Павал Пруднікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павал Пруднікаў
Павал Пруднікаў
Павал Пруднікаў
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Павал Іванавіч Пруднікаў
Псэўданімы Паўлюк Буравей (у 1930-я гг.)
Нарадзіўся 14 ліпеня 1911
вёска Стары Дзедзін, Клімавіцкі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 16 сакавіка 2000 (88 гадоў)
Менск, Беларусь
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, празаік
Гады творчасьці 1930—2000
Мова беларуская мова
Дэбют верш «На вакацыі» // «Піянэр Беларусі», 1930
Прэміі заслужаны працаўнік культуры Рэспублікі Беларусь (1992)
Прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1995)
Узнагароды
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пруднікаў.

Павал Пруднікаў (14 ліпеня 1911, Стары Дзедзін Клімавіцкага павету Магілёўскай губэрні, цяпер Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласьці — 16 сакавіка 2000[1], Менск) — беларускі пісьменьнік. Стрыечны брат паэта Алеся Пруднікава.

Раньнія рокі і першыя крокі ў літаратурнай творчасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Павал Пруднікаў нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям’і. На час яго дзяцінства прыпалі цяжкія падзеі: Першая сусьветная вайна (1914—1918), усталяваньне новага, камуністычнага, ладу ў краіне і грамадзянская вайна, а таксама Польска-савецкая вайна. Дзякуючы геаграфічнаму становішчу вёскі Стары Дзедзін, яна аказалася па-за тэатрамі баявых дзеяньняў, але ў 1918—1920 фактычна знаходзілася ў прыфрантавым становішчы. Гэта паўплывала на тое, што навакольныя школы пастаянна зачыняліся, і Паўлу, калі надышоў адпаведны ўзрост, прыйшлося доўга чакаць стабільнага месца вучобы. Толькі ў 1930 ён скончыў сямірочную школу ў суседняй вёсцы Мілаславіцы.[2]

У 1924, пачаўшы вывучаць літаратуру, упершыню праявіў імкненьне да літаратурнай творчасьці і напісаў верш «Трапінка». Якраз на час вучобы ў школе прыпаў працэс беларусізацыі, што разгарнуўся ў БССР. Гэта паспрыяла таму, што Павал з самага пачатку і надалей пісаў на беларускай мове. З 1926 ён і яго стрыечны брат Алесь Пруднікаў пісалі вершы і сталі мясцовымі школьнымі паэтамі. Паралельна быў дзеткорам, юнкорам, селькорам розных газэт: «Піянэр Беларусі», «Чырвоная зьмена», «Беларуская вёска», «Комсомольская правда», «Крестьянская газета», «Беднота», «Ленинские искры»[3]. Так, у прыватнасьці, калі быў знойдзены скарб старажытных манэтаў у вёсцы Стары Дзедзін, ён з Алесем напісаў пра гэта рэпартаж у газэту «Беларуская вёска».[4]

Жыцьцё і творчасьць у 1930-я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку 1930-х яму прыйшлося часта зьмяняць месцы працы. Пасьля заканчэньня школы ён адправіўся на Данбас, там працаваў шахтаром, мэталюргам, але хутка вярнуўся на Беларусь; потым — у Магілёве, на будаўніцтве ядвабнай фабрыкі (будоўлі першай пяцігодкі). Разам са стрыечным братам Алесем Пруднікавым жыў у Менску, а працаваў грузчыкам на чыгуначнай станцыі «Менск-таварная». Некалькі разоў спрабаваў сябе акторам у тэатральнай трупе, аднак кожны раз кідаў. У 1931—1932 працаваў у Беларускім радыёцэнтры, карэспандэнтам газэт «Беларуская вёска» і «Савецкая Беларусь», рэпартэрам у БелТА.

Улетку 1930 у рэспубліканскай газэце «Піянэр Беларусі» быў надрукаваны верш Паўла Пруднікава «На вакацыі». Гэтую падзею ён і лічыў пачаткам прафэсійнай літаратурнай дзейнасьці[5]. У 1930 у газэце «Чырвоная зьмена» была надрукаваная нізка яго вершаў, што стала праз два рокі падмуркам першай кнігі «Песьні грузчыкаў» (1932 у сааўтарстве зь Я. Субачом). У 1931 напісаў і першую паэму — «Пікет за пікетам». У 1930-я ён друкаваўся пад псэўданімам Паўлюк Буравей (каб ня блытацца з Алесем Пруднікавым). Працуючы ў Менску, пазнаёміўся са шматлікімі тагачаснымі беларускімі паэтамі і празаікамі, у тым ліку з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Міхасём Чаротам, Платонам Галавачом і іншымі. Пазьней успаміны пра іх ляглі ў аснову кнігі «Далёкае, але не забытае» (Мн., 1988) і ня толькі[6].

У 1932 быў прыняты на творчае аддзяленьне літфаку Менскага Вышэйшага пэдагагічнага інстытуту, аднак неўзабаве хутка пакінуў яго. У 1932 паехаў у Пецярбург, дзе паступіў у Ленінградзкі інстытут замежных моваў, але з 1933 стаў студэнтам Ленінградзкага пэдінстытута імя Пакроўскага (Бубнава). У Пецяпбурзе ўсталяваў стасункі зь беларускай сэкцыяй Ленінградзкага аддзяленьня Саюзу савецкіх пісьменьнікаў СССР. Па прапанове прафэсара пэдінстытуту К. А. Пушкарэвіча (па сумяшчальніцтве — навуковага сакратара Інстытуту славяназнаўства Акадэміі навук СССР) пасьля заканчэньня ВНУ ў 1937 быў пасланы вучыцца ў асьпірантуру Акадэміі навук СССР вывучаць славянскія мовы, аднак так і не пасьпеў прыступіць да вучобы, бо 11 жніўня 1937 быў арыштаваны.[7]

У ГУЛАГу, першыя рокі пасьля зьняволеньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Павал Пруднікаў некалькі месяцаў утрымліваўся ў пецярбурскіх «Крыжах». Паводле прыгавору атрымаў восем рокаў ссылкі. Першапачаткова быў этапаваны ў Бурацкую АССР. У зьняволеньні працаваў на будаўніцтве чыгунак, на будаўніцтве шыннага заводу ў Омску і горна-мэталюргічнага камбінату ў Нарыльску, грузчыкам у рачным порце Енісейска (Краснаярскі край).[8]

Пасьля заканчэньня тэрміну зьняволеньня (жнівень 1945) вымушаны быў некаторы час працаваць токарам вагоннага дэпо Нарыльскай чыгункі, потым загаднікам бібліятэкі Нарыльскага горна-мэталюргічнага тэхнікуму. Пасьля вяртаньня ў родныя мясьціны (1946) настаўнічаў у сярэдніх школах Смаленшчыны (м. Рослаў, Рослаўскі і Ершыцкі раёны).[9] Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ганнай. Аднак доўга затрымлівацца на адным месцы не ўдавалася, бо існавала пагроза быць арыштаваным паўторна, таму Павал зь сям’ёй вымушаны быў зьехаць са Смаленшчыны. У гэты час у іх сям’і нарадзіліся дзьве дачкі: Вольга і Ніна.

У 1952 яны нарэшце спыніліся на Браслаўшчыне ў вёсцы Слабодка. Першы час яны заставаліся амаль бяз сродкаў да існаваньня і ледзьве зводзілі канцы з канцамі. Павал уладкаваўся на працу настаўнікам расейскай мовы, літаратуры і гісторыі ў мясцовай школе, а яго жонка Ганна — настаўніцай у малодшых клясах.

У студзені 1956 быў рэабілітаваны[10].

Зноў пачаў друкавацца з 1959, вярнуўшыся, такім чынам, да паўнавартаснай літаратурнай дзейнасьці. Гэтую падзею паэт разглядаў як сваё другое нараджэньне, таму свайму другому зборніку вершаў, які выйшаў у 1968, ён даў назву «Час майго нараджэння[11]»[12]:

Двойчы мне давялося на сьвет нараджацца,
Захапляцца, любіць і сьпяваць;
Двойчы мне давялося дрыжэць, хвалявацца —
Па-юнацку жыцьцё абдымаць.

—Пруднікаў, П. І.,  Час майго нараджэння. Вершы. — Мн.: Беларусь, 1968. — С. 7

Творчасьць у сталым веку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1968—1969 Павал Пруднікаў і яго сям’я пераехалі ў Менск. У 1968—1971 працаваў старэйшым рэдактарам часопіса «Служба побыту Беларусі». З 1971 — на пэнсіі, што дало яму больш часу займацца літаратурнай дзейнасьцю і гэты пэрыяд стаў найольш плённым у яго творчасьці. З 1971 — сябар Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.[13] У 1970—1980-х ён выпускае шэраг зборнікаў вершаў, сярод якіх найбольш значным зьяўляецца зборнік выбраных твораў «Мая магістраль» (1981). Вершы пранізваюць тэмы роднай Магілёўшчыны, прыгажосьці Браслаўшчыны, уражаньні ад падарожжаў у Крым, у Чэхаславаччыну, на Каўказ. Двойчы, у сярэдзіне 1970-х і напрыканцы 1980-х, Павал Пруднікаў наведваў месцы свайго былога зьняволеньня ў Сыбіры, у выніку ў 1975 была напісаная нізка вершаў[14], а ў 1989 — успамін «Па знаёмых пякучых сцежках».[15] У 1987 выходзіць кніга для дзяцей «Заранка». У 1988 выходзіць кніга ўспамінаў «Далёкае, але не забытае», дзе аўтар апісвае асабістыя сустрэчы з многімі беларускімі літаратарамі, ад Цішкі Гартнага і да Іванам Мележам.

Тэма сталінскіх рэпрэсіяў у творчасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З надыходам перабудовы ў СССР зьявілася магчымасьць пісаць і на тэму сталінскіх рэпрэсіяў. Яшчэ з 1950-х, з часоў адлігі, Павал Пруднікаў выношваў задуму напісаць пра страшэнныя падзеі, што адбываліся на яго вачах, і пачаў рабіць першыя нататкі.[16] Але адпаведная магчымасьць зьявілася толькі праз трыццаць рокаў. Першым творам такога кшталту стала паэма «Таймыр».

У 1993 выйшла кніга «За калючым дротам», што складалася зь дзьвюх аповесьцяў: «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла» — найбольш значных твораў аўтара. Аповесьці носяць аўтабіяграфічны характар. Галоўным героем зьяўляецца Міхась Асьцёрскі, прататыпам лёсу якога стаў лёс самога аўтара. Першая аповесьць распавядае пра яго пакуты ў пецярбурскіх «Крыжах»; у другой аповесьці распавядаецца пра тое, як Міхась адбываў тэрмін зьняволеньня ў Сыбіры.

У 1996 у сваім апошнім зборніку вершаў «Пароша» Павал Пруднікаў зьмясьціў паэму «Кожны другі», таксама прысьвечаную ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.[17]

Апошнія рокі жыцьця і неажыцьцёўленыя пляны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У апошнія рокі жыцьця Павал Пруднікаў моцна хварэў, праз што страціў магчымасьць самастойна запісваць новыя творы. Тым ня менш, ён не спыняў творчую дзейнасьць да апошняга, дыктуючы новыя вершы пад запіс сваім родным.

У 1998 да Паўла Пруднікава зьвярнуўся беларускі літаратар Леанід Маракоў, які займаецца зборам зьвестак пра незаконна рэпрэсаваных у часы сталінскага рэжыму. Пісьменьнік надыктаваў свае ўспаміны пра дзядзьку Леаніда — Валерыя Маракова, арыштаванага і расстралянага ў 1937[18].

У плянах пісьменьніка было апублікаваць аповесьць «Апала» — працяг аповесьцяў «Пекла» і «Яжовыя рукавіцы» — і паэму «Ізгой», у якіх расказвалася пра пакуты былога вязьня ўжо пасьля выхаду на волю. Фактычна ў гэтых творах аўтар хацеў распавесьці пра свае нягоды другой паловы 1940-х — пачатку 1950-х. Але выданьне твору так і не было ажыцьцёўлена. Таксама ён хацеў выдаць кнігу «Незагойныя раны» пра прымусовую калектывізацыю ў беларускай вёсцы. Неапублікаванымі засталіся шмат новых вершаў, паэма, прысьвечаная чарнобыльскай трагедыі. Таксама ў плянах пісьменьніка было выданьне зборніка выбраных твораў за ўвесь пэрыяд сваёй творчасьці, якому ён даў назву «Водгульле». Аднак, будучы хворым, ён ня здолеў рэалізаваць гэтую задуму.

Значэньне творчасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Павал Пруднікаў напісаў мноства твораў як у вершаванай, так і ў празаічнай форме: вершы, паэмы, аповесьці, успаміны, вершы для дзяцей.

Творы 1930-х пазначаны прыкметамі таго часу. Асноўны іх лейтматыў — услаўленьне ўдарнай працы, працоўнага энтузіязму. Раньнім вершам уласьціва патэтыка заклікаў, лозунгавасьць. Відавочна адчуваецца ўплыў творчасьці Ўладзімера Маякоўскага, асабліва ў пляне пабудовы верша.[19] Але і ў позьні пэрыяд творчасьці паэта хвалюе тэма руху грамадзтва да новага. Засяроджваньне ўвагі на актыўнасьці, жыцьцёвай энэргіі працаўніка цалкам было характэрна для чалавека, які здолеў перажыць жахі сталінскіх вязьніцаў. Але ў сталым веку значнае месца пачынае займаць роздум пра жыцьцё, што пераплецены з апяваньнем прыгажосьці роднай зямлі і асэнсаваньнем яе мінулага.[20] Павал Пруднікаў стаў адным зь першых паэтаў, хто апеў прыгажосьць Браслаўскага краю.[21][22] Працоўныя будні савецкіх людзей, гераічнае мінулае краіны, трывога за мір на зямлі — такія асноўныя матывы вершаў Паўла Пруднікава. Яны вызначаюцца традыцыйным рытміка-інтанацыйным ладам, напеўнасьцю, у некаторых вершах адчуваецца ўплыў паэтыкі Янкі Купалы[12].

Найбольш значным у творчасьці Паўла Пруднікава зьяўляецца шэраг твораў, прысьвечаных жахам сталінскіх рэпрэсіяў. Менавіта яго творы зьяўляюцца аднымі з самых яскравых у беларускай літаратуры на гэтую трагічную тэму. Адметнасьцю творчасьці паэта зьяўляецца тое, што ён увасобіў расповед пра гэта ў вершаванай форме (паэмы «Таймыр», «Кожны другі», нізка вершаў «Балючая памяць»[23]). Паэмы і аповесьці ўтрымліваюць апісаньне шматлікіх рэальных выпадкаў, што адбыліся на вачах аўтара.

Дзякуючы таму, што Павал Пруднікаў пачаў сваю творчую дзейнасьць яшчэ ў міжваенны пэрыяд, ён меў кантакты зь беларускімі літаратарамі амаль што з розных эпох. Гэты багаты досьлед працягласьцю ў паўстагодзьдзя быў увасоблены ў зборніку ўспамінаў «Далёкае, але не забытае» (Мн., 1988). Значная частка кнігі адведзена ўспамінам пра маладых паэтаў і пісьменьнікаў 1930-х, якія загінулі на вайне ці яшчэ пад час вялікага тэрору ў СССР: Зьмітро Віталіна, Зьмітрака Астапенку, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Тодара Кляшторнага і іншых.[24]

Вершы Паўла Пруднікава часта адрозьніваліся прастатой зьместу і рытмічна-інтанацыйным гучаньнем[25], аднак гэта ж спрычынілася для ўказаньня аўтару, што яго творы недастаткова глыбока асьвятляюць сутнасьць паднятых праблемаў, не ўяўляюць сабою нічога асаблівага, наватарскага, паказвалі на наступствы трыццацірочнага перапынку ў творчасьці. Такія адзнакі творчасьці Паўла Пруднікава ўтрымліваюцца ў лістах рэдактараў выдавецтваў, якія высылалі іх з адмовай на выданьне чарговай складанкі вершаў ці аповядаў. Не ў апошнюю чаргу менавіта таму такая колькасьць твораў, пра якія гаварылася вышэй, засталася нявыдадзенай. Такога ж роду крытыка (у пляне павярхоўнасьці апісванага матэрыялу) утрымлівалася і ў першапачатковых рэцэнзіях на кнігу ўспамінаў «Далёкае, але не забытае».[26]

Творы Паўла Пруднікава адлюстроўваюць складаны жыцьцёвы лёс аўтара. У яго творчасьці перапляліся і ўслаўленьне савецкага грамадзтва і яго дасягненьняў, і паказ жахлівага адваротнага боку савецкай сыстэмы — рэпрэсіяў, — і філязофскі роздум пра жыцьцё, і апяваньне прыгажосьці прыроды і роднага краю.

На вершы Паўла Пруднікава «Першамайская» і «Ў паходы» напісаў песьні беларускі савецкі кампазытар Юры Семяняка.[12]

Матэрыялы ў архівах і музэях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакумэнты, прысьвечаныя жыцьцю і творчасьці Паўла Пруднікава, можна знайсьці ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва (ф. 332).[27] Экспазыцыі, прысьвечаныя пісьменьніку, утрымліваюцца ў Клімавіцкім краязнаўчым музэі і Браслаўскім гістарычна-краязнаўчым музэі.[28]

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 красавіка 1992 згодна з Указам Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь №1568-XII уганараваны званьня «Заслужанага працаўніка культуры Рэспублікі Беларусь».[29] У 1995 Павал Пруднікаў за кнігу «За калючым дротам» быў узнагароджаны прэміяй Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Песні грузчыкаў: Вершы. — Мн., Белдзяржвыд, 1932. (у сааўтарстве зь Я. Субачом)
  • Час майго нараджэння. Вершы. — Мн.: Беларусь, 1968. — 112 с.
  • Далёкае і блізкае // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мн.: Маст. літ., 1973. — 336 с, іл.
  • Прысады: Вершы. — Мн.: Маст. літ., 1979. — 80 с, іл.
  • Мая магістраль: Выбранае. Вершы, успаміны. — Мн.: Маст. літ., 1981. — 239 с, 1 л. партр.
  • Заасцёр’е: Вершы, паэма. — Мн.: Маст. літ., 1986. — 126 с, іл.
  • Заранка: Вершы: Для сярэд. шк. узросту / Маст. М. Д. Рыжы. — Мн.: Юнацтва, 1987. — 71 с, іл.
  • Далёкае, але не забытае: Успаміны. — Мн.: Маст. літ., 1988. — 175 с.
  • Познія ягады: Вершы, паэмы. — Мн.: Маст. літ., 1990. — 158 с.
  • Крыніцы: Выбранае: Вершы і паэмы / Прадм. А. Марціновіча. — Мн.: Маст. літ., 1991. — 334 с, іл.
  • Па знаёмых пякучых сцежках // Правда истории: память и боль / Сост. Н. М. Жилинский. — Мн.: Беларусь, 1991. — 432 с, [4] л., илл.
  • За калючым дротам: Аповесці. — Мн.: Маст. літ., 1993. — 272 с.
  • Пароша: Вершы. Паэма-аповесць. — Мн.: Маст. літ., 1996. — 142 с, іл.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У 13-м томе Беларускай Энцыклапедыі памылкова стаіць дата 16 красавіка
  2. ^ Пруднікаў, П. Далёкае і блізкае // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. — Мн.: Маст. літ., 1973. — С. 228—229, 233
  3. ^ Пруднікаў, П. Далёкае і блізкае // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. — Мн.: Маст. літ., 1973. — С. 230—233.
  4. ^ Зямля старажытных скарбаў // Клімавіцкі райвыканкам. Афіцыйны сайт.
  5. ^ Пруднікаў, П. Далёкае і блізкае // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. — Мн.: Маст. літ., 1973. — С. 231
  6. ^ Пруднікаў, П. Памяці Паўлюка Труса // Голас вясны далёкай: Паўлюк Трус ва ўспамінах, лістах, артыкулах, вершах / Склад. Н. Б. Ватацы, Я. І. Садоўскі. — Мн.: Маст. літ., 1994. — 207 с, [8] л., іл.
  7. ^ Пруднікаў, П. Далёкае і блізкае // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. — Мн.: Маст. літ., 1973. — С. 236—238
  8. ^ Пруднікаў Павел. Біяграфія
  9. ^ Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзінскі; Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Маст. літ., 1994. — С. 442
  10. ^ Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзінскі; Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн., Маст. літ., 1994. — С. 443
  11. ^ Назвы твораў, што выйшлі пасьля 1933 року падаюцца ў аўтарскім арыгінале (наркамаўка)
  12. ^ а б в Літаратурнае жыццё Клімавіцкага раёна. Пруднікаў Павел(недаступная спасылка)
  13. ^ Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. Т. 4. Накцюрн — Скальскі/Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — С. 670.
  14. ^ Пруднікаў, П. І. Крыніцы: Выбранае: Вершы і паэмы. / Прадм. А. Марціновіча. — Мн., Маст. літ., 1991. — С. 211—224
  15. ^ Пруднікаў П. Па знаёмых пякучых сцежках: Былы вязень сталінскіх канцлагераў вяртаецца на месца былых пакут // Беларусь. — 1989. — N 10. — С. 4—5.
  16. ^ Пруднікаў, П. І. За калючым дротам: Аповесці. Мн.: Маст. літ., 1993. — С. 271
  17. ^ Пруднікаў, П. І. Пароша: Вершы. Паэма-аповесць. Мн.: Маст. літ., 1996. — С. 82—140
  18. ^ Пруднікаў, П. Паэт эмоцый // Маладосць. — 1998. — № 12. — С. 196—209
  19. ^ Буравей П., Субач Я. Песні грузчыкаў: Вершы. — Мн., 1932
  20. ^ Пруднікаў, П. І. Час майго нараджэння. Вершы. — Мн.: Беларусь, 1968. — С. 39—49
  21. ^ Пруднікаў, П. І. Час майго нараджэння. Вершы. — Мн.: Беларусь, 1968. — С. 50—58
  22. ^ Пруднікаў, П. І. Мая магістраль: Выбранае. Вершы, успаміны. — Мн., Маст. літ., 1981. — С. 118, 126
  23. ^ Пруднікаў, П. І. Крыніцы: Выбранае: Вершы і паэмы. / Прадм. А. Марціновіча. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 211—227
  24. ^ Пруднікаў, П. Далёкае і блізкае // Вытокі песні. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. — Мн.: Маст. літ., 1973. С. 67—72, 89—96, 137—149.
  25. ^ Марціновіч А. Вёрстамі любві і нянавісці // ЛіМ. — 1991. — 19 ліп. — С. 13.
  26. ^ Адпаведныя справы знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтвы, ф. 332
  27. ^ Государственные архивы Республики Беларусь (1944—1997). Краткий справочник // Белорусский государственный архив-музей литературы и искусства (БГАМЛИ)
  28. ^ Браславский историко-краеведческий музей // Витебская обл. на interfax.by
  29. ^ Указ Президиума Верховного Совета Республики Беларусь от 3 апреля 1992 г. №1568-XII «О присвоении Прудникову П. И. почетного звания „Заслуженный работник культуры Республики Беларусь“»

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4 — С. 48.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X. — С. 442—443.
  • Кобрын У. Не стукайся, старасць, у дзверы // Менская праўда. 1981, 15 ліп.
  • Маракоў Л. Пад страхам усё жыццё // Голас Радзімы. 1999. 29 сьнеж.
  • Маракоў Л. Праз сорак смерцяў: Апошняе інтэрв’ю з П.Пруднікавым // ЛіМ. — 2000. — 28 красавіка. — С. 14—15.
  • ПРУДНІКАЎ Павел Іванавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9. С. 160—161.
  • Марціновіч А. Вёрстамі любві і нянавісці // ЛіМ. — 1991. — 19 ліп. — С. 13.
  • Марціновіч А. 'Ёсьць гусінае возера…:[Да 90 — годзьдзя з дня нараджэньня Паўла Пруднікава] // Родная ніва. — 2001. — 15 верасьня. — С. 2.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Клімавіцк. р-на. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — С. 629—630.
  • Снегін В. «Нягучная песня мая…» // Чырвоная зьмена. 1981, 14 ліп.
  • Старавыбарны П. Голас сэрца // Настаўніцкая газэта. 1971, 7 ліп.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]