Сон на кургане

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Сон на кургане»
Ілюстрацыя Ул.Сакалова
да паэмы Янкі Купалы «Сон на кургане» (1952)
Жанр: драматычная паэма
Аўтар: Янка Купала
Год напісаньня: 1910
Публікацыя: 1912
Электронная вэрсія

«Сон на кургане» — драматычная паэма Янкі Купалы, завершаная 8 жніўня 1910 году ў Санкт-Пецярбургу. Упершыню надрукаваная ў літаратурным альманаху «Маладая Беларусь» (сэрыя 1, сшытак 1) у 1912 годзе. Мае аўтарскае прысьвячэньне: «Памяці свайго бацькі і брата». Чарнавы аўтограф паэмы захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы. Паэма стала новым па жанры творам у беларускай літаратуры, якая дагэтуль разьвівалася пераважна ў рэчышчы канкрэтнага, рэальна-прадметнага адлюстраваньня жыцьця. Паэма адметная сваім маштабным рамантычным мысьленьнем, умоўна—фантастычнымі вобразамі.[1]

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыка-філязофская рамантычная паэма. Своеасаблівы працяг паэмы «Адвечная песьня», але шырэй за яе зьместам і са значна больш складанымі сымбалічна-алегарычнымі карцінамі, сюжэтна-кампазыцыйнай структурай.[1] Разам з драматычнай паэмай «Адвечная песня» паэма «Сон на кургане» распачала самабытную мадэрнісцкую плынь у беларускай літаратуры.[2]

Зьмест твора складаецца зь некалькіх асноўных тэматычных лініяў: роздум паэта пра лёс беларускага вызваленчага руху, пра шляхі народнай барацьбы; узаемаадносіны рэвалюцыйнага правадыра і народнай масы; імкненьне рэакцыйных сілаў настроіць народ супраць яго лепшых сыноў, рэвалюцыйных кіраўнікоў.[1] На ўзроўні хрысьціянскіх архэтыпаў паэма — твор аб трагедыі страчанага і нязнойдзенага Раю. На ўзроўні нацыянальным яна сымбалізуе пошук беларусамі страчанай Бацькаўшчыны, трагічны разлад паміж духоўна абуджанай элітай і большасьцю народа, які страчвае нацыянальныя ідэалы ў імпэрскім рабстве. Паэма мае цікавыя сюжэтныя і кампазыцыйныя паралелі з «Боскай камэдыяй» Дантэ.[2]

У паэме аўтар выкарыстоўвае некаторыя мастацкія прыёмы і формы, выпрацаваныя паэтамі-сымбалістамі. Паэма шчодра насычаная дэманічнымі, мітычнымі героямі (русалкамі, відмамі, зданямі), запазычанымі аўтарам з казак, народных алегорыяў, багатых ня толькі канкрэтна-адчувальнымі, але й умоўна-фантастычнымі вобразамі, якія нясуць шматзначную абагульняльную думку. Праз фантастыку і ўмоўнасьць аўтар дае тыпова рамантычную, пазбаўленую гістарычнай канкрэтнасьці інтэрпрэтацыю існага грамадзкага ладу як чагосьці неверагоднага, злавесна падманнага.[1]

Цэнтральны герой паэмы — Сам — рамантычна настроены праўдашукальнік, заступнік народу. На працягу паэмы адбываецца яго пераўтварэньне зь летуценьніка, надламанай і расчараванай асобы, якая змагаецца толькі ў сьне, у лірніка-вяшчуна, які прагне зьяднаць раскіданае, запаліць сэрцы слухачоў імкненьнем да самаахвярнасьці ў барацьбе за народную праўду, за высокія ідэалы сацыяльнага і нацыянальнага вызваленьня. Антыпод Сама — Чорны — нібы Мэфістофэль новага часу, увасабляе сілы закляцьця, ахоўвае векавечны скарб, пад якім разумеецца свабода, не дапускаючы нават думкі, што чалавек можа стаць яго ўладальнікам.[1] Апакаліптычныя матывы ў паэме пачынаюцца сутычкамі героя з антаганістам Чорным — увасабленьнем Д’ябла, сусьветнага зла ў вобразе сатаны, а ў маналёгах — у характэрным для Купалы вобразе чырвонай расы.[2]

