Салямон Рысінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Салямон Рысінскі (па-лацінску: Solomonis Risinius (Pantherus); каля 1560, в. Рысін, Полацкае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае, цяпер Себескі раён, Пскоўская вобласьць, Расея — 13 лістапада 1625[1][2], Дзяляцічы, цяпер Наваградзкі раён) — паэт-лацініст, філёляг, фальклярыст-парэміёляг. Першы вядомы чалавек, які назваў сябе «беларусам» (лац. Leuсorussus), а сваю краіну «Беларусьсю» (лац. Leucorossia).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Я. Парэцкага і Ю. Крыжаноўскага, С. Рысінскі нарадзіўся ў в. Рысін на Полаччыне, але, спасылаючыся на ўнівэрсытэцкія мэтрыкі, дзё ён пішацца «de Cobelinszky» (Ляйпцыг) і «De Kobilinki» (Базэль), Г. Люлевіч лічыць месцам нараджэньня пісьменьніка вёску з назвай Кабыльнікі (ці Кабыльнік) на Віцебшчыне.

Сын дробнага шляхціча Хведара Рысінскага. Атрымаў добрую пачатковую адукацыю (дома і, мажліва, у адной з пратэстанцкіх школаў Вялікага Княства Літоўскага). Ведаў царкоўнаславянскую мову. Верагодна, працягнуў адукацыю ў Ляйпцыскім унівэрсытэце, куды прыехаў 25 жніўня 1582 разам зь лекарам Янам Гасьлерам, колішнім настаўнікам полацкага ваяводы К. М. Дарагастайскага. У 1584 быў хатнім настаўнікам у Жамойці (у якасьці выхавацеля і настаўніка працаваў і пазьней). У 1585 быў у Сэціміне (Малая Польшча), дзе выкладаў у кальвінскай школе. Не пакідаў жаданьня прадоўжыць адукацыю, у лістах прасіў перавесьці яго ў Кракаў. У канцы таго ж году працаваў прыватным выкладнікам у Войнараве. Вёў перапіску з братамі Крыштафам і Станіславам Бучынскімі з Ольшына па пытаньнях паэтычнага мастацтва. Раіў ім ехаць па навуку ў Нямеччыну. Выпраўляючыся туды, браты Бучынскія ўзялі С. Рысінскага з сабой.

2 сьнежня 1585 С. Рысінскі ўпісаны ў мэтрыку Альтдорфцкага ўнівэрсытэту як «Salamon Pantherus Leucorussus». Увесну 1587 разам з братамі Бучынскімі наладзіў падарожжа па прыдунайскіх мясцовасьцях Нямеччыны, наведаўшы шэраг гарадоў: Нюрнбэрг, Аўгсбург, Інгальштат і інш. За няпоўныя тры гады навучаньня ў Альтдорфе значна паглыбіў свае веды ў галіне клясычнай філязофіі. Пасябраваў з Конрадам Рытэрсгаўзэнам(de), пазьней вядомым паэтам і юрыстам. У 15881589 падрыхтаваў разам зь ім крытычны разбор і камэнтары да твораў рымскага паэта Аўзонія.

У другой палове 1589 пакінуў Альтдорф, каб суправаджаць у Прагу К. Рытэрсгаўзэна. Імаверна, што пасьля зноў працаваў настаўнікам у Малой Польшчы. Мяркуюць, што ў 15941596 знаходзіўся ў Лейдэне. Каля 1596 апынуўся на службе ў князя К. Радзівіла «Перуна» ў якасьці пэдагога яго сына Крыштапа. Выхавацелем дзяцей працаваў і пры двары Радзівілаў у Вільні, Койданаве і Валожыне ў наступныя гады.

У 1601 разам суправаджаў свайго выхаванца Крыштапа, калі той выехаў навучацца за мяжу. Летам таго ж году ўпісаў сваё імя ў мэтрыкі Ляйпцыскага ўнівэрсытэту. У чэрвені 1602 яны былі ўжо ў Гайдэльбэргу, адкуль у пачатку 1603 падаліся ў Базэль. Праўдападобна, што пісьменьнік узяў ўдзел у далейшым падарожжы па Эўропе.

