Зоська Верас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Зоська Верас
Зоська Верас. 1914.jpg
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік
Псэўданімы Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка
Нарадзілася 30 верасьня 1892(1892-09-30)
пас. Мяджыбаж, Хмяльніцкая вобласьць, Украіна
Памерла 8 кастрычніка 1991(1991-10-08) (99 гадоў)
Вільня, Летува
Пахаваная Летува
Сужэнец Фабіян Шантыр і Антон Войцік
Дзеці Галіна Войцік
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік, паэтка, перакладніца
Творы на сайце Knihi.com

Зо́ська Ве́рас, сапр. Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік (30 верасьня 1892, пас. Мяджыбаж, цяпер Летычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласьць, Украіна — 8 кастрычніка 1991, Вільня; псэўданімы: Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка) — беларуская пісьменьніца й грамадзкая дзяячка. Адна з пачынальніц беларускага адраджэнцкага руху, пад псэўданімам Мірко друкавалася ў 1911 годзе ў «Нашай Ніве»[1][2], актыўная ўдзельніца падзеяў беларускай гісторыі часоў БНР[3]. Аўтарка і складальніца «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (1924), брашуры «Гісторыя ўжываньня зёлак у лячэньні» (1934), кнігі вершаў і апавяданьняў для дзяцей «Каласкі» (1985), перакладаў п’есаў на беларускую мову, выданьняў сваіх успамінаў і іншага.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зоська Верас у сцэнічным касьцюме. 1913 год

Нарадзілася ў сям’і вайскоўца Антона Сівіцкага й Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны[4] ў 1892 годзе. Як і ў шмат якіх шляхецкіх сем’ях, дома размаўлялі па-польску[4][5].

Гісторык Генадзь Каханоўскі зацікавіўся постацьцю прадзеда Людвікі Сівіцкай Ігната Кулакоўскага, які яшчэ ў 1834 годзе ў лісьце на імя расейскага міністра асьветы пісаў пра неабходнасьць даць беларускаму народу адукацыю «с учётом национальной самобытности здешних людей». Праўнучка захавала дыплём аб выбраньні дасьледчыка беларускіх старажытнасьцяў і пэдагога Ігната Кулакоўскага сябрам Навуковага таварыства ў Даніі. Ён меў гонар таксама быць сябрам навуковых таварыстваў у Вільні, Варшаве, Пецярбургу[4].

Дзед Людвікі па матчынай лініі Людвік Садоўскі быў знатным пчаляром і садаводам, ён вучыўся ў Варшаве ў К. Лявіцкага, імем якога названая канструкцыя рамачнага вульля, прапанаваная Лявіцкім у 1882 годзе.[6] Людвік добра ведаў беларускую мову й карыстаўся ёю ў размовах зь сялянамі[4].

Бацька Людвікі, Антон Міхайлавіч Сівіцкі, быў родам з Горадні, скончыў Гарадзенскую мужчынскую гімназію[7], называў сябе ліцьвінам[5], ён шмат чытаў, любіў паэзію, ягонымі ўлюбёнымі паэтамі былі Адам Міцкевіч і Ўладзіслаў Сыракомля[5].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьведчаньне сябра Рады БНР на імя Людвікі Сівіцкай

Пачатковую адукацыю, у тым ліку й музычную, атрымала ад бацькоў[5][8], а ў 1904 паступіла ў прыватную гандлёвую вучэльню Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 жыла ў Луцку на Валыні. Пасьля сьмерці бацькі ў 1908 пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі (па іншых крыніцах — маёнтак Крыштапарова) Сакольскага павету. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая месьцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Горадні (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы[8] й 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914).

3 1915 у Менску. Працавала сакратаркай у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацыяў, Беларускай сацыялістычнай грамадзе. У тым жа годзе пазнаёмілася з Фабіянам Шантырам, які быў на 5 гадоў старэйшым за яе[9]. У іх завязаліся рамантычныя адносіны. Фабіян жыў у Бабруйску, але часта наведваўся ў Менск. Ён удзельнічаў у рабоце клюбу «Беларуская хатка» ў 1916—1917 і быў актыўна залучаны ў грамадзкім жыцьці. Зоська таксама наведвала яго ў Бабруйску, нават пасьля арышту Фабіяна, які адбыўся ў 1918 годзе, у выніку чаго Шантыр апынуўся ў Бабруйскай турме. У сваіх лістах і ўспамінах З. Верас называе Ф. Шантыра мужам, але расьпісацца ім ня склалася[9]. У лісьце да Ванды Лявіцкай Зоська ўскладае віну за гэта на Рамуальда Зямкевіча, які, па яе словах, узьвёў паклёп на яе ў вачах Шантыра[9].

У канцы 1918 году З. Верас пакідае Менск з прычыны хваробы маці й вяртаецца ў маёнтак дзеда — Альхоўнікі[9]. У 1919 годзе ў Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, ягоны бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны ў 1920 г[4]. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка Антонаўна пісала вершы, прысьвечаныя найчасьцей малому сыночку. У 1922 годзе Людвікін дзед памёр, і маёнтак давялося прадаць[8].

У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з Антонам Войцікам пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэваў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася ва Ўкраіне[8] У 1926 годзе Зоська Верас выйшла замуж за Антона Войціка, маладыя павянчаліся ў віленскім Касьцёле Сьвятога Міколы[10]. У гэтым шлюбе 1 ліпеня 1927[11] нарадзілася дачка Галіна Войцік, па мужы Луцкевіч.

У 1924—1929 гг. працавала адміністратаркай рэдакцыі газэтаў Беларускай сялянска-рабочай грамады, у 1927—1931 гг. — рэдактар дзіцячага часопіса «Заранка», пісала для яго апавяданьні, а ў 1934—1935 гг. — дзіцячага часопіса «Пралескі», у 1928—1939 гг. — старшыня Беларускага каапэратыўнага таварыства «Пчала», адначасова (1934—1938) — рэдактар пчалярскага часопіса «Беларуская борць» (Вільня).

У 1946 годзе Антона Шантыра арыштавалі і асудзілі. Ні маці, ні сястра ня ведалі, дзе знаходзіцца Антон й што зь ім[12]. Пасьля таго, як у 1944 годзе была закрытая Віленская беларуская гімназія, у 1945 годзе ліквідаваны Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, а ў 1948 годзе раптоўна памёр муж, у жыцьці пісьменьніцы наступіў цяжкі пэрыяд, які пазьней яна звала «летаргічным сном».

У 1956 годзе Антон нечакана вярнуўся дамоў са сталінскіх лягераў, цяжка хворы[13]: 10 гадоў ён быў пазбаўлены права ліставацца з маці[4].

Толькі ў 1961 годзе Зоська Верас была «адкрытая» Арсенем Лісам, які зьбіраў у віленскіх архівах матэрыял для сваёй дысэртацыі, пасьля гэтага яе пачалі наведваць пісьменьнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты. У канцы 1980-х вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільні. Чалец СП СССР (з 1982).

Памерла ў 1991 г., пахаваная на Панарскіх могілках побач з магіламі маці, мужа й сына[4].

Грамадзкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Запіска Максіма Багдановіча Зосьцы Верас, напісаная падчас гульні моладзі на вечарыне г. Менск. 1917 г.

Удзельніца Гарадзенскага гуртку беларускай моладзі (1909—1913), дзе працавала бібліятэкарам і сакратаром[8]. Падчас удзелу ў гуртку грала ў пастаноўцы п’есы «Па рэвізіі» ў лютым 1910 году Пантурчыху, а ў «Модным шляхцюку» ў лютым 1911 году — Ганку. Паказ апошняй прайшоў на кватэры ў Верас[7]. Удзельнічала ў выданьні альманаха «Колас беларускай нівы» (Горадня, 1913). Кантактавала з газэтай «Наша Ніва», віленскімі выдавецтвамі, перапісвалася з Іванам Луцкевічам, Вацлавам Ластоўскім, Аляксандрам Уласавым.

У час Першай сусьветнай вайны разам з маці, Эміліяй Сівіцкай, эвакуявалася ў Менск. Супрацоўнічала зь «Беларускай хаткай», дзе пазнаёмілася зь Ядвігіным Ш. і яго дачкой Вандай Лявіцкай, а таксама з Аркадзем Смолічам і Уладзіславам Галубком, пасябравала з Максімам Багдановічам. У 1916—1917 працавала ў Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1917 годзе Зоська Верас удзельнічае ва Ўсебеларускім кангрэсе. У 1918 годзе Людвіка Сівіцкая — сябра Рады БНР[14].

З 1923 годзе жыла ў Вільні. Апекавала беларускіх палітычных вязьняў, якія сядзелі ў віленскай турме «Лукішкі». Вынесла з «Лукішак» вершы Міхася Машары й выдала за свой кошт яго першы зборнік «Малюнкі» (1928)[15]. Друкуе свае творы ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка», дзе выступае разам з Натальляй Арсеньневай.

Верас вяла перапіску й сябравала са шматлікімі беларускімі грамадзкімі дзеячамі ды літаратурнымі асобамі[1]: Віталем Скалабанам, Янкам Саламевічам, Данутай Бічэль-Загнетавай, Зыгмунтам Абрамовічам, Ларысай Геніюш, Вольгай Іпатавай, Сяргеем Панізьнікам, Уладзімерам Содалем і г. д.

У «Лясной хатцы» бывалі пісьменьнікі Ўладзімер Караткевіч, Яраслаў Пархута, Рыгор Барадулін, Ларыса Геніюш, Данута Бічэль-Загнетава, Алесь Бачыла, мастакі Аляксей Марачкін, В. Маркавец, Яўген Кулік, Мікола Цэлеш, Вячаслаў Целеш, А. Цыркуноў, вучоныя-літаратуразнаўцы Адам Мальдзіс, Янка Саламевіч, Генадзь Кісялёў, Віталь Скалабан[4].

Рыгор Барадулін падкрэсьліў непаддзельную цікавасьць З. Верас да грамадзкага жыцьця на працягу амаль цэлага стагодзьдзя такімі радкамі[16]:


« Да часу маючы інтэрас,

Не зачыняючы дзьвярэй,
Гаворыць зь векам
Зоська Верас,
Як з братам,
Што крыху старэй.

»

У 1988 годзе Зоська Верас разам зь зяцем Лявонам, сынам Антона Луцкевіча ўтварылі спачатку клюб «Сябрына», а 4 лютага 1989 году было заснаванае Таварыства беларускай культуры ў Летуве[17].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зоська Верас

Дэбютавала ў 1907 (часопіс «Падснежник», Кіеў). На беларускай мове выступіла з «абразкамі» пад псэўданімам Мірко[18] ў 1911 (газэта «Наша Ніва»). У час эвакуацыі ў Менску Зоська Верас піша вершы, лірычныя абразкі. Аўтар «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніку» (Вільня, 1924; арыгінал захоўваецца ў Нью-Ёрку), брашуры «Гісторыя ўжываньня зёлак у лячэньні» (1934), кнігі вершаў і апавяданьняў для дзяцей «Каласкі» (1985). Напісала ўспаміны пра Максіма Багдановіча («Пяць месяцаў у Менску»)[19], У. Галубка, Ядвігіна Ш. і інш. Для дзіцячага тэатру з украінскай мовы пераклала п’есы Р. Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю. Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з расейскай — «Лясныя хаткі» Віталя Біянкі (Вільня, 1931).

Батанічная й пчалярская дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З. Верас была рэдкім чалавекам, які зь беларусканавуковымі мэтамі займаўся батанікай[4]. У сваёй аўтабіяграфіі яна адзначала, што зацікаўленьне батанікай зьявілася яшчэ ў гімназіі[5].

Пасьля курсаў «Агародніцтва, садоўніцтва й пчалярства», якія Людвіка скончыла да 1 ліпеня 1914 году, яна атрымала пасьведчаньне «аб’яздовага інструктара»[8]. Практыку адбывала ў свайго дзеда, заўзятага садоўніка й пчаляра. Яшчэ ў 1912—1913 гадах яна пачала складаць «Батанічны зельнік», ставячы на першае месца назовы расьлінаў у беларускай мове. На радзіме дзеда яна працягвала далей запісваць назовы расьлінаў[8].

Падчас працы сакратаром у «Камітэце Таварыства дапамогі ахвярам вайны», ёй было даручана арганізаваць вырошчваньне капусты ня так ужо й блізка ад Менску. Яна разьлічыла колькасьць неабходнай расады, насеньня, угнаеньняў, але, калі выехала на месца, аказалася, што глеба там гліністая, вады блізка няма й капуста там ня вырасьце. На гэтым «Капусныя праекты Аляксандра Уласава», як яна іх называла, былі згорнутыя.