Структурна твор складаецца з чатырох абразоў. У першых двух абразах — «У пушчы» і «На замчышчы» — паэт, нібы стаўшы «па той бок жыцьця», назірае за намаганьнямі чалавека знайсьці шчасьце на зямлі. Праз выкарыстаньне фантастычных вобразаў аўтар наводзіць на думку, што чалавеку няма шчасьця ні ў асабістым, ні ў грамадзкім жыцьці, ні ў каханьні і ні ў працы.[1] У матывах аб богапакінутасьці, сьмерці прадчуваецца апакаліптычная катастрофа краіны. У сымбалічным сьне герой шукае скарб — ключы да райскай гармоніі: ён у сьне пабываў у пекле, дзе золата пераліваецца агнём і кроўю, душы нябожчыкаў пакутуюць ад успамінаў пра зямныя нягоды, а відмы-касьцятрупы паўтараюць толькі адзін матыў: «Цемра тут закон і права!». Пошукі Самам (алюзія на лёс самога паэта) скарбаў на зруйнаваным замчышчы — гэта сымбалічны матыў агульналюдзкі (пошукі страчанага Раю) і нацыянальны (шуканьне страчаных скарбаў Бацькаўшчыны, яе былога «залатога веку»).[2]

«А калі ж к нам рыцар важны
Прыплыве Дунаем з княжнай?
Нас падыме, заахвоціць,
К лепшай славе і рабоце?»

Я. Купала

З паэмы «Сон на кургане»

Трэці абраз «Пажарышча» мае скразную сюжэтную лінію: гарыць ня проста вёска, а вёска, якая справіла заручыны і чакае вясельля; на пажарышча прыходзіць уся вясельная дружына. Сам бяжыць ратаваць ахопленую пажарам вёску, але яго абвінаввчваюць у падпале і арыштоўваюць як злачынца. Аўтар выступае супраць патрыярхальна—сялянскай маралі, якая трымаецца на несупраціву прымусу і пасіўнасьці. Трагедыйнае гучаньне паэмы вызначаецца несупадзеньнем рамантычнага памкненьня героя да еднасьці з народам і відавочнымі прыкметамі адсутнасьці такой еднасьці, супярэчлівым разладам мары з жыцьцём.[1] Карціна пажару — гэта разгорнутая мэтафара канца сьвету. Ва ўсялякім выпадку — Апакаліпсіс на лякальным узроўні.[2]

У чацьвёртым абразе «У шынкоўні» вобраз лютай зімы, што заганяе людзей у шынок пагрэцца, перарастае ў канкрэтны вобраз пярэдадня новага выбуху народнай нянавісьці.[1] Апакаліптычныя відмы і карціны ў новых варыянтах паўтараюцца і ў заключным акце драмы, але тут дамінуе заклік да сацыяльнага і духоўнага абнаўленьня ў песьнях Сама, які прыняў на сябе вобраз эвангельскага Лазара Беднага і адначасова беларускага вандроўнага лірніка. Іранічныя песьні Сама даводзяць, што выратаваньне Бацькаўшчыны не прыйдзе само па сабе, бяз нашых намаганьняў.[2]

Пераклады і мастацкія ўвасабленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На расейскую мову паэму пераклаў М.Браўн. Ілюстраваў паэму беларускі мастак Ул.Сакалоў.[1] Драматычныя пастаноўкі паводле паэмы ажыцьцявілі менскі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Максіма Горкага (2002 г., рэжысэр — Б.Луцэнка) і віцебскі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа (рэжысэр — В.Баркоўскі).[3] У мастацтве лялек паэма знайшла сваё ўвасабленьне ў спэктаклі Гарадзенскага абласнога тэатру лялек «Паэма бяз словаў» (2002 г., рэжысэр — А.Жугжда)[4]. Урыўкі з паэмы выкарыстаны ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы «Сны аб Беларусі» (2007 г., рэжысэр — Ул.Савіцкі).[5]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Сон на кургане (драматычная паэма)». — C. 569—570.
  2. ^ а б в г д е Ул. Конан. Страчаны і знойдзены рай: матывы паэзіі Янкі Купалы Часопіс «Наша вера» Праверана 8 верасьня 2012 г.
  3. ^ Рэцэпцыя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры Czasopis Праверана 8 верасьня 2012 г.
  4. ^ Ала Петрушкевіч Янка Купала і Гародня // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні / Уладзімер Каяла. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, 2010. — С. 124-132. — 415 с. — 100 ас. — ISBN 978-985-515-362-8
  5. ^ «Сны аб Беларусі» Тэатральная Беларусь Праверана 8 верасьня 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Сон на кургане (драматычная паэма)» / Аўтар — І.Навуменка — C. 569—570.
  • Лазарук М. Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1970. — С.106—107, 167—173.
  • Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.150—160.
  • Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.55—66.
  • Ярош М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971. — С.76—79.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]