Мікола Купрэеў
Мікола Купрэеў | |
Мікола Купрэеў на атрыманьні «Мядовае прэміі» (2002) у Пружанскім палацыку | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Мікола Сымонавіч Купрэеў |
Нарадзіўся | 25 траўня 1937 в. Ямнае, Рагачоўскі раён |
Памёр | 19 верасьня 2004 (67 гадоў) в. Лясная, Баранавіцкі раён |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт |
Гады творчасьці | 1957 — канец 1990-х |
Мова | беларуская мова |
Прэміі |
|
Узнагароды | |
Міко́ла Сымо́навіч (Сямёнавіч) Купрэ́еў (25 траўня 1937, вёска Ямнае(ru), Рагачоўскі раён Гомельскай вобласьці — 19 верасьня 2004, вёска Лясная, Баранавіцкі раён Берасьцейскай вобласьці) — беларускі паэт, пісьменьнік.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў вёсцы Ямнае (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласьці) у сям’і настаўніка. У 1943 року нацысты арыштавалі ягонага бацьку і забілі маці[1]. У 1947 року Мікола з бацькам пераехалі на Берасьцейшчыну, у вёску Пескі Бярозаўскага раёну, а ў 1953 — у вёску Міхнавічы Івацэвіцкага раёну. Выхоўваўся мачыхай.
Мікола Купрэеў скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу (1957), факультэт беларускай і расейскай мовы і літаратуры Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту (1962).
Працаваў у Чудзінскай і Малькавіцкай сярэдніх школах Ганцавіцкага раёну, у школах Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газэты «Будаўнік камунізму». Адным з вучняў Купрэева ў Чудзінскай школе падчас яго працы на пасадзе завуча і настаўніка літаратуры быў Алесь Каско, а ў Сташанах — Мікола Антаноўскі й Анатоль Шушко[2].
У 1988 Мікола Купрэеў не без дапамогі Міколы Антаноўскага, рэдактара пружанскай «раёнкі», пераехаў у вёску Папялёва Пружанскага раёну, выкладаў у базавай школе гісторыю. Тут выйшаў на пэнсію з прычыны хваробы.
Чалец Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (1994). У 1996 року зборнік вершаў «Правінцыйныя фантазіі» быў вылучаны на атрыманьне Дзяржаўнае прэміі імя Янкі Купалы і адзінагалосна падтрыманы на галасаваньні. Аднак у самы апошні момант перамога Міколы Купрэева была скасаваная за іранічную згадку Лукашэнкі ў вершы «Сустрэча з К. Крапівой у 1993 годзе»[3]. Прэмія тады не дасталася нікому, а паэт замест гэтага атрымаў прэмію Саюзу пісьменьнікаў імя Аркадзя Куляшова і аднапакаёвую кватэру ў Пружанах[4].
Пасьля выданьня аповесьцяў «Дзіцячыя гульні пасьля вайны» (1995) і «На вуліцы Карла Маркса з паэтам» (1997), якія вызначаліся надзвычайнай шчырасьцю ў адносінах да сябе і сваіх родных, бацька адмаўляўся пускаць Міколу ў родную хату падчас ягоных візытаў на радзіму. Мікола Купрэеў вымушаны быў ночыць у кацельнях, дзе працаваў ягоны школьны сябра[4].
Апошнія рокі жыцьця правёў у Пружанах, пэрыядычна лекуючыся ў тубдыспансэры ў Вярховічах (Камянецкі раён). Памёр у доме састарэлых у вёсцы Лясная Баранавіцкага раёну[1]. Пахаваны ў Міхнавічах (прадмесьце Івацэвічаў). На ягоным надмагільлі выбітыя словы ўласнага вершу «О, я многа хацеў вам сказаць…».
