Кніга Лічбаў (Скарына)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кніга Лічбаў
Тытульная старонка з гравюрай “Людзі Ізраіля з палкамі сваімі” ці “Ізраілевы палкі ля храма” з «Кнігі лічбаў»
Аўтар: Францішак Скарына
Мова арыгіналу: беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1]
Публікацыя: 1519
Колькасьць старонак: 74 аркушы

Кні́га Лі́чбаўКниги четвертые Моисеевы, зовемые Числа») — недатаванае праскае выданьне Скарыны, якое пабачыла сьвет каля 1519 року.

Зьмест кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выданьне адкрываецца тытульным аркушам з гравюрай і назвай кнігі («Зуполне выложены на руский языкъ доктором Франъциском Скориною с Полоцька Богу Отцу и Сыну и Светому Духу ко чти и людем посполитым к доброму научению»). У пачатку кнігі даецца «Предъсловие доктора Франъциска Скорины с Полоцька во книги Числа Моисеовы». На 5—74 аркушах выдадзены тэкст 36 разьдзелаў кнігі, а на апошнім аркушы — пасьляслоўе.

Гравюра «Людзі Ізраіля з палкамі сваімі» ці «Ізраілевы палкі ля храма» з «Кнігі лічбаў». Выданьне Францішка Скарыны. 1519.

Друкарскія асаблівасьці выданьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга выдадзена царкоўна-славянскай мовай беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня — у чвэрць аркуша, аб’ём — 74 аркушы, якія сабраны ў 8 сшыткаў. Набор выкананы праскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм Сыгнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе справа. На 7-м аркушы падчас друку была зроблена памылка нумарацыі разьдзелаў (замест «2» была надрукавана «3»). Выданьне ўпрыгожана гравюрай «Ізраілевы палкі ля храма» (тытульны аркуш), застаўкай, канцоўкай і 39 ініцыяламі. На 5-м аркушы перад асноўным тэкстам зьмешчана застаўка, на якой выяўлены шчыт з зацьменьнем сонца, вакол якога намаляваныя дзеці. Гэтая ж застаўка ёсьць у яшчэ трох праскіх выданьнях Скарыны. Перад пасьляслоўем на 74 аркушы зьмешчана канцоўка, якая вар’юе матыў калёны з акантавым лісьцем, такія ж выявы сустракаюцца яшчэ ў 2 праскіх выданьнях Скарыны. Перад прамовай надрукаваная малая застаўка, а вялікая застаўка зь дзікімі людзьмі і шчытом з зацьменьнем сонца папярэднічае асноўнаму тэксту. Ініцыялы папярэднічаюць пачаткам разьдзелаў, тэкстам на тытульным аркушы і прадмове.

Захавалася 18 экзэмпляраў кнігі Лічбаў, зь іх 7 поўныя.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]