN 978-985-08-2860-6

Крытыка, рэцэнзіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б в г д е ё ж з Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Я. К.. Беларускі тэатр. // Беларусь : газэта. — 1920, 8 сакавіка. — № 52 (108). — С. 4.
  3. ^ Буйвал, В. Фердынанд Рушчыц. Каля касьцёла. // Мастацтва Беларусі : часопіс. — 1985. — № 12. — С. 64.
  4. ^ Імёны Свабоды: Язэп Драздовіч // Радыё Свабода, 2006
  5. ^ Тацьцяна Смоткіна. Дошку ў гонар Язэпа Драздовіча адкрылі ў Глыбокім (бел.) // Беларускае Радыё Рацыя, 23 лютага 2020 г.
  6. ^ а б Галіна Каржанеўская, Пётра Васілеўскі. «Мяне яшчэ пашукаюць…» (Пра навук.-практ. канферэнцыю: Язэп Драздовіч — асоба, творчасьць). / Гал. рэд. Мікола Гіль // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: Беларускі дом друку, 19 — 25 чэрвеня 1993. — № 25 (3695). — С. 6, 7.
  7. ^ «Творчасць Драздовіча — прыклад нацыянальнага мастацтва»Рэгіянальная газета»).
  8. ^ «Творчасць Драздовіча — прыклад нацыянальнага мастацтва». 21.by]
  9. ^ «Шляхамі Язэпа Драздовіча», навукова-краязнаўчая канферэнцыя «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»
  10. ^ Ксенія Ліцвіноўская. «Касмічная опера» Язэпа Драздовіча. 30-11-2019. Новы час.
  11. ^ Новы раздзел пастаяннай экспазіцыі — «Сусвет Язэпа Драздовіча». Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
  12. ^ «Каталёг 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі». — Менск: 1925. — С. 13. — 44 с. — 2000 ас.
  13. ^ Вучнёўская выстаўка малюнкаў. // Родные гоні : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, чэрвень. — № 4. — С. 46.
  14. ^ Шашалевіч А. Першая Усебеларуская выстаўка краязнаўчых фатаграфій і замалёвак. / С. Плаўнік // Наш Край : штомесячнік Цэнтральнага Бюро Краязнаўства пры Інстытуце Беларускай Культуры. — Менск: люты— сакавік 1928. — № 6—7 (33—34). — С. 3—10, 8.
  15. ^ Хроніка: Працы мастакоў-беларусаў. // Беларускі звон : газэта. — 1932, 27 траўня. — № 15 (40). — С. 4.
  16. ^ Язэп Драздовіч 1888―1954. Шлях да сваёй зоркі… / аўтар тэксту Т. В. Габрусь, рэдактар Ю. І. Дзянісаў, макет і афармленьне мастака А. А. Жданоўскай. — Менск: ДВПМП «Інфаармпрагрэс», 1993. — 28 с. — 5000 ас.
  17. ^ Т. Жук. «Любіў сусьвет і родную зямлю.» / Гал. рэд. Уладзімер Някляеў // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: Беларускі дом друку, 23 кастрычніка 1998. — № 43. — С. 4.
  18. ^ Юрась Малаш. «Зямля і космас Язэпа Драздовіча». — Заслаўе: 1999. — 11 с.
  19. ^ Язэп Драздовіч. Каталёг выставы з фондаў музея старажытнабеларускай культуры, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы, НАН Беларусі : да 120-годдзя з дня нараджэння мастака. / складальнікі тэксту: Л. Агеева, С. Беляева, Н. Дзямідава ; пад рэдакцыяй В. І. Жука ; фота М. Мельнікава. — Менск: 2008. — 21 с.
  20. ^ Язэп Драздовіч у Віцебскім краязнаўчым музэі Радыё Свабода
  21. ^ Лія Кісялёва. Космас: тэксты і выявы. «Сусвет Язэпа Драздовіча»: у Нацыянальным мастацкім музеі. / Алена Каваленка // Мастацтва : часопіс. — Менск: «Культура і мастацтва», 2018. — № 8 (425). — С. 14―17.
  22. ^ Выстава «Сусвет Язэпа Драздовіча» ў Нацыянальным мастацкім музэі.
  23. ^ Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна. // Новае жыцьцё : газэта. — 1923, 27 красавіка. — № 8. — С. 4.

  • Вакар, Л. У. Тыпалагічны аналіз творчасці Язэпа Драздовіча // Весьнік Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту : часопіс. — 1996. — № 1. — С. 86—90.
  • Галуза, Ірына. Тэрміналагічныя словазборы Язэпа Драздовіча.  (бел.) // Acta Albarutenica. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2019. — Т. 19. — С. 207—230. — ISSN 1898-8091.
  • Грамыка, М. В. Беларускі пейзажны жывапіс першай паловы XX стагоддзя. — Мінск: Беларуская навука, 2011. — С. 11, 12, 27, 28, 54, 60. 61, 79, 82, 103, 105, 107, 109—111, 113, 114, 139, 140, 142, 143,148. — 167 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-08-1348-0
  • Грудзінава, М. В. Літаратурная творчасьць Язэпа Драздовіча: інтэмедыяльны асьпект. // Весьці Нацыянальнай акадэміі навук. Серыя гуманітарных навук : часопіс. — Мінск: «Беларуская навука», 2016. — № 4. — С. 93—98. — ISSN 0321-1649.
  • Драздовіч, Язэп. / пад рэд. А. В. Мальдзіса ; рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. : энцыкляпэдыя. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — Т. 2: Верабей — Іваноў. — С. 340—350. — ISBN 5-85700-075-0.
  • Драздовіч, Язэп Нарцызавіч.// Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1 С. 148—149.
  • Драздовіч, Язэп Нарцызавіч. // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 2: Габой — Карціна. — 702 с. — 9500 ас. С. 340—350.
  • Драздовіч, Язэп Нарцызавіч.// Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9. С. 177—178.
  • Язэп Драздовіч — асоба, творчасьць. Матэрыялы навук.-практ. канферэнцыі (20 — 22 траўня 1993 г.; Віцебск, Менск). / Уклад. В. Лабачэўскай. — Менск: Бел. ін-т праблем культуры, 1997. — 87 с. — 250 ас.
  • Язэп Драздовіч: «Прыйдзе час…» Зборнік матэрыялаў да 120-годдзя з дня нараджэньня мастака. / пад рэдакцыяй М. Цыбульскага. — Беларускі саюз мастакоў, Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча (вёска Германавічы). — Смаленск: Зубр, 2008. — 229 с. — 300 ас.
  • Зайкоўскі, Э. М.. Драздовіч, Язэп Нарцызавіч. // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Менск: БелЭн, 1993. — 702 с.: іл. ISBN 5-85700-077-7. С. 231.
  • Каржанеўская Галіна. «Ляту і аглядаю з вышыні палёту…» Пра дзёньнік Язэпа Драздовіча. / Гал. рэд. Мікола Гіль // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: Беларускі дом друку, 13 сакавіка 1992. — № 11 (3629). — С. 6, 7.
  • Каржанеўская, Галіна. Васілеўскі, Пётра. «Мяне яшчэ пашукаюць…» (Пра навук.-практ. канферэнцыю: Язэп Драздовіч — асоба, творчасьць). / Гал. рэд. Мікола Гіль // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: Беларускі дом друку, 19 — 25 чэрвеня 1993. — № 25 (3695). — С. 6, 7.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]