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На празаічны, як шэрае грубае палатно, фон рука паэта, адукаванага філёляга, знарок нязграбна і абыякава або пасьпешліва шпурляе яскравыя мазкі мэтафар ці асацыятыўных параўнаньняў. Так азартны прадавец рассыпае брыльянты на чорным моршчаным бархаце, каб зьдзівіць і ашаламіць пакупніц. Спантаннасьць выяўленьня абвостраных пачуцьцяў чалавека, які чамусьці перанатужыў сваю эмацыянальнасьць, і яна ўжо не вяртаецца да колішніх нармальных дыяпазонаў, — характэрны калярыт лірыкі Купрэева. Ён сутыкае на сьцежках быцьця паэзію і прозу, красу і брыдоту, цнатлівасьць і бруд. Прытым гэтыя сутыкненьні часам такія рызыкоўныя, што ў душы зьяўляюцца дысануючыя рэакцыі, якія пагашаюць адна другую, пакідаючы адчуваньне зьбянтэжанасьці і патрэбу ў ахоўных рэакцыях: густ хоча пратэставаць супраць бесцырымонных выпрабаваньняў. |
Уладзімер Калесьнік, Зь літаратуразнаўчай працы «Берасцейскае вогнішча»[5]. |
Пісаць пачаў яшчэ ў школе, найперш вершы на беларускай мове. Аднак друкавацца пачаў падчас вучобы ў інстытуце (1957—1962). Ягоныя першыя абразкі былі апублікаваныя ў 1958 року ў «Советской Отчизне» (цяпер часопіс «Нёман»). Прозу Мікола, у адрозьненьне ад вершаў, пісаў па-расейску, за што, як прызнаваўся пазьней, было вельмі сорамна[2]. Рукапіс аповесьці «Бродят на рассвете юные», напісанае ў студэнцкія часы, аўтар пасьля зьнішчыў, нягледзячы на тое, што яна атрымала ў цэлым станоўчыя водгукі Янкі Брыля і Барыса Бур’яна. Машынапісны тэкст аповесьці захоўваецца ў Ганцавіцкім краязнаўчым музэі[2].
Першая кніга паэзіі «Непазьбежнасьць» (1967), складзеная з балядаў і элегіяў, вызначаецца лірычнай, ціхай інтанацыяй. Вершы вызначаюцца казачнасьцю, выкарыстаньнем фальклёрных матываў і стыляў. Пасьля выхаду зборніку «Непазьбежнасьць» у Міколы Купрэева пачалася зацяжная творчая дэпрэсія, зьвязаная зь неўладкаванасьцю ўласнага побыту, расчараванасьцю ў паэтычнай працы, вялікай плыняй крытыкі, якая абрынулася на першую ягоную кнігу[5]. У сямідзясятыя рокі Мікола Купрэеў амаль нічога не пісаў.
Актыўна ўключыўся ў літаратурны працэс напрыканцы 1980-х. Перакладзеныя на расейскую мову ягоныя вершы былі апублікаваныя ў часопісе «Нёман», пасьля чаго ягоныя творы сталі часьцей трапляць у пэрыядычны друк. У 1995 року выйшаў ягоны другі зборнік паэзіі «Правінцыйныя фантазіі». У ім перададзеная цесная сувязь чалавека з радзімай, зь ейнай гісторыяй. Паэт пастаянна зьвяртаецца да вобраза дарогі, героі ягоных вершаў — вечныя вандроўнікі.
Літаратуразнаўцы заўважалі, што ягонай паэзіі ўласьцівыя «арыгінальнасьць раскаванай свабоднай формы, шчырае трапяткое пачуцьцё, нестандартныя вобразы, глыбіня падтэксту і ў той самы час — прастата выказваньня»[4]. Творчасьць аўтара адзначаная асаблівай любоўю да вэрлібру, балядаў, элегіяў, прытчаў.
Пісаў таксама і прозу. Падчас жыцьця ў Пружанах напісаў аповесьці «Дзіцячыя гульні пасьля вайны» (1995), «Імгненьне сьветлае» (1996), «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам» (1997), «Палеская элегія» (1998), «Рэчкаю плывём, плывём…» (1999), «Пастух у космасе» (2002), «Лісты з млына» (2004)[5].
Два розныя як па стылі, так і па манэры аналізу дасьледнікі літаратуры Ўладзімер Саламаха і Сяргей Грышкевіч, аналізуючы розныя творы пісьменьніка (першы — «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам», другі — «Лісты з млына»), сыходзяцца ў агульнай выснове: лірычная проза Купрэева шчырая і праўдзівая, гуманістычная і чалавечная ў сваёй аснове.
І тут я зноў думаю пра тое, пра што ўжо неаднойчы пісаў у некаторых сваіх артыкулах: як жа мы, людзі, прывыклі ўсе нашы горшыя, па-чалавечы невытлумачальныя ўчынкі апраўдваць фактарам часу, рэжымам, грамадзкім ладам. Пры гэтым забываем, што толькі сапраўдныя людзі застаюцца людзьмі ў любых сітуацыях. Думаю, твор выклікае на такі роздум. | ||
—Уладзімер Саламаха, З артыкула «Пра што раскажа вучням», кніга крытыкі «Сусвет дабрыні»[5] |
У беларускай прозе апошніх гадоў рэдка калі сустрэнеш падобную шчырасьць, без штучнага схематызму ў дыялёгах, ненатуральных паводзін, сэрыяльнай тэатральнасьці, навамодных сэксуальных выкрунтасаў… Аказваецца, пра каханьне можна пісаць так, каб быць сучасным ва ўсе часы. Каб табе верылі, як уласна перажытаму. Хоць і не прапушчанаму цераз млын запозьнена спасьцігнутай ісьціны, ужо непатрэбнай у сівой сталасьці гадоў. | ||
—Сяргей Грышкевіч, З артыкула «Адвечныя лісты з млына…», газэта «Заря»[5] |
Вершы Міколы Купрэева перакладаў на расейскую мову і публікаваў у Маскве беларускі паэт і перакладнік Валеры Грышкавец[5]. Аповесьць «Імгненьне сьветлае» перакладзеная таксама на баўгарскую мову.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Непазьбежнасьць» (зборнік вершаў, 1967)
- «Правінцыйныя фантазіі» (зборнік вершаў, 1995)
- «Дзіцячыя гульні пасьля вайны» (аповесьць-успамін, 1995)
- «Імгненьне сьветлае» (аповесьць, 1996)
- «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам» (аповесьць, 1997)
- «Палеская элегія» (кніга прозы, 2007)
- «Я хацеў вам сказаць…» (2008)
Прэміі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова (1996, за зборнік «Правінцыйныя фантазіі»)
- Берасьцейская мядовая літаратурная прэмія (2002, за аповесьць «Пастух у космасе»)
- Літаратурная прэмія імя Ўладзімера Калесьніка Берасьцейскага абласнога выканаўчага камітэту (2007, за кнігу «Палеская элегія»)[6]
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У 2006 року на доме ў Пружанах, дзе жыў паэт, была адкрытая мэмарыяльная дошка.
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Незабыўныя галасы. Я хацеў вам сказаць…. Прастора.by. Праверана 5 сьнежня 2011 г.
- ^ а б в Валянцін Смаль. (22 траўня 2012) Мікола Купрэеў Публікацыі. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 25 траўня 2012 г.
- ^ Леанід Галубовіч. «Мяне — яшчэ нямала» // Дзеяслоў. — 2011. — № 2 (51).
- ^ а б в Арлоў, Уладзімер (20 сакавіка 2007) Імёны Свабоды: Мікола Купрэеў (1937 — 2004) Імёны Свабоды. Радыё «Свабода». Праверана 6 кастрычніка 2018 г.
- ^ а б в г д е Гардзей, Віктар (27 траўня 2010) Вершы, напісаныя ў белых бярэзніках. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 5 сьнежня 2011 г.
- ^ Святлана Яскевіч. Мікола Купрэеў стаў лаўрэатам прэміі імя Ул. Калесніка. Пасмяротна // «Звязда». — 12 сьнежня 2007. — № 236 (26101).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9 — С. 39
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — 684с.;іл. с. — ISBN 985-11-0022-6 — С. 628—629
- Здановіч І. Купрэеў Мікола Сямёнавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — С. 49—54.
- Алесь Каско [і інш.]. Мікола Купрэеў. Матэрыялы аб жыцці і творчасці пісьменніка // Крыніца. — 1994. — № 11. — С. 29—51.
- Саламаха, У. Пра што раскажа вучням // Званыя і выбраныя: кн. літ. публіцыстыкі і рэцэнзій / Уладзімір Саламаха. — Мн.: 1999. — С. 56—60.
- Сахарчук, В. Вяртанне вечнага вандроўніка // Полымя. — 1998. — № 1. — С. 254—262.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Незабыўныя галасы. Я хацеў вам сказаць…
- Вершы Міколы Купрэева на сайце беларускай лірычнай паэзіі
- Палеская элегія на сайце Флібуста
- Нарадзіліся 25 траўня
- Нарадзіліся ў 1937 годзе
- Памерлі 19 верасьня
- Памерлі ў 2004 годзе
- Пахаваныя ў Івацэвіцкім раёне
- Ляўрэаты Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова
- Берасьцейская літаратурная мядовая прэмія
- Нарадзіліся ў Рагачоўскім раёне
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускія літаратары
- Ляўрэаты Літаратурнай прэміі імя Ўладзімера Калесьніка
- Сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў
- Выпускнікі Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Беларускія настаўнікі
- Памерлі ў Баранавіцкім раёне