З. Верас чытала лекцыі на 45-дзённых курсах агародніцтва й пчалярства для бежанцаў з дазволу Міністэрства Земляробства. У 1918 годзе вярнулася ў Альхоўнікі, дзе пражыла пяць гадоў. Там яна працавала над батанічным слоўнікам, а сумесна з украінскім аграномам Міхалам Бароўскім над кніжкай «Медадайныя расьліны»[8].

Вакол хаткі З. Верас у Вільні рос багаты батанічны сад, які меў багацейшую калекцыю расьлінаў, сабраных Людвікай Антонаўнай[8], там жа была й аранжарэя зь цяпліцай. Там расьлі ўнікальныя гатункі кветак, дрэваў, папараці, кітайскія, японскія, галяндзкія ружы, цытрыны, лаўр, арэхі. Кветкамі займалася Галіна — дачка гаспадыні, а ў цяпліцы працаваў Яраслаў, сын Галіны, і Лявон, яе муж[20].

У 1924 годзе выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік». У слоўнік увайшлі 302 расьліны, якія мелі 424 беларускія назвы. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу[4][8]. З 1928 году займае пасаду старшыні Беларускага каапэратыўнага таварыства «Пчала». У 1935 годзе таварыства «Пчала» арганізуе завочныя курсы па зборы медадайна-лекарскіх і лекарскіх зёлак. Гэтыя курсы апрацоўвала ўдваіх са студэнтам-мэдыкам Вітаўтам Тумашам[4][8].

Яшчэ для «Заранкі», а пасьля й для «Пралесак», пісьменьніца пісала навуковапапулярныя артыкулы на тэму прыроды[4].

Свае артыкулы па сельскай гаспадарцы, пчалярству й агародніцтву друкавала таксама ў газэтах «Беларуская ніва» й «Народная справа», а парады на гэтыя тэмы ў Віленскіх беларускіх адрыўных календарах, якія яна выдавала з 1926 да 1939 году[4][8].

Маючы вялікі аўтарытэт у асяродзьдзі мастакоў, яна запрашала іх да сябе ў сад замаляваць расьліны ў розныя пэрыяды вэгетацыі, зьбірала, сушыла зёлкі, расфасоўвала ў шкляныя баначкі. Так яна параіла стварыць залу народнай мэдыцыны ў Гудзевічах[21][22] і сама рабіла экспанаты для аддзелу зёлкавых расьлінаў Гудзевіцкага школьнага музэю. Адначасова стварала рэцэпты зёлкавых збораў. Яе сябра па Гарадзенскім гуртку з Амэрыкі даслаў кнігу пра лекавыя расьліны, і ў свае 98 гадоў яна начамі рабіла пераклад гэтай кнігі на беларускую мову[8].

Уладзімер Караткевіч, зьвяртаючыся да З. Верас у перапісцы, называў яе «паважаны наш батанічны бог»[23].

Унук З. Верас, Вячаслаў Войцік, стаў батанікам і прыродазнаўцам[24].

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зосьцы Верас прысьвяцілі вершы Віктар Шніп[25], Рыгор Барадулін[16][26], Сяргей Панізьнік[27] Людміла Рублеўская[28], яна ж сумесна з гісторыкам Віталём Скалабанам напісала паэму «Людвіка і Фабіян», прысьвечаную каханьню Людвікі й Фабіяна Шантыра[29][30].

Зосьцы Верас прысьвечаны фільм, зьняты на «Беларусьфільме»[31]. Галіна Войцік напісала кнігу «Зоська Верас», якая выйшла ў 2002 годзе[32].

Ларыса Геніюш пісала:


« Вільня, Вільня, наша Мекка, вера,

Каліноўскага святая кроў.
Там жыве, бы ў казцы, Зоська Верас
ля высокіх віленскіх муроў…

»

Партрэт З. Верас напісаў Анатоль Крывенка й адліў Мікалай Несьцярэўскі[33][34]. Іван Пратасеня напісаў карціну «Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год».

Эксьлібрыс для З. Верас стварыў Вячка Целеш[35][36].

У 2013 годзе ў кніжнай сэрыі «Гарадзенская Бібліятэка» выйшла кніга «Зоська Верас. Я помню ўсё». У кнізе надрукаваны ўспаміны Зоські Верас, яе прыватная карэспандэнцыя, фатаздымкі. Упершыню апублікаваныя 367 лістоў, датаваныя 1967—1989 гадамі. Лісты і ўспаміны сабраў, апрацаваў і ўклаў Міхась Скобла.[37]

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985.
  • ["Заранка"] // Полымя. 1968. № 4.
  • Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975.
  • Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.
  • Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976.
  • Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980.
  • Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6.
  • Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981.
  • Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.

Крыніцы й заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Міхась Скобла//«Радыё свабода»:Партызанка Зоська Верас
  2. ^ Зоська Верас, біяграфія
  3. ^ Валянціна Аксак//«Радыё Свабода»: 120-годзьдзе Зоські Верас амаль не заўважылі
  4. ^ а б в г д е ё ж з і к л м Галіна Войцік. ЗОСЬКА ВЕРАС. СЭРЫЯ «ПАРТРЭТЫ ВІЛЕНЧУКОЎ»
  5. ^ а б в г д Зоська Верас. З АЎТАБІЯГРАФІІ
  6. ^ Улей Левицкого — немного в историю (рас.)
  7. ^ а б Сівіцкая-Войцік Людвіка Антонаўна
  8. ^ а б в г д е ё ж з і к л м Старая Гродзенская патрыётка Зоська Верас!
  9. ^ а б в г Фабіян! Фабіян!..
  10. ^ Обретение Вильни (рас.)
  11. ^ Памерла Галіна Войцік
  12. ^ Боль воспоминаний(рас.)
  13. ^ Д. Бічэль. Сустрэчы з Зоськай Верас
  14. ^ Пасьведчаньне раднай БНР Людвікі Сівіцкай
  15. ^ Імёны свабоды
  16. ^ а б Бяседа
  17. ^ Мы стаім ніжэй за цыганоў
  18. ^ т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  19. ^ Пяць месяцаў у Мінску
  20. ^ Мікола Купава. Мая Вільня
  21. ^ ГУДЗЕВІЦКІ ЛІТАРАТУРНА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ
  22. ^ Як лячылі прастуду нашы продкі
  23. ^ Ліст У. Караткевіча да беларускай пісьменніцы Зоські Верас. 6 жніўня 1980 г.
  24. ^ Pawet № 29 (715)
  25. ^ Баляда Зоські Верас
  26. ^ Р. Барадулін. Вяртанне Максіма
  27. ^ Сяргей Панізнік. Зоська Верас
  28. ^ ЗОСЬКА ВЕРАС
  29. ^ Советская Белоруссия № 52 (23443). Вторник, 23 марта 2010 года
  30. ^ Ад архіўнага дакумента — да мастацкага твора
  31. ^ На «Беларусьфільме» здымаюць стужку пра Зоську Верас
  32. ^ Зоська Верас
  33. ^ ВЕРАС Зоська
  34. ^ Зоська Верас
  35. ^ Вячка (Вячаслаў) Міхайлавіч ЦЕЛЕШ
  36. ^ Экслібрыс З. Верас
  37. ^ «Я помню ўсё». Выйшла кніга творчай спадчыны Зоські Верас

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік у 6-ці тамах / АН Беларусі, Інстытут літаратуры ім. Я. Купалы; рэд. А. І. Мальдзіса.Т. 2: Верабей — Іваноў. — Мн.: БелЭн, 1993. — 543 с.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Леакадзія Мілаш «Агеньчык, які не затухае»: (да 110-годдзя з дня нараджэння Зоські Верас) // Кантакты і дыялогі № 10-12. — Вільня: 2002.
  • Войцік Г. Зоська Верас. — Вільня: 2002. — («Партрэты Віленчукоў»). — ISBN 9955-427-03-5
  • Лісты Зоські Верас да Апалёніі Савёнак / Падр. да друку й камэнт. Н.Гардзіенкі // Запісы = Zapisy. — 2004. — Кн. 27. — С. 251—257.
  • Лойка А. Зоська Верас // Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд. Мн., 1989. Ч. 2;
  • Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі… Мн., 1992.
  • Пяткевіч А. М. Верас З. // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2.—Мн.: Бел. Энцыклапедыя, 1993.
  • Саламевіч І. Верас Зоська // БЭ ў 18 т. Т. 3. Мн., 1997.
  • Ягоўдзік Ул. Ластаўка з лясной хаткі // ЛіМ. 2001. 11 мая.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Зоська Верассховішча мультымэдыйных матэрыялаў