Трансыльванія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Трансыльванія на мапе Румыніі

Трансыльванія, Сяміградзьдзе — гістарычная і геаграфічная вобласьць, якая ахоплівае паўночна-заходнюю частку сучаснай Румыніі. Назва вобласьці існуе з рымскіх часоў і паходзіць ад лацінскіх «trans silva» або «ultra silvas» (за лесам). У вобласьці пражываюць румыны, немцы, вугорцы і іншыя этнічныя групы.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва «Трансыльванія» ўвайшла ў старажытнарымскую геаграфію ў I—III ст. да н. э., як назва адной з абласьцей (Transilvania), якія складалі рымскую правінцыю Дакію. Назву «Сяміград» (па-нямецку: Siebenbürgen — Сямігорад) вобласьць атрымала ад немцаў, якія пачалі сяліцца тут у 12 стагодзьдзі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычны герб Трансыльваніі

У антычнасьць Трансыльванію засялялі дакі, 106—271 Трансыльванія была рымскай правінцыяй (тады яна падвергнулася частковай раманізацыі), пасьля заваявана готамі, гетамі, аварамі і баўгарамі, з 6 ст. у Трансыльванію пачалі перасяляцца славяне. З канца 9 ст. Трансыльванія была заваявана вугорцамі, з пачатку 11 ст. стала часткай Вугорскага Каралеўства, у складзе якога мела шырокую аўтаномію. З 10 ст. у Трансыльваніі пачалі сяліцца вугорцы (з канца 11 ст. ва Ўсходняй Трансыльваніі вугорскія вольныя сяляне, так званыя сэкеі), з 12 ст. — немцы.

Пасьля распаду Вугорскага Каралеўства Трансыльванія аформілася, як аўтаномнае княства (1541—1687) пад пратэктаратам Асманскай імпэрыі. У 17 ст. Трансыльванія была аб’ектам змаганьня паміж Асманскай і Аўстрыйскай імпэрыямі. У 1699—1867 гадах Трансыльванія правінцыя Аўстрыі, пасьля Вугоршчыны, з 1918 Трансыльванія частка Румыніі (у 1940—1944 паўночная частка адышла да Вугоршчыны). Частка адышоўшая да Румыніі ня мае ніякага адміністрацыйна-палітычнага статуту, вобласьць падзелена на 16 акругаў.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трансыльванія багатая карыснымі выкапнямі, асабліва частыя жалеза, марганец, золата, медзь, прыродны газ, соль і сера.

Ёсьць цяжкая, хімічная і тэкстыльныя галіны прамысловасьці. Сельская гаспадарка, вінная вытворчасьць і садаводзтва — важныя заняткі. Драўніна — іншы каштоўны рэсурс.

Трансыльванія складае прыблізна 35% валавога ўнутранага прадукта Румыніі і мае валавы ўнутраны прадукт на чалавека прыблізна $11 500, што прыблізна на 10% вышэй чым агульны румынскі лік.

Гарады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама Сыбію

Самы вялікі горад Трансыльваніі — гэта Клуж-Напока (318 027). Астатнія: Сыгішаара (317 651), Брашаў (283 901), Арадзя (206 527), Арад (172 824), Сыбію (155 045), Тыргу-Мураш (149 577), Бая Марэ (137 976) і Сату-Марэ (115 630).

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па апошніх зьвестках перапісу ў Трансыльваніі пражываюць:

Пераважная большасьць насельніцтва складаюць румыны, але ў акругах Харгіта (85%), Кавасна (74%) і Мураш значны лік складаюць сэкэі (вугорская этнічная група).

У пэрыяд з 1952—1968 ва Ўсходняй Трансыльваніі існавала — Вугорская аўтаномная вобласьць. Галоўным горадам вобласьці быў горад Тыргу-Мураш зь пераважна вугорскім насельніцтвам, сёньня асноўным насельніцтвам гораду зьяўляюцца румыны.

Цікавыя месцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак Бран
  • Замак Бран, таксама вядомы як Замак Дракулы
  • Сярэднявечныя гарады Алба-Юлія, Клуж-Напока, Сыбію і Сыгішаара (месца нар. Улада Дракулы)
  • Царква Дэнсус, самая старая царква ў Румыніі
  • Драўляныя цэрквы
  • Саксонскія ўмацаваныя цэрквы
  • Румынскія традыцыі і народная культура, Нацыянальны Комплекс Музэяў, Сыбію
  • Вугорскія традыцыі і народная культура

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]