Вярнуўся на радзіму ў пачатку 1604 г. У пачатку XVII ст. браў чынны ўдзел у рэлігійным жыцьці беларускіх пратэстантаў. Прымаў удзел у арганізацыі пратэстанцкай школы ў Слуцку, для якой напісаў статут[3]. Браў удзел у працы сынодаў 1609—1612 і 1617—1620 гг., на якіх абараняў інтарэсы свайго патрона, займаў высокія пасады ў кальвінісцкай грамадзе. Лічыўся знаўцам гісторыі кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1609 яму было даручана выправіць і дапоўніць кракаўскі канцыянал, для якога ён зрабіў новы пераклад некаторых псалмаў і выдаў яго ў Любчы ў 1614г. Працаваў таксама над кальвінскім катэхізісам. З 1620 займаўся выхаваньнем сына К. Радзівіла «Перуна» Януша, які навучаўся ў кальвінскай школе ў Вільні.

У кастрычніку 1625, будучы пры двары жонкі К. Радзівіла — Ганны, нечакана занядужаў празь некалькі дзён сканаў «ад апаплексіі, паяднанай з эпілепсіяй»[2]. Пахаваны пры кальвінскім зборы ў Любчы.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Epistolarum Salomonis Pantheri libros duos. Aldorphii, 1587.
  • Exercitationum epistolicarum ad Ausonium virum consularem libri duo. Aldorphii, 1589.
  • Psalmy Dawida podlug dawnych not wierszem polskim. Lubecz ad Chronum, 1614.
  • Proverbiorum Polonicorum a Solomone Rysinio Collectorum Centuriae Decem et Octo. Lubecz ad Chronum, 1618.
  • Solomonis Rysinii Sarmatae, ad epistolas L. Annaei Senecae, philosophi Stoici, notarum sive conjecturarum liber. Noribergae, 1620.
  • Trumpas pasakojimas apie garsiuosius sviesiausiojo didiko, Birzu ir Dubingiu kunigaikscio Kristupo Radvilos zygius. Vilnius: Lietuviu literaturos ir tautosakos institutas, 2000. 253 p.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13 // Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн., БелЭн, 2001. — С. 519.
  2. ^ а б Жлутка, А. А. Саламон Рысінскі // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў : У 2 т. Т. 1. — Мінск: Беларуская навука, 2007. — С. 646
  3. ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, Т. 6. Кн. 1. — Мн.: БелЭн, 2001. — Артыкул «Рысінскі Саламон» / Аўтар А.Коршунаў. — С. 159—160

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13 // Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., БелЭн, 2001. — 576 с.: іл. — ISBN 985-11-0216-4 — Артыкул «Рысінскі Саламон». — С. 519.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1/ Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. 592 с.: іл. — ISBN 985-11-0214-8 — Артыкул «Рысінскі Саламон» / Аўтар — Аляксандар Коршунаў. — С. 159—160;
  • Korotynski, W. Salomon Rysinski. Studium // Kurier Wilenski. 1863, № 132. — S. 6. (пол.);
  • Lulewicz, H. Rysinski Salomon / H. Lulewicz // Polski Slownik Biograficzny, T. XXXIII/4, Z. 139. — Wroclaw etc., 1992. — S. 553—557. (пол.);
  • Narbutas, S. Risinskis, Saliamonas. Trumpas pasakojimas apie garsiuosius šviesiausiojo didiko Biržų ir Dubingių kunigaikščio Kristupo Radvilos žygius / parengė, iš lot. k. vertė ir pratarmę parašė S. Narbutas. — Vilnius : LLTI, 2000. — 253 p. (лет.);
  • Жлутка, А. А. Саламон Рысінскі / А. А. Жлутка // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў : У 2 т. Т. 1. — Мінск: Беларуская навука, 2007. — С. 642—657;
  • Латышонак, А. Навуковыя крыніцы самаакрэслення Саламона Рысінскага як беларуса / А. Латышонак // Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе : Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 2005. — С. 126—131;
  • Порецкий, Я. И. Соломон Рысинский: Solomo Pantherus Leucorussus (конец XVI — начало XVII в.) / Я. И. Порецкий. — Минск: Издательство БГУ, 1983. — 158 с.