Шляхам жыцьця (зборнік)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Шляхам жыцьця»
па-беларуску: Шляхам жыцьця
Вокладка зборніку «Шляхам жыцьця»
(Санкт-Пецярбург, 1913)
Жанр: верш, паэма
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Публікацыя: 1913
Выдавецтва: Загляне сонца і ў наша аконца
Электронная вэрсія
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

«Шляхам жыцьця» — трэці зборнік вершаў Янкі Купалы, ўпершыню выдадзены ў 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». Першы тыраж зборніку склаў 3 тысячы асобнікаў.[1] Купала прысьвяціў зборнік доктару Аляксандру Ярэмічу, які выдаў кнігу Купалы за свае ўласныя сродкі.[2]

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У зборнік увайшлі больш за 200 вершаў, напісаных пераважна ў 1910—1913 гадох, шэраг перакладаў і некаторыя вершы з папярэдніх зборнікаў Купалы «Жалейка» і «Гусьляр». Зборнік складаецца зь сямі асобных разьдзелаў:

І. «Бацькаўшчына» (вершы «Песьня мая», «З кутка жаданьняў», «Маладая Беларусь», «Песьня сонцу», «Выйдзі...» і інш.)

ІІ. «Па межах родных...» (напоўнены філязафічнымі настроямі і пэйзажнымі малюнкамі («Над Сьвіслачай», «Сельскія могілкі», «Дуб», «Вярба» ды інш.), міталягічнымі вобразамі («Ваўкалак», «У вечным боры...», «Чорны бог» і інш.))

ІІІ. «Для Яе» (вобраз жанчыны ў вершах разьдзелу экзальтаваны («Абнімі...», «З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай»), апраменены надзвычайнай замілаванасьцю («Ты прыйдзі...»), фальклёрызаваны («Русалка», «Ястраб»))

ІV. «Наша вёска» (цыклы вершаў «Аб мужыцкай долі», «Зь песень безьзямельнага» і інш.)

V. «Сваім і чужым» (пераважна публіцыстычны разьдзел, вершы «Гэй, капайце, далакопы...», «Ворагам Беларушчыны», «Зь мінуўшых дзён» і інш.)

VI. «Байкі і аповесьці» (пераважна эпічны разьдзел, паэмы «Курган», «На куцьцю», драматычная паэма «На папасе», верш «На Дзяды», урывак з індыйскае кнігі «Магабгарата» «Паляўнічы і пара галубкоў» і інш.)

VII. «Пераклады з польскай» (пераклады твораў А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, Ул. Сыракомлі і інш.).[1]

Адметнасьць і значэньне зборніку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зборнік лічыцца этапным у творчасьці Купалы і ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагодздзьдзя. Творы зборніку падсумоўвалі здабыткі Купалы на ніве нацыянальнае паэзіі, сьцьвярджалі ў ёй прынцыпы народнасьці і высокага мастацтва і праз тое праграмавалі шляхі разьвіцьця нацыянальнае паэзіі і ўвогуле ўсяе беларускае літаратуры. Зборнік стаў паэтычным гімнам Маладой Беларусі і перадавых сілаў нацыянальнага грамадзка-палітычнага руху пачатку ХХ стагодздзьдзя. Філязофскай заглыбленасьцю, шырока распрацаванымі матывамі больш інтымнага пляну зборнік знаходзіцца каля вытокаў беларускае нацыянальнае філязофскае і любоўнае лірыкі. Зборнік стаў узорным, клясычным па багацьці сваіх мастацкіх формаў, культуры верша, замацаваньні ў нацыянальнае паэзіі як асацыятыўна-рамантычнага стылю, так і клясычна-анталягічнага, народна-песеннага.[1]

У зборніку выявіўся якасны новы ўзьлёт Купалы-лірыка. У параўнаньні са зборнікам «Жалейка» тэма сялянскага жыцьця зь пераважнай і стрыжнявой — пры тым жа яе вычарпальным вырашэньні — стала ўпоравень зь іншымі, нагэтулькі ж значнымі тэмамі. Узвышаўся гэты зборнік і над зборнікам «Гусьляр», зь яго крыху гіпэртрафіраванай фальклёрнай стылізацыяй, абстрактнымі рамантычнымі пошукамі маральных ідэалаў, т.зв. «сусьветнаю тугой». Для зборніку «Шляхам жыцьця» ўласьцівыя маштабнасьць лірычных і эпічных вобразаў, паказ жыцьця як гістарычнага руху народу з часоў мінулых праз сучаснае ў будучыню, зь вітаньнем яе, прысьпешваньнем і набліжэньнем.[1]

Асноўным лірычным героям кнігі — паперадзе сумарнага і індывідуалізаванага вобраза мужыка — становіцца рамантычны вобраз песьняра-змагара, прарока сьветлай будучыні народу. Выдатнае мастацкае адкрыцьцё Купалы — гістарызм «Шляхам жыцьця». З усьведамленьня славы і няславы, гераічнае велічы і трагедыйнасьці гістарычнага мінулага лірычны герой зборніку вырастаў у фігуру незвычайнага маштабу, якая ўмяшчала ў сабе вялікую сілу аўтарскіх перажываньняў, выказаных па-мастацку раскавана, з бліскучай паэтычнай віртуознасьцю.[1]

Крытычныя водгукі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першым і найбольш вядомым водгукам на трэці зборнік Купалы стаў артыкул Антона Луцкевіча ў «Нашай Ніве». Крытык акцэнтуе ўвагу на ўсеабдымнасьці паказу народнага жыцьця ў кнізе Я. Купалы, на добрую тэхніку пісьма, калі «у пекных, зычных, шчыра і з размахам напісаных вершах адбіваецца жыцьцё нашага народу»[3]. А.Луцкевіч заўважае:

« Кніжка цешыць душу кожнага шчырага беларуса. Гэта ўжо сур’ёзны здабытак беларускай літаратуры. <...> Мы можам сьмела казаць, што пясьняр Маладой Беларусі займець пачэснае месца ў гісторыі беларускага адраджэньня. <...> У вершах Купалы ўсё часьцей і часьцей – поруч з сумнымі настраеньнямі — зьвініць нотка бойкая, жывая; відаць, што сіла кіпіць і рвецца да дзела. Чуваць радасьць жыцьця — радасьць, каторая абыймае душу здаровага сільнага чалавека. Даючы сумныя абразы гора і нядолі народнай, кніжка Купалы родзіць веру, што будзе лепей, што папраўдзе блізка ўжо часіна адраджэньня забытых і забітых беларусаў. <...> «Шляхам жыцьця» ідзе Купала, але ў кніжцы яго відаць, што той шлях цягнецца далёка—далёка ў будучыну, і пясьняр прарочым словам прымушае верыць, што, ідучы сваей дарогай, мы дойдзем урэшце да лепшай долі.[4] »

Выданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкулы «Шляхам жыцьця». — С. 666—668.
  2. ^ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Ярэміч». — С. 701.
  3. ^ Анатоль Сідарэвіч. Антон Луцкевіч і Янка Купала // Тэрмапілы : Часопіс. — 2003. — № 7. — С. 163-226. — ISSN 1506-6576.
  4. ^ Антон Луцкевіч. Янка Купала «Шляхам жыцьця». / Газэта «Наша Ніва». — 26 красавіка 1913 году.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Тры артыкулы «Шляхам жыцьця» / Аўтар — А.Лойка. — С. 666—668.
  • Луцкевіч, Антон. Янка Купала «Шляхам жыцьця» / Газэта «Наша Ніва». — 26 красавіка 1913 году.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]