Перайсьці да зьместу

Янка Маўр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Янка Маўр
лац. Janka Maŭr
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Іван Міхайлавіч Фёдараў
Псэўданімы Янка Маўр
Нарадзіўся 28 красавіка (10 траўня) 1883
Памёр 3 жніўня 1971(1971-08-03) (88 гадоў)
Пахаваны
Дзеці Фёдар Фёдараў, Арсень Фёдараў[d] і Натальля Фёдарава[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, пісьменьнік, эспэрантыст, дзіцячы пісьменьнік
Кірунак сацыялістычны рэалізм, прыгоды
Жанр дзіцячая й падлеткавая літаратура
Мова эспэранта і беларуская мова
Значныя творы «Чалавек ідзе» (1924), «Палескія рабінзоны» (1930)
Прэміі Дзяржаўная прэмія БССР (1972)
Узнагароды
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
Подпіс Выява аўтографу
Творы на сайце Knihi.com

Я́нка Маўр (сапраўднае імя Іва́н Міха́йлавіч Фёдараў; 10 траўня 1883 (29 красавіка па старым стылі), Лібава (Латвія) — 3 жніўня 1971, Менск) — беларускі пісьменьнік, аўтар апавяданьняў, аповесьцяў і раманаў для дзяцей і моладзі.

Заслужаны дзяяч культуры БССР (1968). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1968). Сябра УКП(б) з 1950 году. Сябра СП СССР (1934).

Біяграфічныя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Настаўнік Менскай прыватнай гандлёвай школы Я. Маўр з жонкай і дзецьмі

Нарадзіўся ў сям’і сталяра. Дзяцінства правёў на радзіме маці — у вёсцы Лебянішкі Ковенскай губэрні (цяпер Летува). Скончыў пачатковую, затым рамесную навучальню ў Коўне. У 1899 паступіў у Панявескую настаўніцкую сэмінарыю. Быў выключаны за ўдзел у гуртку рэвалюцыйнай моладзі. У 1903 здаў экстэрнам іспыт і атрымаў званьне настаўніка пачатковай школы.

Працаваў памочнікам настаўніка ў Новым Месцы (Летува), у вёсцы Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 удзельнічаў у нелегальным зьезьдзе рэвалюцыйна настроеных настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе й узяты пад нагляд паліцыі. У 1909 годзе ўступіў у царкоўны шлюб. Пераехаў у в. Турэц. Толькі ў 1911 Я. Маўр працаўладкаваўся выкладчыкам геаграфіі й гісторыі ў Менскую прыватную гандлёвую школу.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у школе, у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асьветы, у Наркамаце асьветы БССР, у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. З 1930 на творчай працы.

Сын Янкі Маўра — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Фёдар Фёдараў. Дачка Янкі Маўра была жонкай сына Якуба Коласа.

Янка Маўр памёр 3 жніўня 1971 году. Пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках[1].

Дэбютаваў у 1923 фэльетонамі ў газэце «Савецкая Беларусь» і ленінградзкім часопісе «Бэгемот». Зь першым апавяданьнем выступіў у друку ў 1926 (часопіс «Беларускі піянэр»). Аўтар кнігаў аповесьцяў, апавяданьняў «Чалавек ідзе» (1927), «У краіне райскай птушкі» (1928, 1983), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930, аповесьць экранізаваная ў 1935), «Сьлёзы Тубі» (1930), «Аповесьць будучых дзён» (1932), «ТВТ» (1934), «Вакол сьвету» (1947), «Шлях зь цемры» (1948), «Апавяданьні» (1951), «Аповесьці і апавяданьні» (выбранае, 1954), «Фантамабіль прафэсара Цылякоўскага» (часопіс «Маладосьць», 1954—1955), «Аповесьці і апавяданьні» (1969), апавяданьня «Цётка Эмілія» (1954), байкі «Пекла» (1929), рамана «Амок» (1930).

Аўтар п’есы «Памылка» (апублікаваная й пастаўлена ў 1940), аднаактовак «Хата з краю» (1941), «Балбатун» (1946). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г. К. Андэрсэна, Дз. Маміна-Сыбірака(ru), М. Прышвіна(ru), А. Чэхава, Р. Кіплінга, М. Твэна, Ж. Вэрна, В. Гюго, А. Гайдара(ru), В. Шклоўскага(ru), А. Конанава(ru).

Прэміі й узнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнам «Знак Пашаны» й мэдалямі. Заслужаны дзяяч культуры БССР (1968). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (пасьмяротна, 1972) за аповесьці «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Палескія рабінзоны», «ТВТ», «Шлях зь цемры», раман «Амок».

  1. ^ Маўр Янка // Беларускія пісьменьнікі (1917—1990) : Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі; нав. рэд. А. Л. Верабей. — Менск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 374—375

  • Алесь Майскі. Аповесць «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, як падручнік па батаніцы і заалогіі Беларусі. // Роднае слова (часопіс) : часопіс. — 2018. — № 5. — С. 10—12.
  • Маўр Янка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Маўр Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Маргарыта Яфімава. Янка Маўр: (жыццё і творчасць). — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1960. — 127 с. — 7000 ас.
  • Маргарыта Яфімава. З верай у дзіцячае сэрца: (да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Маўра). — Мінск: 1983. — 20 с. — 1000 ас.
  • Маргарыта Яфімава. Цэлы свет ― дзецям: творчы партрэт Янкі Маўра. — Мінск: БГУ, 1983. — 135 с. — 2550 ас.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]