Перайсьці да зьместу

Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Літаратурны музэй Янкі Купалы»)
Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы
Будынак музэю ў Менску
Філіі «Вязынка» (в. Вязынка, Маладэчанскі раён);
«Акопы» (в. Харужынцы, Лагойскі раён);
«Ляўкі» (в. Ляўкі, Аршанскі раён);
«Яхімоўшчына» (в. Яхімоўшчына, Маладэчанскі раён)
Месцазнаходжаньне МенскБеларусь
Адрас вул. Янкі Купалы, 4
Тэматыка калекцыі жыцьцё і творчасьць Янкі Купалы
Велічыня калекцыі 8 экспазыцыйных заляў
Створаны 19 траўня 1944 г.
Дырэктар Алена Ляшковіч
Геаграфічныя каардынаты 53°54′22″ пн. ш. 27°33′55″ у. д. / 53.90611° пн. ш. 27.56528° у. д. / 53.90611; 27.56528Каардынаты: 53°54′22″ пн. ш. 27°33′55″ у. д. / 53.90611° пн. ш. 27.56528° у. д. / 53.90611; 27.56528
Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы на мапе Беларусі ±
Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы
Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы
Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы
Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы
Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы
Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы
kupala-museum.by

Установа культуры «Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь — літаратурны і мэмарыяльны музэй, прысьвечаны жыцьцю і творчасьці клясыка беларускае літаратуры, народнага паэта БССР Янкі Купалы. Музэй месьціцца ў Менску, мае філіі ў вёсках Харужынцы (філія «Акопы»), Вязынка, Ляўкі і Яхімоўшчына.

Заснаваньне музэю адбылося 19 траўня 1944 году пры Акадэміі навук згодна з пастановай № 268 СНК БССР[1]. Яго стваральніцай і першым дырэктарам была жонка Янкі Купалы — заслужаная дзяячка культуры Беларусі Ўладзіслава Луцэвіч. Спачатку для патрэбаў музэю адводзіўся трэці паверх Дома прафсаюзаў у Менску, на плошчы Свабоды, 23. 20 верасьня 1945 году адкрылася першая выстава пра жыцьцё і творчасьць паэта.

Стварэньне пастаяннай экспазыцыі ўскладнялася тым, што дом Янкі Купалы згарэў у першыя дні вайны, а разам зь ім загінулі багаты архіў і бібліятэка паэта. У часы вайны загінуў і той архіў Янкі Купалы, які ён перадаў дзяржаўнай бібліятэцы ў даваенныя гады.

Летам 1949 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову аб пераводзе музэю ў асобны будынак на вул. Энгельса, 27. Пасьля рамонту ў гэтым будынку ў траўні 1951 г. утварылася першая стацыянарная музэйная экспазыцыя. Яна прадэманстравала нешматлікія матэрыялы, што адлюстроўвалі толькі дзьве асноўныя тэмы ў творчасьці Янкі Купалы: «Янка Купала — паэт і драматург» і «Янка Купала ў выяўленчым мастацтве».

9 лістапада 1959 г. музэй пераехаў у спэцыяльна пабудаваны для яго будынак на вуліцы Янкі Купалы. У новым будынку была створана новая экспазыцыя, прысьвечаная жыцьцю і творчасьці паэта. Яна праіснавала да пачатку 1970-х гг.

У выніку рэарганізацыі Акадэміі навук БССР у 1962 г. музэй перайшоў у падпарадкаваньне Міністэрства культуры БССР.

У 1973 г. супрацоўнікі музэю пачалі працу над новым экспазыцыйным праектам. Яго адметнай рысай было тое, што ў экспазыцыі, акрамя літаратурнай, прадугледжвалася значная мэмарыяльная частка: фрагмэнт пецярбурскай кватэры Янкі Купалы, гасьцёўня ў доме паэта, яго кабінэт, куток маскоўскай кватэры мастака Елісеева і іншае.

Новая экспазыцыя стваралася цягам двух гадоў. 5 траўня 1976 г. яе ўрачыста адкрылі для наведвальнікаў. У 1990-я гг. праводзілася мадэрнізацыя экспазыцыі, больш шырока было адлюстравана жыцьцё і дзейнасьць Янкі Купалы ў 1920—1930 гг. У 2007 г., да 125-годзьдзя паэта, былі адноўленыя залі, прысьвечаныя тэмам: «Жыцьцё і дзейнасьць Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таямніца яго сьмерці» і «Пецярбурскі пэрыяд ў жыцьці паэта».

Музэй мае 8 экспазыцыйных заляў. Рукапісы Янкі Купалы і выданьні яго твораў розных гадоў, асабістыя рэчы паэта, шматлікія фатаздымкі, творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва распавядаюць пра жыцьцё і творчасьць паэта, культурна-грамадзкае і літаратурнае жыцьцё краіны. Мэмарыяльныя куткі, інтэр’еры рабочага кабінэта, гасьцёўні, ствараныя паводле ўспамінаў, фатаздымкаў, архіўных матэрыялаў, знаёмяць наведвальніка зь Вільняй, Пецярбургам, Масквой, перадваенным Менскам.

Залі музэю
Заля Апісаньне
Заля №1 Нараджэньне паэта, яго дзіцячыя і юнацкія гады. Гісторыя шляхецкага роду Луцэвічаў. Сваякі і родныя паэта. Фатаздымкі родных сясьцёр паэта, сваякоў па лініі маці з роду Валасевічаў. Вучоба ў вандроўнага настаўніка, у Сеніцкай народнай школе, у Бяларуцкім народным вучылішчы. Знаёмства з С. Чаховічам, кнігі з кола чытаньня Івана Луцэвіча і яго першыя вершы на польскай мове ў польскамоўным часопісе «Зярно» (1903—1904). Асяродзьдзе Івана Луцэвіча: пісьменьнікі, публіцысты Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі), А. Бурбіс, У. Самойла. Рукапіс першага верша на беларускай мове «Мая доля» (1904).
Заля №2 Пачатак літаратурнае дзейнасьці, першы паэтычны зборнік «Жалейка». Раньнія паэмы «Нікому», «Адплата каханьня». Сустрэчы і атачэньне маладога паэта першага дзесяцігодзьдзя ХХ ст. у Вільні. Праца ў рэдакцыі газэты «Наша Ніва» і ў бібліятэцы «Веды» Б. Даніловіча, частка кніг зь бібліятэкі «Веды». Фатаздымкі і творы паплечнікаў Янкі Купалы, пісьменьнікаў Я. Коласа, М. Багдановіча, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), С. Палуяна. Раньнія пераклады Янкам Купалам на беларускую мову твораў Т. Шаўчэнкі, М. Някрасава, І. Крылова, У. Сыракомлі, А. Міцкевіча, М. Канапніцкай.

Куток рэдакцыі газэты «Наша Ніва».

Заля №3 Лагойшчына — творчая калыска песьняра. Сюды, на хутар Акопы, дзе жылі маці і сёстры паэта, Янка Купала прыяжджаў на працягу 15 гадоў. Тут ён нарадзіўся як лірык сусьветнага значэньня, як найвыдатнейшы драматург. Больш за 80 твораў маюць памету «Акопы», сярод якіх рамантычныя паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», п’есы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», «Тутэйшыя», шматлікія вершы рознай тэматыкі. У залі экспануюцца рукапісы гэтых твораў, падсьвечнік з дому маці Янкі Купалы ў Акопах. У 1992 г. у вёсцы Харужынцы (3 км ад Акопаў, хутар не захаваўся) адкрыўся 3-я філія музэю.

Пецярбурскі пэрыяд жыцьця і творчасьці паэта. Падтрымка патрыярха беларускага адраджэньня, прафэсара Пецярбурскага ўнівэрсытэту, мовазнаўцы, выдаўца Б. Эпімах-Шыпілы. Знаёмства і сяброўства з расейскім паэтам-перакладнікам А. Карынфскім (пераклаў 16 вершаў Янкі Купалы, у вітрыне рэчы сям’і Карынфскіх). У Пецярбургу Янка Купала напісаў больш за 100 твораў, сярод якіх паэмы «Сон на кургане», «Курган»; выходзяць асобным выданьнем драматычныя паэмы «Адвечная песьня» (1910), «Сон на кургане» (1913), 2-гі паэтычны зборнік «Гусьляр» (1910), галоўная тэма — мастак і сьвет, мастак і народ, 3-ці паэтычны зборнік «Шляхам жыцьця» (1913), вяршыня беларускай паэзіі пачатку ХХ стагодзьдзя.

Мэмарыяльная частка — інтэр’ер пакою, дзе жыў Янка Купала ў Пецярбургу ў 1909—1913 гг.

Заля №4 Сустрэча Янкі Купалы з Якубам Коласам на хутары Смольня ў ліпені 1912 г.

Праца ў газэце Наша Ніва. Спачатку (з 1913 г.) простым супрацоўнікам, а з сакавіка 1914 г. і да закрыцьця газэты ў жніўні 1915 г. — рэдактарам. За час існаваньня газэты было надрукавана каля 160 вершаў, 5 паэм, шмат публіцыстычных артыкулаў Янкі Купалы.

Вучоба Янкі Купалы ў Маскоўскім гарадзкім народным унівэрсытэце імя А. Шаняўскага, дзе ён быў слухачом гісторыка-філязофскага цыклю (верасень 1915 г. — студзень 1916 г.). 23 студзеня 1916 г. у Маскве паэт бярэ шлюб з Уладзіславай Станкевіч. Служба Янкі Купалы ў арміі, у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносінаў (1916—1917).

Комплекс матэрыялаў, прысьвечаных У. Ф. Луцэвіч — жонцы паэта, стваральніку і першаму дырэктару музэю.

Макет сцэнічнага афармленьня спэктаклю «Паўлінка» у пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Заля №5 Янка Купала — драматург. Стваральнік нацыянальнага тэатру.

Драматычныя паэмы Янкі Купалы «Адвечная песьня» (1908), «Сон на кургане» (1910), «На папасе» (1913) — першыя спробы ў драматургіі.

У 1912 г. Янка Купала напісаў п’есу «Паўлінка». Камэдыя шчодра аздоблена нацыянальным калярытам, сакавітым народным гумарам. Упершыню камэдыя была пастаўлена 27 студзеня 1913 г. Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні. 9 лютага 1913 г. была пастаўлена ў Пецярбургу Беларускім навукова-літаратурным гуртком, ролю Паўлінкі выконвала Паўліна Мядзёлка. У Беларусі п’есу паставіў Ф. Ждановіч 15 жніўня 1915 г. З 1920 г. «Паўлінка» ідзе на сцэне Купалаўскага тэатру. Кожны тэатральны сэзон тэатру адкрываецца спэктаклем паводле гэтай п’есы.

Драма «Раскіданае гняздо» напісана ў 1913 г. Гэта аўтабіяграфічны твор, асэнсаваньне нацыянальнай і сямейнай драмы. Упершыню п’еса была пастаўлена 10 ліпеня 1917 г. ў Менску Першым беларускім таварыствам драмы і камэдыі. У 1997 г. п’еса пастаўлена ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Максіма Горкага.

П’еса-жарт «Прымакі» напісана ў 1913 г. ў Акопах. Упершыню пастаўлена ў 1917 г. Беларускім таварыствам драмы і камэдыі. У 2000 г. п’еса была пастаўлена ў Беларускім дзяржаўным моладзевым тэатры.

Заля №6 Ідэя незалежнасьці Беларусі ў творчасьці паэта. Жыцьцё ў 1917—1918 гг. у Смаленску. Смаленскі цыкаль вершаў, прасякнуты роздумам пра лёс Бацькаўшчыны. Падзеі лютаўскай рэвалюцыі і кастрычніцкага перавароту, стварэньне БНР, водгук паэта на падзеі. Публіцыстыка Янкі Купалы на старонках газэты «Беларусь». Паэтычная канцэпцыя незалежнасьці Беларусі ў вершы «Паўстань» (1919).

Стварэньне БССР, пераезд Янкі Купалы ў Менск. Выданьне часопіса «Рунь». Палітыка беларусізацыі напачатку 20-х гг. Стварэньне БДУ, Інстытуту беларускай культуры (Інбелкульт), які ў 1928 г. быў ператвораны ў Беларускую Акадэмію навук. Верш Янкі Купалы «Перад будучыняй», з-за публікацыі якога быў забаронены альманах «Адраджэньне» (1922).

Асяродзьдзе пісьменьніка ў Менску: Ус. Ігнатоўскі, В. Ластоўскі, Б. Эпімах-Шыпіла, беларускія пісьменьнікі, што ўваходзілі ў аб’яднаньні «Маладняк», «Полымя», «Узвышша».

Грамадзкая дзейнасьць: удзел у Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, сапраўдны член Акадэміі Навук, старшыня камітэту навуковых працаўнікоў і пісьменьнікаў БССР па абароне Беларускай сялянска-рабочай грамады, удзел у рабоце VІІ зьезда Саветаў БССР з правам рашаючага голасу.

Наданьне Янку Купалу званьня народнага паэта Беларусі. Водгукі і віншаваньні ў гонар падзеі (1925).

Менск у жыцьці і творчасьці Янкі Купалы, панарама гораду ў 30-ыя гг. Пабудова культурнага жыцьця ў Менску, удзел пісьменьніка ў стварэньні нацыянальнага тэатру. Гісторыя п’есы «Тутэйшыя».

Макет дома Янкі Купалы па вуліцы Кастрычніцкай, 40, дзе з 1927 г. па 1941 г. жыў паэт зь сям’ёй.

Заля №7 30-я гады і Вялікая Айчынная вайна ў жыцьці і творчасьці паэта.

Паездкі па Беларусі, паэма «Над ракой Арэсай» (1933). Наведваньне Чэхаславаччыны. І зьезд ССП СССР, сустрэчы з М. Горкім, савецкімі пісьменьнікамі. Ляўкоўскі цыкаль вершаў. Ляўкі — лецішча паэта ў 1926—1941 гг. З 1978 г. — цэнтар Купалаўскага мэмарыяльнага запаведніка «Ляўкі», філія музэю.

Падзеі 1930 г., рэпрэсіі ў дачыненьні да беларускай інтэлігенцыі і Янкі Купалы. Спроба самагубства, ліст пісьменьніка да старшыні ЦВК БССР і СССР А. Чарвякова.

Жыцьцёвыя шляхі пісьменьніка ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Ляўкі — Масква — Клязьма — Чарнарэцкае лясьніцтва — Пячышчы — Казань — Масква.

Загадкавая і трагічная сьмерць у чэрвені 1942 году. Фрагмэнты інтэр’еру гатэлю «Масква» і пакою № 414, дзе правёў апошнія хвіліны свайго жыцьця Янка Купала.

Мэмарыяльная частка — інтэр’ер гасьцёўні ў доме паэта ў Менску.

Заля №8 Мэмарыяльная частка — рабочы кабінэт Янкі Купалы, ў доме па вуліцы Кастрычніцкай, 36а (40), створаны паводле ўспамінаў сучасьнікаў і дакумэнтальных фатаздымкаў.

Творчасьць паэта ў музычным і выяўленчым мастацтве.

Унікальныя, памятныя выданьні твораў Янкі Купалы, у тым ліку на замежных мовах.

Сувэнірная прадукцыя музэю.

Інфармацыя для турыстаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адрас: Менск, вул. Янкі Купалы 4 (месца былога дома паэта)
Часы працы: 9.45—17.45 кожны дзень, акрамя нядзелі[2]
Тэлефон: +375 17 227-79-43 (фкс), 227-78-66[2]
Экскурсіі: Пры наведваньні музэю можна скарыстацца паслугамі яго супрацоўнікаў для правядзеньня аглядавай, тэматычных, тэатралізаваных экскурсіяў, лекцыяў і мультымэдыйных прэзэнтацыяў, а таксама музэйна-пэдагагічных праграмаў

Фотаархіў і кінафотаархіў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У фотаархіве музэю (налічвае 3278 адзінак) захоўваюцца фатаздымкі Янкі Купалы (1888—1942), ягоных родных, групавыя здымкі зь пісьменьнікамі, дзяржаўнымі і грамадзкімі дзеячамі, знаёмымі сябрамі і іншыя фотаматэрыялы.

У кінафонаархіве музэю (налічвае каля 200 адзінак) захоўваюцца фоназапісы выступленьняў, успамінаў родных і блізкіх, пісьменьнікаў, артыстаў, дзеячоў мастацтва, запісы песень і рамансаў на словы паэта, кадры кінахронікі пра жыцьцё і творчасьць, пахаваньне Янкі Купалы ў 1942 годзе ў Маскве, перапахаваньне ў 1962 годзе ў Менску[3].

Вёска Вязынка — малая радзіма Янкі Купалы. Зьяўляецца найбольш вядомай з усіх філіяў музэю. Утварылася згодна з пастановай СНК БССР № 1139—292 ад 4 жніўня 1945 г.[4] Адкрылася для наведвальнікаў 20 чэрвеня 1948 г. Уяўляе сабой поўнасьцю адноўлены дом бацькоў паэта канца 19 ст., у якім ён нарадзіўся ў 1882 г. У доме разьмяшчаецца літаратурна-мэмарыяльная экспазыцыя, прысьвечаная дзяцінству і юнацтву Янкі Купалы.

У адноўленым будынку сьвірана з 1992 г. дзейнічае этнаграфічная экспазыцыя, прысьвечаная народным сьвятам і абрадам, якія знайшлі ўвасабленьне ў творчасьці паэта.

Агульная плошча музэйных будынкаў складае 232,2 м², у тым ліку экспазыцыйна-выстаўная плошча — 143 м²[5].

У красавіку 1972 г. у сувязі з 90-гадовым юбілеем Янкі Купалы на тэрыторыі філіі «Вязынка» створаны Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік з плошчай 21 га. Апрача дома Янкі Купалы і гаспадарчых збудаваньняў, на тэрыторыі запаведніка знаходзіцца помнік паэту, валуны з высечанымі на іх радкамі ягоных вершаў, сажалка, крыніца, частка старога саду колішняга фальварку, дубовы гай, высаджаны да 100-годзьдзя з дня нараджэньня паэта, канцэртная эстрада[6].

Штогод у дзень нараджэньня народнага паэта Беларусі (7 ліпеня) тут праводзіцца сьвята паэзіі, працы і песьні.

Інфармацыя для турыстаў
Адрас: 222322, в. Вязынка, Радашкавіцкі сельсавет, Маладэчанскі раён, Менская вобласьць[7]
Праезд: электрычкай МенскМаладэчна да станцыі «Вязынка»[7]
Часы працы: 10:00—17:00 кожны дзень, акрамя панядзелка[7]
Тэлефон: +375 1767[8] 503-03-40

Заснаваная 5 верасьня 1989 г. згодна з загадам № 141 Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адкрылася для наведвальнікаў 29 жніўня 1992 г. у гонар 110-й гадавіны з дня нараджэньня паэта. Месьціцца ў вёсцы Харужынцы, каля якой маці паэта Б. І. Луцэвіч арандавала хутар Акопы. Цягам 15 гадоў Янка Купала прыяжджаў і жыў на гэтым хутары і напісаў тут больш за 80 вершаў, п’есы «Паўлінка», «Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо», паэмы «Магіла льва», «Бандароўна» і іншыя. Ад хаты Луцэвічаў захаваўся адно фундамэнт, студня і альтанка. Менавіта з жыхароў Харужынцаў Янка Купала пісаў пэрсанажаў «Паўлінкі». У гэтых мясьцінах нарадзіўся вядомы выраз «тудэма-сюдэма»[9].

Пад музэй у 1989 г. быў узьведзены тыпавы будынак канца 19 — пачатку 20 ст. Асаблівасьць экспазыцыі філіі — наяўнасьць тэатральнай залі, таму што менавіта ў Акопах праявіўся талент Янкі Купалы — драматурга. На падыходзе да будынка музэю скульптары А. Засьпіцкі і Г. Мурамцаў стварыў скульптурную кампазыцыю «Малады Купала»[10].

Агульная плошча тэрыторыі філіі скаладае 6,3 га, агульная плошча музэйных будынкаў — 308 м², у тым ліку экспазыцыйна-выстаўная плошча — 238 м²[11].

Інфармацыя для турыстаў
Адрас: 223124, в. Харужынцы, Янушкавіцкі сельсавет, Лагойскі раён, Менская вобласьць[10]
Праезд: аўтобусам МенскЯнушкавічы да прыпынку «Харужынцы»[10]
Часы працы: 10:00—17:00 кожны дзень, акрамя панядзелка[10]
Тэлефон: +375 1774 5-23-69[10]

«Ляўкі» — адна з найбольш маляўнічых філіяў музэю, разьмешчаная на беразе Дняпра, на былым лецішчы паэта. Заснаваная 4 жніўня 1945 г. згодна з пастановай № 1139—292 СНК БССР[12]. Знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы Аршанскага раёну. Плошча філіі складае 19 га[13].

У 1981 г. паводле праекту мастакоў Я. Раманоўскага і Ф. Анісовіча было адноўленае лецішча Янкі Купалы, якое згарэла ў Другую сусьветную вайну. Цяпер тут разьмяшчаецца мэмарыяльная экспазыцыя, прысьвечаная жыцьцю паэта ў Ляўках у 1930—1940-я гады. У склад комплексу ўваходзяць: гаспадарчыя пабудовы, дом шафёра, гараж, у якім экспануецца машына Купалы «Шэўрале», падараваная яму ўрадам БССР у 1935 г.

Скульптурная кампазыцыя А. Анікейчыка зьяўляецца адным з найлепшых помнікаў паэту.

Асноўная літаратурна-дакумэнтальная экспазыцыя месьціцца ў доме былога лясьніцтва, каторы ацалеў падчас вайны і ў ім у 1935 г. спыняўся Янка Купала, калі прыяжджаў сюды для ўдзелу ў творчых сустрэчах пісьменьнікаў[13].

Аўтамабіль Янкі Купалы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аўтамабіль Янкі Купалы Chevrolet Master Deluxe GA 1937 году выпуску

У філіі музэю ў Ляўках экспануецца аўтамабіль Янкі Купалы Chevrolet Master Deluxe GA, якім паэт карыстаўся з 1939 да 1942 г. У 2009—2010 гг. аўтамабіль быў адрэстаўраваны і ў красавіку 2010 г. на працягу трох дзён быў выстаўлены ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску, пасьля чаго быў перавезены ў філію музэю ў вёсцы Ляўкі, дзе захоўваецца цяпер. На бягучы момант кошт аўтамабіля перавышае 100 тысячаў эўра.[14]

Інфармацыя для турыстаў
Адрас: 211038, в. Ляўкі, Зубаўскі сельсавет, Аршанскі раён, Віцебская вобласьць[13]
Часы працы: 10:00—17:00 кожны дзень, акрамя панядзелка[13]
Тэлефон: +375 216 27-16-46[13]

Заснаваная 24 студзеня 1997 г. з ініцыятывы тагачаснага дырэктара музэю Жанны Дапкюнас. Адкрылася для наведвальнікаў 30 траўня 2001 г. Месьціцца ў аднайменнай вёсцы Маладэчанскага раёну.

У Яхімоўшчыне ў 1906—1907 гг. паэт працаваў памочнікам вінакура на бровары. У той час ён напісаў свае выдатныя вершы, сярод якіх «А хто там ідзе?», «Зь песень нядолі», «Дайце мне волю», і інш., якія склалі яго першы зборнік «Жалейка».

Агульная плошча музэйных будынкаў складае 225 м², у тым ліку экспазыцыйна-выстаўная плошча — 196,9 мм². Экспазыцыя распавядае пра гісторыю купалаўскіх мясьцінаў з канца XIX ст., пэрыяд станаўленьня маладога паэта і першы ягоны зборнік «Жалейка»[15].

Інфармацыя для турыстаў
Адрас: 211038, в. Яхімоўшчына, Палачанскі сельсавет, Маладэчанскі раён, Менская вобласьць[16]
Праезд: электрычкай «Менск-Маладэчна», далей — на цягніку ці аўтобусе Лідзкага кірунку да станцыі «Палачаны»[16]
Часы працы: 10.00—17.00 кожны дзень, акрамя панядзелка[16]
Тэлефон: +375-17 732-15-66[16]

Супрацоўнікі музэю праводзяць сьвяты паэзіі, выставы, дні музэю ў вёсках, навуковыя нацыянальныя (з 1995 г. — міжнародныя) канфэрэнцыі «Купалаўскія чытаньні».

З ініцыятывы музэю ўтварыўся Міжнародны фонд Янкі Купалы, які аб’ядноўвае дасьледнікаў спадчыны паэта зь Беларусі, Расеі, Украіны, Летувы, Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Вялікабрытаніі, ЗША.

Музэй падрыхтаваў і выдаў зборнікі матэрыялаў пра жыцьцё і дзейнасьць Янкі Купалы, бібліяграфіі твораў, успаміны, буклеты пра народнага паэта[3].

  1. ^ Музеі Беларусі = Мuseums Belarus / Склад. А. Сташкевіч і інш.. — Мн.: «Беларусь», 2001. С. 45.
  2. ^ а б Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Літаратурныя музеі БеларусіПраверана 24 сьнежня 2011 г.
  3. ^ а б Жанна Дапкюнас. Купалы Янкі літаратурны музэй // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 309.
  4. ^ Тэкст пастановы Савету Народных Камісараў Беларускай ССР і Цэнтральнага Камітэту КП(б) Беларусі № 1139—292 ад 04.08.1945 г. «Аб ушанаваньні памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы» у артыкуле Віктара Хурсіка «Прабач, дзядзька Янка...», апублікаваным у газэце «Звязда» у № 187—188 ад 31.07.2003 г.(недаступная спасылка)
  5. ^ Музеі Беларусі = Мuseums Belarus / Склад. А. Сташкевіч і інш.. — Мн.: «Беларусь», 2001. С. 51.
  6. ^ Генадзь Каханоўскі. Вязынка // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 386.
  7. ^ а б в Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Філіял «Вязынка»Праверана 24 сьнежня 2011 г.
  8. ^ Актуальны міжгародні тэлефонны. БелпоштаПраверана 24 сьнежня 2011 г.
  9. ^ «100 дорог»: Швейцария и «Виагра» (рас.). TUT.BYПраверана 24 сьнежня 2011 г.
  10. ^ а б в г д Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы: філіял «Акопы». Літаратурныя музеі БеларусіПраверана 24 сьнежня 2011 г.
  11. ^ Музеі Беларусі = Мuseums Belarus / Склад. А. Сташкевіч і інш.. — Мн.: «Беларусь», 2001. С. 50.
  12. ^ Музеі Беларусі = Мuseums Belarus / Склад. А. Сташкевіч і інш.. — Мн.: «Беларусь», 2001. С. 47.
  13. ^ а б в г д Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы: філіял «Ляўкі». Літаратурныя музеі БеларусіПраверана 24 сьнежня 2011 г.
  14. ^ Міністр Латушка заказаў «Шэўрале» за 100 тысяч еўра(недаступная спасылка) // «Наша Ніва», 16 красавіка 2010 г.
  15. ^ Музеі Беларусі = Мuseums Belarus / Склад. А. Сташкевіч і інш.. — Мн.: «Беларусь», 2001. С. 49.
  16. ^ а б в г Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы: філіял «Ляўкі». Літаратурныя музеі БеларусіПраверана 24 сьнежня 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  713Г000091