Царкоўнаславянская мова
| Царкоўнаславянская мова | |
| славе́нскїй ѧ҆зы́къ | |
| Дата стварэньня | IX стагодзьдзе[1] |
|---|---|
| Ужываецца ў | |
| Рэгіён | Усходняя Эўропа |
| Колькасьць карыстальнікаў | — |
| Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям’я |
| Афіцыйны статус | |
| Афіцыйная мова ў | мова набажэнстваў (праваслаўная і грэка-каталіцкая царква) |
| Статус: | 6b Пад пагрозай[d][4][5] |
| Пісьмо | глаголіца, кірыліца, лацінскае пісьмо і стараславянская кірыліца[d] |
| Коды мовы | |
| ISO 639-1 | cu |
| ISO 639-2(Б) | chu |
| ISO 639-2(Т) | chu |
| ISO 639-3 | chu |
Царко́ўнаславя́нская мо́ва — адна з формаў старацаркоўнаславянскае мовы, асноўная літургічная мова Праваслаўнае Царквы ў Расеі, Баўгарыі, ва Ўкраіне і ў Беларусі.
Зьяўляецца найбольш шырока ўжыванай літургічнай мовай у праваслаўі.
Лінгвістычна разглядаецца як мова паўднёвае галіны славянскае групы індаэўрапейскае моўнае сям’і. Гістарычна не зьяўлялася жывою моваю і выкарыстоўвалася ў кніжных функцыях.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Гістарычна ёсьць вытворнай мовай ад старацаркоўнаславянскай шляхам адаптацыі вымаўленьня й артаграфіі ды зьмяненьня некаторых старых альбо незразумелых словаў і выразаў на іх народныя адпаведнікі. Узыходзіць да паўднёвабаўгарскага (салунскага) дыялекту[6], які быў родным для стваральнікаў пісьмовае стараславянскае мовы — Кірылы і Мятода[7][8].
Упершыню была ўведзеная ўва ўжытак у Вялікай Маравіі[9]. Першай друкаванай кнігай на царкоўнаславянскай мове была харвацкая праца Missale Romanum Glagolitice (1483, харвацкая глаголіца). У 1491 у Кракаве было надрукавана пяць кнігаў на гэтай мове.
Пісьмовасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У пісьмовасьці царкоўнаславянскае мовы выкарыстоўваецца кірыліца. Царкоўнаславянскі альфабэт зьмяшчае каля сарака літараў, некаторыя зь якіх прадстаўленыя больш чым адным варыянтам напісаньня (нявызначанасьць з колькасьцю літараў зьвязаная зь неадназначнасьцю мяжы між рознымі літарамі ды рознымі варыянтамі адной літары). Ужываюцца шматлікія надрадковыя знакі (тры віды націску, прыдыханьня, тры спалучэньні прыдыханьня з націскам, ярок, кендэма, кароткая, простае тытла, разнастайныя літарныя тытлы).
Знакі прыпынку маюць шэраг адрозьненьняў: напрыклад, замест пытальніка выкарыстоўваецца кропка з коскай, замест кропкі з коскай — дзьвюхкроп’е.
Адрозьніваюцца вялікія й маленькія літары, ужываньне якіх можа прытрымлівацца старажытнай сыстэмы, паводле якой зь вялікае літары пісалася пераважна першае слова ў абзацы.
Граматыка ды артаграфія царкоўнаславянскае мовы досыць строгія й аднастайныя, хоць у шэрагу выпадкаў магчымыя варыянты напісаньня, колькасьць якіх зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя няўхільна зьмяншаецца. Выпрацоўка кадыфікаваных граматычных нормаў адбывалася пад уплывам падручнікаў граматыкі грэцкае мовы ды лаціны[10]. Усеабдымнага збору правілаў для царкоўнаславянскае мовы не існуе. Практычна адзіным даступным даведнікам зьяўляецца «Грамматика церковно-славянскаго языка» (ераманах Аліпі, упершыню выдадзеная ў 1964 годзе ў Джорданвіле, штат Нью-Ёрк, ЗША). Існуюць навучальныя слоўнікі.
За сёньняшнім часам сустракаюцца тэксты (напрыклад, малітвасловы), надрукаваныя сучасным грамадзянскім шрыфтам, ва ўніятаў (асабліва ў закарпацкіх ды прэшаўскіх русінаў) для запісу царкоўнаславянскіх тэкстаў выкарыстоўваецца таксама лацінскі альфабэт.
Сучаснае выкарыстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць код]За нашым часам зьяўляецца асноўнай літургічнай мовай Праваслаўнае Царквы ў Расейскай Праваслаўнай Царкве, Баўгарскай Праваслаўнай Царкве, ва Ўкраінскай Праваслаўнай Царкве, у Беларускай Праваслаўнай Царкве.
Выкарыстоўваецца ў Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царкве, Сэрбскай Праваслаўнай Царкве ды Польскай Праваслаўнай Царкве, часткова выкарыстоўваецца ў Амэрыканскай ды Чэскай і Славацкай Праваслаўнай Царквох. Выкарыстоўваецца таксама ў іншых рэлігійных супольнасьцях, прыкладам Македонская праваслаўная царква, Чарнагорская Праваслаўная Царква, Ісьцінна-Праваслаўная Царква і г. д. Мае ўжываньне ў Расейскай грэка-каталіцкай царкве, часам выкарыстоўваецца ва Ўкраінскай грэка-каталіцкай царкве (нароўні з украінскай) і Беларускай грэка-каталіцкай царкве (зь беларускай), іншых грэка-каталіцкіх ды рыма-каталіцкіх цэрквах славянскіх краінаў.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Старацаркоўнаславянская мова (стараславянская)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Archaeology and Language: The Puzzle of Indo-European Origins — Pimlico, 1998. — С. 69. — ISBN 0-7126-6612-5
- ↑ ScriptSource - Bulgaria
- ↑ ScriptSource - Russian Federation
- ↑ https://www.ethnologue.com/size-and-vitality/chu
- ↑ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL, 1951. — ISSN 1946-9675
- ↑ J. Vajs, Abecedarium Palaeoslovenicum in usum glagolitarum, Veglae 1909
- ↑ Кирил Мирчев, Старобългарски език, София 1972, с. 12-15
- ↑ Encyclopedia od Indo-European Culture, J.P. Mallory and D.Q. Adams, page 301.
- ↑ Носевич В., Государство восточных славян
- ↑ Кузьминова Е. А. Экзегеза грамматики Юго-Западной Руси конца XVI—XVII в. //Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 2000. № 1. С. 65-70.