Перайсьці да зьместу

Андрэй Макаёнак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Андрэй Макаёнак
лац. Andrej Makajonak
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Андрэй Ягоравіч Макаёнак
Нарадзіўся 12 лістапада 1920
в. Борхаў, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласьць
Памёр 16 лістапада 1982 (62 гады)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці журналіст, сцэнарыст
Гады творчасьці 1946—1982
Жанр камэдыя, трагедыя
Мова беларуская мова[1]
Дэбют «Добра, калі добра канчаецца» (1946)
Значныя творы «Лявоніха на арбіце» (1961), «Трыбунал» (1970), «Сьвятая прастата» (1973)
Прэміі Купалаўская (1962), Коласаўская (1974)
Узнагароды
Творы на сайце Knihi.com

Андрэ́й Яго́равіч Макаёнак (12 лістапада 1920, в. Борхаў Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці — 16 лістапада 1982) — беларускі драматург, народны пісьменьнік Беларусі.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Борхаў (Рагачоўскі раён, Гомельская вобласьць) і там правёў маленства. Андрэй рос цікаўным і дапытлівым хлопчыкам. У яго рана абудзілася цяга да ведаў, да вучобы, да пазнаньня сьвету. Па волі абставінаў Макаёнак рана быў далучаны да грамадзка-карыснай працы. У роднай вёсцы быў створаны калгас, адным з арганізатараў якога стаў бацька будучага пісьменьніка. Андрэй з братам атрымалі абавязак пасьвіць калгасных сьвіней[2].

Яшчэ зь дзяцінства Андрэя вабілі помнікі будаўнічага мастацтва, скульптуры, жывапісу. Тады ён сам спрабаваў штосьці намаляваць, вылепіць з гліны, выразаць з дрэва. Гэтая схільнасьць да жывапісу, да разьбы па дрэве захавалася на працягу ўсяго жыцьця. Пісьменьнік нам пакінуў і свой аўтапартрэт (разьба па дрэве). Яшчэ адно захапленьне — мастацкая самадзейнасьць, тэатар, кіно. Падчас навучаньня ў школе ў Макаёнка выявіліся артыстычныя здольнасьці[3].

Скончыў Журавіцкую сярэднюю школу (1938) і спрабаваў паступіць у ваенную вучэльню, але неўзабаве кінуў вучобу ў ёй. Праз год юнаку захацелася стаць творчым работнікам. Ён паспрабаваў паступіць у Маскоўскі інстытут кінэматаграфіі, аднак ня быў прыняты. Там яго пахвалілі за здольнасьці і параілі прыехаць для паступленьня ў наступным годзе[4].

У 1939 быў прызваны ў Чырвоную Армію. У час Другой сусьветнай вайны ўдзельнічаў у баях на Крымскім фронце. Пасьля цяжкага раненьня ў 1942 годзе (шматлікімі асколкамі яму патрушчыла абедзьве нагі, узьнікла сур’ёзная пагроза іх ампутацыі)[5]. быў дэмабілізаваны.

Працаваў у Акаурцкай сярэдняй школе Грузіі (1942—1943), дзе жыў да 1943 году. Калі фашысцкіх захопнікаў выгналі зь Беларусі, вярнуўся ў родныя мясьціны[5]. Працаваў сакратаром Журавіцкага райкаму камсамолу (1944, цяпер у складзе Рагачоўскага раёну), Гарадзенскага гаркаму камсамолу (1945), загадчыкам партыйнага кабінэту Магілеўскага чыгуначнага вузлу (1945—1946), памочнікам сакратара Журавіцкага райкаму партыі (1946—1947). У 1949 скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ.

Чалец Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1949 году. У 1949—1953 — загадчык аддзелу прозы часопісу «Вожык», у 1966—1978 — галоўны рэдактар часопісу «Нёман». Як чалец дэлегацыі БССР, у 1965 удзельнічаў у рабоце XX сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага савету БССР (1971—1982).

Яшчэ ў школьныя гады спрабаваў пісаць. Але сур’ёзна гэтай справай заняўся толькі маючы за плячамі немалы жыцьцёвы вопыт. Назапашаныя ўражаньні і назіраньні, роздум над падзеямі, знаёмства з многімі людзьмі абуджалі фантазію, штурхалі да творчасьці. Узьнікала настойлівая патрэба дзяліцца з чытачамі сваімі думкамі, сваім разуменьнем рэчаіснасьці[6].

Друкуецца з 1946 году. Аўтар п’ес «На досвітку» (1951, пастаўлена ў 1952), «Выбачайце, калі ласка!» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Каб людзі не журыліся» (1958, пастаўлена ў 1959), «Лявоніха на арбіце» (апублікавана і пастаўлена ў 1961), «Зацюканы апостал» (1969, пастаўлена ў 1971), «Трыбунал» (1970, пастаўлена ў 1970), «Таблетку пад язык» (апублікавана і пастаўлена ў 1973), «Святая прастата» (1974, пастаўлена ў 1976, асобнае выданьне пад назвай «Кашмар» у 1979), «Верачка» (1979, пастаўлена ў 1979), «Пагарэльцы» (апублікавана і пастаўлена ў 1980), «Дыхайце ашчадна» (1982, пастаўлена ў 1984). Напісаў аднаактавыя п’есы «Добра, калі добра канчаецца» (1946), «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» і «Першае пытанне» (1950), «Крымінальная справа» і «Аксеніна цялушка» (1951), «На шырокія прасторы» (1958).

Стварыў сцэнары мастацкіх фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (па матывах аповесьці А. Кулакоўскага «Нявестка», пастаўлены ў 1958), «Рагаты бастыён» (па п’есе «Лявоніха на арбіце», пастаўлены ў 1964), тэлефільму «Пасля кірмашу» (пастаўлены ў 1973), дакумэнтальных фільмаў «У адзінай сям’і» (зьняты ў 1957), «Кандрат Крапіва» (зьняты ў 1961).

Выйшлі зборнікі п’есаў «Перад сустрэчай. Жыццё патрабуе» (1951), «Камедыі» (1961), «Трыбунал. Зацюканы апостал» (1971), «П’есы» (1974), «Кінасцэнарыі» (1989).

Выдадзены «Выбраныя творы» ў 2-х (1980), «Збор твораў» у 5 тамах (1987—1990).

Пераклаў п’есы «Дабракі» Л. Зорына, «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ, «Чацвёрты» К. Сіманава і інш.

Працуючы ў камэдыйна-сатырычных жанрах, А. Макаёнак сынтэзаваў элемэнты розных літаратурных формаў — фэльетона, гумарэскі, памфлета, рэпартажу, народнага лубка, фарсу, вадэвілю, гераічнай драмы, сатырычнай камэдыі, трагікамэдыі, акумуляваў дасягненьні народнага тэатру і клясычных традыцый. Адным зь яго дасягненьняў стала трагікамэдыя — жанр, у якім драматург спалучыў элемэнты камэдыі і трагедыі, народнага лубка і гераічнай драмы і які ён разьвіў на нацыянальнай аснове. Для рэалістычнага адлюстраваньня пачварнага, неверагоднага ў жыцьці пісьменьнік выкарыстоўваў гратэскавы від тыпізацыі, падаючы рэальнасьць у дэфармаваных, карыкатырных вобразах і карцінах, разгортваючы дзеяньне ва ўмоўна-фантастычным і праўдападобным плянах. Выкарыстоўваючы магчымасьці гратэску, драматург здолеў перадаць рэзкія кантрасты рэчаіснасьці, паставіць глябальныя праблемы, узьняцца да значных філязофскіх абагульненьняў гістарычнага зьместу. Для адметнага, непаўторнага стылю Макаёнка характэрныя сымбалізм, гіпэрбала, часам грубы камізм, сатырычнае завастрэньне тыповай рысы, утрыраваны, шаржыраваны вобраз і інш.[7].

Сьмех Макаёнка ўжо на першых кроках яго літаратурнай творчасьці поўны гневу, абурэньня, нянавісьці да ўсяго, што не адпавядае высакародным ідэалам савецкага грамадзтва. Ужо ў раньніх творах драматурга выявіліся рысы, якія потым стануць характэрнай асаблівасьцю яго манеры: вострае пачуцьцё сучаснасьці, актуальнасьць тэматыкі, актыўнае ўмяшаньне ў грамадзкія працэсы, яснасьць ідэйнай пазыцыі і ўменьне спалучаць патас адмаўленьня зла з патасам сьцьвярджэньня дабра. У аснову аднаактовак, як правіла, клаліся грамадзка значныя праблемы і калізіі[8].

Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п’есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык». Народны пісьменьнік БССР (1977).

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, «Знак Пашаны», Кастрычніцкай Рэвалюцыі, мэдалямі.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Журавічах у 1982 годзе ўстаноўлены помнік пісьменьніку.

Імя А. Макаёнка носяць вуліцы ў Гомелі і Менску.

  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Усікаў Я. Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці. С. 18-19
  3. ^ Усікаў Я. Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці. С. 19
  4. ^ Усікаў Я. Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці. С. 19-20
  5. ^ а б Усікаў Я. Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці. С. 21
  6. ^ Усікаў Я. Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці. С. 22
  7. ^ Усікаў Я. Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці. С. 17
  8. ^ Усікаў Я. Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці. С. 23-24
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік у 6-ці тамах / АН Беларусі, Інстытут літаратуры ім. Я. Купалы; рэд. А. І. Мальдзіса.Т. 4: Лазарук — Перкін. — Мн.: БелЭн, 1994. — 528 с. — ISBN 5-85700-060-2. — ISBN 5-85700-153-6.
  • Усікаў Я. Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці. — М.: Народная асвета, 1984. — 136 с. — 17 000 ас.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]