Віленская друкарня Скарыны
Ві́ленская друка́рня Скары́ны — першая на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы друкарня, заснаваная беларускім першадрукаром Францішкам Скарынам у пачатку 1520-х гг. у Вільні, сталіцы Вялікага Княства Літоўскага.
Друкарня знаходзілася ў доме мэцэната і бурмістра Вільні Якуба Бабіча. Тут Скарына каля 1522 г. выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле Гасподняй», «Канон магіле Гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст сьвятым Пятру і Паўлу», «Канон сьвятым Пятру і Паўлу», «Акафіст сьвятому Міколе», «Канон сьвятому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасьцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некаторыя часткі «Малой падарожнай кніжкі», магчыма, выходзілі як асобныя выпускі.
У 1525 г. у Віленскай друкарні была выдадзеная кніга «Апостал». Гэтыя кнігі вызначыліся дасканалай тэхнікай друку і майстэрскім афармленьнем, выразным і прыгожым шрыфтам, шматлікасьцю гравюр. Яны плённа паўплывалі на справу і рускага, і ўкраінскага кнігадрукаваньня[1].
У выдадзеных у Вільні кнігах Скарына напісаў словы: «Надрукавана ў доме паважанага мужа, слаўнага і вялікага бурмістра гораду Вільні Якуба Бабіча»[2].
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На будынку XIV—XV стагодзьдзя, дзе была друкарня, і які цяпер знаходзіцца па адрасе Didžioji, 19, у 1990 годзе была адкрыта мэмарыяльная дошка з барэльефам друкара і надпісам па-летувіску і па-беларуску[3].