Перайсьці да зьместу

Вуліца Захарава (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°53′56″ пн. ш. 27°35′11″ у. д. / 53.898776° пн. ш. 27.586277° у. д. / 53.898776; 27.586277

Захарава
вуліца
Від на пачатак вуліцы Захарава з боку плошчы Перамогі
Агульная інфармацыя
Раён гораду
Гістарычны раён Стромкі Бераг, Архірэйская Слабодка
Былыя назвы Правіянцкая
Даўжыня 1880 м
Аўтобусныя маршруты 18, 26, 37
Паштовыя індэксы 220034, 220088
На мапе
Google · Яндекс
Вуліца Захарава ў Вікісховішчы

Вуліца Захарава — адна з цэнтральных вуліцаў Менску. Знаходзіцца ў Партызанскім раёне. Цяперашняя даўжыня — 1880 м. Перасякаецца з вуліцай Румянцава, завулкамі Вайсковым і Бранявым, вуліцамі Першамайскай, Азгура, Сьлясарнай, Саламянай, Андрэеўскай і Смаленскай.

На вуліцы знаходзяцца Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, адміністрацыя Партызанскага раёну Менску, установы міністэрстваў сувязі і інфармацыі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, нацыянальнага статыстычнага камітэту, навукова-пэдагагічная бібліятэка Нацыянальнага інстытуту адукацыі, прамысловыя прадпрыемствы (хладакамбінат, дрэваапрацоўчае прадпрыемства). Уваходзіць у лік найдаражэйшых жылых вуліцаў Менску.[1]

Да 1947 году частка сёньняшняй вуліцы Захарава ад перакрыжаваньня з вуліцай Румянцава і да чыгункі на Смаленскай вуліцы называлася Правіянцкая.[2] Сваю назву вуліца атрымала з-за таго, што злучала цэнтар Менску з вайсковымі правіянцкімі складамі, што разьмяшчаліся каля чыгункі.[3]

На мапе Менску 1858 году менавіта па лініі, па якой пазьней ішла Правіянцкая вуліца, праходзіла мяжа гораду.[4] На гарадзкой мапе 1898 году вуліца была ўжо пазначаная.[5] Асаблівасьцю яе геамэтрыі было тое, што Правіянцкая вуліца ішла не па простай лініі, а па зламанай: з выгібам на перакрыжаваньні зь Вясёлай (Першамайскай) вуліцай.

На пачатку ХХ стагодзьдзя вуліца ўяўляла сабой практычна ўскраіну гораду — ціхая вуліца зь невялікімі драўлянымі забудовамі, якія танулі ў зеляніне прыдарожных клёнаў і садоў.[6]

На Правіянцкай вуліцы жыў вядомы менскі журналіст і пісьменьнік Дарафей Бохан, які ў 1907 годзе ўзначаліў рэдакцыю лібэральнай газэты «Голос провинции».[6]

Зімою 1925 году газэта «Звязда» паведаміла, што на Правіянцкай вуліцы адчыніўся дом для беспрытульных дзяцей. У доме знайшлі прытулак 82 дзіцяці, якія згубілі сваіх бацькоў у часы грамадзянскай вайны.[6]

У 1920-я — 1930-я гады на Правіянцкай, удалечыні ад шумнага цэнтру, жылі беларускі пясьняр Янка Купала, пісьменьнік Зьмітрок Бядуля, кампазытар Ісак Любан, камандзір 39-га кавалерыйскага палку, будучы легендарны савецкі маршал Георгі Жукаў.[6]

Спадарожнік па Менску (1930 г.) пазначае, што на вуліцы знаходзілася база Саюзу жыльлёвай каапэрацыі Беларусі «Белжылсаюз». Дом, дзе знаходзілася база, не пазначаны, адно прыгадваецца — насупраць сьвінарніка.[7] Пачыналася ж вуліца ад лячэбніцы Чырвонага Крыжу.[8]

Па непацьверджаных афіцыйнымі дакумэнтамі зьвестках, у пачатку 1940-х гадоў на Правіянцкай вялося будаўніцтва трамвайнай лініі. Падчас вайны недабудаваная лінія была цалкам зьнішчаная.

Правіянцкая вуліца была сярод цэнтральных вуліцаў Менску, якія найболей пацярпелі ад налётаў нямецкай авіяцыі ў першыя дні вайны.[9] Участак вуліцы ад Чырвонай да Першамайскай падчас вайны быў разбураны.[10]

Падчас вайны раён Правіянцкай вуліцы быў зонай актыўных дзеяньняў падпольнай групы пад кіраўніцтвам Мікалая Кедышкі.[11]

Сваю цяперашнюю назву вуліца атрымала 27 траўня 1947 году ў гонар савецкага партыйнага дзеяча і кіраўніка партызанскага руху, намесьніка кіраўніка ўраду БССР у 1938—1941 гадох Івана Захарава, які загінуў у гады вайны.[12][13]

Вуліца Захарава распачыналася ад Чырвонай вуліцы, ішла праз Круглую плошчу і заканчвалася ля чыгункі на Смаленскай вуліцы. У 1950-х гадох вуліца была пашыраная, распачалося новае будаўніцтва. Да пачатку 1970-х гадоў твар гэтай часткі Менску зьмяніўся непазнавальна.[6]

У 1983 годзе частка вуліцы Захарава ад Чырвонай вуліцы і да плошчы Перамогі (тады яшчэ — Круглай плошчы) стала часткай навастворанай вуліцы Кісялёва. Ад гэтага часу нумэрацыя збудаваньняў на вуліцы Захарава пачынаецца зь лічбы 17.

   Па няцотным баку       Па цотным баку   
№ 17   Першы будынак на ўсходнім баку вуліцы. Пяціпавярховы, дугападобны з бакавымі крыламі, 128-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 9037 м². Дом мае падвойную нумэрацыю — пр. Незалежнасьці 40. Даваенная пабудова дому распачалася ў 1939 годзе. Архітэктары Р.Столер і Міхаіл Бакланаў. Цяперашні будынак пабудаваны ў 1947—1948 годзе на аснове аднаўленьня моцна пашкоджанага ў час вайны будынку. Архітэктар адноўленага будынку А. Брэгман. Фасадныя плоскасьці падзеленыя на два ярусы шырокім поясам паміж першым і другім паверхамі. Ніжні ярус трактаваны больш масіўна. Верхні — падзелены раўнамернымі радамі проставугольных вокнаў і расчлянёны па вэртыкалі падвойнымі лёджыямі. Вэртыкальнае чляненьне фасаду падкрэсьлена разьвітымі ліштвамі. Фасад завершаны балюстрадай. Дом занесены ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.[14] У будынку разьмяшчаюцца кавярні «Бярозка»[15] і «Vogue Café»[16], а таксама філія №12 МТБанку.  
№ 22   Першы будынак на заходнім баку вуліцы. Чатырохпавярховы Г-падобны жылы дом. Пабудаваны ў пачатку 1950-х гадоў. Дом мае падвойную нумэрацыю — пр. Незалежнасьці 38. Вуглавая частка будынку завершана невысокай вежачкай з увагнутым шатровым дахам і пінаклямі. Высокія арачныя праёмы аформлены дэкарыраванымі парталамі. Над імі картуш з датай пачатку будаўніцтва. Верхні ярус вуглавой часткі вырашаны трохкалённым портыкам з балюстраднай агароджай. Фасады паміж трэцім і чацьвёртым паверхамі падзелены шырокім карнізным поясам. Прасьценкі ў верхнім ярусе аздоблены рэльефнымі кампазыцыямі з картушаў, гірляндаў і мэдальёнаў. Завершаны фасады шматслойным карнізам з дэнтыкуламі. Дом занесены ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.[14] У доме разьмяшчаюцца хлебная крама «Каравай»[17], аптэка «Інтэр-Інн №2»[18], прадстаўніцтва «Аўстрыйскіх авіялініяў» у Беларусі[19], вясельны салён «Gala».[20]  
№ 19   Пяціпавярховы, 41-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 3734 м². Пабудаваны ў 1955 годзе. На рагу вуліцаў Захарава і Румянцава на першым паверсе дому разьмяшчаецца рэдакцыя газэты (рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова) «Літаратура і Мастацтва».[21]  
№ 24   Чатырохпавярховы, 57-кватэрны, Г-падобны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 4479 м². Пабудаваны ў 1955 годзе. Архітэктар М. Баршч. Занесены ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.[14] У доме разьмяшчаюцца Асацыяцыя інвалідаў вайны ў Аўганістане, агенцтва нерухомасьці «Юрвэст», турыстычная фірма «Прэміё»[22], салён-цырульня «Рабэус».  
№ 21   Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. П-падобны будынак складаецца з трох корпусаў: «А» — уздоўж вуліцы Румянцава, «Б» — уздоўж вуліцы Захарава і корпус «В» — уздоўж Вайсковага завулку  
№ 26   Двухпавярховы асабняк. Цяпер у ім месьціцца канцылярыя амбасады Нямеччыны. З 1972 па 1992 год у гэтым будынку знаходзілася консульства НДР (а з 1991 году — ФРН).[23]  
№ 23   Чатырохпавярховы, 64-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 4746 м². Пабудаваны ў 1956 годзе. На рагу вуліцы Захарава і Вайсковага завулку на першым паверсе дому разьмяшчаецца аптэка №18 УП «Белфармацыя»[24]  
№ 28   Двухпавярховы асабняк. Будынак Беларускага таварыства сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Пабудаваны ў 1956 годзе. Прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.[14] Тут таксама разьмяшчаецца амбасада Мальтыйскага ордэна. Ад 1992 да паловы 90-х гадоў тут знаходзілася сядзіба Польскага народнага ўніверсытэту ў Менску.  
№ 25   Пяціпавярховы 26-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 1727 м². Пабудаваны ў 1956 годзе.У гэтым доме жылі вядомы беларускі скульптар, народны мастак БССР Аляксей Глебаў і славуты беларускі батанік, акадэмік АН БССР Мікалай Смольскі. У іх гонар на фасадзе дома ўсталяваныя мэмарыяльныя дошкі.  
№ 30   Двухпавярховы жылы дом.  
№ 27   Чатырохпавярховы, 32-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 3799 м². Пабудаваны ў 1954 годзе. У гэтым доме жылі славутая опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі і СССР Ларыса Александроўская і вядомы беларускі мэдык Мікалай Філіповіч. У іх гонар на фасадзе дому ўсталяваныя мэмарыяльныя дошкі.  
№ 32   Двухпавярховы жылы дом. У ім з 1957 па 1982 год жыў Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны будаўнік Беларусі, ганаровы грамадзянін Менску Іван Жыжаль. У яго гонар на фасадзе дому ўсталяваная мэмарыяльная дошка.  
№ 29   Жылы чатыропавярховы дом. Пабудаваны ў 1940 годзе. Адзін з толькі двух будынкаў з даваеннай забудовы Правіянцкай вуліцы (другі — дом №42), якая пазасталася пасьля вайны.  
№ 34   Двухпавярховы жылы дом.  
№ 29а   Двухпавярховы, 16-кватэрны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 682 м². Пабудаваны ў 1948 годзе.  
№ 36   Двухпавярховы дом. У 1924—1926 гадох у доме, які знаходзіўся на гэтым месцы і па гэтым адрасе, жыў Янка Купала.[25] Цяпер у ім месьціцца дзяржаўнае вытворча-гандлёвае аб’яднаньне «Белмастацпромыслы».  
№ 31   Чатырохпавярховы офісны будынак. У доме разьмяшчаюцца Менскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, галоўныя статыстычныя ўправы гораду Менску і Менскай вобласьці, Менскі абласны аграпрамысловы саюз, рэстарацыя «Casa Augustin Lopez»[26]  
№ 38   Двухпавярховы жылы дом.  
№ 33   Пяціпавярховы, 61-кватэрны жылы дом. Дом мае падвойную нумэрацыю — вул. Першамайская 13. Пабудаваны ў 1960 годзе. Агульная плошча кватэраў — 3768 м². У гэтым доме на працягу 20 гадоў жыў народны архітэктар СССР, акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР, старшыня Дзяржбуду БССР Ул. Кароль.[6]  
№ 40   Чатырохпавярховы жылы дом.  
№ 53   Чатырохпавярховы офісны будынак. У будынку разьмяшчаюцца адміністрацыя Партызанскага раёну гораду Менску, управа сацыяльнай абароны Партызанскага раёну, Партызанскае аддзяленьне Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.  
№ 42   Чатырохпавярховы дом. Пабудаваны ў 1940 годзе. Адзін з толькі двух будынкаў з даваеннай забудовы Правіянцкай вуліцы (другі — дом №29), якая пазасталася пасьля вайны. Цяпер тут месьціцца Менская гарадзкая ўправа статыстыкі, інстытут ацэнкі нерухомасьці і іншыя арганізацыі і ўстановы.  
№ 55   Шматпавярховы офісны будынак. Тут месьціцца міжнародны цэнтар камутацыі прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам».[27]  
№ 44   Чатырохпавярховы шасьціпад’ездны 63-кватэрны жылы дом у форме літары «Г» на рагу з Першамайскай вуліцай. Дом мае падвойную нумэрацыю — вул. Першамайская 11.  
№ 57   Чатырохпавярховы офісны будынак. Тут месьціцца Менская філія прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам» і яго службы продажаў для Менскай вобласьці і Менскага раёну.  
№ 46   Трохпавярховы дом, які сваім доўгім бокам стаіць уздоўж Першамайскай вуліцы. У ім месьціцца адміністрацыя УП «Менскі холадакамбінат №1».[28]  
№ 59   Трохпавярховы офісны будынак. Тут месьціцца навукова-пэдагагічная бібліятэка галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру міністэрства адукацыі.[29]  
№ 50д   Трохпавярховы офісны дом. У ім месьціцца мэдыцынскі цэнтар «VIP Baby».[30] і аддзяленьне ЗАТ «Альфа-Банк».  
№ 61   Дзевяціпавярховы, 48-кватэрны жылы дом. Плошча кватэраў — 2795 м². Пабудаваны ў 1971 годзе. На першым паверсе дому месьціцца вінная крама «Бардо».[31]  
№ 50в   Чатырнаццаціпавярховы жылы дом. Пабудаваны ў 2002 годзе.  
№ 63   Шаснаццаціпавярховы каркасна-блочны жылы дом. Пабудаваны ў 2004 годзе.  
№ 52/1   Двухпавярховы будынак. Пабудаваны ў 1966 годзе. Тут месьціцца Менская гарадзкая станцыя хуткай мэдыцынскай дапамогі.[32] Цяпер будынак знаходзіцца ў стадыі мадэрнізацыі.  
№ 63а   Пяціпавярховы жылы дом. Пабудаваны ў 1963 годзе.  
№ 52/2   Трохпавярховы будынак. Тут месьціцца 9-я стаматалягічная паліклініка.[33]  
    № 54   Дзевяціпавярховы, 125-кватэрны цагляны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 10 785 м². Пабудаваны ў 1974 годзе.  
№ 65/1   Дзевяціпавярховы, 48-кватэрны цагляны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 2760 м². Пабудаваны ў 1971 годзе. З боку вуліцы на першым паверсе дому месьціцца салён прыгажосьці «Ізумі».[34]  
№ 56   Дзевяціпавярховы жылы дом. Пабудаваны ў 1972 годзе. Гэты дом быў першым з шэрагу будынкаў, што ў 1970-х гадох утварылі мікрараён паміж вуліцамі Захарава і Пуліхава, які атрымаў у народзе назву «раён пыжыкавых (андатравых) капелюшоў» і «Царскае сяло».[35]  
№ 67/1   Шаснаццаціпавярховы каркасна-блочны жылы дом. Пабудаваны ў 2006 годзе.  
№ 58   Шматпавярховы будынак гімназіі №7 (да 1991 году — сярэдняя школа №54). Пабудаваны ў 1976 годзе.[36] Архітэктары Л.Гельфанд і Ю.Кустоў. Будынак лічыцца помнікам савецкай архітэктуры, архітэктурнае рашэньне якога заснаванае на выкарыстаньні складанага рэльефу мясцовасьці.[6]  
№ 67/2   Дзевяціпавярховы, 48-кватэрны цагляны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 3044 м². Пабудаваны ў 1971 годзе. На першым паверсе дому з боку вуліцы знаходзіцца аптэка «Фармацыя №47».[37]  
№ 60   Шасьціпавярховы будынак. Мае падвойную нумэрацыю: таксама — вул. Саламяная 13. Раней тут месьцілася сярэдняя школа №54. З 1977 году — месца знаходжаньня УП «Мінскметрабуд». У 2012 годзе адбывалася рэканструкцыя будынку.[38]  
№ 69   Пяціпавярховы, 90-кватэрны цагляны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 5232 м². Пабудаваны ў 1968 годзе.  
№ 62   Двухпавярховы Н-падобны будынак . Тут месьціцца дзіцячы садок №260.  
№ 73а   Трохпавярховы офісны будынак. Тут знаходзіцца рэспубліканскі цэнтар сэртыфікацыі і экспэртызы ліцанзаваных відаў дзейнасьці міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь.[39]  
№ 64   Дзевяціпавярховы, 231-кватэрны цагляны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 12 114 м². Пабудаваны ў 1971 годзе.  
№ 77а   Пяціпавярховы цагляны жылы дом. Пабудаваны напрыканцы 1960-х гадоў.  
№ 68   Двухпавярховы Н-падобны будынак . Пабудаваны адначасова і па аднолькавым праекце з домам па Захарава 62. Цяпер тут месьціцца амбасада Летувы. Раней у будынку быў дзіцячы садок.  
№ 87   Аднапавярховы цагляны будынак. Тут знаходзіцца адміністрацыя філіі №1 дрэваапрацоўчага прадпрыемства ААТ «Мінскдрэў».[40]  
№ 72   Дзевяціпавярховы, 108-кватэрны цагляны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 7401 м². Пабудаваны ў 1971 годзе.  
    № 74   Пяціпавярховы, 124-кватэрны цагляны жылы дом. Агульная плошча кватэраў — 6670 м². Пабудаваны ў 1969 годзе.  
    № 76   Пяціпавярховы цагляны офісны будынак. Тут знаходзіцца навукова-практычны цэнтар праблемаў умацаваньня законнасьці і правапарадку пракуратуры Рэспублікі Беларусь.[41]  
    № 104   Двухпавярховы офісны будынак. Тут знаходзяцца шэраг прадпрыемстваў па гандлі аўтазапчасткамі і рамонце аўтамабіляў, а таксама саўна-люкс НАК «Карсар».[42]  

Сквэр Сымона Балівара

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сквэр мае трохвугольную форму і месьціцца паміж вуліцамі Захарава, Першамайскай і Менскім інструмэнтальным заводам. Плошча сквэру — 2,2 га.

Сквэру нададзена імя Сымона Балівара ў ліпені 2008 году. З гэтай просьбай у Менгарвыканкам зьвярнулася амбасада Вэнэсуэлы[6][43].

Мэмарыяльныя дошкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ У Менску знайшлі самыя дарагія жылыя вуліцы telegraf.by Праверана 3 лістапада 2013 г.
  2. ^ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.
  3. ^ Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя Беларускі калегіюм Праверана 14 жніўня 2012 г.
  4. ^ Старая карта Менску —1858 г. karty.by Праверана 14 жніўня 2012 г.
  5. ^ План губернского города Минска (1898) // Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. [1] асобн. арк. карт.
  6. ^ а б в г д е ё ж Вуліца Захарава Твая сталіца — Менск Праверана 15 жніўня 2012 г.
  7. ^ Спадарожнік па Менску 1930 г. pravapis.org Праверана 14 жніўня 2012 г.
  8. ^ План Менску 1934 г. karty.by Праверана 14 жніўня 2012 г.
  9. ^ Менская эпапея. Чэрвень 1941. Беларуская думка, №6,7/2011 Праверана 17 жніўня 2012 г.
  10. ^ И.П. Шамякин (гл. ред.)и др. Артыкул «Вуліца Захарава» // Менск: энцыкляпэдычны даведнік = Минск: Энцикл. справочник. — 2-е выданьне. — Менск: Бел. Сов. Энциклопедия, 1983. — С. 174. — 467 с.
  11. ^ Важак «Андрушы» Маладая гвардыя Праверана 17 жніўня 2012 г.
  12. ^ Назвы вуліц і плошчаў Мінска як гісторыка-культурная спадчына Форум за незалежнасьць Праверана 14 жніўня 2012 г.
  13. ^ Гэты дзень у гісторыі Беларусь сегодня Праверана 17 жніўня 2012 г.
  14. ^ а б в г Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь/склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск : БЕЛТА, 2009. — 684 с.: іл.
  15. ^ Кавярня-рэстаран «Бярозка» relax.by Праверана 16 жніўня 2012 г.
  16. ^ Vogue-Café relax.by Праверана 15 жніўня 2012 г.
  17. ^ Крама «Каравай» (старонка крамы) Праверана 17 жніўня 2012 г.
  18. ^ Аптэка «Інтэр-Інн №2» (старонка аптэкі) Праверана 17 жніўня 2012 г.
  19. ^ Прадстаўніцтва авіякампаніі «Austrian Airlines» у Беларусі belarusinfo.by Праверана 17 жніўня 2012 г.
  20. ^ Вясельны салён «Gala» (сайт фірмы) Праверана 17 жніўня 2012 г.
  21. ^ Менск, вуліца Захарава, 19 100 адрасоў Свабоды. Радыё Свабода (21 верасьня 2009). Праверана 14 жніўня 2012 г.
  22. ^ Турфірма «Прэміё» holiday.by Праверана 15 жніўня 2012 г.
  23. ^ Амбасада ФРН (сайт амбасады) Праверана 15 жніўня 2012 г.
  24. ^ Аптека №18 УП БелФармация infocom.by Праверана 14 жніўня 2012 г.
  25. ^ Менскія адрасы Янкі Купалы kupala-museum.iatp.by Праверана 16 жніўня 2012 г.
  26. ^ Дом Аўгусьцін Лопэз – гішпанскі рэстаран-клюб (сайт рэстарацыі) Праверана 15 жніўня 2012 г.
  27. ^ МЦК «Белтэлекама» - фотасправаздача electroname.com Праверана 16 жніўня 2012 г.
  28. ^ Менскі холадакамбінат №1 (сайт прадпрыемства) Праверана 16 жніўня 2012 г.
  29. ^ Навукова-пэдагагічная бібліятэка (сайт бібліятэкі) Праверана 16 жніўня 2012 г.
  30. ^ Мэдыцынскі цэнтар для дзяцей «VIP Baby» mogu.by Праверана 16 жніўня 2012 г.
  31. ^ Вінная крама «Бардо» mogu.by Праверана 16 жніўня 2012 г.
  32. ^ Менская гарадская станцыя хуткай дапамогі (сайт установы) Праверана 16 жніўня 2012 г.
  33. ^ 9-я стаматалягічная паліклініка (сайт установы) Праверана 16 жніўня 2012 г.
  34. ^ Салён «Ізумі» (сайт установы) Праверана 16 жніўня 2012 г.
  35. ^ Менск слэнгавы pravapis.org Праверана 16 жніўня 2012 г.
  36. ^ Гімназія №7 (сайт установы) Праверана 16 жніўня 2012 г.
  37. ^ Аптэка «Фармацыя №47» ato.by Праверана 16 жніўня 2012 г.
  38. ^ УП «Мінскметрабуд» (сайт прадпрыемства) Праверана 16 жніўня 2012 г.
  39. ^ Рэспубліканскі цэнтар сэртыфікацыі і экспэртызы ліцанзаваных відаў дзейнасьці МНС Беларусі (сайт установы) Праверана 16 жніўня 2012 г.
  40. ^ ААТ «Мінскдрэў» (сайт прадпрыемства) Праверана 16 жніўня 2012 г.
  41. ^ Навукова-практычны цэнтар праблемаў умацаваньня законнасьці і правапарадку пракуратуры Рэспублікі Беларусь (сайт установы) Праверана 16 жніўня 2012 г.
  42. ^ сауна-люкс НАК «Карсар» (старонка ўстановы) Праверана 17 жніўня 2012 г.
  43. ^ Вынесет ли Боливар Минск? livejournal.com Праверана 16 жніўня 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Захарава (Менск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў