Царква Аляксандра Неўскага (Менск)
храм | |
Царква Аляксандра Неўскага
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Каардынаты | 53°54′31.27″ пн. ш. 27°35′14.37″ у. д. / 53.9086861° пн. ш. 27.587325° у. д.Каардынаты: 53°54′31.27″ пн. ш. 27°35′14.37″ у. д. / 53.9086861° пн. ш. 27.587325° у. д. |
Канфэсія | Праваслаўе |
Эпархія | Менская |
Архітэктурны стыль | нэарускі стыль |
Аўтар праекту | В. І. Струеў |
Дата заснаваньня | 1896 |
Будаваньне | 1896—1898 гады |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Сайт | nevsky.by |
Царква Аляксандра Неўскага | |
Царква Аляксандра Неўскага на Вікісховішчы |
Царква́ Сьвято́га Алякса́ндра Не́ўскага ў Менску — праваслаўны храм, пабудаваны ў 1896—1898 гадах на тэрыторыі Вайсковых могілак гораду. Адзіны храм Менску, які амаль цалкам захаваў сваё першапачатковае аблічча.
Гісторыя стварэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На ўзьвядзеньне храма-помніка будаўнічым аддзяленьнем Менскага губэрнскага кіраваньня ў красавіку 1896 году быў зацьверджаны каштарыс на агульную суму 11 227 рублёў і 39 капеек. Месцам для будаўніцтва былі абраныя Вайсковыя могілкі, якія знаходзілася на ўскраіне Менску й звалася Доўгім Бродам.
На збудаваньне храма ў бізантыйскім стылі сродкі ахвяравалі таксама войскі мясцовага ваеннага гарнізону й прыватныя асобы — галоўным чынам сваякі загінулых воінаў. Актыўна дапамагаў у гэтай справе добрапрыстойны 30-й пяхотнай дывізіі протаярэй Павал Багдановіч. 20 000 рублёў на пабудову храма ўнесла «дачка» лейб-гвардыі Кексгольмскага палка Марыя Кексгольмская — баўгарская сірата, падабраная салдатамі палка ў 1877 г. на полі бою.
Будаўніцтва было задуманае як помнік воінам, якія аддалі сваё жыцьцё ў расейска-турэцкай вайне 1877—1878 гадоў[1][2]. Пра гэта нагадваюць захаваныя з тых часоў дзьве мэмарыяльныя дошкі, умантаваныя ў цэнтральны нэф. На іх выгравіраваны імёны 118 воінаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га пяхотнага Каломенскага палка, загінулых пры ўзяцьці Плеўны ў Баўгарыі. Акрамя таго, побач з храмам месьцяцца магілы некалькіх герояў вайны 1877—1878 гг. — генэрал-лейтэнанта Э. В. Жыржынскага, генэрал-маёра І. А. Бырдзіна, падпалкоўнікаў А. Т. Дзехцярова, В. К. Жэжэра і С. К. Абрамава.
Храм быў спраектаваны ў нэарускім стылі XVII—XVIII стагодзьдзяў, і быў збудаваны на месцы маленькай драўлянай царквы[2].
Урачыстае асьвячэньне храма адбылося 2 лютага 1898 году. Чын асьвячэньня зьдзейсьніў праасьвяты Сімяон, япіскап Менскі й Тураўскі, пасьля архіяпіскап, духавенства менскіх цэркваў і ў прысутнасьці вялікай колькасьці гараджанаў.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мураваны крыжова-купальны трохнэфавы аднаапсыдны чатырохслуповы храм-помнік. У цэнтры сымэтрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазыцыі ўзвышаецца масіўны купал на васьмігранным сьветлавым барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Меншыя дэкаратыўныя купалы сымэтрычна разьмешчаныя над дахамі бакавых нэфаў. Дамінантай кампазыцыі зьяўляецца высокая двух’ярусная званіца з шатровым пакрыцьцём, разьмешчаная над бабінцам.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- За алтарнай сьцяной пахаваныя рэшткі вышэйшых афіцэраў, а побач зь імі знаходзяцца дзьве брацкія магілы з рэшткамі салдатаў.
- У храме знаходзіцца драўляная пераносная царкоўка, якой карыстаўся Каломенскі полк для малітваў падчас ваенных дзеяньняў у Турэччыне.
- У храме знаходзіцца сьпіс (копія) Менскай іконы Божай Маці, зроблены ў XIX стагодзьдзі.
- Падчас Другой сусьветнай вайны храм падвяргаўся бамбардзіроўцы, аднак бомба, якая прабіла купал храма, не ўзарвалася. Яна прашыла цэнтральны купал царквы й упала каля абраза Мікалая Ўгодніка.
- Пры аднаўленьні царквы выкарыстоўвалася чырвоная цэгла, якая выпускаецца на латвійскім заводзе, які пастаўляў сваю прадукцыю ў маскоўскі Крэмль.
- У ківоце ў правай прыбудоўцы месьціцца ікона Нерукатворнага абраза Збавіцеля, аўтарам якой паводле паданьня зьяўляецца вядомы расейскі жывапісец Мікалай Ге. Ікона была ахвяраваная храму адным зь яго апекуноў у канцы XIX стагодзьдзя.
Набажэнствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Набажэнствы ў храме праходзяць штодня раніцай і ўвечар, акрамя вечара панядзелка.
У храме рэгулярна зьдзяйсьняюцца таінствы хрышчэньня і вянчаньня, ёсьць уласны хор, дзейнічае нядзельная школа.
З моманту асьвячэньня храма і да цяперашняга часу чатыры разы ў год на Сусьветныя суботы тут праходзяць памінальныя набажэнствы, у якіх загінулыя войны называюцца пайменна.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 321. — 620 с. — 10 000 ас. — ISBN 5-85700-078-5
- ^ а б Александра Невского церковь (рас.). minsk-old-new.com. Праверана 26 чэрвеня 2014 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, [1986—1988].
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 712Г000046 |
Царква Аляксандра Неўскага (Менск) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў