Раскіданае гняздо (спэктакль, Мазырскі драматычны тэатар)
«Раскіданае гняздо» | |
Сцэна са спэктаклю | |
Жанр | трагэдыя |
---|---|
Паводле | п'есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» |
Рэжысэр | Раман Цыркін |
Мастак-пастаноўнік | Уладзімер Матросаў |
Кампазытар | Вольга Кашынская |
Харэограф | Алена Масунова |
Акторы | М. Кліменка А. Чыжык Н. Скамарохава А. Сьпірыдовіч Н. Бакавец А. Бычкоўскі В. Росьлікава Я. Гарбачэўскі Я. Кузьмянкоў і інш. |
Краіна | Беларусь |
Мова | беларуская |
Год прэм’еры | 24 лістапада 2007[1] |
Пастаноўкі | Мазырскі драматычны тэатар |
Узнагароды | лаурэат IX Міжнароднага фэстывалю «Этна-Дзіа-Сфэра» (Мукачава, Украіна, 2008) |
«Раскіданае гняздо» — спэктакль, пастаўлены рэжысэрам Раманам Цыркіным ў Мазырскім драматычным тэатры імя Івана Мележа па аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Спэктакль акрэсьлены як «сцэнічны варыянт Р. Цыркіна» і прысьвечаны 120-годзьдзю з дня нараджэньня Я. Купалы. Прэм’ера адбылася 24 лістапада 2007 году.[1]
У спэктаклі найбольш заўважальныя зьмены ў параўнаньні зь літаратурнай першаасновай адбыліся з вобразам Незнаёмага і ў стаўленьні стваральнікаў спэктаклю да ідэі рэвалюцыі. Калі Янка Купала ў 1913 годзе бачыў у рэвалюцыі сродак нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня беларускага народу ад імпэрскага прыгнёту, пачатак шляху да свабоднай і незалежнай Беларусі («На вялікі сход, па Бацькаўшчыну!»), то Р. Цыркін, ведаючы з гісторыі, што прынесьлі беларускаму сялянству і інтэлігенцыі наступствы бальшавісцкай рэвалюцыі 1917 году, атаясамлівае змагара-агітатара, які зьяўляецца на руінах хаты Зяблікаў, з Д’яблам (нібыта паказвае вобразь Незнаёмага і ягоныя ідэі праз прызму «Бесаў» Ф. Дастаеўскага).[2]
Акторы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхаіл Кліменка — Лявон
- Натальля Скамарохава — Марыля
- Анатоль Бычкоўскі, Юры Шмак — Сымон
- Валянціна Росьлікава — Зоська
- Яўген Кузьмянкоў — Данілка
- Андрэй Сьпірыдовіч — Незнаёмы
- Вадзім Дубраў — Стары
- Н. Бакавец
- Я. Гарбачэўскі
- Р. Даўцян
- А. Лазарава
- А. Чыжык і інш.[1]
Водгукі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ён [Незнаёмы] выходзіць на падмосткі ў традыцыйным, вядомым па карцінках, адзеньні — чорным трыко і гэткім жа чорным д'ябальскім каўпаку. Яго словы і пра сход, і пра супраціў — гэта спакушэньне. Сваёй ахвярай Незнаёмы выбраў Сымона. Разыгрываецца даволі вялікая сцэна — не столькі славесная, колькі пластычная. Незнаёмы ў сваёй «агітацыі» выкарыстоўвае разнастайныя сродкі — парады, абяцаньні, пагрозы, псыхалягічны і фізычны націск (каларытны ў ролі Андрэй Сьпірыдовіч іграе віртуёзна). І ўсё дзеля аднаго — спакусіць, забраць чалавечую душу. [...] Ідзе складаная, цяжкая ўнутраная барацьба. І калі ўрэшце Сымон рашыўся — гэта стала яго душэўным зломам. Ён панік, як у народзе кажуць, «ськіс». І ціха, малазаўважна падаўся ў бок спакусьніка. Амаль адразу ж падмосткі ахапіла віхурыстае полымя. Яно шалёна бушавала, нішчачы ўсё існае. І калі агонь заціх, сцэна была абсалютна пустая. Невядома, дзе Сымон, ці выйшаў ён жывым з пякельнага вогнішча. Дзе іншыя людзі? | ||
Рэжысэр [...] паспрабаваў адшукаць у творы Купалы тыя «сьцяжынкі», якія прывялі б нас, гледачоў, ад побытавага пласту п'есы і яе фальклёрна-сымбалісцкага ўспрыняцьця да перафармулёўкі пытаньня «Хто вінаваты?» на «Чаму так атрымалася?». Нездарма патэтычны «рэвалюцыянэр» Незнаёмы ў выкананьні Андрэя Сьпірыдовіча ў спэктаклі набыў рысы ўсюдыіснага настойлівага чорту, які сваім назаляньнем не дае Сымону спакойнага жыцьця, проста-такі штурхаючы хлопца да неўласцівых яму ўчынкаў. | ||
— Тацьцяна Команава[4] |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Раскіданае гняздо (старонка спэктаклю) Мазырскі драматычны тэатар імя Івана Мележа Праверана 31 сьнежня 2012 г.
- ^ Рэцэпцыя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры Villa Sokrates Праверана 31 сьнежня 2012 г.
- ^ Анатоль Сабалеўскі ...І будуць панаваць // Мастацтва : часопіс. — Менск: 2008. — № 7. — С. 47. — ISSN 0208-2551.
- ^ Тацьцяна Команава Што дадаць да «высокай пробы»? // Культура : газэта. — Менск: 2008. — № 48.