Аршанскі раён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аршанскі раён
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Статус раён Беларусі
Уваходзіць у Віцебская вобласьць
Адміністрацыйны цэнтар Ворша
Найбуйнейшыя гарады Арэхаўск, Барань, Копысь
Дата ўтварэньня 17 ліпеня 1924
Старшыня раённага
выканаўчага камітэту
Ігар Ісачэнка
Насельніцтва (2019) 154 943[1]
Шчыльнасьць 92,9 чал./км² (6-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 92,01%
расейцы — 5,99%
астатнія — 2%[2]
Плошча 1667,73[3] км²
Вышыня па-над узр. м.
 · сярэдняя вышыня

 171 м[4]
Месцазнаходжаньне Аршанскага раёну
Аршанскі раён на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +3
Тэлефонны код +375-21-61
Паштовыя індэксы 211 0хх
Код аўтам. нумароў 2
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Арша́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1667,73 км². Насельніцтва на 2019 год — 154 943 чалавек[1]. Адміністрацыйны цэнтар — горад Ворша.

Геаграфічнае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мяжуе з Талачынскім, Лёзьненскім, Сеньненскім, Дубровенскім раёнамі Віцебскай вобласьці і Шклоўскім, Горацкім раёнамі Магілёўскай вобласьці. Працягласьць з поўначы на поўдзень 53 кілямэтры, з захаду на ўсход — 44 кілямэтры.

Прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паверхня пераважна пагорыстая і плятопадобная, паўднёвая частка на Аршанска-Магілёўскай раўніне, у цэнтры — Аршанскае ўзвышша, на поўначы — частка Лучоскай нізіны. Пераважаюць вышыні 180—220 м над узроўнем мора, найвышэйшая адзнака 237,5 м (на паўночны захад ад вёскі Стайкі).

Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карысныя выкапні — даляміты, пяскова-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, легкаплаўкія гліны. Здабыча торфу.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня паводле 1996 году — 7,8 °C.[5] Сярэдняя тэмпэратура студзеня −7,9 °C, ліпеня 17,7 °C. Ападкаў 627 мм за год[5]. Сярэдняя колькасьць ападкаў — 656 мм/год. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду складае 184 дні.

Гідраграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найвялікшая рака — Дняпро з прытокамі Адроў, Аршыца (справа), Крапівенка і Лешча (зьлева). Найбуйнейшыя азёры на тэрыторыі раёну: Вялікае Арэхаўскае, Дзевінскае, Кузьміно, Карэсіна, Перавалачнае. Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,43 км/км².

Глебы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глебы сельскагаспадарчых угодзьдзяў: дзярнова-падзолістыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (3%), тарфяна-балотныя (3%), поймавыя (2,5%), паводле мех. складу — сугліністыя (84,9%), супясчаныя (11,4%), тарфяныя (3%), пясчаныя (0,7%). Пад сельскагаспадарчымі ўгодзьдзямі 107 тыс. га., зь іх 11,7 тыс. га асушаных.

Расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

23% тэрыторыі раёну займаюць лясы. Гэта хваёвыя, яловыя, радзей сустракаюцца бярозавыя, асінавыя, альховыя лясы.

Плошча балотаў складае 3224 гектараў[3].

Жывёльны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З паляўніча-прамысловых жывёлаў водзяцца лось, дзік, эўрапейская казуля, высакародны алень. Таксама ёсьць рысь эўрапейская, буры мядзьведзь, барсук — жывёлы з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусі, якія находзяцца пад аховай дзяржавы.

Помнікі прыроды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі камень кудаеўскі

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XX стагодзьдзе: 1995 год — 44 800 чалавек, сярэдняя шчыльнасьць — 26,4 чал/км², гарадзкога 12%[6]
  • XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2007 году — 32 200 чалавек; 2008 год — 31 700 чалавек; 2009 год — 30 700 чалавек, у тым ліку ў мястэчку Арэхаўск — 3100 чалавек а ў мястэчку Копысь — 825 чалавек; 2009 год — 31 009 чалавек[2] (перапіс), у тым ліку 3665 чалавек гарадзкога насельніцтва; 2016 год — 158 290 чалавек (у тым ліку горад Ворша — 116 552 чалавекі)[7]; 2017 год — 157 526 чалавек[8]; 2018 год — 156 411 чал.[9]; 2019 год — 154 943 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1996 годзе ў раёне былі 26 сярэднеагульнаадукацыйных, 7 базавых, 11 пачатковых школ, 2 музычныя школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа[5]. У раёне — 33 школы, у тым ліку пачатковых — 6, базавых — 7, сярэдніх — 20, школа-інтэрнат (агульная колькасьць вучняў — 3726). Дзіцячых школ-садкоў — 19, вечаровая школа, дзіцячая юнацкая сярэдняя школа алімпійскага рэзэрву, Высокаўская прафэсійна-тэхнічная вучэльня, дзяржаўны Смалянскі аграрны каледж (былы саўгас-тэхнікум).

Ахова здароўя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1996 годзе ў раёне было 6 бальніц, 28 фэльчарскіх пунктаў[5]. Сыстэма аховы здароўя ўлучае ў сябе 6 лякарань, 6 мэдычных амбулаторыяў, 24 фэльчарскія пункты.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1996 годзе ў раёне былі 4 клюбныя, 58 бібліятэчных устаноў[5]. Сёньня на тэрыторыі раёну ёсьць цэнтральная раённая бібліятэка, Будынак рамёстваў, раённы вучэбна-мэтадычны цэнтар, 17 сельскіх дамоў культуры, 20 сельскіх клюбаў, 41 бібліятэка, 2 музычныя школы, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, 5 самадзейных калектываў са званьнем «Народны». Выдаецца «Аршанская газэта».

У Ляўках знаходзіцца другая філія музэю Янкі Купалы, якая з 1962 па 1977 год існавала на грамадзкіх асновах. У 1978 годзе ўрад Беларусі прыняў рашэньне аб стварэньні Купалаўскага мэмарыяльнага запаведніку «Ляўкі» плошчай 19 гектараў.

Гісторыка-архітэктурныя каштоўнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў у Смалянах

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Уніяцкая царква Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў вёсцы Вялікае Бабіна.
  • Уніяцкая Сьвята-Ільлінская царква ў сяле Высокае.
  • Сядзібна-паркавы комплекс Васілеўскіх у вёсцы Гародня (1780).
  • Уніяцкая царква Сьвятой Тройцы ў вёсцы Гразіна.
  • Рагвалодаў камень у вёсцы Дзятлава (1171).
  • Царква Нараджэньня Божай Маці ў вёсцы Крапіўна.
  • Уніяцкая Сьвята-Ільлінская царква ў вёсцы Машкова.
  • Уніяцкая царква Покрыва Багародзіцы ў вёсцы Межава.
  • Касьцёл у вёсцы Пагост (XVIII—XX стагодзьдзі).
  • Уніяцкая царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Рагазіна.
  • Уніяцкая Царква Прачыстай Багародзіцы (1767 год) у вёсцы Рэпухава .
  • Царква Сьвятой Тройцы ў вёсцы Солаўе (XVIII стагодзьдзе).
  • Уніяцкая царква Царква Прачыстай Багародзіцы ў вёсцы Юрцава (1767).
  • Царква Сьвятога Спаса (XVII — XVIII ст.) ў вёсцы Якаўлевічы.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У раёне існуе 15 рэлігійных суполак, зь іх: 11 — праваслаўных (Арэхаўск, Баўбасаў, Барань, Копысь, Крапіўна, Межава, Смаляны, ), 1 — каталіцкая ( Барань), 3 — хрысьціянаў веры эвангельскай (Баўбасаў, Барань, Межава).

Гаспадарчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малочна-мясная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля, птушкагадоўля, пасевы збожжавых, кармавых культураў, бульбы. Разьвіта льнаводзтва. Прадпрыемствы лёгкага машынабудаваньня, станкабудаваньня, паліўнай, лёгкай (тэкст., швейная), харчовай прамысловасьці, па вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў (кафля, цэгла, жалезабетонныя вырабы). Беларуская ДРЭС. На 1 студзеня 1995 году ў Аршанскім раёне было 23 калгасы і 10 саўгасаў.

Гандаль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гандлёвае абслугоўваньне ажыцьцяўляюць 43 прадпрыемствы, спажывецкае таварыства прадстаўленае 124 прадпрыемствамі і 41 прадпрыемствам грамадзкага харчаваньня.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтамагістраль М1, перакрыжаваньне пад Воршай

Буйны транспартны вузел краіны. Праз раён пралягаюць аўтамагістралі Берасьце — Масква (М1, E30) і Магілёў — Віцебск (М8, E95) . Праз раён з Воршы бягуць чыгункі ў Менск, Магілёў, Крычаў, Віцебск, Лепель, Маскву. Магістральны газапровад Таржок-Менск-Івацэвічы, газапровад на Наваполацак (адгалінаваньне ад нафтапровада «Дружба»).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя зьвесткі пра населеныя пункты, якія цяпер належаць Аршанскаму раёну, зьявіліся ў сярэдзіне 16 стагодзьдзя. Тады быў створаны Аршанскі павет Віцебскага ваяводзтва. У 17 стагодзьдзі на тэрыторыі раёну пабудаваны Куцеінскі Богаяўленскі манастыр. Істотны штуршок у разьвіцьці раёну адбыўся пасьля будаўніцтва чыгункі Масква-Варшава ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя. 17 ліпеня 1924 году быў утвораны Аршанскі раён у складзе Аршанскай акругі, у 1930 годзе — уключаны ў склад Віцебскай вобласьці.

8 красавіка 2004 году былі скасаваныя Запольскі, Першамайскі і Стайкаўскі сельсаветы; Дубраўскі сельсавет перайменаваны ў Зубрэвіцкі з адміністрацыйным цэнтрам у вёсцы Зубрэвічы; скасаваны Арэхаўскі пасялковы савет і створаны Арэхаўскі сельсавет, адміністрацыйным цэнтрам якога стаў гарадзкі пасёлак Арэхаўск. Гістарычныя сельсаветы: Бразьдзечынскі, Веравойшанскі, Дубраўскі, Кудаеўскі, Ліпкаўскі, Малотынскі, Першамайскі, Стайкаўскі[5].

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У раёне налічваецца 263 населеныя пункты; 14 сельсаветаў: Андрэеўшчынскі, Арэхаўскі, Бабініцкі, Барздоўскі, Вусьценскі, Высокаўскі, Забалацкі, Задроўеўскі, Зубаўскі, Зубрэвіцкі, Крапівенскі, Межаўскі, Пішчалаўскі, Смалянскі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2019 г. и среднегодовая численность населения за 2018 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ а б Статыстычны бюлетэнь «Агульная колькасьць насельніцтва, яго склад паводле ўзросту, полу, стане ў шлюбе, узроўні адукацыі, нацыянальнасьцях, мове і крыніц сродкаў да існаваньня» (рас.) (rar) Перапіс насельніцтва — 2009. Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (1 верасьня 2010). Праверана 9 красавіка 2011 г.
  3. ^ а б Дзяржаўны зямельны кадастар Рэспублікі Беларусь (паводле стану на 1 студзеня 2011 г.) (рас.)
  4. ^ GeoNames (анг.) — 2005.
  5. ^ а б в г д е С. І. Сідар Орша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1.А-Аршын.. — С. 542. — ISBN 985-11-0036-6
  6. ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1.
  7. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  8. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  9. ^ Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аршанскі раёнсховішча мультымэдыйных матэрыялаў