Перайсьці да зьместу

Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Парк
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Краіна Беларусь
Горад Менск
Каардынаты 53°54′15″ пн. ш. 27°34′17″ у. д. / 53.90417° пн. ш. 27.57139° у. д. / 53.90417; 27.57139Каардынаты: 53°54′15″ пн. ш. 27°34′17″ у. д. / 53.90417° пн. ш. 27.57139° у. д. / 53.90417; 27.57139
Дата заснаваньня 1805
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага на мапе Беларусі
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага на Вікісховішчы

Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага — парк культуры й адпачынку ў цэнтры Менску недалёка ад Плошчы Перамогі. Месьціцца паміж вуліцамі Янкі Купалы, Фрунзэ, Першамайскай і праспэктам Незалежнасьці й на сёньняшні дзень займае плошчу ў 28 гектараў.

Заснаваньне парку. Да рэвалюцыі.

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Алея каханьня ў Губэрнатарскім садзе
Помнік Карнееву ў парку

Парк заснаваны ў 1805 г. першым губэрнатарам Менску Захарам Карнеевым і першапачаткова зваўся Губэрнатарскім садам[1], у гонар заснавальніка парку. Парк зьяўляўся першым грамадзкім месцам адпачынку ў Беларусі. Гэта быў вялікі парк з кветнікамі, алеямі й штучнымі каналамі. Яго плошча складала каля 18 га. Уздоўж яго маляўнічых алеяў стаялі лаўкі, на якіх можна было спакойна прысесьці адпачыць у цені дрэваў. А на адным з паркавых слупоў было высечана на латыні: «Post laborem requies» (пасьля працы — адпачынак).

У канцы XIX стагодзьдзя ў парку зьявіўся першы стадыён з вэлятрэкам, пляцоўкі для лаўн-тэнісу, кракету, кегельбану. Можна было ўзяць напракат ровар, а для дзяцей ладзіліся гімнастычныя заняткі й дзіцячыя сьвяты. Напоі ў парку прадаваліся выключна безалькагольныя: мінэральная вада, малако, кефір, гарбата, кава.

Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году й утварэньня БССР парк атрымлівае назву ў духу таго часу — «Прафінтэрн». З 1936 г. за паркам замацоўваецца назва — «парк імя Максіма Горкага».

Падчас Другой сусьветнай вайны, жылыя кварталы, разьмешчаныя каля Сьвіслачы, былі разбураныя, і зьявілася магчымасьць пашырыць тэрыторыю парку. Сярод зьніклых кварталаў знаходзіўся й дом, дзе ў 1927—1941 гадах жыў народны пісьменьнік Якуб Колас. Цяпер на гэтым месцы аднапавярховы цагляны домік — будынак адміністрацыі парку, з мэмарыяльнай таблічкай, што на гэтым месцы стаяў дом гэтага паэта й пісьменьніка.

Паваенная рэканструкцыя парку зьдзяйсьнялася паводле праекту архітэктара І. Рудэнка. Ён жа праектаваў і суседні парк імя Янкі Купалы. У парку зьявіліся разнастайныя зоны адпачынку для дзяцей і дарослых, новыя атракцыёны, шэраг павільёнаў. Нават быў пабудаваны летні кінатэатар, які так і зваўся — «Летні», ён стаяў недалёка ад галоўнага ўваходу. Прыведзены ў парадак стадыён, адзіны ацалелы ў Менску (сёньня выкарыстоўваецца галоўным чынам для гульні й правядзеньні чэмпіянатаў па хакеі на траве. З 1945 году на ім праходзяць матчы ўсесаюзнага чэмпіянату па футболе. У менскіх заўзятараў зьявілася магчымасьць убачыць сваю каманду ў гульнях з прафэсіяналамі савецкага футболу. Узімку стадыён ператвараўся ў лядовую пляцоўку. Напачатку 70-х на ім праходзілі хакейныя матчы.

Абсэрваторыя (на пярэднім пляне) і кола агляду

У 1960 парк цалкам становіцца дзіцячым і за ім замацоўваецца яго сёньняшняя назва «Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага». Распрацаваны новы генэральны плян парку архітэктарамі: Л. Усава, В. Вараксін, В. Герашчанка. Сьвіслач атрымлівае новую набярэжную, празь яе перакінуўся пешаходны масток. Былі рэканструяваныя алеі й збудаваныя новыя павільёны. Пры стадыёне зьявіўся спартовы павільён і комплекс пляцовак. Асобна дададзены новыя й разнастайныя атракцыёны для дзяцей. На ўзвышэньні пабудаваны будынак навучальнага плянэтарыя, абсэрваторыі й мэтэаралягічнай станцыі. Дадаткова высаджаныя дрэвы, хмызьнякі й кветкі.

Крыты каток

Напачатку 70-х гадоў, у выніку пажару, згарае летні кінатэатар. На месцы былога вэлятрэку ўзводзіцца крыты каток (сёньня гэта лядовы палац, дзе праходзяць матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі). Каток быў пабудаваны па праекце архітэктараў Ю. Грыгор’ева й В. Бабашкіна. Адкрыты ў 1976 г. У яго комплекс увайшлі хакейнае поле з трыбунамі для гледачоў на 1300 месцаў, поле для трэніровак юных хакеістаў і фігурыстаў, залі харэаграфіі й цяжкай атлетыкі. Пераробленая эстрада, зьявіліся горкі для аматараў ролікавых канькоў, цір, рэканструяванае асьвятленьне алеяў. Завяршаецца рэканструкцыя ўваходнай арачнай брамы парку з боку Плошчы Перамогі, якая служаць і сёньня візытнай карткай парку. У парку праводзяцца дзіцячыя сьвяты, выстаўкі, канцэрты, працуюць кружкі, школа фігурнага катаньня, у ціры — сэкцыя стральбы з малакалібэрнай зброі, шахматны клюб «Сланяня».

У 1955 г., недалёка ад цэнтральнага ўваходу, быў усталяваны помнік Максіму Горкаму ў выглядзе манумэнта, на якім стаяў пісьменьнік. У 1981 г. быў адкрыты новы помнік Горкаму дзе ён сядзіць на імправізаванай лаўцы.

Сёньняшні парк займае плошчу ў 28 гектараў. У парку расьце больш за 60 мясцовых парод дрэваў і хмызьнякоў. Тут маюцца й рэдкія садова-паркавыя расьліны — кедравая хвоя, хвоя Веймутава, піхта каліфарнійская, лістоўніца эўрапейская, клёны палявы й серабрысты, а таксама й некаторыя іншыя. Захаваліся дэкаратыўныя групы ліпаў і клёнаў, якім больш за сто гадоў.

Сёньня ў парку дзейнічаюць атракцыёны: Кола агляду, Аўтадром, Сюрпрыз, Шарыкавы басэйн, Званок, Сонейка, Дзіцячыя арэлі, Лодачкі, Ланцужковая карусель і іншыя. Гонар парку — агляднае «Кола агляду», вышынёй 54 мэтры, зь якога менчукі й госьці сталіцы могуць агледзець горад з вышыні. Самыя маленькія могуць пакатацца на дзіцячых электрамабілях і матацыклах. Дзеці старэйшага ўзросту й дарослыя — на Паратруперы, Сатурне, Ракавінках (Вальс), Спруце, Арбіце, Рамонку й іншых. Можна пакатацца на прагулачным цягніку, пракаціцца на катары па Сьвіслачы.

Апроч новага Кола агляду, увесну 2003 г. усталяваныя яшчэ чатыры новыя атракцыёны. Усталяваны скачкі на батуце, зьявіўся «Пакой страху», а таксама й «Пакой сьмеху». Дарожкі парку выбрукаваныя тратуарнай пліткай, усталяваныя новыя, стылізаваныя пад даўніну ліхтары, лаўкі, урны для сьмецьця. З кастрычніка 2003 г. Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага абвешчаны зонай, свабоднай ад тытунепаленьня.

У парку можна пакарміць качак, якіх шмат і ў Сьвіслачы, і ў рачулках парку, і ў сажалцы каля стадыёну. Нярэдка ў парку можна ўбачыць і вавёрак.

Крыніцы й заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000156

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага (Менск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў