Сяргей Палуян
Сяргей Палуян | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | С. Ясяновіч, С. П., П. Ян. |
Нарадзіўся | 19 кастрычніка 1890 Брагін, Рэчыцкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 20 красавіка 1910 (19 гадоў) Кіеў, Расейская імпэрыя |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | проза, публіцыстыка |
Гады творчасьці | 1908—1910 |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Палуян.
Сярге́й Епіфа́навіч Палуя́н (19 кастрычніка 1890, мястэчка Брагін Рэчыцкага павету Менскай губэрні — 20 красавіка 1910, Кіеў) — беларускі пісьменьнік, публіцыст, літаратуразнаўца. Адзін з заснавальнікаў нацыянальнай літаратурна-мастацкай крытыкі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў трэцім дзіцём у сям’і арандатара Епіфана Іванавіча і Аляксандры Дзьмітрыеўны Палуян (5 дачок і 3 сыны). Празь пяць месяцаў пасьля нараджэньня Сяргея сям’я пераехала на сталае месца жыхарства ў вёску Крышычы Юравіцкай воласьці Мазырскага павету, дзе ў 1897 годзе набылі ўласны фальварак.
Вучыўся ў Мазырскай прагімназіі, дзе зблізіўся з рэвалюцыянэрамі, распаўсюджваў улёткі, праклямацыі, удзельнічаў у мітынгах[1]. Пасьля быў накіраваны ў гімназію ў Мітаве (цяпер г. Елгава, Латвія[2]).
У 1908 годзе ўвайшоў у кіроўны орган БСГ. Праз канфлікт з бацькам, які не падтрымоўваў рэвалюцыйную дзейнасьць сына, самавольна зьехаў у гэтым самым годзе ў Кіеў.
Скончыў жыцьцё самагубствам. Некаторыя дасьледчыкі выказваюць вэрсію пра гвалтоўную сьмерць[3].
Пахаваны на кіеўскіх Байкаўскіх могілках (зьнішчаныя ў даваенны час[1]).
Меў сына ад сувязі са сваёй каханкай Натальляй[4].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтар празаічных твораў «Вёска», вершаў у прозе «Хрыстос уваскрэс» і іншых.
Падчас перабываньня ў Кіеве супрацоўнічаў з часопісам украінскай моладзі «Українська хата», друкаваўся ў газэце «Рада» і часопісе «Світло». Пісаў у «Нашу Ніву». У «Лістах з Украіны» зрабіў сыстэматызаваны агляд культурна-гістарычнага жыцьця ўкраінскага народу і беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў пачатку ХХ стагодзьдзя[5].
Адзін з заснавальнікаў беларускай прафэсійнай літаратурнай крытыкі. Аўтар артыкулу «Аб нацыянальнай школе ў Беларусі», рэцэнзіі на кнігу «Другое чытаньне для дзетак беларусаў» Якуба Коласа.
Дасьледаваў беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі, выступаў за разьвіцьцё беларускай мовы і культуры. Падтрымліваў духоўнае адраджэньне іншых нацыяў — чувашоў, якутаў, украінцаў[2].
Складаў беларускую хрэстаматыю для дзяцей.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зборнік твораў С. Палуяна пад назвай «Лісты ў будучыню» быў выдадзены ў 1986 годзе.
С. Палуяну прысьвечаныя паэма «Курган» і верш Янкі Купалы «Памяці С. Палуяна», першы і апошні прыжыцьцёвы зборнік твораў «Вянок»[6][4] і некалькі вершаў М. Багдановіча, верш у прозе «Раны» Ядвігіна Ш.
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Вера Зайцава (6 верасьня 2010) Ёсць песняры ў Калінкавіцкім краі Культура. news.21.by. Праверана 22 кастрычніка 2010 г.
- ^ а б Палуян Сяргей Епіфанавіч. Клюб «Спадчына». Праверана 22 кастрычніка 2010 г.
- ^ Кастусь Матушыч (20 красавіка 2010) Адкрывальнік Багдановіча Культура. Рознае. «Наша Ніва». Праверана 22 кастрычніка 2010 г.
- ^ а б Зьміцер Кісель (3 лютага 2008) Сяргей Палуян: «Добрая раніца настане…». Блог «Наша культура». Праверана 22 кастрычніка 2010 г.
- ^ Зьміцер Кісель (1 красавіка 2010) Да 100-годдзя са дня смерці Сяргея Палуяна: «I ты ўваскрэснеш…». «Будзьма!». Праверана 22 кастрычніка 2010 г.
- ^ «Вянок [на магілу Сяргея Палуяна]»
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Календарыюм // Czasopis № 10/2005.