Узвышша (літаратурнае аб’яднаньне)
«Узвышша» | |
Менск, 1929 г. (першы рад: Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Дубоўка, К. Чорны, З. Бядуля, К. Крапіва; другі рад: М. Лужанін, С. Дарожны, А. Адамовіч, Т. Кляшторны, У. Жылка, В. Шашалевіч, П. Глебка) | |
Папярэднік | «Маладняк» |
---|---|
Дата ўтварэньня | 26 траўня 1926 (98 гадоў таму) |
Дата спыненьня існаваньня | сьнежань 1931 |
Тып | Літаратурнае |
Юрыдычны статус | Грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | Стварэньне школы літаратурнага мастацтва |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларуская ССР |
Старшыня | Кузьма Чорны |
Скарбнік | Кандрат Крапіва |
Сакратар | Адам Бабарэка |
Асноўныя асобы | Уладзімер Дубоўка, Язэп Пушча |
Кіроўны орган | Сход |
Зьвязаныя кампаніі | Часопіс «Узвышша» |
«Узвы́шша» — беларускае літаратурна-мастацкае згуртаваньне, якое існавала з 26 траўня 1926 году па сьнежань 1931-га. Заснавальнікамі выступілі 6 пісьменьнікаў (А. Бабарэка, З. Бядуля, У. Дубоўка, К. Крапіва, Я. Пушча і К. Чорны), якія выйшлі з аб’яднаньня «Маладняк» празь яго пралеткультаўскую недаацэнку мастацкай спадчыны. Яны абгрунтавалі літаратурна-мастацкі кірунак аквітызм (лац. aqua vita — жывая вада) — разьвіцьцё звычаяў нацыянальнага адраджэньня і творчае выкарыстаньне новаўвядзеньняў сусьветнай мастацкай культуры. Заява згуртаваньня 1927 г. асуджала адмаўленьне літаратурнай традыцыі ў творчасьці маладых пісьменьнікаў. Прапаноўвалася выхоўваць адоранасьць праз разьвіцьцё высокай культуры мовы з апорай на аўтэнтычны фальклёр і клясычную літаратуру, выкарыстаньнем мастацкіх знакаў і засяроджанай вобразнасьці, нацыянальна-спэцыфічнай тэматыкі. У выніку перасьледу кіраўніцтва ў 1930 г. ухваліла пастанову «пра палітычныя памылкі ў літаратурна-публіцыстычнай творчасьці», што зьмяшчала пярэчаньні супраць шэрагу артыкулаў У. Дубоўкі, Ф. Купцэвіча і К. Чорнага. У артыкуле «Пралетарскім шляхам» кіраўнікі вымушана адмовіліся ад «нашаніўскіх традыцыяў старэйшага пакаленьня пісьменьнікаў» і паабяцалі засвоіць марксізм-ленінізм і ўлучыцца ў змаганьне за калектывізацыю вёскі. У сьнежні 1931 г., пасьля арышту і ссылкі А. Бабарэкі, У. Дубоўкі, Я. Пушчы і У. Жылкі, сход «Узвышша» ўхваліў самароспуск згуртаваньня[1][2][3].
Часопіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1927 па 1930 год згуртаваньне выдавала аднайменны часопіс, які ў 1931 годзе працягваў выдавацца Беларускім дзяржаўным выдавецтвам у Менску. Усяго было выдадзена 44 нумары часопіса ў 39 кнігах. Лічыцца адным з самых адметных і значных літаратурна-мастацкіх выданьняў у гісторыі новай беларускай літаратуры[4]. Таксама зборнікі творчасьці сваіх сяброў.
Сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сябрамі аб’яднаньня сталі Кузьма Чорны (старшыня), Кандрат Крапіва (намесьнік старшыні), Адам Бабарэка (сакратар), Зьмітрок Бядуля, Пятро Глебка, Сяргей Дарожны, Уладзімер Дубоўка, Максім Лужанін, Язэп Пушча, Васіль Шашалевіч, Тодар Кляшторны, Фэлікс Купцэвіч, Лукаш Калюга, Андрэй Мрый, Клімэнт Кундзіш (Клімэнт Мартынавіч Якаўчык), Антон Адамовіч, Юрка Віцьбіч[a].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Адамовіч і Віцьбіч называюцца сябрамі аб’яднаньня ў інфармацыйных дадатках да: Ю. Віцьбіч (Стукаліч). Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. У выд. Л. Юрэвіча.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Самаліквідацыя літаратурна-мастацкага згуртаваньня «Узвышша». // ЛіМ : штотыднёвая літаратурная і грамадзка-палітычная газэта. — 1932. — № 3.
- ^ Хроніка. Самаліквідацыя літаратурна-мастацкага згуртаваньня «Узвышша». // Маладняк : часопіс. — 1932. — № 4. — С. 123—124.
- ^ Уладзімер Конан. «Узвышша» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16. — С. 179-180. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6
- ^ Літаратурнае аб'яднанне Узвышша: "Узвышша". ПрайдзіСвет. Праверана 15 лістапада 2011 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Конан У. М. Узвышша // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Т. 5: Скамарохі — Яшчур. — 702 с. — 9500 ас. С. 346, 347.
- Чыгрын І. П. Крокі: проза «Узвышша». Мн., 1989.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Электронны архіў часопіса «Узвышша» на Беларускай палічцы
- Літаратурнае аб’яднанне «Ўзвышша» на ПрайдзіСвеце
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |