Альбэрт Гаштольд
Альбэрт Гаштольд | |
Герб «Габданк» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1455 або 1470[1] |
Памёр | сьнежань 1539 |
Пахаваны | |
Род | Гаштольды |
Бацькі | Марцін Гаштольд Марына з Трабскіх |
Жонка | Соф’я зь Вярэйскіх |
Дзеці | Станіслаў |
Дзейнасьць | вайсковец |
Альбэрт Гаштольд (Альбрахт Гаштольдавіч; ? — сьнежань 1539) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Намесьнік наваградзкі (1503—1506), падчашы вялікі літоўскі (1505—1509), ваявода наваградзкі (1508—1513), полацкі (1513—1519), троцкі (1519—1522) і віленскі (з 1522), канцлер вялікі літоўскі (з 1522)[2].
Альбэрт Гаштольд — найбагацейшы магнат свайго часу: паводле попісу 1528 году ставіў у войска Вялікага Княства 466 вершнікаў, г. зн. меў больш за сем тысячаў радзінаў падданых. У 1522 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары надаў яму прывілей прыпячатаць дакумэнты не зялёным, а чырвоным воскам, на што мелі права толькі асобы каралеўскага роду[3] У 1529 годзе атрымаў графскі тытул ад Папы Рымскага Клімэнта VII, а ў 1530 году — тытул графа на Мураваных Геранёнах ад імпэратара Карла V.
Імя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Albertus Gastolthowycz (9 верасьня 1501 году[4], 23 кастрычніка 1501 году[5], 30 кастрычніка 1501 году[6]); Албрахтъ Мартинович Кгаштолтович (27 чэрвеня 1502 году)[7]; Albertum Martini Gastolthovicz (1511 год)[8]; Alberto Gastholth (10 лістапада 1534 году)[9].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З шляхецкага роду Гаштольдаў гербу «Габданк», сын Марціна, маршалка вялікага літоўскага, і Марыны з Трабскіх[3]. Страціў бацькоў у маленстве, апекаваўся мачахай Ганнай з Гальшанскіх і бабкай княгіняй Трабскай.
З 1501 году пры двары вялікага князя Аляксандра. Каля 1492 году, відаць, навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце.
Браў удзел у вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1507—1508). Не падтрымаў бунту Міхала Глінскага, але ў 1509—1510 быў зьняволены, напэўна, праз інтрыгі свайго супраціўніка Мікалая Радзівіла.
У часе чарговай агрэсіі Маскоўскай дзяржавы (1512—1522) браў удзел у абароне Полацку (1514 год). Патрабаваў выселіць зь Вялікага Княства польскіх каталіцкіх манахаў за няведаньне мовы народу і амаральныя паводзіны[10].
Спрыяў абвяшчэньню ў 1529 годзе Жыгімонта Аўгуста вялікім князем літоўскім, што было спробай адасобіць Вялікае Княства ад Кароны. Усталяваў добрыя дачыненьні з прускім герцагам Альбрэхтам, перапісваўся зь ім наконт Францішка Скарыны[2].
Браў удзел у падрыхтоўцы першага Статуту Вялікага Княства Літоўскага (1529 год), зь ягонай ініцыятывы ў Статут ўлучылі прававыя нормы, паводле якіх чужынцы, што не былі ўраджэнцамі Вялікага Княства, ня мелі права займаць тут урады і набываць нерухомую маёмасьць[10].
Сабраў вялікую бібліятэку, дзе апрача кірылычных славянскіх рукапісаў былі кнігі на лацінскай, польскай і чэскай мовах. Імаверна, быў ініцыятарам першай разгорнутай рэдакцыі літоўскіх (беларускіх) летапісаў, якая ўлучала паданьне пра паходжаньне літоўскай знаці ад рымскіх патрыцыяў, а таксама пра Пятра Гаштольда, які нібыта ў часы Альгерда спрыяў пашырэньню каталіцтва на Літве.
Уладаньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напярэдадні 1495 году атрымаў ад бабулі па маці княгіні Марыны, удавы князя Сямёна Гальшанскага-Трабскага і дачкі князя Дзьмітрыя «Сякіры» Друцкага-Зубравіцкага, вялізную спадчыну апошняга: Быхаў і Тайманаў на Дняпры, Дабосьню ў Бабруйскай воласьці, вялікія маёнткі на Кіеўшчыне, імаверна таксама Шклоў[10].
Шлюб з адзінай дачкой і спадкаемніцай князя Васіля Вярэйскага Соф’яй на пачатку XVI ст. прынёс яму замак Любеч, Валожын у Ашмянскім павеце, Койданаў, Радашкавічы і Ўсу ў Менскім павеце. Купіў, вымяняў і атрымаў у спадчыну шмат іншых маёнткаў. Трымаў Бельскае (з 1513 году), Мазырскае (з 1514 году), Барысаўскае (з 1525 году)[10] і Гарадзенскае (з 1533 году) староствы[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #136355692 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ а б в Пазднякоў В. Гаштольд Альбрэхт Марцінавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 517.
- ^ а б Ярашэвіч А. Гаштольды // Спадчына. № 6, 1992.
- ^ Akta unji Polski z Litwą, 1385—1791. — Kraków, 1932. S. 133.
- ^ Akta unji Polski z Litwą, 1385—1791. — Kraków, 1932. S. 147.
- ^ Akta unji Polski z Litwą, 1385—1791. — Kraków, 1932. S. 148.
- ^ Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 1, 1366—1506. — Lwów, 1887. S. 123.
- ^ Pergamentų katalogas. — Vilnius, 1980. P. 82.
- ^ Акти Волинського воєводства кінця XV–XVI ст. — Київ, 2014. С. 91.
- ^ а б в г Нарбут А. Гаштольды // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 500.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Нарадзіліся ў 1455 годзе
- Нарадзіліся ў 1470 годзе
- Нарадзіліся ў Вільні
- Памерлі ў Вільні
- Пахаваныя ў катэдральным касьцёле Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава (Вільня)
- Канцлеры вялікія літоўскія
- Ваяводы віленскія
- Ваяводы наваградзкія (ВКЛ)
- Гаштольды
- Падчашыі вялікія літоўскія
- Ваяводы полацкія
- Старосты барысаўскія
- Старосты гарадзенскія
- Старосты мазырскія
- Памерлі ў 1539 годзе